Ускрай вёскі густа ляпіліся хаты. За імі лягчэй можна было схавацца, каб зберагчы людзей. Партызаны адышлі бліжэй да вёскі. Бандыты ўзрадаваліся, што чырвоныя адступілі, і пачалі займаць іх ранейшую пазіцыю. Боем камандаваў Парфір Плышэўскі. Некалі ён быў настаўнікам, на вайне даслужыўся да штабс-капітана, і яму, старэйшаму па чыну і ўзросту, Казік Ермаліцкі перадаў сваю банду, а сам круціўся пры ім, як ліслівы шчанюк. Плышэўскі, схаваўшыся за гумном, усе каманды перадаваў праз веставых. Атаман не мог рызыкаваць жыццём і не вытыркаўся туды, дзе свісталі кулі. Ён ведаў, што на Мазыр наступае Пятлюра, а калі яны захопяць Рудабельскую воласць і злучацца з асноўнымі сіламі паўстанцкага камітэта Палесся, ён тут будзе гаспадаром і тады пакажа «свабоду» ляўковым, салаўям і ўсім гэтым сухарэбрым злыдням.
Плышэўскі спадзяваўся, што вось-вось яны возьмуць верх. Ён хацеў загадаць Казіку, каб той вёў сваіх людзей праз цвінтар бліжэй да воласці. Але блізка якраз нікога не было. І раптам з-за хлява выскачыў невялічкі мужычок у расшпіленым фрэнчыку, з дубальтоўкаю ў руцэ. Нлышэўскі, здаецца, яго не бачыў раней.
— Адкуль ты?
— З Гатка,— схлусіў той, бо ведаў, што ўся шляхта з гэтага засценка падалася ў Казікаву банду.
— Бяжы хутчэй да Казіка і скажы...
А той перахапіў стрэльбу і, не цэлячыся, смалянуў у грудзі Плышэўскаму. Яго штурханула назад, сагнуліся калені, нібыта збіраліся ўкленчыць, і ён ніцма шмякнуўся на зямлю, прымінаючы леташняе сухое бадылле. Афіцэрская шапка скацілася ў разорку, на вялікай кішэні фрэнча праступілі цёмныя плямы. А вочы яшчэ лыпалі, разяўлены рот хапаў паветра.
Мануйла Кавалевіч, прыгінаючыся, загуменнямі бег да сваіх, стрэлы грымелі каля цвінтара, а на яго ніхто не зважаў, як і тады, калі пракрадаўся на «камандны пункт».
Шляхцюкі адпаўзалі к глінішчу. Ус шыбануў у іх гранатаю. Нехта крыкнуў: «Парфіра забілі!» Ахопленыя панікаю бандыты пераскоквалі цераз трупы і спаўзалі ў глінішча, сігалі ў густы ельнік, прыгінаючыся, беглі куды каторы. З боку Рудні іх абышоў атрад Цімоха Валодзькі і ўдарыў з тылу. Апынуўшыся ў пастцы, шляхцюкі паднімалі ўгору рукі, кідалі стрэльбы і крычалі:
— Браточкі, злітуйцеся, не сіраціце дзетак!
— Граху на душу не бярыце.
— От ета «браточкі» знайшліся! У ваўчынай зграі вашы браточкі. А ну, вылазьце!
— Хлопцы, пакуль суд да дзела, не чапаць,— сунімаў сваіх байцоў Максім Ляўкоў.
Страляніна сціхала ў сяле. Загнаных у глінішча бандытаў абкружыў атрад Максіма Уса. Засцянкоўцы стаялі, хаваючыся адзін за аднаго. Цімох са сваім атрадам кінуўся ў хвойнік даганяць Казіка і яго хаўруснікаў. Бандыты ляцелі, як ласі, ламаючы сучча, не паспяваючы адстрэльвацца. На ламаччы і на сухім леташнім верасе там-сям ляжалі падстрэленыя шляхцюкі. Але Казіка сярод іх не было.
За хвойнікам пачынаўся стары панскі лес. У ім не тое што чалавека, стога не знойдзеш.
— Эх, шчанюка гэтага праваронілі, разявакі,— лаяўся Цімох.— А мне так хацелася пагаварыць з Ермальчуком.
— Мы яго, гада, з-пад зямлі дастанем,— суцяшалі хлопцы свайго спрытнага камандзіра.
Вярнуўшыся ў сяло, убачылі, што ў цагляны свіран на дзядзінцы панскага двара вядуць чалавек трыццаць захопленых бандытаў. Рукі пазвязваны папругамі і вяроўкамі. Многія цягнуцца без шапак, расхлістаныя, перамазаныя глінаю і крывёю. Следам валіць натоўп кабет і дзядоў, бягуць дзеці. Мужчыны маўчаць, з нянавісцю паглядаюць на бандытаў, кабеты лаюць і клянуць іх:
— Каб вы апруцянелі, гады печаныя!
— Не падушылі вас маткі маленькімі, убіўцаў.
— Дайце нам гэтых выжлятнікаў, мы з іх скуру на бубен паспускаем,— крычаць жанчыны.
Іх супакойвае Максім Ляўкоў:
— Цішэй, таварышы! Прыедзе ЧК і разбярэцца па ўсіх законах. Мы ж не бандыты, каб самасудам караць.
— А бандзітам можна нашых забіваць? Га-а? — не сунімаюцца жанкі.
Палонных заводзяць у пусты свіран. Скугоча доўгая жалезная завала.
Вакол свірна становіцца варта. Натоўп пачынае разыходзіцца. Толькі малыя аж да вечара таўкуцца на дзядзінцы. Яны гуляюць у «чырвоных» і «зялёных». Большыя ловяць меншых, звязваюць ім лазінамі рукі і саджаюць пад старыя роспускі з перабітай воссю. Тыя з плачом вырываюцца. Хлапчук з закарэлым носам, у доўгай салдацкай ватоўцы, крычыць:
— Я так не гуляю. Давайце мяняцца. Цяпер мы будзем чырвоныя.
Над сялом, над бэзавымі кустамі і вербалозамі плыве зеленаватая смуга. Таўкуцца камары. Усё сцішылася. За аселіцай, на ўсіх дарогах ходзіць варта. Каля воласці з вінтоўкаю стаіць Лявон Адзінец. Чуваць, як цёплы вецер лапоча палотнішчам сцяга над вільчыкам рэўкома.
Ноччу з Глуска прыехалі на фурманках дзесяць міліцыянераў і тры рэўкомаўцы. Яны спыніліся ў воласці.
Трохі перакусілі і пайшлі змяняць на пастах рудабельцаў: думалася, што Казік з рэшткамі банды паспрабуе вызваліць арыштаваных. А раніцою конна прыбыў узвод чырвонаармейцаў і з ім старшыня Бабруйскага ЧК таварыш Найман. На ім скураная куртка, перацягнутая папругаю і партупеяю, пры боку драўляная калодка з маўзерам, на штанах пацёртыя хромавыя леі. Ён спрытна саскочыў з сядла і з камандзірам узвода пайшоў у рэўком. У зборні сядзела чалавек дзесяць мужчын. Цярэшка расказваў, як ён даганяў Ермальчука.
— Улажыў бы яго, дальбог улажыў бы, каб не такі густы ельнік. Ды як на тое ліха зачапіўся за ламачыну, ледзь лабаціну не раскроіў. А ён, як заяц, скочыў убок і след прастыў, от няхай Цімох скажа, калі не верыце.