Да Салаўя падбег камандзір узвода Пачуліс.
— Што будзем рабіць, таварыш камандзір?
— Вядзіце на станцыю і здайце канвою. Там гэтага «гайдамака» Адарка чакае.
— Бісава баба! — злосна працадзіў той і цвыркнуў праз зубы слінаю. Чырвонаармейцы звязалі бандытам рукі іхнімі ж папружкамі.
— Чаго крутыш? І так не ўтэчу,— агрызнуўся той жа здаравіла з шрамам на твары. Бандытаў павялі на станцыю, а Салавей з батальёнам рушыў на Шапавалаўку.
Ужо добра вывіднела. Батальён ланцугом расцягнуўся па гразкім полі. Байцы кацілі кулямёты, трымалі пад пахамі зараджаныя вінтоўкі. На ўзгорку паказалася вялікае сяло: сотні з паўтары прысадзістых мазанак стаялі паміж садкоў і тапалёвых прысадаў. Шапавалаўка, відаць, яшчэ спала — ні дымку, ні жывое душы не відаць. Чырвонаармейцы залеглі вакол сяла. Да крайняй хаты падышлі Салавей з Тараевічам. Яны былі ў шынялях і ў замасленых чыгуначных шапках. Што за людзі, ніхто адразу і не здагадаецца. Асцярожна пастукалі ў маленькае акенца. За шыбінаю паказалася сагнутая постаць заспанага дзеда з сівой барадою.
— Відчыні, дзіду,— па-ўкраінску азваўся Салавей.
Ляпнула клямка, з дзвярэй выйшаў ускудлачаны стары ў палатняных сподніках і ў кажушнай камізэльцы.
— Чого тобі? — буркнуў ён.
— Чэрвоных тут не було? — спытаў Салавей.
— А вы хто ж будэтэ?
— Війско батькі Пэтлюры,— адказаў Аляксандр.
— Гэ, булы та сплылы. Всіх пэрэдушылы на станцыі і ў Борзні. І я штук з дэсяць порэшыв.
Тараевіч выхапіў наган. Салавей сціснуў яго руку.
— Адставіць, таварыш Тараевіч.
Стары змікіціў, што сказаў не тое, што трэба, упаў на калені і залямантаваў:
— Брэшу, брэшу, таварышы, нікого я нэ бачыв. Догодыть хотів. Пэрэмішалысь тэпэр і білы, і чэрвоны, і жовты, і сыні. Сын мій, Грыцко, у Шчорса служыць. Пошкадуйтэ старого. Набрэхаў сам на сэбэ, чого і нэ снілося.
— Уставай, стары,— падняў яго за худое плячо Салавей,— і пакажы нам хату атамана.
— По ліву руку, біля колодэжа, зэлэнаю бляхою крытая. Він сам з куркулямі ў Борзні. Там іх вэлыка сіла, і полковнік Сікіра з імі. А тут талькі жінкі та дзіты. Прямо ідыть,— не сунімаўся стары. Яго вузлаватыя рукі калаціліся, і сам ён яшчэ болей змізарнеў і ўвагнуўся.
Салаўю аж шкода зрабілася яго. Было відаць, што ён не «куркуль» і не бандыт.
— Ідзі, дзед, у хату і скажы бабе, што ты стары брахун. Так і скажы!
— Ей жа ж богу нэ брэшу. По ліву руку хата.
Салавей пакінуў засаду ў хаце атамана Антонава, і чырвонаармейцы рушылі на Борзну.
Гарадок стаяў на беразе невялічкай рэчкі. На тым баку бялеў малады бярэзнік, напалову затоплены веснавой паводкаю. Пад нагамі шамацеў леташні прымяты жнеўнік. Ужо відаць царква з блакітнымі купаламі і блішчастымі крыжамі. Раптам ударылі званы, трывожна, як на пажар.
— Які сёння дзень? — пацікавіўся Салавей.
— Пятніца,— адказаў маладзенькі баец.
— Да бою ...тоўсь! — пакацілася па полі каманда. Чырвонаармейцы разгарнуліся шчыльным ланцугом, наперад выкацілі кулямёты.
Вярсты за тры ад горада іх сустрэў густы вінтовачны залп. Байцы залеглі. Шэсць кулямётаў накрылі бандыцкі ланцуг у неглыбокім яры. Кулі дзынкалі над галовамі антонаўцаў, не даючы ім зрушыцца і падняцца. Некаторыя паспрабавалі адпаўзаць назад, але іх прашывалі кулямётныя чэргі. За сцяною агню рухаўся ланцуг чырвонаармейцаў.
А званы гулі і гулі, склікаючы з суседніх хутароў бандыцкія шайкі. На ўскраіне гарадка мітусіліся стракатыя постаці, але лезці пад шквал кулямётнага агню не адважваліся. Бандыты пачалі адпаўзаць па лагчыне, шукалі ратунку ў канаўках і залітых вадою ямках, некаторыя спрабавалі перапаўзці да невысокага кургана, што стаяў ля дарогі, але так і заставаліся ляжаць у полі. З лагчыны адстрэльваліся з абрэзаў і вінтовак. Стрэлы чуліся ўсё радзей і радзей — адным удалося перабрацца да ракі, другія засталіся ляжаць у яры.
Чырвоны батальён падышоў да гарадка. Тут яго сустрэў моцны вінтовачны агонь, з царкоўнай званіцы засакатаў кулямёт. Бандыты супраціўляліся. Яны стралялі з-за дамоў і парканаў, з гарышчаў і вокан. Параненыя чырвонаармейцы не пакідалі строй. Рота магілёўскіх і смаленскіх курсантаў, якою камандаваў Тараевіч, абышла Борзну з тылу і адрэзала адступленне бандытам. Па званіцы ўдарылі кулямёты. Антонаўцы, як падсмаленыя, хаваліся куды каторы, некаторыя кінуліся да рэчкі, але пераправіцца праз паводку не было на чым. Задоўга да канца бою Антонаў з палкоўнікам Сякірам у невялічкім чоўне пераплылі на другі бераг і зніклі ў бярэзніках.