— Нянавісць праслаўнага свету i крыжацкая альбо рыма-каталіцкая няволя.
— Чуеш?— Міндоўг рэзка павярнуўся да сына.— Я не меней цябе ведаю, што рана-позна будзем змушаныя хрысціць язычніцкія землі, але пакуль што рабіць гэтага не трэба. Мае ворагі ўміг спажывуць гэта: глядзіце, Міндоўг руйнуе бацькоўскія веру i звычаі! Уладу ў Літве, вяршэнства над усімі язычнікамі нацкаваны на нас люд перадасць Даспрункавым сынам, а нас з табой ці зарэжуць, ці выганяць... Ці не так, Усяслаў?
— А кажаш, што найперш вой, а не дыпламат i палітык! — усміхнуўся ён.— Страціг! Адзін з буйнейшых у нашым часе!
Гэта, хоць i сказанае паўжартам, не магло не ўсцешыць самалюбнага i ўладнага Міндоўга. Ды хто не любіць пахвалы, нават часамі i ад нягоднага чалавека?! Ды, заўважыў, гэтая пахвала не зусім спадабалася Войшалку: той, як вядома, з бацькам чужаватыя адно аднаму.
— Не качан жа капусты, а галаву маю на шыі! — сам сябе пахваліў i Міндоўг.— Не дурнейшы за Данілу ці за хвалёнага Аляксандра з Ноўгарада, які павінен ганарыцца не толькі сваім розумам, сваёй сілай, але i магутнай падпорай Полацака! Яшчэ паглядзім: хто — каго!
«Добра разабраўся наш князь,— падумаў Усяслаў.— Як ніхто, нам патрэбен цяпер якраз Міндоўг. Праўда, закілзваць, накідаць на яго сядло i садзіцца туды трэба ўдала, цешачы, вельмі не выяўляючы сваёй волі...»
Яны зрушыліся, падышлі да агромністай добра разраўнянай i ўтаптанай, толькі дзе-нідзе з кучомкамі шэрай травы паляны, дзе забаўляліся, набіраліся спрыту Міндоўгавы апранутыя ў лёгкія, найбольш ca скуры, даспехі воі: пешцы мечавалі паміж сабой, лучнікі цэліліся з лукаў у прыбітыя да слупоў драўляныя плашкі, конныя на хаду паролі коп'ямі ці білі мячамі напхнутыя сенам i абшытыя скурай чучалы ў чалавечы рост, а яшчэ некаторыя на конях дубінамі ці баявымі сякерамі таксама на скаку лупілі па прыціснутых да слупоў чучалах, увабраных у захопленыя ў крыжакоў жалезныя даспехі,— правяралі моц чужога металу i дужасць сваёй рукі. Навучаў тут Міндоўгаў малодшы ваявода, разанскі баярын Яўстафій, які ўжо загартаваўся ў бітвах з манголамі.
— Дык хочаш рыттэльтурнэр? — запытаў Міндоўг ва Усяслава, бачачы, што яму падабаюцца варухлівыя i дужыя літоўскія воі, смеласць i сілу якіх многія суседзі зведалі ўжо з даўніх часоў.
— Што ж, рыстань — не толькі забава, але i навука, ваярскае ўменне,— адказаў ён.— Пакажы сваіх удальцоў. Можа, здолею ўбачыць які агрэх.
Міндоўг падняў руку — Хвал затрубіў у вялікі чорны, з сярэбранай аправай свой, ваяводскі, тураў рог; гульневы бой мігам запыніўся; усе павярнуліся на вядомы кожнаму сігнал.
— Полк!— зычна крыкнуў Хвал.— Пешцы — у шыхты налева, конныя — у шыхты направа!
Яўстафій, тысяцкія, содкія пачалі камандаваць сваім воям, што беглі, дзе каму станавіцца,— хутка па абодва бакі паляны насупраць адна адной роўнымі шэрагамі насталі баявыя сотні.
— Полк, зважай! — зноў зычна пачуўся ў цішыні Хвалаў голас.— Слухай князя нашага, Мендога!
Той, ледзь стрымліваючы закілзанага белага, у чорныя яблыкі жарабца, таксама азваўся гучна:
— Boi мае, нас наведаў слаўны навагародскі ваявода, муж i наш сябар баярын Усяслаў. Ён, як ведаеце, спрыяе нам, дык цяпер пакажам яму, што ўсё, што трапляе ад яго нам, дастаецца. ў добрыя рукі. Пакажам нашы сілу i спрыт, а ён няхай справядліва ўсё ацэніць.
Потым — па Хвалавай камандзе — яны усе разам убачылі паядынкі мечавікоў, сутычкі з чучаламі лучнікоў, сякернікаў, капейнікаў i дубіншчыкаў, а рыстань пачалі закончваць капейнікі на конях — тупымі канцамі коп'яў збіваць з коней седакоў. I ўсё гэта было пад гул, смех, выкрыкі соцень людзей, кожны з якіх хацеў вызначыцца сам, ухваляў пераможцаў i насміхаўся з няўдачнікаў.
— Дык жадаеш, Усяслаў, памерацца-падужацца з маім лепшым капейшчыкам? — усміхнуўся, пачаў спакушаць Міндоўг.
— Усё ж не церпіцца ўбачыць мяне скінутым з каня?— з усмешкам адказаў ён.
— Гэты можа скінуць. I цябе. Дык не супраць саступіць яму славу?
— Слава прыходзіць сама,— прамовіў Усяслаў.— Як суджана, то не міне.
Адчуў: не можа ўжо адступіць, хоць добра разумеў, што Міндоўг пакінуў для яго ці, лепш сказаць, для сваёй славы не абы-каго.
— Князь згодзіцца, каб я паводзіўся не зусім па рыдзельскіх канонах?
— Як хочаш,— адказаў Міндоўг.— Зможаш — дай урок маладому.
Усяслаў спешыўся з каня i пайшоў у шацёр Яўстафія пераапранацца. Той даў яму са сваёй радзімы цёплую паддзёўку, шолам з высокім, як у звона, верхам i доўгім шпілем, але без барміцы, пласцінкавы шэры панцыр, a ў гэты час, як чуў, Міндоўг паклікаў i штосьці гаварыў свайму вою. Калі Усяслаў выйшаў з шатра, дык убачыў ужо на кані свайш суперніка — незнаёмага, яшчэ маладога, толькі ледзь-ледзь з пачарнелым шчаціннем, але плячыстага, дужага дзецюка, які быў ужо з круглым драўляна-скураным, акаймаваным жалезам шчытом i кап'ём, пазіраў на яго спадылба. Сядзеў на кані стромка, бадай, толькі крыху цяжкавата.
Усяслаў сеў на свайго вернага каня, які разумеў яго, можна сказаць, з паўслова i на тон свісту. Яўстафавы дружыннікі яму, як знатнаму, падалі на выбар некалькі трохкутніх, з перагібам чырвоных, з бела-жоўтымі сярдзітымі львамі, што стаялі на задніх лапах, шчытоў (яны з радзімы Яўстафія), а таксама i некалькі коп'яў. Ён выбраў тое, на што легла вока, а пасля ўзважыла рука, i пад'ехаў да маладога ратаборцы, каб павітаць яго. Той, застылы, нават крыху збялелы (твар худы, з рыжымі крапінкамі, вочы блакітныя, валасы, здаецца, светлыя), адказаў яму яшчэ большым паклонам.
Раз'ехаліся на пазначаныя Яўстафіем пазіцыі. Усяслаў ехаў, разварочваўся, ямчэй браў у левую руку шчыт, а правай падбіраў, дзе лепш узяць, сціснуць мёртва дрэўка, каб яно хутчэй даткнулася да супернікавага шчыта i ўклала ўсю ягоную сілу, i не гадаў, як на самае маленечкае імгненне апярэдзіць, нават нібы зусім не думаў. На самай справе гэта была ўжо сталая, халодная развага. Калі па Яўстафавым сігнале ткнуў шпорамі каня i той падскочыў, рвануў наперад, ведаючы, што гэта паядынак, калі разважаў, як накіраваць свайго скакуна, каб той i не ўдарыўся персямі з тым канем, i не панёсся задалёка, бачачы, што малады вой нацэліўся з самага пачатку на ўдар, Усяславава мысленне само рашыла па-свойму: праверыць, як той сядзіць у сядле. Хоць малады асілак струнка наставіў тупы канец кап'я, цэлячыся яму ў грудзі, Усяслаў яшчэ не падымаў сваю зброю, а пасля, калі супернікава кап'ё было за локаць да ягонага каня, ён нечакана шпарка нырнуў галавой уніз, нават крыху нахіліўся набок, але не перашкодзіў каню несціся ў шалёным галопе. Чужое кап'ё прасвістала побач, a літовец праскочыў міма. Ён жа раптоўна асадзіў свайго гнядога, аж той узвіўся на заднія ногі i ледзь не скінуў яго з сядла, a калі павярнуўся, то ўбачыў: супернік уклаў такую сілу ва ўдар, што, бухнуўшы ў пустэчу, не ўтрымаўся, заваліўся i сваім цяжарам змусіў спатыкнуцца каня. Абое рухнулі долу, прасунуліся крыху па ім. Бедны конь адчайна задрыгаў заднімі нагамі, спрабаваў падхапіцца, каб не загнявіць ездака, але не мог. Не здольваў падняцца i ягоны гаспадар.
Воінскія шыхты загулі — ці то незадаволена ад нечаканага Усяслававага манеўра, ці то са спачуваннем ад промаху свайго асілка.
Калі нарэшце вой выблытаў нагу са стрэмені i даў каню падхапіцца, сам, паспеўшы выхапіць са стрэмені i другую нагу, лежачы на баку, павярнуўся да яго: у ягоных вачах застыла ашаломленасць, а правая шчака была садраная, скрозь бруд сачылася кроў. Усяслаў не захацеў прыціскаць яго кап'ём да зямлі, запыніўся побач i запытаў:
— Цэлы?
— Цэлы,— буркнуў той. У вачах ашаломленасць змяніў ужо сорам.