— Дык адзяржавімся, ваявода?
— Як ні цяжка цяпер, але, здаецца, спрыяльны шанец ёсць. Толькі трэба ім як след распарадзіцца.
— Калі, Усяслаў, шчыра i прыязна дбаць пра лепшую долю дзяцей i ўнукаў, дык трэба i рызыкнуць, i, як ты кажаш, як след распарадзіцца, бадай, гхершым шанцам. I пачаць трэба будзе з таго, што ніяк нельга праспаць момант, не з Данілавай волі, а са сваіх інтарэсаў выбраць сабе новага князя. I таго, хто найперш патрэбен Навагародку.
— Каго-небудзь з Рагвалодавічаў, князь? — запытаў Усяслаў.
— З Рагвалодавічаў, ваявода. I каго, па-твойму, трэба будзе вам запрасіць сюды на пасад?
— Я легка адказаў бы табе, князь, на гэта, каб меў сыноў полацкі Брачыслаў...
— Але ж Рагвалодава кроў, ваявода, яшчэ не толькі ў яго жылах,— знайшоў сілу ўсміхнуцца Ізяслаў.— Але i ў таго-сяго зусім блізкага ад нас...
Усяслаў ажно ўскінуў ад нечаканасці галаву: князь бачыць свайго пераемніка ў Войшалку, каш ён як ваявода выдзядзькаваў на свой лад?
— Па" чале i вачах тваіх бачу,— усмешка ўсё не сыходзіла з Ізяслававых бяскроўных вуснаў,— цяпер ты ўжо добра здагадваешся, чаму я так прыручаў нашага няўрымслівага i ваяўнічага суседа, прасіў цябе, каб ты, якраз ты навучаў яго сына?
— Цяпер усё лепш разумею, князь,—прызнаўся Усяслаў.
— I што ты зразумеў, дружа?
— Ты бачыш на нашым пасадзе Войшаля. Маладога, але адукаванага, вернага нам, разумнага, хітрага i, калі трэба, жорсткага.
— Ты супраць?
— Не, князь. Але...
— Што — «але»?
— Князь Даніла добра ведае, што ў Мендога i Войшаля ёсць доля Рагвалодавай, поладкай крыві, што яны хрысціяне, але ніколі не прызнае гэтага. Дзеля сваіх інтарэсаў той гаворыць i будзе паўтараць: Рагвалодава кроў у Мендога — ягоная, полацкая, а то i наша выдумка, што ніякага полацкага дзеда-князя ў таго не было. Ён меў, мае i будзе мець Мендога толькі за язычніка, за варвара.
— Даніла мае свае інтарэсы, а мы — свае. Для таго, што мы задумалі. I памагаць нам спаўняць ix будзе... Мендог...
— Мендог? — ажно ўсклікнуў Усяслаў. Як зусім яшчэ малады чалавек.
— Мендог? Яго бачу я Гаспадаром Навагародскай зямлі. I не толькі яе...
Усяслаў, бадай, ужо сумеўся: адно — сябраваць з неспакойным, заўсёды збройным i хцівым суседам, даваць яму прытулак у цяжкія часіны, але зусім іншае — самім узвесці яго тут на пасад...
— Здзівіў цябе, ваявода? — здаецца, ажно пацешыўся Ізяслаў.
— Здзівіў, князь. Гэта — гульня з агнём!
— Разумею, усё добра разумею, Усяслаў,— зноў заклапоціўся стары князь.— Ды... Войшаль — якраз той, хто нам трэба. Але ён яшчэ ваўчаня, а нам цяпер патрэбен пажылы воўк, які дужы i спрытны, умее паляваць, выскокваць з пастак i берагчы сваё логава. А да ўсяго нам патрэбна простая, цярплівая i ваяўнічая Літва[47]. Вам мой наказ: кал i памру i найперш ты будзеш гаварыць пра маю волю спачатку на Радзе, а потым на вечы, дык не толькі ўсё добра патлумачыш, але адразу дабівайцеся свайго. Міндоўг павінен будзе заявіць пра сваё хрысціянства, змусіць ахрысціцца сваіх баяраў-язычнікаў, перабрацца з Руты ў Навагародак, слухаць нашу Раду i навагародскае веча, падпарадкаваць Навагародку Літву — гэта значыць, дзе словам, а дзе i сілаю зрабіць першы крок да нашага адзяржаўлівання. Калі ён пачуе, што можа стаць Вялікім Гаспадаром, Валадаром Дзяржавы, дык дасць нам любую клятву i, думаю, будзе трымацца за сваё слова. Ды яшчэ прыдумаеш ты, як мець над ім строгі назірк i кіраваць ім. Нашы баявыя дружыны павінны быць вернымі найперш табе i ў цябе будуць ніці нашай віжавой службы i запас нашай казны. Урэшце найперш за табой павінна быць Рада i веча. Я першы паклапачуся пра гэта. Тое-сёе я прыдумаў ужо, пазней крыху раскажу пра гэта...
Ізяслаў перавёў дыхание, адпачыў, а потым пачаў разважаць далей:
— Што яшчэ цяпер за Мендога? Што i як з гэтага можна нам удала спажыць? Батыгава нашэсце нам паспрыяла ўжо. Яно аслабіла Данілу, памагло нам амацавацца, уздыхнуць вальней i падняць галаву. Цяпер нам лучыць крыжацкі націск са словам i мячом. Гэты націск занепакоіў прускія плямёны[48], земгалаў[49], латгалаў[50], ліваў[51], эстаў[52], аўкштайтаў[53], жамойцаў[54], яцвягаў[55], ён хвалюе Полацак i Ноўгарад. Калі палачане-хрысціяне шукаюць паратунку разам з ноўгарадцамі-хрысціянамі, дык нашы заходнія суседзі-язычнікі, як ведаеш, пачалі з надзеяй пазіраць на язычніцкую Літву, на Міндоўга, на яго саюз з намі, хрысціянамі. А што гэта значыць? Яны цяпер не будуць супраць, каб Міндоўг яшчэ болей амацоўваўся. Яны нават просяць, каб ён супрацьстаяў крыжакам далека ад сябе, на іхніх землях. А гэта што дае? Яно рана-позна паспрыяе Міндоўгу яшчэ болей падпарадкаваць Булевічы[56], Дзяволту[57], Рушкавічы[58], Дайнову[59], Нальшаны[60], а то i праз аўкштайтаў ды жамойцаў выйсці да Варажскага мора[61]... Убачыўшы нашу моц, веру, да нас яшчэ болей пагорнуцца Пінска-Тураўская i Берасцейская землі, яцвягі... А з такой сілаю будуць ужо не такія страшныя ні Даніла з Васількам, ні манголы!
Усяславу глыбока запалі ў розум i душу гэтыя словы i, сказаць шчыра, ад ix па яго целе ажно пабеглі халодныя мурашкі: гэта — зусім новая навагародская палітыка! Шмат тут усяго, як кажуць, на мяжы, на рубе i ўпрытык, што можа ўсё i не склеіцца, не знітавацца: як ні рабі гэта, дзе з крыжом i словам, дзе з бліном i мёдам, а дзе з мячом, усё роўна ад гэтага навостраць вушы ўсе суседзі i, канечне ж, не ўсе з ix будуць спакойна назіраць альбо спрыяць адзяржаўлівацца. Крыжакі, Полацак i Ноўгарад, Уладзіміра-Суздальскае княства, Чарнігаў, Галіцка-Валынская зямля, Куявія i Мазовія[62], а над усімі гэтымі супернікамі манголы — вось з кім, можа, прыйдзецца сутыкнуцца...
— Што на ўсё гэта скажаш, Усяслаў?— парушыў яго роздум Ізяслаў.
— Нялёгкую ролю i долю наказваеш ты мне, князь,— апусціў галаву ён.— Для ўсяго гэтага мала мець адну чалавечую галаву, а трэба сама меней тры. I несмяротныя. Каб адну адсеклі, а на яе месцы тут жа вырасла новая!
— Канечне, наперад усяго не прадбачыш, могуць быць самыя неверагодныя нечаканасці,— прамовіў Ізяслаў.— Але, думаеш, я выпадкова ці з-за тваіх прыгожых вачэй узвышаў, ушаноўваў якраз цябе? A калі ты ўлез у дугу, не кажы: не магу! Палкаводцам добрым ты ўжо стаў. А цяпер, дружа, трэба стаць i добрым дыпламатам ды палітыкам! Арлом! Арол жа, як ведаеш, мух не ловіць!
Што тут красамоўнічаць альбо гуляць? Князеў наказ ёсць найвышэйшая воля! Ды калі ўсё гэта для дзяцей i ўнукаў!
[47] Тагачасная, Міндоўгава, Літва — землі паміж сённяшнімі Навагародкам, Маладзечнам, Мінскам i Слонімам.
[48] Прусы, балцка-славянскія плямёны, насялялі ўзбярэжжа Балтыйскага мора паміж ніжнім цячэннем Віслы i Немана.
[49] Земгалы (земігола) — балцкае племя, жыло ў сярэдняй частцы сучаснай Латвіі (басейн р. Ліелупе).
[50] Латгалы (лецьгала, лоцьгала) — балцкае племя, жыло на Усходзе сучаснай Латвіі, там знаходзіліся гарады Герцыке i Кукейнос, падуладныя Полацкаму княству.
[51] Лiвы жылі на ўзбярэжжы Рыжскага зал. на паўн. ад Зах. Дзвіны i ў ніжнім цячэнні p. Гаўі, паўн. ўзбярэжжа Курземскага паўвострава.
[52] Эсты — продкі сённяшніх эстонцаў.
[53] Аўкштайты — найбліжэйшыя да Полацкай i Навагародскай зя¬мель продкі сённяшніх літоўцаў.
[54] Жамойцы (жмудзь, жэмайты) — насельнікі заходняй вобласці i сучаснай Літвы.
[55] Яцвягi — заходнебалцкія, ca славянскім элементам плямёны, жылі паміж Нёманам i вярхоўямі p. Нараў.
[56] Булевічы — зямля на правым беразе верхняга цячэння Нёмана (мабыць, у тым ліку i мясціны каля хутара Балевічы Хатаўскога сельсавета Стаўбцоўскага раёна).
[57] Дзяволта — мабыць, зямля ў цэнтральнай i паўночна-заходняй мясцінах сённяшняй Беларусі каля Ляхавічаў i Клецка.
[58] Рушкавічы — мабыць, зямля па суседстве з Турава-Шнскай зямлёю.
[59] Дайнова — зямля паміж Нёманам i Віліяй, па р. Котры межавала з Гарадзенскім княствам.
[60] Нальшаны — зямля на паўночна-заходняй ускраіне Беларусь Сталіца — Крэва (?).
[61] Варажскае мора — Балтыйскае мора.
[62] Куявія i Мазовія — польскія княствы.