— Як пачуваешся, княжа? — запытаў Усяслаў, калі прайшоў па мяккім зялёным дыване, павітаўся i запыніўся каля ложа, на якім ляжаў без галаўнога ўбору i ў белай кашулі пад коўдрай Ізяслаў.
— Як кажа мой слуга, не хадун i не сядун,— уздыхнуў той.— Хвораму i на залатым ложку кепска.
Што праўда, то праўда: князь не толькі ссівеў ды аблысеў, але i ўсох, з глыбока запалымі вачыма i з доўгімі, нібы бяскроўнымі пальцамі на руках, як той спакутаваны пустэльнік, што падбіўся ў сваёй бясконцай i цяжкой дарозе.
— Адбыў ноч...— прамовіў яшчэ князь i паказаў вачыма, каб сеў на мяккім глыбокім крэсле, накрытым адмысловым не яркім, як i астатнія ў спальні, дываном.
«Адбыў ноч»— значыць, i сёння не спаў ад цяжкіх дум i душэўнага болю.
— Разважаў пра сэнс свету, чалавека, пра яго жыццё... Сапраўды, як i напісана ў Святой кнізе, неба i зямля вечныя, а вось у чалавека ўсё толькі мітусня. Як у смерда, так i ў князя.
— Не будзь строгі да сябе, князь,— сказаў Усяслаў.— У цябе мала спешаніны i бязладнай бегатні.
— Было, ёсць, ваявода. I нямала,— пахітаў Ізяслаў сівой галавою.— Мітусіўся i як чалавек, i як князь. Дробязныя зямныя памкненні... Клубок незразумелых страсцей... Заўсюдны клопат пра хлеб штодзённы... Прага ўлады i славы... Падпарадкаванне чужой хіжай волі... Невялікі век сілы... Маленечкая жменька ўцех i шчасця... Расчараванне амаль ва ўсім... Хуткая i адзінокая старасць... Як бачыш, усё зведаў.
— Але ты, князь, нібы не хочаш бачыць, сказаць пра тое, што мы цяпер маем,— прамовіў Усяслаў.— А маем тое, чаго, выбачай, не дабіліся да цябе. Праўда, яны, твае продкі, спрыялі гэтаму.
— Можа, i не мне пра гэта гаварыць, Усяслаў,— адказаў той.— Няхай лепш пра ўсё скажуць нашы нашчадкі.
— Скажуць, князь. I добра.
— Не ведаю, дружа. Нашчадкі, бывае, дзякуюць, а, бывае, i забываюць, паварочваюцца спіной, а то i топчуць тое, што зрабілі дзяды.
— Я кажу пра разумных i талковых нашчадкаў, князь.
Ізяслаў дастаў з-пад падушак знаёмую i Усяславу кнігу ў новых скураных вокладках — перакладзены яшчэ ў тым стагоддзі на славянскую мову жыццёпіс у ста трох раздзелах даўняга палкаводца i ўладара Аляксандра Македонскага.
— Кажуць,— прамовіў,— гэтая «Александрыя» была любімай кнігай Уладзіміра Манамаха, які марыў пра такую ўладу i славу, што былі ў таго Аляксандра, сына Піліпа II i славянкі. Я не раз i не два чытаў гэты жыццёпіс i нямала думаў пра яго. Спачатку, маладым, захапляўся, трызніў Аляксандрам. Потым, у сталыя гады, пачаў думаць інакш. Ладна, шмат зрабіў удалых паходаў, шмат меў перамог Аляксандр, зрабіў сваю дзяржаву самай вялікай у свеце, але, як толькі памёр, тут жа ўсё развалілася. Яго хвалілі i хваляць, ім, кажуць, захапляўся Чынгісхан, захапляецца Батыга, але ці лягчэй стала ад яго мітусні, прагі ўладарыць над усім светам многім краінам i людзям? Ці не жылі б яны багацей i шчаслівей, каб ён не паліў іхніх хацін, не затоптваў палёў i не забіваў бацькоў, мужоў i сыноў? Ці вось славуты Уладзімір Манамах — любімы герой князя Данілы i яго дворскага Андрэя. Прагнуў сам узвысіцца i Кіеў узвысіць над многімі землямі. Колькі дзеля гэтага праліў крыві — скажам, у тых жа блізкім нам Менску, Полацкай зямлі, нават не грэбаваў наводзіць на Полацак полаўцаў-куманаў... Ну й што? Толькі памёр — сабраная мячом яго Русь распалася, Кіеў захізнуў, а цяпер дык зусім у руінах ад Батыевай навалы... Адзін толькі Бог ведае, наколькі ўсе бліжэйшыя да нас землі былі б мацнейшыя i багацейшыя, каб кіеўскія князі, а таксама i іншыя, хто замышляў такое ж, столькі не руйнавалі i не рабавалі ix!.. Вядома, як i цяпер кажа князь Даніла, трэба яднацца вераю, дружбай i сілай, адбіваць ворага, але колькі ўжо дабівацца таго яднання мячом i няволяй?
— Як казаў мне Андрэй-дворскі,— уздыхнуў Усяслаў,— так было, так i будзе.
— I было, i будзе,— зноў пахітаў галавой Ізяслаў.— Так пачалося ўжо з Каіна, калі ён з-за зайздрасці забіў брата Авеля... I, канечне, каб іншы час, каб меў сілу, дык той жа князь Даніла не дараваў бы нам, што мы пачынаем не чуць яго, уставаць з калень i выпростваць плечы. I як толькі адужэе, прыйдзе сюды на расправу, паспрабуе зноў паставіць нас на калені... Гэта ўжо, Усяслаў, будзе твой вялікі клопат... Я сёння хацеў бы з табой пра тое-сёе пагаварыць, i яно пакуль што павінна быць толькі паміж намі.
Усяслаў ужо які час тут як тут не кляўся, што будзе верны: князь верыў яму. Ён счапіў на каленях далоні i наважыўся сур'ёзна слухаць. Тым больш што, здаецца, князь жадаў выявіць сваю волю, а то, можа, i запавет.
— Які не быў, ёсць сэнс жыцця, чалавека, але такі ўжо ўсталяваўся круг альбо пласт: адзін саступае месца i сыходзіць, другі нараджаецца i жыве. Дык вось старому Божы наказ: памірай, радуйся ці засмучайся, любі ўсё ці не любі, але жыта сей!
Ізяслаў прамаўляў з задышкай, час ад часу заціхаў i супакойваў дыханне.
— Стары ўжо ведае, як іначай трэба было жыць. За штосьці каецца, на штосьці лепшае настаўляе сваіх дзяцей i ўнукаў, хоць кожнаму — сваё... Я, Усяслаў, хацеў i хачу не толькі пасеяць сваё жыта, але хачу, каб яно пасля мяне i ўзышло, дало добры збор. Я ўважліва, дружа, слухаў, калі ты расказваў мне, з-за чаго i як нерваваўся ў гутарцы з табой Андрэй-дворскі, якім гарачым шэптам апёк твой слых князь Даніла, як паводзіўся п'яны Міндоўг каля твайго шатра i пра што гаварыў табе па дарозе дадому... Твой расказ памог мне дайсці да адной яснай думкі, асмеліцца на адзін рызыкоўны, але змушаны ход... I яго, паўтараю, прыйдзецца ўжо зрабіць табе — маёй надзеі.
Ізяслаў падняў уверх руку: маўчы, не перапыняй, слухай мае, можа, i перадсмяротнае слова.
— Я так разумею, Усяслаў: ні цяпер, ні ў хуткім часе князь Даніла не здолее дамагчыся таго, чаго дабіліся любімыя ім продкі: Уладзімір, сын Святаславаў, i Уладзімір Манамах. Як лічу, для яго цяпер ёсць тры шляхі: ціха, як мыш пад венікам, сядзець у сваім прыкарпацкім кутку, падуладзіцца уладзімірскаму Яраславу, які па мангольскім ярлыку цяпер верхаводзіць над усёй Руссю, альбо паспрабаваць выпрасіць у манголаў што-небудзь большае. Давай вось паразважаем, куды i да чаго ён схіліцца. Задавольніцца толькі галіцка-валынскім латкам? Не, для яго, уладнага, гэтага будзе мала. Бадай, не спанадзіць яго i падкочвацца да Яраслава. Яраслаў, хоць манголы аддалі яму былы стольны Кіеў, туды аднак не пераехаў, паслаў пасадніка. I не толькі таму, што Кіеў разбураны. Яраслаў, канечне ж, ведае: тое, што столькі намагаўся зрабіць Кіеў, не ўдалося i не ўдасца. Ён, думаю, ідэю Русі адзінай i вялікай будзе песціць там, на уладзімірскіх, суздальскіх, растоўскіх землях, у саюзе з Ноўгарадам, дзе княжыць сын яго, Аляксандр. Значыць, Яраслаў будзе найперш думаць пра сябе i сваіх сыноў, каб найперш каторага з ix пакінуць пасля сябе за вялікага князя... Значыць, для Данілы застаецца трэці шлях. Я зусім не здзіўлюся, калі ён схіліць сваю гордую галаву i сам падасца ў Сарай-Бату ці ў Каракорум...
На Ізяслававым бледным лобе выступілі бліскучыя кроплі. Ён выцер ix дастаным з-пад верхняй падушкі ручніком, стомлена, але настойліва прадоўжыў:
— Канечне ж, Даніла будзе чапляцца за былое, пачне ўталкоўваць манголам, што ён — нашчадак тых, хто валодаў усёй Руссю. Каб супрацьпаставіць яго Яраславу i сынам, тыя могуць даць яму ярлык i на Бярэсце, i на ТураваПінскую, i нашу землі. Калі б дні мае былі не злічаныя ўжо, мы маглі б пабыць яшчэ яго васаламі i рабіць тое, пра што ты добра гаварыў Міндоўгу. Але калі мяне не стане, Даніла прышле сюды княжыць аднаго са сваіх сыноў. Той, завёўшы тут чад, пастараецца Навагародка ўжо нікому не саступіць, амацуе тут сваіх нашчадкаў i іхняе права на княжанне. Гэтага, канечне ж, не трэба дапусціць. Ты думаў пра гэта, дружа?
— Скажу шчыра, князь: думаў.
— I якое выйсце ты бачыш?
— Каб ты акрыяў i княжыў тут яшчэ доўга,— не толькі з-за спагады ці абачлівасці, але i з усёй шчырасцю адказаў ён.
— Пакняжу тут я сонцаварот ці болей — розніца малая: род мой перашчыкнуўся...— Той зноў засумоціўся.— Ды трэба, кажу, дбаць i пра будучыню. Праўда, крыху іначай, чым пра яе турбуюцца Даніла i яго дворскі... Так ужо наканаваў лес: смерць мая для Навагародскай зямлі — не проста адыход яшчэ аднаго князя з Рагвалодавага роду. Смерць мая можа стаць збаўленнем ад Данілавага, а гэта значыць i Рурыкавічаў, ярма i вестуном волі. Але, каб утрымаць яе, гэтую волю, трэба адзяржавіцца. Ды ці маем на гэта боскае права? LI.I па сіле нам?
— Вялікі выспраб даеш ты нам, князь!