— Чаму не, тое,— зноў апусціла галаву Марыля.— Ды, кажу ж, ён не слухае. Лепш сказаць, паслухае i нічога не скажа. Толькі яшчэ болей задуменны стане.
— Трэба неяк памагчы яму. Бо, як у вас добра кажуць, i птушцы адной нудна...
— Трэба. Але каб толькі яшчэ болей душу яму не павярэдзіць.
— Я разумею цябе, Марыля, але, канечне ж, ты разумееш i іншае. Трэба, каб ён яшчэ жыў, радаваўся, як i кожны жывы чалавек.
— Трэба,— зноў згадзілася старая дабрадзейка. Значыць, яна, Раксана, знайшла правільны ход размовы.
— Ён i сам, можа, пра гэта думае, але i сам сябе дакарае,— пачала яшчэ бліжэй падступацца Раксана.— Ты ж жанчына разумная, абачлівая, найбліжэй да яго, дык улуч хвіліну i зноў, але больш разважліва пагавары з ім, памажы яму зрабіць нялёгкі, але патрэбны крок. У Навагародку ж нямала прышжых i добрых баярынь. Дзяўчат, маладых удоў...
Чарнява-сіваватыя Марыліны бровы падскочылі ўверх: ці не здагадалася, куды я на хіліць?
— Давай вось разам падумаем, як лепш з ім пагаварыць, каго яму паращь узяць за жонку. Зайдзі днямі да мяне, параімся. Хто ж яму паспрыяе, верне яго да жыцця, калі не мы з табой? Добра?
— Добра,— яшчэ раз згадзілася тая.
Праз некалькі дзён Марыля зайшла да баярыні Раксаны, пашапталася з той i вярталася дадому са шчодрым падарункам.
Несла сілай увапхнуты адрэз візантыйскага шоўку, нібы прыгаршчы гарачых вуглёў i ненавідзела, кляла сябе: дурніца, якая старая путавумная! Як даверліва паддалася на хітрыкі i крывадушную ману вядомай усім ведзьмы, як спрытна абвялі яе вакол пальца! Зрабілі змоўшчыцай i памагатай, каб усунуць у іхні дом сваю дачку, а гаспадару — змяю, якая будзе быццам ласкава грэцца на ягонай грудзіне, а потым нечакана, калі трэба будзе ёй, смяртэльна джгне.
Марылю затрэсла не толькі тое, што яе, старую сумленную жанчыну, каму Усяслаў верыць, як сваёй маці, хочуць купіць за анучу i ганебна спажыць, але яшчэ i іншае: яна можа паспрыяць, што да ix прыйдзе маладая спешчаная, распусная маладзіца, злашкодніца, якая, канечне ж, загаспадарыць тут са сваёй мамуляй i пераверне ўсё ўверх дном. Пра такіх, як Раксана i яе Дабраслава, людзі добра гавораць: «Як восы злыя — i дарослыя, i маладыя».
«Божа! — каялася старая жанчына.— Чаму ты забраў ад мяне розум! Хіба Раксана здатная на добрае! Я ж павінна была адразу ўгледзець: прыйшла ліса красці курэй... Як мне цяпер, пасля ўсяго гэтага, зірнуць у вочы Усяславу?»
3
Усяслаў жа, нарэшце, у смак пазнаў, што такое моцны i спакойны сон, прачынацца раніцай з яснай галавою i з лёгкасцю — проста-такi маладой, наліўною — ва ўсім целе. Вось i сёння міжволі — можа, i ад таго, што пачуў, як на двары пацягнуў ланцуг з будкі сабака, загаварылі конюх i дворнік ды ў ягоную спальню пацадзіўся світанак,— адным словам, нязмушана адплюшчыў вочы i адразу ж адчуў, што добра выспаўся, набраўся за ноч сілы i бадзёрасці, а заадно прыліла пяшчота i замілаванасць: да ягонага сцягна было прыціскутае іншае, цёплае, хвалюючае, i чулася побач ціхае i роўненькае дыхание. Пасля вячэрніх іхніх вуркатанняў ды ўцех i на гэтую ноч Любка засталася з ім тут нанач, засыпала на ягоным плечуку, пад яго дужай, але лёгкай рукою.
Ён асцярожна, каб не рыпнулі дошкі цвёрдага ложка (не любіў мяккіх пасцеляў, пухавікоў), прыпадняўся на локці, пільна зірнуў на яе: юны, гладзенькі, без ніякіх маршчынак дзявочы твар ужо асветлены, мілы i спакойны, высокая шыя i палова грудзей хораша аголеныя, матава белыя, вельмі вабныя, што так i хочацца пяшчотна пагладзіць ix.
Вось, можа, i ад ягонага позірку ледзь-ледзь уздрыгнулі яе цёмныя броўкі, пачалі прыпадымацца крыху навіслыя павекі, ажываць твар — i праз міг яе яшчэ сонны, але ўжо лагодна-радасны позірк, з-пад накрыўкі выплываюць яе стройныя, загарэлыя да локцяў рукі i казытліва-мякка скрыжоўваюцца на ягонай шыі. Ён мусіць апусціць голаў, цешачыся цяплом i адмысловым водарам яе грудзей, падпашак i ўсяго маладога ды крамянага цела, чуе, як спачатку роўна, а пасля часцей i мацней штуршкуе яе маладо.е сэрца, a калі ён пачаў лашчыць яе клубы, яно, яе сэрцайка, забілася ўжо трапятліва. Іхнія вусны стуляюцца самі па сабе.
У свой час ён мала бачыў, як прабуджаецца ягоная жонка, яшчэ радзей адчуваў яе ўцеху, радасць ад добрага сну i прагу да жыцця, дык i мала адчуваў мужчынскую чароўнасць усяго гэтага, слодыч ранішняга пацалунку. Ён даволі рэдка цалаваўся з жонкай, шкадуючы яе i не хочучы паказаць, што ён дабіваецца інтымнага ад яе, хворай, з бяскроўнымі, сіняватымі вуснамі, упалымі грудзямі i доўгімі танюткімі пальцамі, а вось Любку ён цалуе з ахвотай i з пажаднасцю...
Калi ён зноў ляжыць збоку, абапёршыся на локаць i пасля нядаўняга перарывістага шэпту i ўсцешлівага стогну пазірае на яе ўжо іншы, ажыўлены, а заадно i стомлены гарачай крывёю твар, позірк яе бліскучых вачэй адкрыты, смелы, немігатлівы, а на яе паўнаватых, падпухлых вуснах блукае шчаслівая жаночая ўсмешка, што бывае якраз пасля любоўнай гульні i ўцехі.
У пакоі ўсё бялее-залацее: недзе далека, за мангольскімі ўладаннямі, імкне перад сабой святло i цяпло, узыходзіць з-пад зямлі альбо з-за агромністага мора сонца i ўзбуджае акрыяць усё жывое. Гэтая бель-залацістасць вельмі хораша ўпрыгожвае Любку, яна нібы купаецца, зіхаціць сваім целам у гэтай яснасці.
— Сонейка ты маё!— прамаўляе ён, адчуваючы, як глыбее i паўнее радасцю, дабрынёй i замілаванасцю ягоная душа.— Ты азараеш мяне, робіш жаданым дзень, што будзе наперадзе!
Маўчыць. Задаволеная i шчаслівая. Выпраменьвае простую i ў той жа час дзівосную ўсмешку, жаночую чароўнасць.
— Мне пара ўжо ўніз...— Сёння ўжо не шэпча з асцярогай i сполахам, a па-змоўніцку падказвае разважліва.
— А мне цяжка адпусціць цябе, краса мая ненаглядная, настроіцца на зямное, пайсці з дому. Мне хочацца апынуцца зараз разам з табой дзе-небудзь у глухім лесе альбо каля рэчкі на лузе, каб мы былі толькі адны! Каб я ўзяў цябе на рукі i нёс-нёс, а ты абдымала б мяне за шыю i туліла сваю шчаку да маёй!
Яна, здаецца, п'е гэтыя ягоныя словы як соладзь, бярэ ix на душу i паволі пазнае моц мужчынскага захаплення i кахання. Сама пачынае кахаць. Калі б прыкідвалася ці была колькі пакорлівая, дык не было б яе такога яснага i чароўнага душэўнага выпраменьвання.
— Любка!.. Якое слаўнае імя далі табе бацькі! Каб ты ведала, як ты мне любая! Ведай, уладарка мая, я не вытрываю, ты мяне загубіш, калі адвернешся альбо будзеш вось так з некім!..
— Я — твая.
— Назаўсёды?
— Назаўсюды.
— I нават тады, калі буду не пры ўладзе i не багаты, а гнаны, бедны, стары i слабы?