Адчуўшы яе дарослую, але яшчэ неадкрытую i неўзбуджаную для мужчыны плоць, ён змусіў сябе не ўрывацца, не даваць сабе лішняй волі; Любка ж, вытрываўшы першы боль, расслабілася i пазнавала тое, пра што нямала чаго чула ад старэйшых жанчын i пра што ўжо думала сама — часамі, можа, нават са страхам. Як не толькі пра грэх, але i як пра калецтва для дзяўчыны. Паволі, здаецца, пачала адчуваць жарскасць, што была не менш пачуццёвай за балеснасць, a калі пасля ён вельмі моцна сціснуў яе i затрымцеў, яна таксама затрымцела — ад незвычайных гарачых хваляў, што нагортваліся i нагортваліся ў яе лона, змушаючы адчуваць штосьці невядомае i прыемнае, адкінуць убок на падушку галаву ў таксама невядомай i прыемнай знямозе...
Затым, калі іхнія целы разлучыліся i калі ўразумела, што здарылася, што яна дазволіла да шлюбу тое, супраць чаго перасцерагала маці, Любка, здаецца, пачала апамятвацца: з яе бліжэйшай вачніцы выкацілася i паплыла па шчацэ слязіна. Цяжка было здагадацца, пра што i як яна думала-перажывала цяпер, страціўшы цнатлівасць, набыўшы нялёгкай ношкай вялікі грэх, а заадно дзявочы сорам i адчай — мабыць, каялася i баялася сваёй будучыні. Усяслаў, спатоліўшы страсць i ацверазеўшы, таксама не адчуў вялікай палёгкі: ці варта было яму, пажылому, гэтак настойліва спакушаць добрую дзяўчыну? Мусіць, ва ўсіх выпадках пахмелле нялёгкае, а то нават i пакутлівае. Ды, паколькі ўжо сталы чалавек, не раз i не два зведаў спаталенне поклічу душы i плоці, трэба суцешыць гаротніцу, якая гэтак даверылася яму.
— Вельмі баліць?— прыпадняўся, лёг на локаць i запытаў шэптам.
Зноў накрыла грудзі рукамі, адказала з заплюшчанымі вачыма:
— Не вельмі, але баліць.
— Пацярпі, галубка. Другі раз балець будзе менш, a трэці... A калі народзіш, дык потым вялікую прагу i ўцеху адчуеш... Не кайся цяпер i не кляні сябе ды мяне.
— Кайся ці не кайся... Позна ж ужо...
— Нічога не позна, хоць...— Падгарнуў яе, усё яшчэ гарачую, да сябе.— Не ўтрымаўся, цяжкой будзеш.
Нічога не прамовіла.
— Чуеш? — Адхінуў яе руку, пацёрся вуснамі аб яе грудзі.— Ці не разумееш, пра што я гавару?
— Чаму не разумею. Пра дзіця кажаш.
— Можа, i будзе. Наша з табой чада. Не бойся, чакай усяго так, як будзе. Слова свайго я не парушу. Пахаваем вось княжыча, адыдуць боль i жалоба — пойдзем у царкву. Грэх свой замолім, шлюб возьмем. Бацькам сваім пакуль што нічога не кажы, я сам з імі потым пагавару. А цяпер, галуба, ідзі ў лазню, пакуль вада там цёплая, а пасля пасцель гэтую зменіш i сама ўсё памыеш...
Яна адплюшчыла вочы, прыпаднялася і, убачыўшы, што на пасцелі, ажно жахнулася.
— Так i трэба...— Пацалаваў яе ў спрытны локаць.— Я цябе якраз за гэта сэрцам, душой сагрэю, усё сваё багацце табе аддам: ты ж мне аддала сваё самае дарагое, сваю цнатлівасць!
Пазней, калі пераапранутая, усё яшчэ пунсовая, сарамлівая, Любка змяніла яму пасцель, пяшчотна па яго просьбе сказала, што не каецца, будзе верная яму, пацалавала, ён хутка заснуў i спаў легка ды моцна, як ніколі за апошнія гады.
Раздзел другі
1
Шлях да дзвярэй у княскі палац баярыну Расціславу перагарадзілі скрыжаванымі коп'ямі два рослыя дружыннікі ў даспехах. Добра яго ведалі, але адзін, старэйшы, ваяўніча схмурыўся:
— Князь загадаў нікога не пускаць.
— I мяне?— ухмыльнуўся, але ў душы моцна занегадаваў Расціслаў.— Дворскага-ключніка?
Зноў строгі адказ:
— Твайго імені, баярын, не называлі.
— Дык дайце прайсці.
— Няма такога вялення.
— Але я на свае вочы бачыў: толькі што ад князя выйшаў ваявода Усяслаў!
Маўчанне; скрыжаваныя коп'і не разышліся ў бакі. Што ж, няма сэнсу спрачацца з баявой i вернай вартаю — усё роўна не пусціць у церам. Мусіў, нават не аблізнуўшыся, павярнуць назад. На душы аж закіпела: не дабіўся таго, дзеля чаго была спрыяльная часіна. Князь Ізяслаў загадаў яму рабіць усё, каб як след пахаваць княжыча, даў яму тут поўную волю, але зусім не паслухаў i не згадзіўся, каб яны, баяры, па-добраму разабраліся, чаму i як загінуў наступнік навагародскага княскага пасада. Калі ён, Расціслаў, пачаў проста чапляцца да яго, дык той адмахнуўся, як ад назойнай мухі: «Я веру брату Данілу, брату Міндоўгу, сын мой загінуў як сапраўдны віцязь», а сам-насам, як перадаў яму верны чалавек з княскага палаца, князь супакоіў гораснага Усяслава: «Я верыў i веру табе, дружа».
«Дружа!» Значыць, якое не агромністае гора, але стары i, як здаецца, нядошлы князь не страціў развагу i волю, а ваявода — першы сярод ix, баяраў,— i надалей застанецца ў вялікай сіле, будзе гнуць сваё i, можа, нават яшчэ ўладней падмінаць малую i вялікую Рады, навагародскае веча. Тым больш што сярод ix, баяраў, рамеснага i купецкага люду, дружыннікаў, смердаў ёсць такія, хто проста глядзіць таму ў рот, як самаму мудраму i непахіснаму дзяржаўнаму мужу i палкаводцу. Што да яго, Расціслава, дык ён наколькі ва ўсім зайздросціў Усяславу, настолькі баяўся i ненавідзеў яго, ліслівіў i заадно плёў супраць усякую павуціну, каб злавіць i заблытаць у ёй грознага суперніка. Ен здолеў пераканаць князя, Раду, што цяпер, калі на ix з Усходу шчумірыць вочкі Батыга, а з Захаду падкрадваюцца крыжакі, Усяслаў павінен найперш займацца дружынамі, а вось ён, Расціслаў, павінен узяць у свае рукі ўсю навагародскую гаспадарку. Паслухалі, удалося не дапусціць Усяслава да засекаў i спратаў, самому мець ад усяго гэтага ключ, але большага не дамогся.
Перад ягонай трохпавярховай шыкоўнай харомінаю (на яе пайшло нямала адборных каменя, цэглы i дрэва, шкла, серабра i золата як ca свайго кубела[43], так i ўкрадзенага з княскай казны, а таксама дарэмнай рамесніцкай i смердаўскай сілы) сустрэўся з нізкім наклонам ягоны цівун Крук:
— Баярын, дазволь слова мовіць.
— Што табе? — моршчачыся ад яркага сонца i цяжка трымаючы на поўных нагах-ступах таўшчэзнае цела, зл оспа i непачціва, як i да ўсіх, над кім меў уладу, рыкнуў на яго Расціслаў.
[43] Кубел — папярэднік куфра.