— Вельмі! — як i кожная дзяўчына, захапілася ад такога багацця i хараства.
— Гэта — тваё.
У яе мігам падняліся чарнявыя броўкі: усё гэта — мне? Ды гэта ж сама меней для баярыні! Мне можна насіць толькі простае, самае вялікае сярэбранае!
— Табе-табе,— запэўніў ён з уцехай, што можа прынесці ёй радасць.— Начапі тое, што табе найболыи спадабалася. Тут. Цяпер. Я хачу ўбачыць, як гэтыя рэчы не столькі ўпрыгожаць цябе, колькі ўпрыгожацца на табе самі!
Любка сумелася, зніякавела. Канечне ж, ёй былі даспадобы гэтыя ўпрыгожанні, але яе стрымлівала тое, што яны не для яе. Яны — для Звеніславы.
— Чаму ты не хочаш упрыгожыць золата, шкло, серабро i эмаль? Зрабі мне прыемнасць, пацеш мяне маладосцю i красой.
Яна зірнула на яго са здзіўленнем: ён ніколі не быў да яе такі строгі, як да іншых, але i не гаварыў вось так ласкава. Канечне ж, яна адчула: гэтая ласка да яе не як для дачкі паважанага ім чалавека, не як для пакаёўкі, а як для маладой i прыгожай дзяўчыны. Пасля выбрала самае дарагое i шыкоўнае, начапіла на вушы, на шыю i на рукі, ужо трошкі з выклікам стала перад ім: глядзі, вось якая я, гаспадар!
— Сядзь каля мяне, краса ненаглядная,— папрасіў.
Падышла, апусцілася на краёк ложка — бокам, не пазіраючы на яго.
З хваляваннем, як у падлетка, узяў яе невялікую, не агрубелую ад цяжкай i бруднай працы, але, як адчувалася, дужую ад сялянскіх генаў руку:
— Скажы шчыра: ты чакала мяне з паходу?
Змаўчала, ніжэй апусціла галаву.
— Прашу: скажы.
Ледзь варухнула вуснамі:
— Чакала.
— Як?
— Так, як i ўсе...
— Я ведаю, як ты чакала бацьку. Але я хачу пачуць, як ты чакала якраз мяне? Як свайго гаспадара ці i як чалавека?
Чуйная душой, дык пачала разумець, пра што ён дапытваецца. Запунсавела, як i нядаўна на дварэ.
— Скажы,— зноў папрасіў,— гэта для мяне шмат значыць.
— Чакала, i як гаспадара, i як чалавека,— амаль прашаптала.
— Зірні на мяне,— пацягнуў яе за руку.— Усю праўду скажы: радая, што я вярнуўся жывы?
Зірнула ўмітусь:
— Як i ўсе, радая.
— Я ж не пешчу вас усіх. Як вы кажаце, я строгі, а то нават часамі i суровы.
— Ты i справядлівы, добры...
— ...але стары ўжо, брыдкі...— падхапіў яе словы.
— Няпраўда! — па-маладому загарачылася яна.— Я так не сказала.
— Але хацела сказаць?
— Не! Ты яшчэ не стары і... харошы...