— На карысць усё было б, каб той не лазіў употай да цябе ўхажорам праз акно, a хадзіў мужам праз дзверы,— папікнула маці.— Значыць, ён, кажу, жанаты, мўсіць таіцца.
— Ты, мама, добры следчы!
— Глядзі, скора нехта i іншы следчым стане! Той не будзе з табой перастарэкваць, a i красу тваю змарнуе, i вокны нашы памалоціць, што напраўду тады ў хаце вецер засвішча! I не паскардзішся нікому!
Гэльчыны рукі міжволі замёрлі, а на лобе сабраліся маршчыны.
— Мама,— прамовіла ўсёй душой.— Я кахаю яго, а ён кахае мяне. Мы вельмі шчаслівыя.
— Ён — жанаты?
— Жанаты.
— Хто ён? Ці не Казік?
— Чаму ты так думает? — здзівілася яна.
— Ды бачу ж, як ты на каго пазіраеш, як з кім гаворыш...
— Не скажу, мама, гэтага нават i табе. Але ведай i яшчэ адну вялікую таямніцу: я нашу яго дзіця. Памылкі ўжо няма: я — цяжарная.
— А божа! — успляснула рукамі старая.
— Ты не радая, што i я стану маці, зраблю цябе бабуляй?
— Чаму не, радасць вялікая, але...
— Я не баюся ніякіх «але». Я выпакутавала сваё шчасце.
Маці, як чула, цяжка ступіла крок-другі, апусцілася на канапу.
— А што скажуць людзі? Яны найперш не ўсцешацца, што ты радая, а пачнуць гадаць, хто бацька твайго дзіцяці!
— Ён хоча перайсці да мяне.
— О, божа! I ты хочаш, каб ён пакінуў жонку, дзяцей?
— Хачу. Ды наргойваць на гэтым не буду. Мне хопіць таго, што ён ужо даў мне.
— Я i не ведаю,— цяжка ўздыхнула маці,— ці ты распусная, ці не?! Грэшніца ці не грэшніца?!
— Я, мама, ніколі не была i не буду распусніцай. А вось што да граху, дык вінаватая. Зграшыла. З любімым чалавекам. I вось, як чуеш, грэх прынёс мне радасць.
— Радасць то радасць,— не сунімалася тая.— Але ж... Каб ён быў нежанаты, несямейны! Хай бы нават быў сляпы на адно вока, аднарукі альбо аднаногі, ды халасты ці ўдавец!
— Будзем, мама, прывыкаць i да такога. Я памру лепш, чым пайду ў бальніцу пазбаўляцца ад дзіцяці. Нараджу яго насуперак усім!
— A калі яно, беднае, некалі запытае, хто яго бацька?
— Хіба я, маці, не змагу яму ўсё патлумачыць? Няўжо яна, мая крывінка, мяне не зразумее?
Маці не адказала, толькі зноў i зноў уздыхнула з цяжарам на душы.
6
Мусіў Казік зажыць двайным жыццём. Па-адному — дома, з сям'ёй, на людзях, i зусім па-іншаму — з любай Гэлькаю, з якой адчуў сябе мужчынам i чалавекам. Ды... Ягонае жыццё, выходзіць, яшчэ больш зменіцца: як толькі што сказала Гэлька, яна нечакана нават для сябе зацяжарала ад яго.
Стомленыя пасля нядаўняй любоўнай гульні, сцішаныя пасля Гэльчынага прызнання, яны ляжалі побач нейкі час моўчкі.