Калі ён пацягнуўся да яе вуснаў, дык не адвяла свае, i яны надоўга сцішыліся ў прагным пацалунку. А пасля, калі адарваліся i перавялі дыханне, Гэлька схіліла голаў на яго грудзіну:
— Завязваем мы няпросты вузел, Казік...
— Калі я табе неабыякавы, дык i завязвайма!
— Каб ты мне быў абыякавы, то хіба я тут стаяла б i такое дазваляла? Але, можа, давай, любы мой, пакуль не зусім страцілі развагу, запынімся ў час! Я не пра сябе думаю, хоць таксама марнею, а пра цябе. Ты ж будзеш пасля пакутаваць. Калі не перад Верай, дык перад дзецьмі. Ты ж шчыры i сумленны чалавек!
— Можа, i буду пакутаваць, але затое не будзе маёй цяперашняй пакуты.
Гэлька зноў змаўчала, мусіць, спрабавала знайсці сілу, каб не дапусціць таго, што ўжо немінуча набліжалася, але i зноў адказала на яго пацалунак, ціхенька застагнала, адчуваючы, як ягоныя рукі пачалі блукаць па яе целе, пяшчотна лашчачы яго. Вось затрымцела ўжо i яна, i сэрца яе, як чулася, моцна забілася.
Ён моўчкі накінуў кручок на прабой i падхапіў Гэльку на рукі.
— Не трэба,— папрасіла яна,— сама ўжо завяду цябе ў спальню,— але калі ён панёс, дык ласкава абвіла ягоную шыю рукамі, хмелячы водарам валасоў i свайго маладога цела.
— Паляжы ціха,— шэптам папрасіла, калі ён пасля бурных пацалункаў i абдымкаў авалодаў ёю.— Дай пазнаць цябе!
Ён паслухаў, але ненадоўга: з'яднаныя іхнія плоці па мужчынскім i жаночым кліку хутка прызвычаіліся адна да адной, запатрабавалі свайго, бурнага i страснага. I яны далі волю гэтаму; спачатку абое штосьці мармыталі, намагаючыся выказаць сваё каханне i пяшчоту, а пасля, толькі стогнучы, цешыліся блізкасцю, палымнелі, нібы ў агні, здаецца, забыўшыся пра ўсё на свеце. Праўда, праз нейкі час, калі ён памкнуўся адхіліцца, яна не адпусціла яго, i яны абое зноў, але зусім па-новаму ўжо затрымцелі ў слодычнай знямозе...
Пасля доўга ляжалі моўчкі i спрабавалі апамятацца. Дзіўна, але Казімір не адчуў чаканага дакору, стаў нібы зусім новым чалавекам ці, лепш сказаць, мужчынам.
Гэлька павярнулася i ўтулілася тварам у ягоную шыю.
— А ты любкі!
— Як гэта? — запытаў усцешна.
— Так надта ж разважлівы, спакойны, a ў пасцелі гарачы.
— Бо i ты любкая, гарачая.
— Табе было добра?
— Не тое слова, Гэлька.
— Глядзі цяпер сам,— усцешна прамовіла i яна.— Можа, не чапай больш мяне, а то я, калі прывыкну да цябе, то ўжо не адстану, вып'ю з цябе ўсе сокі!
— Пі, колькі хочаш.
— Не баішся майго шалу?
— Не. Я якраз яго яшчэ i не зведаў.
— Ты мне даўно падабаешся,— прызналася яна.— Яшчэ з таго часу, калі была вучаніцай, а ты вярнуўся з войска. Ды ты надта ж хутка ажаніўся са сваёй кватаранткаю. Таму, можа, i я хутка пайшла замуж. A апошнія часы, ведай, любы, не спала з-за цябе не адну ноч. Ды пакутвала, ты мучыў i сябе, i мяне...
— I цяпер буду мучыць...
— Калі так, як сёння, то муч. Толькі перасцерагаю: ты пакуль што толькі распаліў у маёй цямніцы агонь, але яго трэба будзе i патушыць...
— Патушу,— жартам адказаў ён i неўзабаве, калі яны пагарэзавалі, палашчылі адно аднаго, зноў зблізіліся, зноў мармыталі i стагналі, а пазней, калі крыху акрыялі ад прыемнай стомы, Гэлька здзівілася:
— Зірні, любенькі мой, на вакно: днее...
5
Пасля гэтай ночы было безліч сустрэч — у Гэльчынай хаце, пакуль у сыноў гасцявала яе маці, а затым у лесе, па дарозе ў горад i з горада, у жыце, a ўвосень ён зноў прыходзіў у яе дом — толькі не праз дзверы, а праз загадзя прачыненае Гэлькай акно. Аднойчы, калі яны разгуляліся i забыліся пра асцярогу, нечакана ў дзверы спальні пачуўся стук Гэльчынай маці:
— Гэлька?