— Я,— з неўтаймоўным хваляваннем вымавіў ён.
— Казік?
Чыркнуў з прабоя кручок — дзверы сенцаў адчыніліся. За імі — Гэлька ў белай доўгай кашулі, з распушчанымі доўгімі валасамі.
— Які такі клопат поначы? — здаецца, здзівілася.
— Вялікі, Гэлька... Упусціш?
— Заходзь. Не трымацк жа цябе за парогам, хоць i ноч, а я адна дома...
— Ведаю... — прамовіў i, адчуваючы ўжо дрыготку ў руках i нагах, абхапіў Гэльку, сплятаючы свае рукі на яе спіне.
— Ці не выпіўшы ты? — усміхнулася.
— Не.
— Дык ты ў начныя госці да мяне?
— У начныя госці.
— Я ж табе казала,— яна была наструненая, але не вызвалялася,— ты не такі!
— A які?
— Ты, Казік, сем'янін, верны сваёй жонцы.
— Не адмаўляюся: сем'янін. А вось што да гэтай веры, то я ўжо стаміўся ад яе... Бо зныў па табе...
Яна змаўчала i ўпнулася, калі ён паспрабаваў бліжэй прытуліць да сябе.
— Не трэба, Казік,— ціха папрасіла.
— Чаму?
— Нам з табой i цяпер нялёгка, а тады будзе яшчэ цяжэй...
— Чаму?
— Таму... Ды ты i сам усё добра разумееш.
— Разумею, але, кажу ж, знябыўся я па табе. Дзень i ноч бачу цябе перад сабою...
Уздыхнула. I вельмі нялёгка.
— Мы не павінны болей цурацца адно аднаго,— угаворваў яе i заадно сябе.— Нашы сцежкі-дарожкі сышліся...
— Ты якраз так лічыш?
— Якраз так.
— А што выйдзе з усяго гэтага?
— Не ведаю. Але няхай будзе тое, што выйдзе. Прашу: не адпіхай, будзь маёю. Я ж буду тваім.
— Хіба ты любіш мяне?
— Люблю,— прамовіў ён, i яна падалася ўжо на яго прытульванне.— Я не ведаю, як добра сказаць табе пра гэта, але болей ужо не магу без цябе, зусім знемагу.