Яны, як дзеці-шкоднікі, заціхлі, але не выпусцілі адно аднаго з абдымкаў.
— Гэлька, чуеш ты ці не?
— Што, мама? — «сонна» запытала тая.
— Табе блага?
— He.
— А чаго ты кідаешся па пасцелі, стогнеш, а то i енчыш?
— Сніла сон. Cпi i ты, не замінай. I калі ласка, не зважай на мяне!
— Не пазважай, калi ледзь не плачаш, просішся, як бы хто душыць цябе.
Ды толькі здаецца маладзейшым, што можна легка падмануць старых. Вось i Гэльчына маці першы час нібы не здагадвалася, як цяпер жыве яе дачка, але падазрона пачала адводзіць убок вочы, больш не загаворваць пра яе замужжа. Аднойчы вечарам, бачачы, як Гэлька, вымыўшыся i змяніўшы на сабе адзенне, вычэсваецца каля люстэрка i ўсміхаецца сама сабе, запынілася за плячыма:
— Ты болей выхарошваешся на ноч, чым на дзень...
— Я ж яшчэ маладая, дык i ўночы павінна добра выглядаць,— аджартавалася Гэлька.
— Для каго?
— Для сябе.
— Толькі для сябе?
— I для вас, мама.
— I ўсё?..
Гэлька вельмі не збянтэжылася, але з хваляваннем адчула: яе сакрэт — ужо не сакрэт для маці. Ды нібы спакойна запытала:
— Вы на штосьці намякаеце, мама?
— Ды маю што сказаць...
— Гаварыце.
— Ды трэба ўжо сказаць...
Гэлька не азіралася, больш чым засяроджана разгладжвала шчокі, але напружылася ўся, чакаючы, што i як скажа маці. Пазней можа быць яшчэ страшнейшае — тады, калі зноў загаворыць пра яе ўся веска.
— Каго ты прымаеш?
— Калі?
— Не дурыся, дачка,— незадаволілася маці.— Не глухая, дык чую, як ты адчыняеш па начах акно i нехта лезе праз яго ў тваю спальню.
— Гэта ўсё вецер, мама!
— Вецер-шмецер! I з ім хіхікаеш, ложак ломіш?!
— Выдумшчыца вы, мама!
— Ага, «выдумшчыца!» Толькі вось думаю: той начны вецер — не халасцяк i не ўдавец, а жанаты мужчына! — A паколькі Гэлька змаўчала, дадала: — Найперш жанаты будзе не праз дзверы хадзіць, а праз вокны лазіць! Ды i ў вёсцы, ведай, ужо здагадваюцца пра ўсё. Не раз чула я ад кабет: проста на вачах твая Гэлька пахарашэла...
— Праўда, я пахарашэла, мама?— запытала Гэлька i нават крутнулася перад люстэркам.— Значыць, мне на карысць начны вецер!