Хто з беларусаў, хоць крыху знаёмы з досьледамі над роднай гісторыяй, не спатыкаўся з прозьвішчам праф. Доўнар Запольскага, вялікім i дарагім ня толькі для беларускага гісторыка, але наагул для кожнага беларуса! Праф. Доўнар-Запольскі — гэта запраўды нашая гордасьць. Працы яго, прысьвечаныя гісторыі Беларусі ад найдаўнейшых часоў, ведамы загранічнаму навуковаму сьвету. Няўтомны працаўнік, праф. Доўнар-Запольскі выпусьціў у сьвет шмат капітальных працаў у мове расейскай i беларускай аб сваёй бацькаўшчыне — Беларусі. Але ня толькі ў гэтым зьмяшчаецца яго заслуга ў беларускай гісторыі, як навуцы. Шмат хто з ведамых гісторыкаў пісаў аб мінуўшчыне Беларусі, аднак значэньне ix ёсьць куды меншае. Заслуга праф. Доўнар-3апольскага галоўная ў тым, што ён першы палажыў фундамэнты сынтэзы беларускай гісторыі i вывеў асновы яе будучага прыгожага будынку. Бязупынныя студыі над мінуўшчынай свайго народу дазволілі праф. Доўнар-Запольскаму дасканальна апанаваць гістарычны матарыял i зірнуць, калі так скажам, з птушынага ўзьлёту на беларускую мінуўшчыну. Белаpускім гісторыкам астаецца толькі ісьці шляхам, паказаным праф. Доўнар-Запольскім. Ясна, што гэты шлях патрабуе яшчэ ачысткі, магчыма, што ў некаторых мясцох яго трэба будзе выпраставаць, але кірунак яго ёсьць ужо азначаны. А гэта самае галоўнае.
Гэтая сынтэза нашае мінуўшчыны выражана ў працы паважанага прафесара «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі», хоць думкі скондэнсаваныя ў ёй ня трудна знайсьці ўва ўсіх яго працах манаграфічных.
Пазнаёмімся із зьместам разгляданай працы. На пачатку трэба зацеміць, што праца гэта зьявілася ў пэрыяд расейскай рэвалюцыі, калі ўсе народы б. расейскай імпэрыі, а ў ix ліку i беларусы, імкнуліся да збудаваньня собскае гаспадарственнасьці, калі паўставалі Польшча, Латвія, Літва, Чэхаславаччына i іншыя новыя дзяржавы. Вось-жа праф. Доўнар-Запольскі падаў гістарычныя асновы да будаванай тады ў Менску беларускае гаспадарственнасьці i адначасна выказаў i свой пагляд на беларускую гісторыю, даючы яе кароткі сынтэтычны агляд.
Спыніўшыся над этнографічным абшарам, займаным беларускім народам, праф. Доўнар-Запольскі кажа: «Беларуская нацыянальнасьць шчыльна жыве на гэтым абшары, a ў яе асяродзьдзі як кроплі спатыкаюцца іншыя нацыянальнасьці, згрупаваныя пераважна ў гарадах і мястэчках, і прадстаўляючыя сабой наплыўшы элемэнт».
Гаворачы як бы аб прычыне, выклікаўшай яго працу, праф. Доўнар-Запольскі кажа: «Нярэдка чуюцца як бы няпэўныя і сумліўныя галасы, ці беларуская нацыянальнасьць можа тварыць асобнае самастойнае гаспадарства, або, прынамся, увайсьці як фэдэратыўная частка ў саюз гаспадарстваў. Гэтыя няпэўнасьці i сумлевы апіраюцца на няведаньні роднай гісторыі і на недастаткавай ацэне культурнае трываласьці беларускага народу».
А далей пераходзячы да сынтэзы нашай гісторыі зацемлівае: «Часам наіўна выказваюць сумлеў, што беларускага гаспадарства ня было. Гэта правільна: пад гэткім назовам гаспадарства ня было, як ня было да паўстаньня гаспадарства італьянскага, бэльгійскага і г. д. Але беларуская нацыянальнасьць прадстаўляе сабой моцна збудаванае гаспадарства із плямёнаў Літоўскай Русі, г. з. тэй часткі Русі, каторую абыймала Літоўскае Княства. I Беларусь, як зараз пабачым, адносна нядаўна згубіла азнакі быўшае сваёй гаспадарственнасьці, моцнай, трывалай, якая адрозьнівалася гэткімі асновамі разьвіцьця, якімі мы можам толькі гардзіцца... Асновы гаспадарственнай самастойнасьці глыбака заложаны ў беларускай нацыянальнасьці і апіраюцца на дзейніках гістарычных, этнографічных, лінгвістычных і эканамічных. Гэтыя дзейнікі захварбоўвалі ўсю гісторыю Беларусі».
Далей праф. Доўнар-Запольскі выказвае пагляд, які ўсё больш здабывае прыхільнікаў у навуцы, што: «Беларусы зьяўляюцца амаль адзіным славянскім племенем, за выняткам хіба палякаў, якое здаўна жыве ў сваёй старонцы, ніскуль сюды ня прыходзіла і ня ўбрала ў сябе чужых элемэнтаў. Дзеля гэтага беларусы паводле гістарычных і этнографічных асаблівасьцяў зьяўляюцца найбольш чыстым славянскім племенем».
Гэтым самым праф. Доўнар-Запольскі адкідае пагляд аб прыходзе беларускіх плямёнаў з «агульна-славянскай» або «агульнарускай» прарадзімы. Гаворачы аб асноўнай рысцы ў вадношаньні беларусаў да свае гаспадарственнасьці ў мінуўшчыне, аўтар кажа: «Імкненьне да гаспадарственнай самастойнасьці, уменьне бараніць гэтую самастойнасьць, імкненьне да свабоднага дэмакратычнага ладу, зьяўляюцца аснаўной рыскай гістарычнае мінуўшчыны беларускага народу. I мы ня ведаем другога славянскага племені, у якога-б гэтая рыска натолькі яўна праяўлялася, як у нашых продкаў».
Гэта вельмі важная агульная тэза, да якой праф. Доўнар-Запольскі дайшоў у сваіх студыях. У далейшых разважаньнях праф. Доўнар-Запольскі робіць памылку, калі вылічае Крывічоў, Дрыгавічоў i Радзімічаў, як беларускія плямёны, а не ўспамінае аб Вяцічах i Северанах. Але тады, калі аўтар пісаў разгляданую працу, ня было яшчэ досьледаў праф. Растаргуева i інш., даказаўшых беларускасьць гэтых плямёнаў. Ідучы-ж за навейшымі працамі, беларускія гісторыкі павінны абняць сваім зацікаўленьнем Севершчыну і, зразумела, Пскоўшчыну, як заселеную Крывічамі. З гледзішча гістарычнага разьвіцьця беларускае гаспадарственнасьці праф. Доўнар-Запольскі разрозьнівае пачаткава існаваньне трох самастойных беларускіх гаспадарстваў: Полацкага, Смаленскага, i Турава-Пінскага, падчырківаючы, як характэрную азнаку, існаваньне ў Полацку асобнай ад кіеўскай дынастыі — Рогваладавічаў. Пераходзячы да гэнэзы — Вялікага Княства Белар.-Літоўскага, праф. Доўнар-Запольскі адкідае распаўсюджаную тэорыю аб г. зв. «літоўскіх падбоях», паводле якой Вялікае Княства было збудавана шляхам падбою этнографічна-літоўскім элемэнтам беларускіх гаспадарстваў: «Гэтак гістарычная навука рашуча зьбівае ўсе азнакі заваяваньня беларускіх земляў літоўскім князем».
Працэс злучэньня беларускіх земляў адбываўся дабравольна — шляхам умоваў, або жанімства князёў. Выказаная тут думка нязвычайна характэрная i сьмелая. Але апошнія досьледы ў поўнай ступені яе пацьвярджаюць. Архэолёгічныя раскопкі ў Горадні, ведзеныя польскім архэолёгам Ёдкоўскім (Jodkowskim) пацьвярджаюць, што існавала магутнае беларускае горадзенскае княства над Нёманам, якое было ў сутычньсьці з беларускім Наваградкам. У гэтых княствах паўстаў новы беларускі цэнтр, зь якім злучыліся на аснове шырокае фэдэрацыі іншыя беларускія гаспадарствы, творачы адну дзяржаву.
Праводзячы далейшую сынтэзу, праф. М. Доўнар-Запольскі паклікаецца на цэлы рад аргумэнтаў, якія даказваюць беларускі характар новага гаспадарства. Аргумэнты гэтыя мы абмінаем, бо яны ёсьць агульна ведамыя ўсім, хто хоць павярхоўна знаёмы з нашай гісторыяй.
На прыкладах Казіміра, Аляксандра, Жыгімонта Казіміравіча, Жыгімонта Аўгуста праф. Доўнар-Запольскі апірае сваю тэзу, што i палякі выбіралі нашых гаспадароў сваімі каралямі i што гэта пэрсональная вунія ні ў чым не нарушала сувэрэннасьці Вялікага Княства. Не нарушала гэтай сувэрэннасьці i Люблінская вунія 1569г., бо гэта быў дагавор роўных з роўнымі.
Прычыны заняпаду беларускай гаспадарственнасьці праф. Доўнар-Запольскі бачыць у Берасьцейскай рэлігійнай вуніі 1595 г., якая прынясла ў Беларусь рэлігійную вайну. Гэта вайна нішчыла ўсе сілы народу. Побач з гэтым пачаліся польскія ўплывы на беларускую шляхту i магнатаў. Гандаль і прамысловасьць заняпалі, сялянства, дзякуючы ўзросту шляхоцкіх прывілеяў, трапіла ў поўную залежнасьць ад паноў. Беларуская мова ўступала паступова месца польскай або лацінскай.
Аднак, калі вышэйшыя слаі насельніцтва паддаваліся полёнізацыі, дык сялянства i ў значнай ступені мяшчанства ўпорыста баранілі свайго права на самастойнае рэлігійна-нацыянальнае жыцьцё.
Калі Беларусь трапіла пад Расею, у ёй пачалі ўвадзіцца расейскія парадкі. Расейскі рэжым змагаўся з палітычнымі ўплывамі апалячанай шляхты, палітыкуючым каталіцызмам, аднак, кажа праф. Доўнар-Запольскі: «Гэта барацьба вялася няўдала, груба i несыстэматычна. Расейскі ўрад амаль да 60 гадоў дрэнна разумеў, што ён мае справу з беларускім краем. Ён не дагадваўся, ды па сутнасьці кірунку сваёй палітыкі і ня мог апёрціся на дэмакратычныя элемэнты: на сялянства i мяшчанства. Дзеля гэтага, як ня дзіўна, полёнізацыя i пад Расеяй мела вялізарныя поступы, бо расейскі ўрад пасьпеў адтаўкнуць ад сябе ўсе тыя элемэнты, якія адзначаліся беларускім нацыянальным духам». Гэткая палітыка зьнеахвоціла да сябе беларусаў і таму яны, імкнучыся да вызваленьня ад расейскага рэжыму, прыймалі актыўны ўдзел у паўстаньнях 1831 i 1863 гадох. Характарызуючы асновы гаспадарственнага i сацыяльнага ладу Беларусі, праф. Доўнар-Запольскі піша гэтак «Найдаўнейшы пэрыяд гісторыі Беларусі характарызуецца панаваньнем дэмакратычных ідэяў у сацыяльным і гаспадарственным ладзе. Найвышэйшую ўладу мела веча, якое выбірала князёў. Клясавага падзелу ня было, панавала ідэя роўнасьці».
Гэткі парадак існаваў да пачатку XVI ст., калі дыфэрэнцыяцыя сацыяльных клясаў, ішоўшая з Польшчы i этнографічнай Літвы, падзяліла і беларускае грамадзянства на тры клясы: шляхту, мяшчанства i сялянства. Гаспадарственны лад Беларуска-Літоўскае дзяржавы праф. Доўнар-Запольскі характарызуе, як рэспубліканскі, з выбіраным на ўсё жыцьцё прэзыдэнтам, званым вялікім князем, гаспадаром. Гэты лад вытварыўся шляхам эволюцыі даўнейшага вечавога парадку. На гэтыя дэмакратычныя парадкі Беларусі зьвярнуў вялікую ўвагу расейскі рэжым. У б. расейскай імпэрыі ня было правінцыі, да якой урад аднасіўся-б гэтак варожа, як да Беларусі. Расейскі ўрад зьліквідаваў дасюлешняе школьніцтва i ўзамен фактычна ня даў нічога. Гэткія меры расейскага ўраду спрычыніліся да далейшае полёнізацыі беларускае інтэлігенцыі, бо ўсе выдатнейшыя адзінкі, якія імкнуліся да палітычнае свабоды, далучаліся да польскага руху, скуль чакалі хутчэйшага вызваленьня. Пагардліва адносячыся да сялянства i мяшчанства, расейскі рэжым не даваў магчымасьці да разьвіцьця нашай інтэлігенцыі. Тым, што выходзілі з гэтых чыста беларускіх клясаў, не давалі працы ў краі, а высылалі ў глыбіню Расеі. У Беларусь наплывалі вялікарускія ўрадоўцы. Змагаючыся з беларускай культурай i яе прадстаўнікамі, расейскі ўрад інстынктыўна або i сьведама разумеў самастойнасьць гэтай культуры i баяўся яе.
А запраўды, з культурнага гледзішча беларуская нацыянальнасьць — кажа паважаны аўтар — можа з гордасьцю ўспамінаць сваю мінуўшчыну. Праф. Доўнар Запольскі вылічае вялікіх прадстаўнікоў беларускай культуры, пачынаючы ад XII ст., у галіне асьветы, літаратуры, права, над чым мы ня будзем спыняцца, бо гэтая квэстыя ёсьць ведамай шырэйшаму беларускаму грамадзянству i ня толькі беларускаму. Рэлігійнае змаганьне аслабіла, праўда, разьвіцьцё самабытнай беларускай культуры, але, кажа аўтар: «Важна тое, што беларускі народ перанёс гэту пару змаганьня і ў значнай ступені гарады ды ўсе сялянства асталіся вернымі сваёй нацыянальнасьці. Брацтвы далі вытрывалы прыклад змаганьня за сваю нацыянальнасьць. Яны абаранілі беларускую культуру, літаратуру, асьвету і беражна давялі нацыянальныя традыцыі, пачуцьцё нацыянальнае самабытнасьці да пачатку XIX ст., калі рэлігійная барацьба згубіла свой сэнс». Беларуская культура на працягу навейшай сваёй гісторыі мела шмат стратаў, узбагачваючы польскую i расейскую. Касьцюшка, Сыракомля, Крашэўскі, Адам Міцкевіч (дададзём ад сябе — Дастаеўскі) — гэта па паходжаньню беларусы, якія працавалі на карысьць чужых культур. Ідэя беларускага адраджэньня набрала асаблівага размаху ад 80 гадоў мінулага стагодзьдзя, ня гледзячы на вялізарныя перашкоды з боку ўлады. Адрадзілася беларуская літаратура, ідэя беларускае гаспадарственнасьці. Усё гэта паказвае «на жывучасьць беларускай нацыянальнасьці».
У канцы сваёй працы праф. Доўнар-Запольскі, сумуючы выснавы, кажа, што гісторыя беларускага народу ёсьць бліскучым доказам існаваньня яго гаспадарственнай самастойнасьці, яго вырабленай стагодзьдзямі культуры, літаратуры, этнографічнай i языковай апрычонасьці. Упорыстае-ж змаганьне беларускага народу за сваю нацыянальнасьць сьведчыць аб жывучасьці, пругкасьці i здольнасьці яго да ўсебаковага разьвіцьця.
Гэтак выглядае сынтэза беларускай гісторыі паводле глыбокага яе дасьледчыка праф. М. Доўнар-Запольскага. Апрача ўспомненых вышэй засьцярогаў, да яе нічога ня можна дадаць. З прыемнасьцю трэба толькі адцеміць, што беларускія гісторыкі ў сваіх досьледах пайшлі па шляху паказанаму гэтым вялікім нашым вучоным, якога справядліва можна назваць бацькам беларускае гісторыі, як навукі.
Карыстаючыся з аказіі, падаём, што Мітрафан Доўнар-Запольскі да расейскае рэвалюцыі быў прафэсарам Кіеўскага Унівэрсытэту імя сьв. Ўладзіміра, a калі ў БССР у Менску паўстаў Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт, ён перанёсься сюды. Аднак, калі ў БССР пачалася русыфікацыя, маскоўскія ўлады высялілі яго з Беларусі. У вапошніх гадох Масква загадала перачыркнуць дасюлешнія працы беларускіх гісторыкаў, як шкодныя. Гісторыю Беларусі маюць напісаць маскоўцы, або іхнія найміты, у якой мае быць даказана, што беларускі народ толькі тады пачаў «шчасьліва» разьвівацца, калі трапіў пад Расею. Гэтае «шчасьлівае» разьвіцьцё ён заўдзячвае апецы «старэйшага брата» — вялікага расейскага народу. Аб гэтых новых «асновах» да гісторыі Беларусі шырака піша між іншым «Літаратура i мaстацтва». Гэта новая «гісторыя» Беларусі павінна зьмясьціцца ў рамах агульна-расейскае гісторыі i мае быць доказам адзінасьці імкненьняў народаў СССР, а так жа палітычнае i культурнае перавагі «старэйшага брата»—расейскага народу. Аляксандра Неўскі, цар Іван ІІІ, Петра І маюць быць i героямі Беларусі.
Гэтак мае быць «перароблена» наша гісторыя, каб быць у згодзе з камуністычна-расейскай палітычнай доктрынай. Трэба адзначыць, што нават царскі рэжым не адважваўся на падобны цынізм.
Аб „Тутэйшых”
Тэрмін гэты добра ведамы беларускаму грамадзянству. I ня толькі беларускаму. Нашыя суседзі, палякі i расейцы, такжа часта яго ўжываюць. Слова «тутэйшыя» мае азначаць тых жыхароў-беларусаў нашага краю, якія не патрапяць адказаць, да якой нацыянальнасьці сябе залічаюць. Калі гэтакіх жыхароў пытаюцца, хто яны — палякі, расейцы, літоўцы, — даецца адказ: «мы не палякі, не расейцы i не літоўцы, мы «тутэйшыя». Той, хто пачуе гэткі адказ, праймаецца грэблівасьцю або літасьцю да людзей, якія гэтак дзіўна азначаюць сваю нацыянальнасьць. Таму тэрмін гэты прыймаецца як доказ адсутнасьці нацыянальнага пачуцьця ў «тутэйшых» i вельмі нізкай ступені іхняга культурнага разьвіцьця. «Тутэйшых» гатовы зраўняць нават з якімісь дзікімі плямёнамі, каб гэтаму не перашкаджала адносна высокая ступень іхняе матэр'яльнае культуры, з гледзішча якой «тутэйшыя» ня розьняцца ад тых, што ўмеюць назваць сваю нацыянальнасьць. Лічучы «тутэйшых» у сэнсі нацыянальным безкалёрнай масай, бальшыня тых, што з імі зтыкаліся, выказвае думку, што толькі шляхам пашыраньня асьветы з «тутэйшых» можна будзе зрабіць сьведамую нацыянальную масу. I наадварот, кажуць, быццам чалавек, атрымаўшы нейкую асьвету, не ўспамінаючы ўжо аб сярэдняй i вышшай, ніколі ня будзе называць сябе нацыянальна «тутэйшы». Нейкая асаблівая грэблівасьць лучыцца з гэтым словам, грэблівасьць, якой ня чуецца, прыкладам, адносна тых аўтахтонаў нашага краю, каторыя сваю нацыянальнасьць азначаюць, скажам, паводле веры.
Бязумоўна, асьвета можа вельмі прычыніцца да нацыянальнага асьведамленьня «тутэйшых». Але ня кожная асьвета... Расейцы i палякі пашыралі i шыраць, прыкладам, між «тутэйшымі» сваю асьвету i падсоўваюць ім свае нацыянальныя пашпарты, аднак «тутэйшыя» астаюцца «тутэйшымі». Можа, толькі адзінкі з ix «самаазначыліся» нацыянальна i зрабіліся палякамі або расейцамі. Але маса асталася тая самая, чужая для расейцаў і палякоў. Каб выясьніць нашую думку, што ня кажная асьвета можа нацыянальна асьведаміць «тутэйшых», трэба спыніцца над сутнасьцю самога паняцьця «тутэйшасьці», бо яно зусім ня ёсьць такое простае, як гэта на першы пагляд магло б здавацца.
Наўперад трэба сказаць, што «тутэйшыя» спатыкаюцца ня толькі сярод сялянскай або мяшчанскай масы, але i сярод інтэлігенцыі, і, як ня дзіўна, часта з вышэйшай адукацыяй! Афіцыяльная дэклярацыя сваёй нацыянальнасьці, скажам, як польскай, часта яшчэ нічога не даказвае! Я нядаўна спаткаў старога унівэрсытэцкага калегу, з якім разгаварыўся на тэму нацыянальнасьці нашага краю. З гутаркі, між іншым, выясьнілася, што гэтая асоба, асыстэнт унівэрсытэту, з дактаратам, маючая 45 гадоў жыцьця i зьлягка пасівеўшыя валасы, увесь час блыталася ў вызначэньні свае нацыянальнасьці. На пытаньне, чым гэта тлумачыцца, асыстэнт i доктар выясьніў так: «Я аўтаматычна дэкляраваўся паляком, дзе было трэба, a ў душы лічыў сябе заўсёды «тутэйшым». Пазьней я задумаўся над тым, які нацыянальны зьмест трэба ўлажываць у паняцьце «тутэйшы» i прышоў да вываду, што найбліжэйшым да яго ёсьць не паляк або расеец, a толькі беларус. Таму ў вапошніх часох я назваў сябе беларусам, з чаго меў вялікія прыкрасьці». Думаю, шмат хто з беларусаў спатыкаўся з гэткімі праявамі «тутэйшасьці» сярод лічучых сябе палякамі або расейцамі. Моцныя сьляды гэтай «тутэйшасьці» можна было заўважыць y «Przegl№dzie Wileсskim» ды i ва ўсіх «краёўцаў». A ці ж уся творчасьць Адама Міцкевіча ня сьведчыць аб «тутэйшасьці» яго душы? Наагул, як правіла, можна сказаць, што шмат у каго з тутэйшых аўтахтонаў, нягледзячы на атрыманую асьвету i пададзеную чужую нацыянальнасьць, дзесьці на дне душы блытаецца «камплекс тутэйшасьці», які пры аказіі дае аб сабе знаць.
Дык калі сярод інтэлігэнцыі можна спаткаць «тутэйшых», няма дзіва, калі яны ў значна большай колькасьці спатыкаюцца ў вёсцы або горадзе. А ўжо сам факт існаваньня «тутэйшае» інтэлігэнцыі паказвае, што да гэтага зьявішча ня можна падхадзіць лёгкадумна.
Наступна, калі сялянская або гарадзкая маса падчырквае сваю «тутэйшасьць», ня можна казаць, што з гледзішча нацыянальнае сьведамасьці яна зьяўляецца зусім безкалёрнай. «Тутэйшая» маса цалкам сьведама адгараджвае сябе ад нацыянальнасьці расейскай, польскай або якойсь іншай. Ужо гэты нэгатыўны бок у вызначэньні сваёй нацыянальнасьці мае вялікае значэньне. Але слова «тутэйшы» мае i пазытыўны зьмест. Яно не тасуецца масай да кажнага, хто прыплёўся ў край i тут жыве. Яно азначае толькі такога жыхара, які зьяўляецца ў поўным сэнсі слова аўтахгонам краю, які зросься з краем i зьяўляецца яго гаспадаром. Ці можна казаць, што даўнейшыя назовы беларускіх плямёнаў як крывічы, дрыгавічы, радзімічы i г.д. маюць глыбейшы сэнс ад слова «тутэйшы»? Або, скажам, назовы польскіх ці ўкраінскіх плямёнаў? Назоў «тутэйшы» ў палякаў або расейцаў выклікае да сябе таму грэблівае адношаньне, што «тутэйшыя» ня хочуць прызнавацца да польскасьці або расейскасьці. Дзеля гэтых прычын «тутэйшыя», з гледзішча нацыянальнае сьведамасьці, стаяць бязспрэчна вышэй ад тых беларусаў, каторыя сваю нацыянальнасьць азначаюць паводле веры. Гістарычна гэты тэрмін такжа зьяўляецца зразумелым. Ведама, што беларусы да канца XVII ст. жылі сваім гаспадарственным жыцьцём i нацыянальна былі цалком сьведамымі, падчыркваючы сваю розьніцу з палякамі i расейцамі. Калі ж беларусы згубілі свае гаспадарства i амаль дзьве сотні гадоў знаходзіліся ў духовай i фізычнай няволі (утрата сваёй інтэлігэнцыі i прыгон), яны забыліся аб сваёй нацыянальнасьці, аднак шматвяковае самастойнае жыцьцё, відавочна, пакінула свае сьляды ў форме пачуцьця сваёй нацыянальнай апрычонасьці ад суседзяў. Маса ня ведала свайго нацыянальнага назову, сваёй мінуўшчыны, але дасканальна ведала, што яна не зьяўляецца ані польскай, ані расейскай ці якойсь іншай. Таму i паўстаў назоў «тутэйшы» на азначэньне адвечных гаспадароў тутэйшай зямлі. A калі разросься беларускі нацыянальны рух i масы «тутэйшых» знайшлі ў ім адбіцьцё сваёй нацыянальнае індывідуальнасьці, тлумачэньне сваёй мінуўшчыны, сваіх патрэб, яны шырокім рэчышчам уліліся ў гэты рух i зьмянілі свой назоў «тутэйшы» на «беларус», «беларускі».
З гэтых разважаньняў бачым, што «тутэйшасьць» зусім не зьяўляецца аж настолькі ўжо паняцьцем прымітыўным, як думаюць некаторыя. Спатыкаюцца «тутэйшыя» i сярод інтэлігэнцыі, a самы гэты назоў з гледзішча азначэньня нацыянальнасьці зусім ня ёсьць такім ужо беззьмястоўным. Ён добра аддае нацыянальную апрычонасьць «тутэйшых» з боку нэгатыўнага («не паляк, не расеец, ні хто іншы») ды мае даволі глыбокі пазытыўны сэнс (адвечны жыхар гэтага краю, яго гаспадар).
Па гэтых увагах вернемся цяпер да пытаньня, шляхам пашырэньня якой асьветы «тутэйшыя» могуць быць нацыянальна асьвядомлены? Адразу для нас робіцца ясным, што ані асьвета польская, ані расейская ня могуць быць асьведамляючым нацыянальна дзейнікам, бо само паняцьце «тутэйшасьці» паўстала як проціўстаўленьне да польшчыны або расейшчыны! «Тутэйшасьць» зусім ня ёсьць tabula rasa, на якой першы лепшы можа без перашкод напісаць сваю нацыянальнасьць. Гэта паняцьце азначыла дакладна тое рэчышча, якім мае цячы нацыянальнае асьведамленьне, a нават азначыла яго сутнасьць. «Тутэйшыя» могуць зрачыся свайго назову толькі на карысьць тае нацыянальнасьці, у якой знойдуць сябе. Гэткай нацыянальнасьцю для ix ёсьць нацыянальнасьць беларуская. Усе сьвядомыя беларусы гэта тыя ж «тутэйшыя», толькі асьвечаныя, г.зн., ведаючыя мінуўшчыну i сучаснасьць, патрэбы i мэты «тутэйшых». Калі ўсе «тутэйшыя» асьвядомяцца ў гэтым сэнсі, яны аўтаматычна будуць лічыць сябе беларусамі. I наадварот, пакуль «тутэйшыя» ня будуць ведаць, хто такія беларусы, яны будуць проціўставіцца нават ім! I гэткае іхняе становішча будзе зусім правільным. Бо калі б «тутэйшыя», ня ведаючы, хто такія беларусы, беларушчыліся, тады яны маглі б лёгка палянізавацца або русыфікавацца, а гэткае зьявішча было б надта небясьпечным для беларускага руху. Значыцца, толькі асьвета беларуская можа нясьці «тутэйшым» нацыянальнае сьведамленьне. Польшчына або расейшчына ня могуць ix асьведаміць, г. з. адкрыць ім, хто яны. Чужая асьвета можа толькі спалянізаваць або зрусыфікаваць адзінкі, так як можа спалянізаваць ці зрусыфікаваць беларуса, літоўца, немца i інш. Правільнасьць гэтай спасьцярогі пацьвярджае i рэчаістасьць. У той час, калі з разьвіцьцём беларускага нацыянальнага руху мільёны тутэйшых назвалі сябе беларусамі, толькі адзінкі ix спалянізаваліся або зрусыфікаваліся. Дык ня кажная асьвета можа прычыніцца да нацыянальнага асьведамленьня «тутэйшых», a толькі асьвета беларуская. I таму мыляюцца тыя чужыя «культуртрэгэры», якія, лічучы «тутэйшых» у сэнсі нацыянальным нулём, намагаюцца шырыць між імі сваю культуру ды яшчэ выводзяць з «нацыянальнай прымітыўнасьці» тутэйшых свой «маральны» абавязак да пашыраньня гэтай чужой культуры! Гэткая «асьветная» акцыя чужых культуртрэгэраў ёсьць супярэчнай з сутнасьцю самога паняцьця «тутэйшасьці» i зьяўляецца толькі грубым ламаньнем ды нішчэньнем душы «тутэйшага». Напасьледак скажам некалькі слоў аб тым, як павінна беларускае грамадзянства адносіцца да «тутэйшых». За прыкладам чужынцаў часта i сярод беларусаў можна заўважыць грэблівы i лёгкадумны пагляд на гэта пытаньне. Падобнае становішча ёсьць недапушчальным з боку беларускага. Трэба ведаць, што «тутэйшасьць» згуляла нязвычайна вялікую ролю ў жыцьці беларускага народу, бо яна абараніла беларускую нацыянальнасьць ад зьнішчэньня ў найгразьнейшым пэрыёдзе яе існаваньня. Дзякуючы «тутэйшасьці» беларускі народ пратрываў гэты час у сваёй гісторыі i дачакаўся адраджэньня, пры якім зьнішчэньне беларускай нацыі ёсьць ўжо немагчымым. Вялікая шкода, што мы так мала ведаем аб «тутэйшасьці» і не маем ніякіх прац на гэту тэму, а ўжо вялікім грэхам з боку беларускага было б успомненае лёгкадумнае адношаньне да гэтага дзейніка, так дасканальна консэрваваўшага беларускую нацыю. За «тутэйшых» беларусы абсалютна ня маюць чаго стыдацца i павінны сьмела аб ix гаварыць, а нават гардзіцца, бо праяў гэты ёсьць доказам жывучасьці беларускага народу i яго прыроджанага розуму. Дык гістарычна рэч бяручы, ацэнка «тутэйшасьці» беларусамі павінна быць толькі пазытыўная. А як трэба аднесьціся да «тутэйшых» у сучаснасьці, калі побач з імі разьвіваецца сьведамы беларускі рух? Ці магчыма таляраваць гэты праяў тады, калі ўжо беларускі рух можа пахваліцца вялікімі здабыткамі, калі «тутэйшасьць» як бы замінае разьвіцьцю беларускага руху? У прынцыпе на гэта пытаньне трэба адказаць, што беларусы павінны імкнуцца да «ліквідацыі» тутэйшасьці. Аднак, у залежнасьці ад абставінаў, тактыка тут павінна быць розная. Там, дзе сярод «тутэйшых» ёсьць досыць беларускіх сілаў i магчымасьцяў, там трэба весьці беларускую асьведамляючую акцыю «поўнай парай». У тых жа «тутэйшых» асяродках, дзе беларусы, з прычын, ад волі іхняй незалежных, ня могуць весьці асьведамляючай акцыі, дзе не даходзіць ніякае беларускае друкаванае слова, там тактыка беларуская павінна быць іншай. Там неабходна падтрымоўваць «тутэйшасьць», проціўставіць яе чужым нацыянальным уплывам. У гэткіх асяродках «тутэйшасьць» i ў сучаснасьці павінна згуляць тую ж ролю консэрватара беларускай нацыі, якую згуляла ў гісторыі. «Тутэйшасьць» трэба падтрымоўваць там датуль, пакуль ня зьявяцца магчымасьці беларускай працы ў гэтых асяродках.
Урэшце там, дзе ані беларускай асьведамляючай акцыі, ані «тутэйшых» няма, a людзі, гаворачыя па-беларуску або сапсутай беларускай мовай, азначаюць сваю нацыянальнасьць паводле веры, там трэба імкнуцца да стварэньня «тутэйшага» руху. Найбольш гэткіх асяродкаў ёсьць у нашых гарадох. Паўстаньне «тутэйшага» руху ў гэткіх мясцох дасьць мацнейшыя фундамэнты да беларускай асьведамляючай працы, чымся безпасрэдная беларуская акцыя.