Апошняе адбывалася ў нас з гэтае прычыны накш, як у іншых усходня-славянскіх народаў, каторыя, дзякуючы доўгаму татарскаму ярму, набылі ў вялікшай, ці меншай ступені татарскі культурна — палітычны сьветагляд, татарскія навыкі.
Аж да вызваленьня Масквы ад татарскае няволі (канец XV ст.) Беларусь мела прад сабой на ўсходзе з палітычнага гледзішча адзіны татарскі сьвет. Ходаньне ў вялікіх разьмерах зь ім ня спынялася аж да сьмерці гаспадара Аляксандры Ягайлавіча (1505). Фактычна, аднак, Беларусь мела тут i другого праціўніка, якім было вырастаўшae пад татарскай апекай Вялікае Княства Маскоўскае. Пасьля таго, як гэтае гаспадарства ськінула зь сябе палітычную залежнасьць ад татараў, яно выявіла сябе, як зацятага ворага Беларусі, пераняўшы на сябе шмат у чым татарскія традыцыі ў змаганьні зь Беларусьсю. Дасюлешнія валадыры ўсходу — татары — з вызваленьнем Масквы, падзеленыя палітычна, сталіся дзейнікам, выкарыстоўваным Беларусьсю й Масквой у ix змаганьні. У той час, калі Масква падбухторвала супроць нас крымскіх татараў, Беларусь зь няменшай скуткоўнасьцю падбухторвала супроць Масквы Залатую Арду (над Волгай).
У вяковых змаганьнях з усходам, — ці то з татарамі, ці з Масквой, трэба разрозьніваць дзьве пары. Аж да сьмерці Вітаўта, калі Масква была яшчэ ў моцнай залежнасьці ад татараў, Беларусь вяла на ўсходзе экспансыўную палітыку, мэтай якой было ня толькі задзіночаньне ўсіх беларускіх земляў у адным беларускім гаспадарьстве й рывалізацыя з татарамі за ўплыў на ўсходніх славянаў. Ад сьмерці Вітаўта, калі Масква пачала дужэць i падняла прэтэнзіі нават да крывіцкіх земляў, становішча Беларусі на ўсходзе сталася абаронным.
Пасма бязупынных войнаў Беларусі з Масквой дае найлепшую характарыстыку адносінаў з гэтым суседам. Прыязныя адносіны зь ім ніколі не ўстанаўляліся. Культурна — гэта былі два процілежныя сабе сьветы. З апошняга гледзішча зьвяртае на сябе ўвагу факт, што яшчэ за Жыгімонта Аўгуста ў II Статуце была зьмешчана пастанова, якая дазваляла крывіцкай моладзі выяжджаць на студыі ўва ўсе краі Эўропы, за выняткам бусурманскіх i Масквы, якая была да ix прыраўняна.
Так вялікае заданьне на ўсходзе, як барацьба з татарамі і Масквой патрабавала ад Беларусі напружаньня ўсіх яе сілаў. У мамэнтах, калі палажэньне было асабліва крытычным, на захадзе выступаў з сваімі прэтэнзіямі другі непрыяцель — Польшча. Цікава, што Польшча не выступала супроць Вялікага Княства Літоўскага з аружжам у рукох. У яе ня было дзеля гатага патрэбных сілаў, а да таго, яна была занята барацьбой з сваімі паўдзённымі суседзямі. Але яна ймкнулася здабыць беларускае гаспадарства «дыплёматычным» способам. Прыракаючы (а між іншым ніколі не датрымоўваючы!) помач Вялікаму Княству ў барацьбе з усходам, яна дамагалася цясьнейшае палітычнае сувязі зь ім. Згэтуль паўсталі так званыя вуніі з Польшчай, пачынаючы ад Крэўскай (за Ягайлы), аж да Люблінскай.
Гэтыя вуніі трэба разглядаць не як дабравольны праяў волі Беларусі да цясьнейшага сужыцьця з Польшчай, а выключна як нявыгодныя міжнародныя дагаворы, каторыя былі вымушаны Польшчай ня войнамі, а выкарыстаньнем прымусовага палажэньня Беларусі праз абяцаньне дапамогі ў змаганьні на ўсходзе. Гэтым тлумачыцца, што калі мінала небясьпека на ўсходзе, вуніі ануляваліся, прынамся практычна. Нават Люблінскае вуніі няможна разглядаць, як касаваўшае незалежнасьць беларускае гаспадарсьцьвенасьці, бо доўгі час яна мела толькі тэорэтычнае значэньне, a беларускае гаспадарства згубіла сваю палітычную незалежнасьць не дзякуючы пастановам у Любліне, а культурнай i прыйшоўшай за ёю палітычнай асыміляцыі кіруючае прослані народу на карысьць польшчыны, што мела месца значна пазьней. Да Люблінскае вуніі мы ня можам прывязваць вялікшага, значэньня за тое, якое ёй падаў Леў Сапега. Як ведама, ён не зьмясьціў Люблінскага пакту ў кодэксе правоў, што абавязваў у Беларусі — III Статуце, чаго не зрабіў-бы, калі-б яна мела глыбейшыя палітычныя насьледкі.
Зьвяртае на сябе ўвагу факт, што ў другім пэрыёдзе адносіны Беларусі будаваліся на тым фундамэньце, што каб мець магчымасьць зграмаджаньня ўсіх сілаў на ўсходзе, быў неабходны супакой на заходняй мяжы. Асягненьне гатага супакою ня йшло далей за спробы паразумленьня з Польшчай. Аж да паловы XVII ст. мы ня бачым ніводнае спробы асягненьня гэтага супакою іншым шляхам, напр. Навязаньня цясьнейшае лучнасьці з крыжакамі, або іншымі эўрапэйскімі гаспадарствамі, каторыя маглі-б быць памочнымі ў падтрыманьні пазыцыі Беларусі адносна Польшчы. Адсутнасьць гэтай глыбейшай народнае палітыкі ў Беларусі адбілася блага на фармаваньні тагачасных беларуска-польскіх адносінаў.
Толькі ў палове XVII ст. мы бачым спробу рэвізіі адносінаў Беларусі да сваіх суседзяў, спробу шуканьня новых асноў для беларускае вонкавае палітыкі. У гэтым часе польскі націск на Беларусь быў ужо так моцным, палажэньне абыдвух краёў было так няроўным, што ня было сэнсу нават думаць дайсьці зь ёй да якогась паразумленьня, каторае-б не наражала гонар беларускае гаспадарсьцьвеннасьці. Тады Ян III Радзівіл, выкарыстоўваючы польска-швэдзкую вайну і цяжкое палажэньне, у якое лучыла Польшча, імкнецца правесьці думку паразумленьня з Скандынавіей, рэпрэзэнтаванай Швэцыей i на ёй думае аперціся ў змаганьнях з усходнім і заходнім непрыяцелем. Але гэтая канцэпцыя прыйшла лішне позна i ў дадатку яна не знайшла належнага зразумленьня ў тады ўжо моцна спольшчаным беларускім магнацтве. З сьмерцю Яна Радзівіла памерла і ягоная канцэпцыя.
Яшчэ раз зьвяртаем увагу нa неабходнасьць падчыркваньня як выходнага пункту пры абгаварваньні адносінаў Беларусі з суседзямі йснаваньня ў тагачаснай беларускай вонкавай палітыцы пасьлядоўнасьці ў фармаваньні адносінаў з суседзямі, якая выплывала з сьведамасьці патрэбы захаваньня самастойнасьці беларускага гаспадарства — Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая пасьлядоўнасьць ня была мо' належна разбудавана, ня былі выкарыстаны ўсе магчымасьці, але i яна бяспрэчна йснавала. Запярэчаньне гэтай думкі некаторымі прадстаўнікамі афіцыйяльнае польскае, або расейскае гісторыі, ня мае ніякіх асноў i іхніх, цалкам фальшывых з гэтага гледзішча цьверджаньняў мы ня можам паўтараць пры выкладаньні беларускае гісторыі.
КУЛЬТУРА
Пры аглядзе культуры Беларусі ў мінуўшчыне, трэба зьвярнуць увагу на вельмі важную яе азнаку — самабытнасьць. Маем на ўвеце самабытнасьць культуры духовай, не матэрыяльнай. Самабытнасьць культуры народу мае такое-ж важнае значэньне ў ягоным жыцьці, як, прыкладам, мова. Народ, які страціў сваю культуру й лучыў пад неабмяжаваны ўплыў чужой, заўсёды пераставаў быць сабой, ня жыў сваім собскім, нацыянальным, жыцьцём, бо за культурнай асыміляцыей прыходзіла палітычная ды кажная іншая. Ведамым ёсьць сказ Ф. Багушэвіча: «не пакідайце мовы сваей беларускай, каб не памерлі». Тое самае можна сказаць аб значэньні культуры для народу.
У чым выражаецца самабытнасьць культуры й чаму народ павінен імкнуцца яе захаваць? Трудна тут шырэй на гэтую тэму гаварыць, але трэба зьвярнуць увагу на наступнае. Кажны народ — гэта ня толькі азначаная колькасьць людзёў супольнага паходжаньня, што жыве шчыльнай масай на дадзенай тэрыторыі й гавора аднэй мовай, але й аб'яднаная адным духовым сьветаглядам, аднымі звычаямі, аднэй псыхікай. Гэтыя духовыя свомасьці народнае душы вырабляюцца вякамі, a мо' й тысячагодзьдзямі, а на фармаваньне іх маюць уплыў ня толькі прыродныя абставіны, у якіх даны народ жыве, але й супольна перажытая барацьба за йснаваньне ў мінуласьці, што пакінула па сабе пэўную суму народных традыцыяў, якія твораць скарб народнага дазнаньня й мудрасьці. Захаваньне, гэтага духовага скарбу для народу ёсьць жыцьцева неабходным i зьяўляецца складовай часткай яго паняцьця. Ён ёсьць найлепшым настаўнікам у жыцьці народу, ён вызначае спраўджаныя стагодзьдзямі вехі народнага паступаваньня. Хоць нельга цьвердзіць, што мінуўшчына ёсьць заўсёды i ўсюды настаўніцай жыцьця, але ў галоўных асновах яна, бязумоўна, ёй ёсьць i да ейнага голасу трэба прыслухоўвацца. Для каго ня будзе, прыкладам, дастаткова павучальнай хоць-бы гісторыя навейшых баларуска-польскіх, або беларуска-маскоўскіх культурных i іншых адносінаў калі-б ён заінтарасаваўся гэтай квэстыей, усе роўна зь якой нагоды?
Вось-жа духовы культурны скарб ёсьць першараднае вагі крыніцай сілы народу, магутнай зброей у ходаньні за ягонае йснаваньне. І калі гэты скарб траціць свае народныя свомасьці, падменьваецца іншым, чужым, дык, зразумела, народ пачынае жыць чужым дазнаньнем i мудрасьцю, што азначае для яго няўхільную сьмерць, бо як правільна кажа народная прыказка, чужым розумам далёка ня зойдзеш. Можна й часам трэба, нават, выслухаць, што ён гавора й зь ім згадзіцца, калі ён ёсьць дастаткова пераканалыным, але ў прынцыпе — трэба перш усё прапусьціць праз прызму свайго собскага народнага розуму.
Самабытнасьць духовае культуры народу й палягае ня толькі на разьвіцьцю радзімых псыхолёгічных асноў духовае язьні народу, але й на перайманьню чужых культурных зьявішчаў, аднак пад умовай папярэдняга скантраляваньня іхняе карыснасьці праз менаваную прызму народнае мудрасьці. Самабытная культура ў гэтым разуменьні — гэта ня культура ранейшых кітайцаў, што адгараджваліся ад iншагa сьвету высокай сьцяной. Разьвіваючы радзімыя асновы духовае культуры народу, самабытнасьць не бароніцца ад сутыку з чужымі культурнымі ўплывамі, a толькі адкідае бяскрытычнае перайманьне апошніх, загадвае паддаваць ix кантролі.
Сяньня ў пару так дасканальных мэтадаў культурнае барацьбы можна ўявіць сабе йснаваньне адумыснае інстытуцыі, каторая-б магла спэцыяльна займацца гатый справай i гэткія ўстановы маюць шмат якія культурныя народы. Але ў мінуўшчыне ролю гэтака абаронцы сваей культуры выкопваў адзіна толькі самабытны культурны інстынкт народу, асабліва ў нас. Ён падсьведама кантраляваў чужыя ўплывы й пераймаў толькі тое, што ўважаў за карыснае, або, прынамся, няшкоднае.
Само сабой зразумела, што гэты інстынкт павінен быць дастаткова сільным, каб магчы выканаць гэтую ачышчаючую функцыю. Асновы собскае культурнае язьні народу, скуль бярэ пачатак гэты інстынкт, павінны быць няслабшымі за асновы чужое культурнае язьні, бо накш гэтая сялекцыя ўплываў немагчымая. Слабшыя асновы будуць заўсёды пераможаны сільнейшымі.
I калі мы сяньня чуем, што беларускі народ, побач з сваёй мовай, у вяковых змаганьнях з так вялікімі культурнымі потэнцыямі захаваў i асновы свайго самабытнага культурнага сьветапогляду, што ёсьць незапярачальным фактам для кажнага, дык можна ўявіць, як сільным быў у яго гэты самабытны культурны інстынкт, як сільнымі ёсьць духовыя асновы беларускае культурнае язьні. Панесеныя й зразумелыя страты ў гэтым шматвяковым культурным ходаньні з гэтага гледзішча ня маюць значэньня. Яны — драбніца ў прыраўнаньні з тым, што захавалася. Захавалася культурная душа народу. Ён абараніўся ад культурнае асыміляцыі, якая была тым больш небясьпечнай, што йшла ў прыраўнальна лёгкай да страўленьня форме, бо суседняй, славянскай.
Мы ня маем яшчэ працаў, каторыя-б поўнасьцю ахаплялі духовыя асновы самабытнае культурнае язьні беларускага народу, далі абраз ix разьвіцьця й ходаньня за йснаваньне, на якіх можна было-б аперціся пры выясненьні гэтай так важнай квэстыі. Ёсьць толькі няпоўныя фрагмэнты, спробы частковага падыходу да гэтага заданьня, як, прыкладам, ведамая праца М.Шчакаціхіна аб беларускім мастацтве, пакуль што канкратна аб архітэктуры. Але й з таго, што ўжо ёсьць можна збудаваць працэс разьвіцьця беларускае культуры, ды ўхапіць тыя самабытныя асновы беларускае культурнае псыхікі, на якіх ён апіраўся й апіраецца сяньня.
Геаграфічнае палажэньне беларускага народу было й ёсьць такім, што ўжо ад пачатку свайго гістарычнага жыцьця ён быў выстаўлены на ўплывы вялікіх культураў з усіх бакоў — захаду, усходу, поўначы, паўдня. Яны ўзмагліся асабліва ад часу прыняцьця хрысьціянства, што ўзняло Беларусь у цесны сутык з культурнымі камплексамі, якія мы сяньня называем Заходам i Ўсходам. Аднак паміж ўсяг Беларусь не зрабілася краем мэханічнага палучэньня гэтых культураў, а разьвіла сваю аднастайную, беларускую, на ўсім прасторы, займаным беларускім народам з значнай тэндэнцыей да ўплыву на культуры суседнія. Перайманыя чужыя ўплывы, усе роўна скуль яны прыходзілі, «перарабляліся» тут у беларускай культурнай кузьні на беларускі спосаб i толькі тады даставалі права грамадзянства ўва ўсім краі. Гэтае зьявішча абсалютна сьцьверджанае, на што трэба зьвярнуць асаблівую ўвагу. Яно выступала ў кажнай галіне культурнага жыцьця беларускага народу, цi мы возьмем рознабаковую творчасьць народных масаў, ці адукаваных кругоў, уклад ix жыцьця, іхнія вераваньні, сьветагляд, звычаі, будаўніцтва й г. д. Усюды можна знайсьці, побач з чыста беларускімі асновамі, сьляды чужых уплываў, але яны так перавараны, што ў прысабечанай народам форме ix нельга накш назваць, як беларускімі. Гэтая асыміляцыя чужых уплываў ішла так далёка, што такі кладам, гатыцкі стыль, у Беларусі, як кажа Шчакаціхін, ня быў прыняты у чыстай форме, а змадыфікаваны на беларускі спосаб, згарманізаваны зь беларускім стылем... Ня ён перамог беларускі стыль царкоўнага ці касьцёльнага будаўніцтва, a толькі быў выкарыстаны як прыгожая разнаякасьць у рамах агульна-беларускага стылю. Паасобных прыкладаў з розных галінаў можна было-б прывесьці вельмі многа, але ў рамах гэтага артыкулу ня месца гэтым займацца. Мы хочам толькі зьвярнуць увагу на неабходнасьць разгляданьня беларускай культуры пры яе вывучэньні як культуры самабытнай у вышэй азначаным сэнсе. Гэта ёсьць прынцыповы падход да беларускае культуры і толькі з гэтага гледзішча можна разглядаць камплексы, ці паасобныя культурныя праявы ў беларускай мінуўшчыне. Падчыркнуўшы самабытнасьць беларускае культуры ў тым значэньні, як падалі вышэй, неабходна зьвярнуць увагу на другую яе вельмі йстотную азнаку, пайменна — заходня-эўрапэйскі характар гэтае культуры. Гэтая апошняя азнака зусім не касуе самабытнасьці нашае культуры, бо як ужо было падчыркнена, яна не насьлядавала сьлепа заходня-эўрапэйскіх узораў, а, паколькі ix пераймала, дапасоўвала да мясцовых умоваў, да духовых i матарыяльных патрэбаў беларускага народу. Таму яна творыць самабытную разнаякасьць заходня-эўрапэйскае культуры, як гэткую-ж разнаякасьць твораць культуры нямецкая, французская, італьянская, англійская, скандынаўская, вугорская, чэская і г.д.
Калі з культурнага гледзішча Захад проціставіцца Усходу, дык гэтага нельга разумець у тым сэньсе, што заходня —эўрапэйская культура творыць ува ўсіх сваіх праявах i ўсюды нешта адналітае, што паўтараецца аж да дробязяў ува ўсіх заходня-эўрапэйскіх народаў, як нельга выказаць падобнае думкі аб культуры Усходу. Як на Захадзе, так i на Усходзе маем апрычоныя нацыянальныя культуры, каторыя адпаведна ўкладаюцца ў заходнія, або ўсходнія культурныя рамкі.
Розныя заходня-эўрапэйскія культуры маюць адны супольныя асновы, каторыя адрозьніваюць ix ад камплеску ўсходніх культур, што маюць, такжа, свае супольныя, але процілежныя эўрапэйскім фундамэнты. Заходня-эўрапэйская культура азначаецца заўсёдным гонам да прагрэсу, дасканаленьня, да шуканьня новых шляхоў разьвіцьця, a ўсё гэта адбываецца ў імя культу людзкое адзінкі, грамадзкасьці, наагул чалавека. Усходняя культура — гэта абсалютнае панаваньне абстранцыйных ідэяў і забабонаў, у абліччы якіх чалавек ёсьць нічым, нулём. Згэтуль усходнія культуры азначаюцца стагнацыяй, запярэчаньнем поступу, патрэбы дасканаленьня, наагул зьмены йснуючых адносінаў, бязьмежнай дэспотыей.
Культуры заходніх народаў вырасьлі з супольнага грэка-рымскага пня. Старажытныя грэкі перадалі па сабе ў спадчыне ідэалізм, непаўстрыманы гон да поступу, да шуканьня новых шляхоў разьвіцья чалавецтва, галоўна ў сфэры духу, тады як практычныя рымляне перадалі ймкненьне да дасканаленьня матарыяльнае культуры. Гэткім чынам пачаткаў сучаснае эўрапэйскае культуры трэба шукаць ужо ў глыбокай старажытнасьці. Эўрапэйскія народы, што спаткаліся з клясычнай культурай у пачатках сваей гісторыі, чэрпалі зь яе поўнай жменяй культурную страву. Асыміляцыя ix антычнай культурай пайшла так далёка, што яны пераймалі клясычныя мовы як мовы сваей пісьменнасьці, адукаваных клясаў. Але культуры эўрапэйскіх народаў паўсталі не адзіна толькі з рэцэпцыі гэтых грэка-рымскіх культурных элемантаў, a толькі з сынтэзы ix з радзімымі культурнымі асновамі. A дзеля таго што апошнія былі неаднолькавыя ў розных народаў, дык згэтуль выплываюць i нацыянальныя размавітасьці эўрапэйскае культуры.
Пытаньне, ці розныя культуры Усходу мелі якуюсь супольную крыніцу, каторая пераказала ім вышменаваныя азнакі, мы абмінаем, бо разважаньні на гэтую тэму завялі-б нас лішне далёка. Зьвяртаем толькі ўвагу на факт існаваньня ўва ўсіх размавітасьцяў усходняе культуры пералічаных супольных азнакаў. Ці мы возьмем культуру кітайскую, японскую (да яе эўрапэізацыі), індускую, нават маскоўскую, хоць апошняя і да Пётры Вялікага пад уплывам суседняе эўрапэйскае Беларусі выказвала лёгкую тэндэнцыю да поступумы ў кажным выпадку заўважым задзіўляючую стагнацыю, запярачаньне ўсякае патрэбы поступу, неабмяжаванае панаваньне адвалочных ідэяў i забабонаў, усё роўна якое натуры, каторыя сваім фаталізмам тапталі чалавечую годнасьць, рабілі з чалавека нішто. A калі чалавек яе прадстаўляў сабой ніякага інтарэсу, дык, запраўды, зусім кансэквэнтна, быў лішнім усялякі гон да поступу ў ягоных інтарэсах. Што-ж датычьщь ягоных фаталістычных абстракцыйных ідэяў, дык яны былі «боскага паходжаньня» i так дасканальныя, што ня толькі не патрабавалі, але згары выключалі ўсялякую патрэбу сваей рэвізіі.
Усе народы Усходу, каторыя знаходзіліся пад дзеяньнем усходніх культурных уплываў, быццам застылі ў сваім разьвіцьці. Сотні і тысячы год не прыносілі ніякіх зьменаў у іхнім сьветаглядзе, у іхнях матарыяльных умовах разьвіцьця. Кітайцы на пераломе дваццатага стагодзьдзя выступілі супроць эўрапэйскае інвазіі з малюнкамі сваіх страшных зьмяёў, веручы, як ма' быць тысячы год назад іхнія продкі, што яны «спалохаюць» ворагаў i тыя адступяць. Толькі прышчэн усходнім народам заходняе культуры скранаў зь месца гэтую застыглую стагнацыю, чаго дасканалым прыкладам можа быць Японія. Цяпер усім ясна, што японскі народ ёсьць нязвычайна здольны, што ён робіць вялікія поступы ўва ўсіх дзялянках духовае й матарыяльнае культуры. Але такім ён стаўся вельмі нядаўна — ад паловы мінулага стагодзьдзя, калі яму была прышчэплена эўрапэйская культура. Да гэтага часу, у працягу тысячагодзьдзяў, японцы дзялілі незайздросны лёс усіх іншых народаў усходняе культуры. Без прыняцьця асноў эўрапэйскае культуры, яны напэўна і да сяньняшняга дня былі-б застыглым у сваёй велічы ўсходнім народам. Наагул, усе ўсходнія народы эвалюцыянуць патолькі, паколькі яны прынялі заходнюю культуру. Дзе гэтая культура не дайшла там сяньня жыцьцё знаходзіцца на тым самым узроўні, на якім было сотні, або тысячы гадоў.
Калі мы зьвернем увагу на культуру нашага ўсходняга суседа — Масквы, дык выпадае й тут сьцьвердзіць усе азнакі ўсходняе культуры аж да Пётры Вялікага, каторы рашуча павярнуў культурнае жыцьцё Масквы на заходня-эўрапэйскія рэйкі. Праўда, гэта датычыла толькі вышэйшых просланяў маскоўскага народу, маса расейская засталася да апошняга часу за абрубам гэтае культуры. Але сяньня з усёй упэўненасьцю можна цьвердзіць, што ўсё, чым расейцы могуць хваліцца, яны здабылі толькі пад уплывам прынятых асноў эўрапэйскае культуры, што гэтак званая самабытная маскоўская культура з гледзішча яе здольнасьці да эвалюцыянаваньня — міт, байка. Калі ў XVI i XVII стагодзьдзях маскоўская культура выказвала нейкі нахіл да развою, дык адзіна толькі дзякуючы суседзтву зь Беларусьсю, скуль прыходзілі заходняэўрапейскія ўплывы, аб чым мы ўжо ўспомнілі вышэй.
З вышменаванага мы бачым, як вялізарная якасная розьніца йсную між псыхолёгічнымі асновамі заходняга i ўсходняга культурнага сьветагляду. Мы спэцыяльна даўжэй спыніліся над гэтым пытаньнем таму, каб выясьніць даволі заблытанае ў нас уяўленьне прынцыповае розьніцы між заходняй i ўсходняй культурамі, ды каб падчыркнуць тое бязьмернае вагі значэньне квэстыі, ці Беларусь у будучыні будзе гадаваць у сябе эўрапэйскія культурныя асновы, ці асновы ўсходнія.Здаецца, што для ўсіх павінна быць ясным, што ня можа быць дыскусіі над тым, што мы павінны разьвіваць у сабе выключна псыхолёгічныя асновы заходня-эўрапэйскага культурнага сьветагляду й як наймацней адгарадзіцца ад усходніх уплываў. Зьвяртаньне асаблівае ўвагі ў нас на гэтую справу мае тым вялікшае значэньне, што Беларусь, ляжыць на ўзьмежжы між Захадам i Ўсходам, што ўжо, дзякуючы адзіна гэтаму, пытаньне ўсходніх уплываў у нас будзе заўсёды актуальным. Яно тым больш войстрае, што у нас ёсьць многа людзёў, каторыя з культурнага гледзішча, не разумеючы йстоты справы, называюць сябе «ўсходнікамі» й як такія, быццам “проціставяцца” эўрапэйскаму й адзіна для нас магчымаму культурнаму сьветагляду. Вось-жа пры ўзгадаваньні нашае маладое генэрацыі, а нават старэйшага грамадзянства (аб гэтым мы, на жаль, яшчэ й сяньня павінны гаварыць) вывучэньне вехаў нашага культурнага разьвіцьця й ягоных псыхолёгічных асноў у мінуўшчыне, будзе ня толькі дасканальным памочнікам у гэтай працы, але й паказьнікам паступаваньня ў будучыні. Беларуская культура, пры захаваньні яе самабытнасьці, мела наскрось эўрапэйскі характар. Абедзьве гэтыя азнакі пры аглядзе культурных падзеяў беларускае мінуўшчыны не павінны быць выпушчаны з вока, а наадварот, пры кажнай нагодзе паўтараны. Гэта ня толькі паможа правільна зразумець істоту нашага мінулага культурнага жьщьця, але й будзе ўзгадоўваць у нашай псыхіцы здаровыя, традыцыйныя асновы культурнага сьветагляду.
Эўрапэйскі характар беларускае культуры сьцьвярджаюць дасьлядаваньні беларускага культурнага тыпу ў мінуўшчыне й культурных беларускіх памяткаў, што захаваліся да нашых дзён.
Беларускі культурны тып можна найлепш пазнаць, студыюючы выдатныя беларускія гістарычныя асабістасьці. Нельга пры гэтай нагодзе не сказаць, што ў нас зьвярталася страшэнна мала ўвагі на пазнаньне, хоць-бы ў звычайных біёграфічных рамках, жыцьця й дзейнасьці вялікіх прадстаўнікоў нашага народу, што магло-б мець вялікае ўзгадавальнае значэньне. Мы ведалі значна больш аб вялікіх людзёх з гісторыі нашых суседзеў і вельмі мала, а то й блізу зусім нічога, аб сваіх. Гэтую нястачу трэба як мага хутчэй папоўніць. Але дэеля адлюстраваньня беларускага культурнага, тыпу трэба вывучаць ня толькі нашыя вялікія асабістасьці, а й звычайных людзёў, паколькі дадзеныя аб ix захаваліся. Фігон Кміта, прыкладам, ня быў вялікай асабістасьцяй але колькі-ж цікавага, матарыялу з гледзішча, якое нас інтарасуе, могуць даць студыі ягонае спадчыны.
Асновы эўрапэйскае культуры спрыялі разьвіцьцю індывідуальнасьці чалавека, вырабленьню ў ім рознабаковага заінтарасаваньня, шматграновасьці псыхолёгічнага тыпу. Увага чалавека зьвярталася на розныя дзялянкі жыцьця, ён мог праявіць свае здольнасьці, ініцыятыву, пры гэтым ён ня чуў сябе нявольнікам якіхсь надпрыродных вышэйшых ідэяў, каторыя-б вязалі ягоную духовую йстоту. Само сабой зразумела, што i ў Эўропе былі поры, або спарадычныя прыпадкі, калі розныя ідэі вышэйшае натуры, прыкладам, рэлігійныя, трымалі чалавека ў пэўных рамках думаньня, часамі сьцягвалі на яго розныя прыкрасьці, але гэткі стан ня быў агульным правілам, a толькі выняткам. Прынцыпова, асновы , эўрапэйскае культуры спрыялі развіцьцю чалавечае індывідуальнасьці, ня путалі яе ймкненьняў да поступу, каторы, як прадумову, прызнаваў чалавеку права крытыкі йснуючага стану рэчаў. На гатай аснове ў Эўропе мы спатыкаем вялікае багацьце псыхолёгічных і культурных тыпаў.
Гэткае багацьце культурных тыпаў мы бачым i ў беларускай мінуўшчыне, ужо ад пачатку гістарычнага йснаваньня беларускага народу. Зьвернем увагу на такіх культурных прадстаўнікоў Беларусі, як полацкая князёўна Рагнэда, за якой Беларусь прыняла хрысьціянскую веру й Прадслава (Афрасіньня), князь Усяслаў Чарадзей, Клімэнт Смаляціч, Кірыла Тураўскі смаленскіх князёў Мсьціслава, Рамана, Расьціслава, i г.д., i г.д. Усе яны — гэта рэдкія й багатыя псыхолёгічныя й культурныя тыпы ня толькі ў беларускай гiсторыі, але агулам у гісторыі Эўропы А як размавітым быў круг іхняга заінтарасаваньня, багацьце іхняе духовае язьні, — аж да процілежнасьцяў! Так было ў першую пару гісторыі Беларусі, тое самае наглядалася ў другую. Гісторыя навейшага адраджэнскага беларускага руху павучае нас, што i ў навейшых часох у нас наглядаецца тая-ж псыхолёгічна-культурная размавітасьць тыпаў.