З дзяцінства я верыў у сваю выключнасць і марыў навесці на свеце парадак, ашчаслівіць людзей. Здзейсніў я што-небудзь?
Адзін — не. «Чалавек — частка агульнага чалавечага цела», і ў масе свайго пакалення мы тварылі гісторыю. Але мары мае ішлі не ад нясціпласці. Толькі цяпер разумею: прырода адарыла чалавека такой уласцівасцю, каб даць яму стымул да дзеяння.
Не ў асаблівым розуме, не ў нараджэнні вундэркіндам моц чалавека, а ў мэце яго намаганняў, у паняцці свабоды, жыцця і гуманнасці.
Жыццё наша — імгненне ў вечнасці. На каго той падобны, хто жыве адно сваім, асабістым? І жывёліна здольна толькі паравацца, жэрці...
Хто я? Хто ты? — будзе заўсёды пытацца ў сябе чалавек, не абыходзіць цяжкіх шляхоў, бо, толькі адольваючы іх, ён шчаслівы. Перагародак на маёй дарозе было многа.
Для чаго жыве чалавек? Для барацьбы за праўду. Самую вялікую радасць прыносіць гэты хмель барацьбы, калі ў чалавека праяўляецца патрэба творчасці.
Праўда ў мой век — у вялікіх ідэях камунізма, якім аддало сябе маё пакаленне. Ім аддаваў сябе і я.
Так здарылася, што мая вёска яшчэ ў 1944 годзе адышла пад Польшчу, і Страшава апынулася за восем кіламетраў ад граніцы, калі ехаць па шашы Ваўкавыск — Бераставіца — Беласток. Толькі нядаўна туды я наведаўся ў складзе групы партызанскіх камандзіраў, якія дзейнічалі на Беласточчыне.
Пад'ехалі мы на машыне да Валіл. Тыя самыя контуры ўзгоркаў, прысад — нібы я і не адыходзіў ад іх столькі гадоў.
Вунь там жыў некалі валілскі сабакар, мы да яго прыводзілі сучку.
На гэты ўзгорак мне калісьці гэтак карцела залезці і дастаць да хмар...
Гарадок. Хата Кандрусікаў не змянілася. З Сашкам Кандрусікам разам правучыліся сем гадоў, хадзілі на масоўкі, збіралі грошы і кілбасы для Іспаніі... Потым яго ўзялі ў Чырвоную Армію, больш нічога пра яго не ведаю. Яго брат, Сцяпан, які некалі пуляў каскі за паліцыянтамі праз гэты плот, загінуў у партызанах.
— Аляксандр наш пайшоў у царкву! — кажа Сашкава жонка.— Панёс сабраныя грошы. Збіраюцца рамантаваць храм, а ён — галоўны закапёршчык!
Гарадоцкая царква — суседка славутага Супрасльскага манастыра. Толькі ж няхай бы ёй ужо цікавіліся гісторыкі, а яна вось і зараз палоніць містыкай простыя душы. Нават непадкупны падпольшчык, Сашка Кандрусік,— ужо багамол, падмяніў старога Шусціка?! Ну і ну!.. Чаму ён не ідзе, напэўна, яму далажылі ўжо, што я чакаю?..
Мабыць, Сашу цяпер няёмка сустракацца са мной?.. Ладна, паехалі.
Тут некалі жыў Ваня Кулеша, не вынес ён франтавых ран, даўно памёр; трэба выкраіць час, заскочыць да яго бацькоў.
Во дзе стаяла крама Брохі...
Адгэтуль пачаўся я?.. Чаму тады мясціна не выклікае ва мне ніякіх біятокаў?..
Гарадок пасля пажару яшчэ не адбудаваўся. Вакол запусценне, адно ўзвышаецца царква.
Вось і страшаўская дарога.
Замест таго каб упасці на пясок і на каленях паўзці па знаёмай да жвірынкі зямлі, я ехаў у камфартабельнай машыне. Элегантны юнак-капітан пачціва нахіліўся да майго вуха, прашаптаў:
— Hex пан Кучынскі адчувае сябе так, як дома. Пану і валасінка не спадзе з галавы, я за гэта адказны!
— Эх, малады чалавек!..— засмяяўся я, паляпаў фарсуністага юнака па плячы. Капітан не абразіўся.
На страшаўскай дарозе спаткалі старую.
Яшчэ здалёк разгледзеў я ў згорбленай пытальным знакам бабулі цётку Кірыліху. Папрасіў я спыніць машыну, павітаўся. Бабка мяне не пазнала. Яна, здаецца, нікога ўжо не пазнавала. У яе вычарпаным гадамі і змардаваным жыццёвымі нягодамі мазгу захаваўся толькі цэнтр, які кіраваў рухам ды яшчэ пару цьмяных ачажкоў.
Асцярожна ўзяў я старую на рукі і панёс у «Варшаву». Трымаў я адны мошчы. Божа, да чаго ж высах жывы чалавек?!
— Цётко, і зубровы пояс пазычалі людзям, і вучылі нас, як папараць-кветку знайсці, а самой нічога не памагло...
Кірыліха маўчала. Цьмяныя і паблеклыя вочы глядзелі насцярожана, неспакойна. Халодныя, з сінімі жыламі пальцы трымалі мяне панічна, учэпіста, бытта я бабку апусціў не на мяккае сядзенне, а ў рэчку, і яна баялася ўтануць.
Сын яе да вайны завербаваўся ў Кузбас.
— Цётку, а ваш Валодзька піша вам?