К абеду паадчынялі турэмныя камеры, павыганялі ўсіх на двор. Арыштаваным загадалі ісці ў канцылярыю ды разбіраць свае дакументы і рэчы.
Было ясна — нас некуды адправяць і, вядома, не на смерць, інакш зрабілі б гэта тут разам з іншымі. Нас агарнула адчуванне блізкай свабоды.
— Паедзем у Германію на работы,— цвярдзілі шчаслівыя людзі, якія яшчэ на досвітку глядзелі смерці ў вочы.— Немцу патрэбна такая маса нявольнікаў, хіба ён дурны іх нішчыць?!
З першага дня арышту нас з Валодзькам займала толькі адно: як уцячы? Каб не бацька, можна было б паспрабаваць шчасця, выскачыўшы з машыны ў лесе, калі нас везлі ў Беласток...
Добра, што тады не ігралі з лёсам. Падыходзіў больш зручны момант.
З'явіліся нейкія тыпы — бытта з міністэрства працы. Гэтыя цывільныя — кульгавыя і гарбатыя арыйцы з абшарпанымі партфельчыкамі — мацалі нашы мускулы, нібы ў коней на кірмашы, заглядалі ў рот, лічылі зубы, нешта пісалі сабе ў блакноты.
Мацай-мацай, заглядай-заглядай, халера,— няхай табе вылезуць на лоб слепакі. Будзеш ты, заменак, там бачыць нас, як сваё вуха...
Заехала ў двор грузавая машына з харчамі. Выдалі
па баханцы хлеба і па вянку кілбасы з каніны — наядайся, каб мог добра працаваць на «Вялікую Германію».
Няхай. І пад'есці трэба.
Шэсцьсот чалавек, у тым ліку і мяне з Валодзькам, раніцой загналі на станцыі ў таварныя вагоны, закруцілі дротам дзверы. Эшалон адправіўся на захад.
— Ну, Германія... тваю маць, прымай работнічкаў, ужо ж мы табе і напрацу-уем! — узбуджана крычалі ў натоўпе.
— Толькі пыл пойдзе!..
— Прыкусі язык! — абрывалі аптымістаў.
У вагон напхалі чалавек сто, можна было толькі стаяць. Праціснуліся мы з Валодзькам да шчытавой сценкі, стаў я на плечы брату і выглянуў праз шчыліну на свет.
Вагонаў з нявольнікамі было ўсяго шэсць, а сёмы — службовы. Калі мы ўз'язджалі на крывую, можна было бачыць, што ў іх робіцца.
З намі ехала ўсяго некалькі немцаў. Астатнія вартавыя — нашы прадажнікі з Гарадка ў брудна-жоўтых мундзірах.
На прыступках тармазной будкі сядзеў Настусін зяць. Адкрыўшы нямецкім штыком бляшанку, ён аплятаў кансервы, я бачыў яго рукі, разварочанае мяса ў бляшанцы, верх пілоткі са светлай акантоўкай, калені і звешаныя з прыступак ногі ў салдацкіх ботах. З-за пляча ў Шусціка тырчала вінтоўка, яна была ад мяне
так блізка, што я выразна бачыў мушку і бляск варанёнай сталі.
«Нікога не забіў, не абрабаваў... От, пастаіць дзе з вінтоўкай на каравуле над яўрэямі ці палоннымі...»
Супрацьлеглы бок вартаваў Цыклоп. Ён трымаўся за парэнчы і страшнымі асіметрычнымі вачыма глядзеў уздоўж вагонаў. Вінтоўка яго таксама вісела за плячыма, а за папругу была засунута граната з драўлянай ручкай.
Цыклоп і Шусцік пра нешта гаварылі. Гулі колы, у вагоне стаяў гоман, іхніх слоў я не разабраў. Шусцік ужо выкінуў бляшанку і цяпер аплятаў пачку галет; адказваў сябру ды з цікавасцю разглядаў вёскі, хутары. Аўтаматаў у іх не было, аж падмывала ўцякаць.
На хаду цягніка, ды яшчэ калі надыдзе змрок, не ім у нас пацэліць, а покуль цягнік затрымаюць, іх занясе далёка. Адарваў дошчачку ў акенцы і вывальвайся з вагона ды сцеражыся, каб не ўдарыцца аб слупок.
Мала радасці... Ахова вернецца ў Гарадок, і гэтая самая пачвара адыграецца на бацьках. Трэба пачакаць, мо надарыцца лепшы выпадак.
Так яно і атрымалася: выпадак надарыўся, але гэта ўжо іншая тэма...
Эпілог
Я ўжо каторы год працую журналістам у Гродна.
Бацькі мае пасля вайны аселі ў Ваўкавыску. У мірны і спакойны час нечакана памерла мама.
Пахаваўшы маму, ішоў я сам не свой праз Ваўкавыск.
— Дзень добры! — як праз сон, даляцеў да мяне жаночы голас.