Не так, зусім не так уяўляў я сабе нашу сустрэчу.
Стаім, не ведаем, пра што гаварыць. Колькі ў нас агульнага, недагаворанага, нявысветленага, перажытага. Але якое цяпер гэта мае значэнне?
— Вось мы і спатка-аліса...— кажу я.
— А я іду і думаю — хто ж гэта тут такі стаіць! Чула, што ты выступаў у святліцы ўчора, але каб на балоце...
— Та-ак. Вось мы і спатка-аліса...
— Памагала Лебядзінскім складваць сена. Скончылі, іду і бачу — такі файны пан... Яшчэ сабе падумала — мо з ваявудскай рады хто...
— Гэта — я...
— Выходжу з Хмелю і бачу...
Спахопліваюся — Верка вось-вось заплача.
— Ну, Вера, расказвай — як жывеш? — паспяшыў я з дапамогай. У мяне задрыжаў голас.
Яна як бы пагасла, бездапаможна ўздыхнула:
— От жыву...
Зноў стаім і маўчым.
Чыстая белая хусцінка на яе галаве завязана назад. Твар — хударлявы, яшчэ малады і па-дзіцячы бездапаможны. Зблізку яна — непрыгожая.
— Мама жыве?
— Памерлі. Два гады назад...
Пра што спытацца яшчэ?
— А ў мяне, Алёшка, сухо-ота,— раптам успомніла яна і ніб,ї>і пахвалілася. — Я егдзіла ў санаторый ад ваявудскай рады нарадовай.
Словы «ваявудскай», «санаторыюм» вымаўляла лёгка, правільна — нібы радавітая полька.
— Ого, у санаторый!
— Тры гады таму назад, яшчэ пры маме.
— Малайчына, што ездзіла. І добра, што цябе паслалі. Ну і як?
— Лепей...— у яе адпала ахвота гаварыць пра гэта.
Не хвароба для яе галоўнае. Веры было куды важней, што людзі ўдзялілі ёй увагу.
— Глупства,— успомніў я Доўгага Мікалая, які ад туберкулёзу памёр.— Хваробу тваю цяпер вылечваюць лёгка. Галоўнае — не падай духам.
Маім словам Вера не прыдала значэння. Яна спяшалася выказаць усё.
— Дзякуй табе за кніжку, што напісаў пра мяне ў ёй, не забыў...
— Ты чытала?!
Вера апусціла галаву.
Выходзіць, кніжка дайшла і да яе, непісьменнай?!