Таўставатая, грудастая маладзіца перайшла дарогу. Я хацеў абмінуць кабету, але дарэмна.
— Здрасуйце! — маладзіца бліснула вачыма.— Не пазнаяце?! — не адводзіла яна вачэй.
У Ваўкавыску было шмат людзей, якія добра ведалі мяне і бацькоў. Для сялян, што эвакуіраваліся з маёй мясцовасці і тут аселі, я — ледзь не герой.
— Прабачце...— выціскаю з сябе ўсмешку.
— Я адразу ўбачыла, што не пазнаяце! — нібы ёй гэта рабіла вялікую прыемнасць, пахвалілася маладзіца.— А я — Аня з Гарадка! Вы вучыліся з нашай Зосяй і заходзілі да нас часта, памятаеце? Мы жылі каля Кулешы, у мураванцы! Нас сямёра сясцёр, я самая меншая!
«Во-ожа, ты з той нешчаслівай сям'і?!»
Я забыўся на сваю бяду, зрабіўся пакорлівым і вінаватым — нібы за ўсіх тых, што калісьці так крыўдзілі гэтую істоту.
Зойдзем да мяне, паглядзіце, як жыву! — просіць яна, шчаслівая, што яе такі прыпомніў.— Зо-ойдзем!
Адмовіцца я не мог.
— Дзякуй. А дзе ж вашы сёстры, мама?
— Надзя з Зосяй — у Магнітагорску, Лена з Валяй у Данбасе. Усе чатыры замужам таксама. Толькі Кася з Нінай не вярнуліся з Германіі. Адны людзі кажуць, што трапілі пад амерыканскую бомбу, другія — што павыходзілі замуж за французаў... Мама жывуць у Польшчы, не захацелі эвакуіравацца...
Гэта яе сёстры цярпелі з-за брыдкага прозвішча. Па вуліцы яны не хадзілі, а бегалі. Нацягнуўшы хустку на вочы, апусціўшы галаву, ляцела каторая-небудзь з іх па Гарадку, куды пасылала маці, і дзяўчыне здавалася — з-за кожнага плота кпяць з яе местачковыя хуліганы.
У агародчыку, засаджаным буракамі і вяргінямі,— маленькі домік. Уваходзім у яго.
— Мой муж шафёр на самазвале, а я на ліцейным раблю. Маем ужо сына... Шкода, не пабачыце — у садзіку!.. А цяпер я — Гапонік! — зямлячка паказвае пакой з нікеляваным ложкам пад пакрывалам, з лебедзямі на цыраце.
Маладзіца спрытна і на хаду папраўляе складкі бліскучай капы на ложку, падбірае з падлогі галубінае пёрка, камечыць яго ў вялізнай далоні.
— Заляцела толькі што праз акно! — тлумачыць вінавата.
Як чалавеку мала трэба!
Яе аптымізм перадаецца і мне. На душы зрабілася спакойна, я ўздыхнуў. Камедыя! Сам у горы, а ў другіх узнімаю дух. А мо на гэтым і свет трымаецца?!
Аня, мабыць, часта ездзіць да маці ў госці, яна пра ўсіх там ведае.
— Вы не памятаеце Дыгендышавага сына? — пачынаю здалёк.
— Цыклопа? — паважнее маладзіца.— Яго расстралялі. За тое, што паліцаем служыў...
— Я не чуў...
— Адразу, як толькі нашыя ўвайшлі ў Гарадок...
Цыклоп гэтага заслужыў. Мяне не ён цікавіў. Але болей пытацца ў Ані не змог. Перапоўнены ўражаннем, я развітаўся.
Я меў закаранелую з дзяцінства звычку — дзяліцца з мамай перажываннямі. Ад Гапонік я пайшоў ледзь не подбегам, але зараз жа спахапіўся — дарэмна лячу. Няма ўжо каму выкладваць назіранні, няма каму выліць свае радасці і гора.
І ўсё жыццё несці гэты груз?
Немажліва!
Толькі цяпер я адчуў усю глыбіню непапраўнай страты.
У юнацтве я ўсё чагосьці чакаў, сярод прахожых выглядаў асаблівых твараў і верыў, што мой самы шчаслівы дзень наперадзе. Цяпер стаў рэалістам, шчасце разумею інакш. Аднак, мабыць, у асноўным я не змяніўся.
Расказаў я тут фрагменты з жыцця. Каб апісаць жыццёвы шлях кожнага мужчыны і жанчыны майго ўзросту, матэрыялу было б не меней. Быў такі час, і людзей кідала ўсюды.