Я не разумеў нічога. І разбірала дзіва. Калі табе няёмка, што служыш паліцаем, калі шкадуеш нас, дык чаго злуеш?
Было звыш сіл стаяць перад ім. Змрочная халодная, дзе чакала невядома што, здавалася ўжо збавеннем. Разгублены, я прамармытаў нешта і шуснуў у дзверы. Ужо ў камеры адчуў, як у мяне часта б'ецца сэрца, як мне горача, дрыжаць ногі, хоць не дрыжалі перад гітлераўскім афіцэрам!
З Гарадка перавезлі ўсіх у беластоцкую турму і цэлую групу — 60 чалавек — змясцілі ў адну камеру. Каб людзі не задыхнуліся, удзень і ўночы не зачынялі загатаваныя вокны.
3
Калідорным на нашым паверсе быў Лукашоў Іван (трапіў за пакражу і ў нямецкую турму!). Цяпер ён над намі ўзяў апеку.
Пацягнуліся турэмныя дні — доўгія, трывожныя. Мы насцярожана чакалі і слухалі навіны, якія прыносіў у нашу пастку калідорны зямляк.
Немцы злавілі на вакзале англійскага разведчыка, кінулі ў адзіночку. Праз паўгадзіны афіцэры зайшлі паглядзець на палоннага, а ён павесіўся.
Прывезлі нямецкага салдата-дэзерціра, ён павесіўся таксама.
Нехта ўцёк. Прывялі яго ў канцылярыю на допыт, чалавек выскачыў праз акно з другога паверха на вуліцу, падняўся з зямлі і знік. Не верылася ў такія ўцёкі. Там жа таксама загатаваныя вокны, па вуліцы ходзяць людзі, другі паверх... Немцы паслалі ў партызаны лазутчыка. Але як пра гэта перадаць на волю?
На турэмным двары з'явіліся цыганкі з дзецьмі...
Аднак найбольш абурала дзейнасць Стральчука.
У турму прывозілі новыя партыі сялян — былых капэзэбоўцаў, іхніх сімпатыяў.
Стральчук памагаў іх забіраць.
Ён, вырадак, да таго быў крыважэрны, што ў сваёй вёсцы Крывой пад Бельскам нават выдаў эсэсаўцам на расстрэл хлапчукоў, якія ў яго бацькі кралі яблыкі.
Нашы арыштанты пачалі пакрысе нібы мірыцца з лёсам.
Мужчыны гаварылі пра жонак і дзяцей. Бацькоўскія сімпатыі і чуласць выражалі наймаладзейшаму ў камеры. Сваім любімцам мужчыны выбралі Мішу Толуця з Зуброў. Міша быў высокі, хілы, танкашыі, валасы чорныя; жарты мужчын толькі і круціліся вакол яго першых вусікаў, каханай, якая недзе сохне ў Зубрах...
А то арыштанты напаўголасу спявалі «Волгу-Волгу», «Лучыну», «Валачаеўскія дні» — зладжана, на два-тры галасы, як ніколі дагэтуль, мабыць, і не спявалі.
Яшчэ гулялі ў самаробныя шашкі, шахматы. Адсыпаліся. Успаміналі выпадкі з жыцця.
4
Турмы немцы перапоўнілі, і кожны разумеў — хутка нешта будзе.
Аднойчы нехта выглянуў на двор і крыкнуў:
— Во, хлопцы, ён!
Калі глядзець з вокнаў зводдаль і асцярожна, то з вуліцы ў паўзмроку цябе не ўбачаць. Людзі ў момант ссунулі нары і згрудзіліся на іх, як на сцэне. Убіўшы галаву між чужых спін, выглянуў на падворак і я.
Мы былі на другім паверсе. Перад нашымі вокнамі — крокаў за трыццаць, у турэмнай сцяне — ніша з варотамі. У ёй стаялі два паліцаі і курылі.
Ля варот на муры расло некалькі пасмаў дзікага
вінаграду. Сюды даходзіла сонца, тут цяпер грэліся яшчэ два тыпы.
Адзін з іх — эсэсаўскі афіцэр. Такі сабе звычайны. У фуражцы з вялікай туліяй. У свежым мундзіры — яснейшага, чым у армейскіх афіцэраў, колеру. На адной пятліцы меў ён кубікі, на другой — лацінскія літары «СС» у выглядзе зігзагаў-маланкі, а на фуражцы — чэрап і дзве скрыжаваныя косці. Адзнакі на ім былі новенькія, боты — начышчаныя да бляску, галіфэ — адпрасаванае.
Другі быў Стральчук. Нават не ведаю, па чым яго пазнаў. Мабыць, проста — здагадаўся.
«Дык вось які ты!»
Чамусьці хацелася бачыць свайго ворага здаровым грамілай, упэўненага ды магутнага, прынамсі — роўнага немцам. Тым часам перада мной пахаджваў замухрышка. Малога росту. З кірпатым носам. Хоць на пятліцы ў яго, як і ў немца,— тыя самыя маланачкі; на другой па дыяганалі — тры кубікі, ды на фуражцы — чэрап, але адзнакі горшай якасці, цьмяныя. І мундзір меў Стральчук іншы, жаўтаваты, з бавоўны. Якраз з такога матэрыялу было адзенне і ў паліцаяў, якія курылі ў нішы варот.