Што за ліха?!
— Ленка, ты ваду адліла? — нападае ён на сястру.
— Прывецік! Не бачыш, што я нават ад стала не адыходжу?
Заклапочаны брат зноў валачэ слоікі да піяніна, клёпае пальцам па клавішах, далівае па кроплі ды носіць слоікі ў другі пакой. Чуваць, як сястра ўсё зубрыць:
— Добра. А цяпер мы паўторым яшчэ раз. Адрабляць феадалу працадні будзе называцца — бар-шчынай, а плаціць натурай — аб-рок. На аброк яны аддавалі пану быдла, грошы, хлеб... Ванька! — заглядвае яна ў сумку і робіць вялікія вочы: — А дзе малако-о? Ы-ы-ых, не купіў?! Бессаромны ты ўжо зусім — мама ж хутка вернецца!..
Брат нездаволена бурчыць, хапае сумку, адпіхвае ад дзвярэй балонку ды імчыць у магазін яшчэ раз.
Прынёсшы пакупку, Ваня чапляе слоікі на кіёк ды бярэцца выстукваць мелодыю. Гама фальшывіць зноў.
— Ваду зноў ты выліла? — Ваня з кулакамі кідаецца на сястру.
Вяртаецца дамоў маці, а дзеці б'юцца. Яна іх сяк-так мірыць, ды пачынаюць яны ўсе разам шукаць прычыну загадкавай з'явы. Раптам глядзяць, а з аднаго слоіка Моця... хлябае ваду.
ЧАРЦЯНЯКА
Быў я камендантам лагера ваеннапалонных ля Вінніцы. Немцы тады жылі амаль на свабодзе, перазнаёміліся з насельніцтвам, некаторыя нават завялі сабе сімпатыі, і ў выніку — адна ўдава нарадзіла ад палоннага дзіця.
Прыйшоў загад — і немцаў пасадзілі ў эшалоны ды адправілі ў Германію. Адправілі нечакана, за адну ноч.
Назаўтра ўбягае да мяне ў кабінет удава, кладзе на стол малога, крычыць:
— Отправыв батька, а ёму шчо робыты?! То бэры вжэ й ёго, бусурманэ ты! Він жэ выростымэ і по-руску поныматы не будэ, як жэ з ным балакаты стану, як він будэ жыть?!
— Акса-ана, што ты вярзе-еш, ці пры сваім ты роозуме?! — пачынаю супакойваць украінку.
— Я-то пры своім, а ты — здурів, як фашыст зробывся!.. Нэ мог одну людыну покынуты, дытыну загубыты хочэш!.. Ну, як жэ мэні балакаты з ным, колы выростымэ, як він тут компанію знойдэ?!
Адвёў я ўкраінку дамоў і давай тлумачыць, што малы стане гаварыць так, як гаворыць яго маці.
— Брэшэш?! — недаверліва ўставілася яна на мяне.— Побожысь, шчо нэ підманываеш!
— Дальбо, будзе! Успомні, Аксана, хто з тваіх знаёмых замужам за нярускім — за татарамі, армянамі, грузінамі... Як дзеці іхнія гавораць? Як маці. І твой, дурніца, будзе гаварыць так, як ты, пабачыш!
Кабета ўзрадавалася:
— Ніўжэ? От, добрэ! Бо вжэ ёго я, чэртэняку, люблю білыпэ всёго на свіце!
ПОГЛЯД НА МАСТАЦТВА
Прывозіць мяне старшыня калгаса на поле ды аб'яўляе :
— У гэтым годзе, брат, здорава яравыя ўрадзілі! Ты разумееш: уволю даў мінеральных, хімікатамі лётчыкі прапалолі, дажджоў было дастаткова — збажына вырасла, аж страх! Бачыш, якая салома? Кладзіся на яе, а яна вытрымае!..
— Бачу, ураджай выдатны. Віншую!
— Не ты першы мне гэта кажаш!.. Думаеш, для гэтага я цябе вёз, каб пахваліцца адно? Намалюй ты, калі ласка, мне яравыя на карціне!
— Як гэта?! Гм... Мо лепш табе фатографа запрасіць?
— Не-е, псаваць эфекту не хачу! Мне трэба фарбамі! І карціну — як найбольшую! На цэлую сцяну ў новым клубе! Чаго рагочаш? Ты толькі падумай: адзін авёс дасць на круг — мы з аграномам падлічылі — па сорак пяць цэнтнераў з га, а ячмень, а пшаніца — яшчэ больш! Калі такое было, падумай?! Разбагацеем, грошы будуць, табе не пашкадую восенню! На мастацтва? Ніколі! Малюй хутчэй, покуль не перастаялі яравыя, покуль салома наліта сокам! У тым доме жыць будзеш, з гаспадыняй я ўжо дамовіўся, каб цябе карміла, як дачніка!..
Вядома, я адмовіўся.
Знайшоўся, аднак, аматар на грошы, жыццё дачніка і яравыя «намаляваў». На дваццаці трох квадратных метрах. Наша майстэрня выканала ўсе планы!