— Пра-авільна!
— Так яму і трэ-эба!
— Во, нарваўся!..
Праз дзесяць мінут заходжу выступаць у сярэднюю школу. Адчыняю дзверы ў дырэктарскую, а там з універсітэцкім ромбам на сінім касцюме ў шэрую палосачку чакае мяне... знаёмы круглатвары мужчына.
Даўно не перажываў такіх прыкрых хвілін і час не цягнуўся так доўга: выступаю перад дзесяцікласнікамі, адказваю на пытанні, дырэктар мне дзякуе, ад імя школы дае падарунак — макет школы, а мы ўсё прыкідваемся, што паміж намі нічога не адбылося.
МАРУСЯ
Выйшла яна з лесу на сувязь з падпольшчыкамі ў Мінску. У кошык паклала магнітную міну, накрыла яе ягадамі, кавалачкам сала. Падумала — што яшчэ піхнуць? І паклала дзесяць яек (адно спецыяльна разбіла ды развэдзгала жаўток, каб выклікаць агіду ў ворагаў), шпулечку нітак ды пачку сахарыны.
— Стой, партызанская шкура, што нясеш? — затрымаў яе на мінскай шашы замухрышкаваты паліцай.
— Ой, дзядзечка, насіла, дальбо, у вёску тое-сёе вымяняць, во!.. Дома — мужык, дзеці, усіх карміць трэба, усе есці хочуць, а няма чым, дальбо, дык во я і схадзіла з дзяўчатамі!.. Яны ідуць, і я падумала — давай схаджу...
— Брашы, брашы-ы, так я і паверыў!
— Ісціны бог!.. Пашкаду-уйце мяне, дзядзечка, пусці-іце!
Паліцай пачаў грэбацца ў кошыку. Маруся выставіла яму дваццаць рублёў. Бобік з гідлівасцю абцёр ад жаўтка палец, хапіў грошы і ўдарыў яе нагой:
— Яшчэ пэцкаць, зараза, будзеш?!
Маруся не чакала ўдару, адляцела і ўпала, а кошык перакуліўся. Партызанка роспачліва згрэбла ўсю ношу прыгаршчамі ды — зноў! зноў! зноў! — у кошык усё! Бобікі так нічога і не заўважылі.
Адыходзячы, яна чула, як паліцаі гаварылі між сабой.
— Ну і пашкадаваў жа ты яе!
— На ўсе дваццаць! — пахваліўся недаростак.— Але ж і ногі задрала — аж кашуля бліснула!..
Бобікі здаволена заржалі.
ТРОЕ
Шасцікласніца Лена ўголас зубрыць гісторыю. Яе брату, пяцікласніку і вучню музычнай школы Ваню, страшэнна абрыдла развучваць практыкаванні «на левую руку», «на правую», «на трэці палец», «на чацвёрты»... Хлопчык заняўся імправізацыяй.
Да піяніна ён прывалок восем паўлітровых слоікаў з-пад «Рагу з агародніны», вядро вады і кубак. У першы слоік ён налівае ваду, стукае па ім кіёчкам, а пальцам прабуе клавіш «до». Пад рукі лезе настырная балонка, хлопчык бесцырымонна яе адпіхвае ды з захапленнем працягвае няпланавы занятак. Яшчэ крыху, яшчэ. Цяпер толькі кроплю... І вось ужо звон шкла супадае з гукам струны піяніна. Напоўнены слоік ён нясе ў другі пакой.
Хутка ў яго там з'яўляецца цэлая гама з васьмі пасудзін.
— ...Сяляне плацілі феадалу аброк натурай, як, напрыклад, хлебам, быдлам, грашыма, і гэта называлася аброкам,— закрыўшы падручнік, гаворыць сама сабе з прыжмуранымі вачыма Лена ды раптам спахопліваецца: — Ванька, мамка казала, каб ты збегаў па хлеб і малако ў магазін — унь грошы ляжаць!
Хлопчык з неахвотай пакідае свае слоікі, бярэ сумку і грошы, ідзе да дзвярэй. За ім бяжыць балонка.
— Моцька, сядзі дома, я — на работу! — адпіхвае ён сабаку нагой ад парога ды выходзіць.
На дварэ пачынае ўжо цямнець. Ад мокрага снегу стаіць лёгкі туман. На пустой вуліцы відзён адзін школьнік. У Вані ля ног шлёпаецца снежка ды абдае яго пырскамі.
— Эй, пацан, куды я табе трапіў? — цікавіцца незнаёмы.
Ваня ўвесь перапоўнены запалам творчасці, заклік да знаёмства не прымае.
— І нікуды ты не трапіў — за кіламетр ад мяне яна ўпала! — кпіць ён ды бягом кідаецца ў хлебны магазін.
Вярнуўшыся дамоў, хлопчык папрывязваў да слоікаў драцяныя дужкі, прасадзіў пад іх кіёк, абодва канцы паклаў на спінкі крэслаў і давай выстукваць гаму. На дзіва, у яго ўжо не «до», не «рэ», не «мі»...