Грыцук раптам спахапіўся, што ў яго зусім мала часу. Няўжо так і не ўбачыць нікога са сваіх?! Баючыся, што не паспее пра ўсё нават падумаць, ён пачаў ліхаманкава ўспамінаць. Перад вачыма паўстала Галя — яна абнімае дачку.
«І трэба ж было мне на яе так напаследак накрычаць!» — папракнуў ён сябе.
Пад ногі шлёпнулася жаба. Грыцук падчапіў істоту на рыдлёўку, узяў у жменю і пусціў на раллю. Упершыню да гэтага стварэння не паспытаў агіды і адчуў, якое халоднае, моцнае і трапяткое ў яе цельца...
Ад хутара, выбіваючыся з апошняй сілы, цяжка бегла маці. Убачыўшы яе, Грыцук адчуў аблягчэнне і надзею. Зямлю стаў выкідваць павальней.
8
Сына старая ўжо застала ў яме па пояс.
— Пано-очку, за што-о вы яго?! — кінулася маці к Брумелю і ўпала перад ім на калені.
— Вэг! — вызверыўся салдат, запіхваючы штык у похву.
— Што ж гэта ро-обіцца?! Пашкадуйце вы хоць мяне-е — ён адзіны ў мяне, адзінае ў мяне дзіця!.. І ў вас недзе ж таксама е мацяркі!.. Сын мой пагарачыўся, так з кім гэта не бывае!.. Не пралівайце нявіннай крыві, дзеці, што вы ўзду-умалі?!
Раззлаваны салдат накіраваўся да старой і замахнуўся на яе падкутым ботам. Грыцук выскачыў з ямы. Гофман і Ліке кінуліся яго пераняць.
Калі старую з рассечаным тварам жанчыны адвалаклі на бліжэйшы падворак, Брумель ужо пра яе забыў. Але жанчына крычала на яго і адтуль:
— На, на, антыхрыст, страляй і ў мяне!.. Каб ты свету не бачыў! Вылюдак няшчасны, хай праклятай будзе твая маці, такога нарадзіўшы!.. Пусці, Тэкля, я яму слепакі выдзеру, сіла ў мяне шчэ е-е!.. Я задушу гэтага гада, пусці, Тэклечка!..
— Сціхніце, мама!.. Прыйдзе час і на іх! — крыкнуў ёй сын.— Даглядайце дзяцей з Галяй!..
— Швайгэн! — абрынуўся на яго Ліке.
Гофман выбіў нагой у Грыцука рыдлёўку.
9
Грыцуку загадалі павярнуцца тварам да ямы. Брумель прыставіў яму рулю карабіна да вуха.
Жанчыны і дзеці на падворках залямантавалі.
— Бах! — у сухім паветры грымнуў стрэл, чалавек асунуўся ў яму.
З гумна ўзняліся вароны. Цяля парвала вяроўку і, задраўшы хвост, панеслася да рэчкі.
Людзі прыціхлі і пахаваліся.
Брумель паклікаў да ямы сяброў, і яны ўсе хвіліну глядзелі ўніз. Затым немцы накіраваліся да дарогі.
Буднік заўважыў, што ішлі яны бадзёра, а ў іхніх вачах з'явілася нешта новае: у іх свяцілася калі не радасць, то нейкая самаздаволенасць: пачуццё выкананага абавязку.
— Біттэ! — Гофман з паважаннем перадаў планку обер-яфрэйтару.
— Данке! — адказаў той, засаджваючы кавалак дрэва за папругу.— Абфарт!
Пералазячы праз жэрдку, немцы неяк занадта велікадушна запрасілі Будніка не адставаць, разабралі веласіпеды і паехалі не азіраючыся.
Але Буднік застаўся.
Да ямы пакуль што ніхто не падыходзіў. На гурбачцы жоўтага пяску там сядзела Грыцучыха. На каленях у звар'яцелай жанчыны ляжала сынава галава. Растрапаная, з рассечаным і акрываўленым тварам маці старанна вытрасала з абсмаленых сынавых валасоў пясок, скідвала з аголеных грудзей пілавінне, дзьмула ў крывавыя ямы вачніц, як дзьмуць малому на драпіны, і ласкава, цярпліва пыталася:
— Табе, сынок, баліць?.. Нічо-ога, Толічак, пацярпі!.. Хутка з Ваўкавыска вернецца татка з доктарам... А покуль што я табе загавару: лішай-лішай, агонь мяшай!.. Лішай-лішай, агонь мяшай!.. Цьфу, згінь, Ярыла!..
Амярцвелы Буднік доўга глядзеў на дзікі малюнак. Затым сеў на веласіпед ды націснуў на педалі. Ехаў і думаў: гэтага акупантам ён не даруе ніколі.