Райскую ідылію першы парушыў сабака. Ён нешта пачуў ды насцярожыўся: няйначай, што чужыя.
Гыркаючы, сабака кінуўся да брамкі.
Гаспадар узняў галаву ад верстака, убачыў немцаў і высокага ізабелінскага паліцая. Нязваныя госці ўжо ставілі пад плот веласіпеды.
— Нанесла іх аднекуль зноў, халера! — прабурчаў Грыцук і неахвотна адклаў нажоўку.— Рэкс, да буды!
Мужчына з планкай у руцэ накіраваўся да брамкі. Злавіўшы сабаку за аброжак, ён, шкадуючы, ударыў яго пару разоў планкай па кудлах, прывалок да буды, пачаў прывязваць на ланцуг.
Не павітаўшыся, немцы ўваліліся на падворак і адразу накіраваліся да калодзежа, дзе на бетонным крузе грэлася на сонцы вядро вады. Гофман выняў хустачку, пачаў выцірацца, а Брумель прыставіў да калодзе-
карабін і ўсунуў у вядро палец.
— Оу-оу-у, абер, вун-дэр-ба-ар! — закрычаў ён з захапленнем ды пачаў расшпільваць мундзір.
А обер і тут быў нездаволены. Яго сябры, калі вярталіся з такой паездкі па раёне, заўсёды прывозілі цэлыя сумкі масла, сыру, яек і самагонкі, а ён з салдатамі нават паесці нідзе не змог — давядзецца, вярнуўшыся ў Ізабелін, брацца зноў за агорклы гарохавы суп, гуляш ды пудзінг. Яшчэ гэты доўгі паліцай паводзіць сябе, бы граф Валенрод!..
На хутары яго ўсё раздражняла. Не падабаўся і сам гаспадар, які зумысна доўга вазіўся з сабакам. Загарэлы і спакойны твар гаспадара ды закасаныя па локці мускулістыя рукі проста прыводзілі обера ў шаленства. У той час калі ён, Ліке, з такой тонкай і багатай, яшчэ нікім не адкрытай душой вымушаны цярпець такія нягоды, гэты вось грубы суб'ект з закасанымі да лытак парткамі радуецца тут сабе жыццём, бы на курорце...
Злаваў обер і на Брумеля — ён многа сабе дазваляў. І яшчэ яму здавалася, што салдаты ў душы насміхаюцца з яго, бяздарнага камандзіра.
— Ком, ко-ом! — нейкім сухім і злым голасам паклікаў Брумель гаспадара ды паклаў мундзір на рамонак.
Мужчына, не спяшаючыся, падышоў і спыніўся перад гасцямі. На яго шырокі лоб звісалі спатнелыя пасмы. У валасінках на разапрэлай грудзіне засела пілавінне. Разумныя шэрыя вочы глядзелі незалежна, але насцярожана.
На немцаў, што спыніліся ля калодзежа, з трывогай сачылі дзве жанчыны: маці і жонка Грыцука.
Злавіўшы на сябе позірк немца, спалоханая маладзіца сцягнула жменяй паркалёвую сукенку з вялікім выразам, патупілася, але сачыла краем вока за няпрошанымі гасцямі. Яе свякруха, адчуўшы сэрцам бяду, сагнала злосць на парасятах. Яна лупцавала іх фартухом і крычала:
— Ксю-уля!.. Хале-ера на вас, ксю-уля!..
Гофман зазірнуў у калодзеж. На ланцугу ў цёмную халаднаватую адхлань была апушчана банка з малаком. Ён пакратаў ланцуг, прыўзняў банку.
Брумель узяўся за край акутага вядра, усадзіў у яго галаву па самыя вушы, пусціў бурбалкі. Тады страсянуў мокрыя валасы і зарагатаў. Выцерся, паказаў гаспадару на вуллі ды патрабавальна кінуў:
— Геніх!.. Эсэн!..
Мужчына адразу зразумеў, чаго ад яго хочуць,— такія сцэны на падворку разыгрываліся кожны дзень. Ён ужо гатоў быў частаваць мёдам і гэтых прышэльцаў, каб толькі адчапіліся: вынесці міску з сотамі на табурэтцы — жарыце, чорт вас бяры.
Але ён прыкінуўся, што не разумее, і цягнуў час для парадку.
— Што-о? — спытаўся.— Нікс фэрштэйн...
— Гэніх!.. О, ням, ням!.. Бж-ж-ж!..
Немец яшчэ не скончыў фразы, як другі салдат нязграбна павярнуўся і заблытаўся ў ланцуг, якім было прымацавана вядро да калаўрота. Вядро з ляскатам перавярнулася і абліло першага. Той адскочыў ды ўлез у лужу з сечкай, адкуль пчолы бралі ваду. Патрывожаная пчала з налёту ўджаліла немца ў патыліцу.
— О-оу, мэншэзкі-інд!.. О-оу, сакрамэ-энт, фэ-эрфлюхтэ! — зароў ён, пляснуў сябе па патыліцы і закруціўся як ашалелы.
Гофман зарагатаў.
Засмяяўся і гаспадар.
Звар'яцелы ад болю і абразы Брумель падскочыў і смальнуў яму па твары.
Грыцук спачатку здзівіўся, а потым закіпеў ад злосці. Ён, не спяшаючы, як і прывык усё рабіць, левай рукой схапіў салдата за грудзі, а правай узняў над немцам планку. Новая вайсковая кашуля, якую ён згроб на грудзях у салдата, затрашчала адразу ў некалькіх месцах.
— Ай, То-олечка, ай, сыно-очак, што ты ро-обіш, апамятайся! — праз плот узмалілася маці.— З кім ты ду-ужаешся, што ты ўзду-умаў!