Грыцук апусціў руку. Ён толькі стаяў і цяжка дыхаў.
Тое, што здарылася, на нейкі час аж ашаламіла немцаў. Брумель ад здзіўлення ажно раскрыў рот.
Але хутка ім траім прыйшло ў галаву, што гэты тубылец дазволіў сабе нечуваны жэст — узняў руку на нямецкага салдата — і таму павінен быць пакараны.
— Гэнуг! — зларадна сказаў Гофман, бытта толькі такога выпадку і чакаў. Ён сунуў у кішэню мокрую хустачку, падышоў да Грыцука, вырваў у яго планку і аб'явіў: — Ду біст — комуніст!.. Ду біст — большэвік!..
Обер-яфрэйтар Ліке раптам адчуў, якія слаўныя ў яго хлопцы, і злосць яго адразу прайшла. Ён ужо згаджаўся, што перад ім сапраўды небяспечны камуніст. Уся злость, якая накапілася ў ім за цэлы дзень, раптам знайшла сабе выеце.
— Ком!— обер кіўнуў Грыцуку пальцам і паказаў на брамку.— Форвэртс!.. Лёс!.. — з кожным словам ён усё больш і больш сябе распальваў, пераходзіў на віск.— Абэр шнэлер, фэрфлюхтэ, лёс!..
— Гэй!— штурхануў прыкладам Грыцука Гофман.
— Ну і пайду, што ты мяне палохаеш, думаеш, надта збаяўся?!.— узбуджаны, не разумеючы яшчэ таго, што з ім збіраюцца рабіць, сказаў Грыцук з выклікам.
Ля сцяны стаяла рыдлёўка. Гофман даў яе Грыцуку ў рукі і загадаў:
— Мітнэймэн!
Брумель паспешліва апранаў мундзір, бытта яго чакала штосьці вельмі вясёлае і цікавае.
У гародзе заенчылі жанчыны, узнялі плач дзеці.
Ля буды хрыпеў, ірваў ланцуг раз'юшаны Рэкс.
7
За брамкай устрывожаны Буднік сказаў жанчыне:
— Цётку, вы не енчыце, а лепш прасіце за сына ў немцаў — яшчэ час!.. Каб вы мелі што сунуць ім у лапы...
Пакуль немцы выходзілі з падворка, разбіралі веласіпеды і кіравалі на сцежачку, цераз грады падбегла да іх Грыцучыха. Не разбіраючыся ў нямецкіх рангах і адзнаках, палічыўшы Брумеля за старшага, яна кінулася немцу ў ногі:
— Ах, пано-очку, за што-о ж вы яго?! Ах, зо-олатца, ён жа і мухі не пакрыўдзіць, адпусці-іце!..
— Капу-ут, капу-ут!..— зларадна заявіў ёй немец.
— То-олечка, куды-ы яны цябе вяду-уць?! — абнімаючы малых, здалёк, жаласліва і чула, бытта яна тут адно з мужам і дзецьмі, спыталася маладзіца.
— Не паказвай гэтага дзецям! — загадаў ёй яшчэ ўсхваляваны стычкай і поўны рашучасці муж.— Вядзі іх дамоў!
— Лёс, лёс, абэр лё-ос, фэрфлюхтэ! — стукнуў яго колам веласіпеда ніжэй пояса Гофман.
Усе рушылі са сцежачкі. Ліке ішоў апошнім, а за ім з веласіпедам — Буднік.
Обер заўважыў, як паліцай пра нешта дамаўляўся з жанчынамі. Слоў ён не разумеў, але і так было ясна — пракляты паліцай з гэтымі басаногімі бабамі заадно. Заўважыўшы, як збялеў акамянелы Буднікаў твар, обер адчуў мсцівую асалоду — нарэшце настаў час правучыць гэтага смярдзючага тыпа і даць яму добра зразумець, з кім мае справу.
Ліке вёў веласіпед і рабіў выгляд, што нават не заўважае паліцая. Вочы яго спыніліся на крайнім гумне. Стрэху абляпілі разамлелыя ад спякоты вароны. Пры набліжэнні людзей птушкі паспрабавалі падняцца, нават узмахнулі крыллямі, але тут жа іх апусцілі — відаць, не чакалі ніякай небяспекі.
Ля дарогі рос тытунь, а паміне ім і гумном чарнела свежая ралля. Обер успомніў здымак расстрэлу партызан, які бачыў на стале ў Вернера. Саломай крыты рускі хлеў з такімі ж варонамі на страсе. Побач — свежая яма. На краі ямы — голы мужчына і белыя, як цеста, целы жанчын. З пісталетамі, настаўленымі ў патыліцу асуджаных, вясёлыя салдаты...
Ліке надта пашкадаваў, што не захапіў апарата.
— Гін! — обер махнуў рукой у бок гумна.
Немцы прыставілі веласіпеды да жэрдак, якімі быў агароджай тытунь, і накіраваліся да паказанага месца. На дарозе застаўся адзін паліцай — ён бытта думаў і вырашаў, што яму рабіць.
Грыцук ішоў спакойна і ўпэўнена, яму яшчэ не хацелася і верыць, што болей ніколі не ўбачыць гэтага расцёртага на муку сотнямі пакаленняў і высушанага на попел дарожнага пяску, выгаралай травы, што апошні раз дакранаўся да яловых жэрдак, якімі сам гарадзіў яшчэ ўчора тытунь.