Не выпускаючы з рук веласіпеда, Брумель імгненна зняў з пляча карабін.
Аглушальна прагрымеў стрэл.
З кудахтаннем паляцелі ва ўсе бакі куры. Заскуголіў, у прадсмяротных сутаргах забіўся на пяску сабака. Хлапчукі з вуліцы сыпанулі ў падворак. Гофман і Брумель зарагаталі. Толькі твар обера быў непарушны.
Буднік, вядома, не мог не адчуць, як Ліке разгубіўся. Яму трэба было аблаяць салдата. Але Ліке ў паводзінах сябра ўбачыў франтаватую зухаватасць. Обер нават захапіўся яго спрытам: трымаючы карабін адной рукой, амаль не цэлячы, трапіць у рухомую мішэнь — трэба ўмець.
— До-онэр-вэ-этэр! — вылаяўся ён са здзіўленнем.
5
Старасты дома не аказалася. Яго жонка — яшчэ не старая і нават прыемная з выгляду — на кухні рыхтавала свіням корм.
— Яйкі?! Млеко?! — з парога спытаўся Брумель.
— Нэ-эй, паночку! — узмалілася жанчына.— Яйкі муж у горад павёз мяняць на соль!.. І кароў яшчэ не даіла, а кіслае выпілі нядаўна!
— Масле?..
— І ма-асла — нікс!..
Пакуль яны таргаваліся, Ліке агледзеў памяшканне.
Дзверы былі адчынены ў вялікі пакой, і там ён убачыў дакладна такую ж абстаноўку, якую назіраў тут у кожным доме. Па сцяне між вокнамі — рамкі з фатаграфіямі. Обера непрыемна ўразілі сярэбраныя зігзагі на каўнерыках мардатых польскіх салдат і фарсістыя фуражкі з царскімі кукардамі. У кутку ззяў пасярэбранай паперай радочак ікон. Пад іконамі бялеў накрыты сурвэткай стол. Уздоўж сцен ішлі дзве лавы. Ложак з горкай высокіх падушак...
Успамінаючы малюнак са школьнай хрэстаматыі, ён не без пагарды заўважыў сабе:
«Як у нас было сто гадоў таму назад!.. Бачыш ты, нахабнікі,— і фатаграфіі сваіх вайсковых паразвешвалі, яшчэ не хапае толькі — партрэтаў камісараў!..»
Старасціха, не спаласнуўшы нават цеста з рук і прыкідваючыся надта напалоханай, пачала соваць салдатам шчарбаты збанок з вішнямі. Паскардзілася, што на кухні многа мух. Ліке заўважыў, што хітрая ведзьма спецыяльна выстаўляе брудныя рукі і дэманструе сваіх мух, каб выклікаць агіду, пазбавіцца гасцей.
Обер абурыўся, але прамаўчаў.
Патаптаўшыся крыху ў старасты на кухні, пакаштаваўшы цёплай вады і з жоўтымі кропінкамі мушыных слядоў вішань, накіраваліся зноў на вуліцу.
Хутка, ні то раззалаваны старасціхай, ні то галодныя, ні то прагныя дапасці да добрай вады, апынуліся яны зноў у канцы вёскі. У суцэльным зялёным масіве дрэў воддаль ад дарогі патанаў хутар.
— О, там вулляў многа! — прамовіў Гофман.— Едзем туды, паспрабуем мёду!
— Эўрыка! Я аднойчы так быў пажывіўся! — успомніў Брумель.
— Давай! — дазволіў Ліке.
6
На хутары ў гэты час панаваў спакой і парадак.
Пад хлявом сохлі акуратна складзеныя кастрагі дроў.
Пад акапам Грыцук у белай кашулі выпілоўваў планкі для рамак у вуллі. Ля яго ног ляжаў вялізны кудлаты сабака і ляскаў зубамі на надакучлівых мух.
Сярод падворка ля бетоннага калодзежа ў лужыну пчолам была насыпана сечка, і над ёй калясіў цэлы рой. На шчыце свірна быў прымацаваны ветрачок. Пад акном вялікай хаты цвілі вяргіні. Дах з ацынкаванай бляхі блішчаў на сонцы, як з серабра.
У чатырохкутніку паміж домам, свірнам, хлявом і гумном увесь падворак парос сакавітым зялёным дываном з дробнай мазаікай трыпутніку і рамонку.
У агародзе за плотам цвіў мак, буялі буракі, памідоры, гуркі і тычковая фасоля. Грыцучыха з нявесткай наводзілі там парадак — прарэджвалі расаду, а вырванае зелле кідалі свіням. Тлустыя пародзістыя парасяты, не спяшаючыся, выбіраючы сабе самыя смачныя лісты, плямкалі ратамі. Побач паўтарагадовая Тася стукала каменьчыкамі, яе сястра ў баразёнцы «пякла» з пяску аладкі.
За вогненнай ракой маку пад грушамі і яблынямі стаялі радочкі жоўтых, сініх і зялёных вулляў.