Бландзіана піша: «Як у пурытанскіх супольнасцях існуе нецярпімасць людзей маральных да тых, хто пераступае законы маралі, так у карумпаваных – нецярпімасць пароку да тых, хто яму не паддаецца». Сапраўды, заікніся сёння ў нашых родных палестынах пра маральны прыгнёт і пабачыш, як самі прыгнечаныя першымі тваімі словамі і абразяцца. Замірэнне з парокам – той жа парок, як бы мы ад яго ні дыстанцаваліся.
На тэлеэкране серыял «Генералиссимус» пра Сталіна – Бог мой, як соладка! Тэлевізары не пераварочваліся, інстанцыі заявамі-пратэстамі не завальваліся. Назаўтра і гаворкі іншай не было чутно ў горадзе, як пра шчодрасць на добрае для народу таго вусатага дзядзькі. І гэта пасля ўсяго, што напісана-выдадзена пра тырана. А кажуць, хто аднойчы волі паспытаў, на вякі вечныя будзе ёй адданы. Ні Грахоўскі іх не пераканае, ні Салжаніцын, ні Шаламаў, ні мільёны іншых, хто на сабе зведаў «хараство» ГУЛАГА.
Што прыезду Гілевіча студэнцкая моладзь ды інтэлігенцыя чакае – ведаў, што спатканне цёплым будзе – не сумняваўся, ды каб ажно гэтак?! Шэсцьсот чалавек бы хваляю падняло, і авацыі, авацыі, авацыі... Пасля ў абласной бібліятэцы гэтаксама: зала поўная, гэткі ж уздым, гэткая ж атмасфера роднасці-ўзаемаразумення. Расчуліўся паэт, расхваляваўся, і не дзіўна. «Уразілі вы мяне, віцябляне, вельмі ўразілі, — сказаў на развітанне. – Так уразілі, што давядзецца сёе-тое і перагледзець са сваіх меркаванняў на перспектыву беларускае справы». А тым часам на адрас гарвыканкама ліст кіраўнічкі праўладнага саюза, у якім выказвалася незадаволенасць з нагоды арганізацыі «поэтических выступлений» оппозиционных писателей Гилевича Н., Сивко Ф., Симановича Д.», хоць апошнія двое ні радка там не чыталі, паляцеў. Не ўсе, аказваецца, дарма што Народны, чакалі.
* * *
Скіраваная на іншых неўрастэнія ў маладым веку – найчасцей з амбіцый і недахопаў выхавання, у сталым — з боязі смерці. Таму як сталаму – грэх не паспачуваць, так маладому сам-насам галавой аб сцяну пабіцца – часам унікнуць спакусы даць параду цяжка.
Паводле Э. Мамфорд, малады чалавек, які ні разу не плакаў, — дзікун; стары, які не смяецца, — дурань.
Дзікуном у маладосці быць проста, дурнем у старасці не застацца – навукі і мужнасці, і немалых, патрабуе.
Не самі паняцці, а нашы ўяўленні пра іх адносныя. Вось Чэнь Цзіжу, кітайскага сярэднявечнага афарыста, сцверджанне: «Чалавека пазнаць нялёгка. Але той, каго лёгка пазнаць, не варты таго, каб з ім знацца». Ці вось такое, гэтага ж аўтара: «Вартасць мужчыны – яго талент. Адсутнасць таленту – вартасць жанчыны». І тое, і другое — як паглядзець. Пазнаваць гадамі, дзсяцігоддзямі вартага – і жыцця можа не хапіць. Дурніцу мець пры боку – занадта ж сумна. І наогул сумна: для эфекту нечаканасці, неспадзеўнай іскрай узаемнага знячэўнага прыцягнення асвечанага, пры такім падыходзе месца, падобна, не застаецца.
Дзядзька М. у нас быў у Міжрэччы — чырванатвары, руды, дзівакаваты. Піва крамнае скрынямі купляў. Накупляе і цэдзіць потым паціху, выправіўшыся да става ці да возера з вудаю рыбу лавіць. Ці слота, ці заліваха, ці сцюжа – усё яму нішто, абы ў хаце не сядзець, абы рухацца, барукацца са стыхіяй. Нават калі захварэў і скон ужо свой непазбежны адчуваў, не кінуў звычкі, не пажадаў нічога мяняць напрыканцы.
А вось дзядзька Л. наогул алкаголю не ўжываў, гэта спраўна рабіла за яго падчас застолляў цётка Т., ягоная жонка. Праз усё сваё доўгае жыццё Л. быў непітушчы нібыта з прынцыпу: ат, што яна дае, тая шамурла, апроч галаўнога болю ды раскутасці языка, пра якую заўтра ж пашкадуеш? І яшчэ, мабыць, — з пагарды да вясковага асяродку, што ўкараніўся неўпрыкмет у ягонай душы пасля таго, як раз’ехаліся па гарадах падчас прыходу другіх Саветаў найгодныя сябрукі: з кім тут піць-гаманіць, з кім цешыць душу? Адзінае, чым пагаджаўся ахвяраваць дзеля сумніўнага хаўрусу, дык гэта хвіляю-другой дарагога часу ў перапынку паміж хатнімі клопатамі, вызірнуўшы з-за перабойкі ды пасміхнуўшыся паблажліва-далікатна нібыта з п’янага чыйгосьці досціпу, а насамрэч – і з «кумпаніі» гэтай зрэбнай, і з усяго, што яна тут, пры стале, чыніць.
І цяпер, на схіле дзён (восемдзесят тры стукне дзядзьку неўзабаве), не дачакаўшыся кампаніі годнай, ягоным высокім памкненням адпаведнай, сядзіць стары на зэдлі за перабойкаю, слухае, як жонка ладзіць дзеля гасцей стол, ды шматзначна пакерхвае – удае фанабэрыю.
– То будзьма! – кажа цётка і падымае напоўненую на траціну мёдам, на дзве траціны «гарылаю» (жывуць жа людзі) шклянку. – А ты, Л., ці хочаш крыху?
– Ну, можа, кроху (трохі), — адзавецца той з нотаю ўдаванае незадаволенасці ў голасе і, выйшаўшы з-за перабойкі, сам сабе налье – «кроху»: на траціну і яшчэ на дзве гэткія з маленечкім каптурыкам — кампенсацыя за гады самаўстрымання ў чаканні годнай «кумпаніі».
В. недаспадобы абы-як бавіць час, таму ён імкнецца запоўніць свой абмежаваны кампутарам, школьным класам і дваром свет цікавымі ды змястоўнымі людзьмі. В. усяго шаснаццаць, і ён поўны спадзеву, што ўсё ў жыцці, у тым ліку і якасць атачэння чалавека залежыць толькі ад яго самога, што як парупішся на гэты конт, так і будзе надалей. В. няблага ўяўляе рознасць паміж добрым і кепскім учынкамі, таму ён, хоць і гатовы, як і кожны адкрыты свету чалавек, слухаць усіх і ўся, для сяброўства будзе (так ён вырашыў) выбіраць асобаў надзейных, зычлівых і нездрадлівых. Ён яшчэ не ведае, колькі разоў ягоная датклівая шчырасць апячэцца аб той бездакорны выбар. І гэта цудоўна, бо што пальчыкам у неба, што ў яблычак – якая розніца, калі табе ўсяго шаснаццаць і спазнанне непрадказальнасці звіхаў жыцця і людскога вераломства хоць і не так далёка, але ўсё-такі пакуль што — наперадзе.
З сябрам дзяцінства Юзікам ва Устшэжы пад пругкімі струмянямі вадаспада грахі застарэлыя, за паўстагоддзя на целы начапляныя, змываем. Побач чалавек дзесяць немаведама скуль прыезджых: галёкаюць-плёскаюцца — хмыз прыбярэжны гнецца. І толькі мы, двое абарыгенаў, – маўчым. Нам, звыклай да вольніцы вясковай мурзатай малечы, тут, у гэтым сціснутым з усіх бакоў мурамі колішняе кардоннае фабрыкі ды кустоўем куце, купацца і ў голаў ніколі не прыходзіла. Іншых мясцінаў дзеля гэтай мэты ў наваколлі хапала. Сюды ж, бы паганцы да каменнай глыбы, сведчання Божае прысутнасці, наведваліся сцішана ( не парушыць бы хараства!) падзівіцца. Тады – паганства было, цяпер – пагана.
Закадычны сябар, закляты вораг. Ненавідзяць адзін аднаго, пішуць адзін на аднаго пасквілі, паслухаць каторага, дык няма ў свеце горшага чалавека за таго, другога. Але – усюды разам, упобачкі, быццам ланцугом нябачным скутыя, так ужо, відаць, і пойдуць па жыцці сіямскімі блізнятамі. Закадычны вораг? Закляты сябар?
«Што значыць – захоўваць пазітыў?» Год дваццаць таму і не знайшоў, што чалавеку адказаць на такое ягонае пытанне. Сёння, па сталым роздуме, так бы адказаў: захоўваць пазітыў — значыць узяць за звычку злаваць (наракаць) найперш на асобныя рэчы, а не на жыццё наогул.
З алкаголікам суіснаванне часта – жорсткая дылема з жыццём на коне. Сам не памрэ – іншага, таго, хто побач, угоніць у магілу. Адыдзе той другі, – і сам ці засіліцца, ці згарыць, ці атруціць сябе дарэшты зеллем. Адзіны паратунак для цвярозага другога – адпрэчыць учасна, адцурацца. Жорстка, ды такая дылема – з жыццём на коне. І не асудзіш: кожнаму найперш уласнае здароўе ды жыццё абыходзіць.
Этымалагічна неадназначнае паняцце – інтымная здрада. Здраджваюць, не маючы пачуцця — але ці можна тое называць здрадаю? Здраджваюць, здараецца, наўмысна — з роспачы ці са злосці. Ды ў любым выпадку рабіць што з першае, што з другое здрады праблему — гэткі ж нонсенс, як усхваляць прымусовую адданасць.
* * *
Ад жахлівага да высокага – адзін крок. Попел Пампеі, што чэпіцца падчас вандроўкі да ног, надзіва, не толькі не прыгнечвае, наадварот, – дадае ахвоты ачысціцца ад бруду. Жадання пасыпаць голаў тым вольным, бы вецер пазавуголлю паўразбураных камяніцаў, прысакам і паслаць куды падалей усё пустое, нікчэмнае, неістотнае. Адзін крок – даўжынёю ў стагоддзі, дзіўная метамарфоза на мяжы сёння і ўчора, сну і явы.
* * *
Што ў кадры, што па-за кадрам – біятланістцы Туры Бергер залішні, ды, відаць, і збольшага памяркоўны гламур падчас спаборніцтваў не пагражае. Лоб і шчокі ў кропельках поту, абсівераныя вусны з камяком прымерзлае сліны понізу, няправільныя абрысы твару – ці ж пра такое марыць спешчаны размаітасцю праяваў жаночага хараства топ-менеджэр «Плэйбоя»? Зацятаю ўпартасцю ды несучаснасцю хады на трасе Тура Бергер нагадвае мне колішнюю суседку, вясковую дзеўку Тарэсу Ц.. Гарт, узрослы на глебе сялянскай рупнасці – хараство будзённага.
* * *
«Як мы можам вось гэтак разлучыцца?» – сказала абражаная часовым ад’ездам каханага гераіня фільма «Цягнік Чжоў Ю» і ступіла насустрач здрадзе. Скуль было ёй, аслепленай першым у жыцці пачуццём, ведаць, што няўменне стачыць у адно сёння і заўтра немінуча прывядзе яе да згубы. Што заўтра, якім бы яно ні выдавала далёкім-недасяжным, непазбежна становіцца сёння і што быць здатным стрываць павольнасць гэткае метамарфозы можа толькі той, у каго ёсць хоць які-кольвек, хай сабе і найкуртаты, досвед ад учора. Хто дасканала ведае і прымае як належнае, што быць сёння – гэта таксама і быць заўтра з валізаю ад учора. Цягнік жыцця, хісткі спадзеў на мяжы явы і ўяўлення.