Яна ж, як і я, – заўсёды пешкі, і мы абодва гэта выдатна ведаем.
Efter pradiset[23] / Выспа Готланд
Эсэ
Кожная з маіх нячастых, рады ў гады, вандровак у замежжа суправаджаецца значнымі нервовымі выдаткамі, справакаванымі найперш клопатамі побытавага характару. Не забыцца набыць, паспець, прадугледзець і г. д. – тузін турботаў, звыклых спадарож¬нікаў існавання адзінотніка, які прывык спадзявацца толькі на сябе, для якога зямное калі і не засланяе дарэшты горняга, то і ніжэй за горняе на небасхіле непазбежнае будзёншчыны не месціцца. Мабыць, таму і ўражанні ад тых вандровак заўсёды ў мяне даволі рацыянальныя, а кубачкі кавы ды фужэры віна ў нянаскіх шыротах, вальяжныя высновы пра сутнасць быцця на тле экзатычных відарысаў, згадкі пра закуткі ружовых ці блакітных ліхтароў у апісаннях няблізкага свету нашымі паэтамі ды паэткамі выклікаюць у мяне лёгкі недавер ад дотыку да хай сабе і не пазбаўленых дасціпнасці і палёту думкі, аднак жа – надуманасці і выхвальства. Я гляджу на дзівосы замежнага жыцця і аналізую іх выключна з практычнага боку: зашмуляныя туфлі немаладой парыжанкі ў метро займаюць маё ўяўленне куды больш за багемную выключнасць Манмартра, а заношаная манжэта на рукаве кіроўцы ў аўтобусе на шляху з ускраіны Рыма да Ватыкана дае фантазіі куды больш спажывы, чым велічны выгляд усіх Калізеяў, разам узятых. Так было падчас паездкі ў Італію гадоў пятнаццаць таму, так было падчас выправы ў Парыж у 97-м, так было і ў час нядаўняй неспадзеўнай – з ласкі роднага творчага саюза – вандроўкі на шведскі Готланд.
Мая выправа на Готланд пачалася задоўга да дня ад’езду. Месяцы за чатыры да яго, з тае хвіліны, як міжволі давялося засесці за падручнікі шведскай мовы. Вучыць якую я пачынаў ад нуля, але пачынаў, праўда, з такім запалам, што неаднойчы падчас курсу ўначы прачынаўся, ловячы сябе на тым, што ў дрэме паўтараю ў памяці шведскія словы. Калі і пасуе да такой сістэмы вучобы які сінонім, дык гэта шведскае plugga (зубрыць): штосьці цяжкае, грувасткае, на мяжы здзеку з сябе і са здаровага (гэткае – на 57-м годзе жыцця! і дзе яна, тая шведская, табе надалей прыдасца?) сэнсу.
Безумоўна, веданне мовы – найкарацейшы крок на шляху да паразумення з яе носьбітамі. Знаёмства са структурай чужой мовы, будовай сказаў, адметнасцямі лексікі, арфаэпіі, фразеалогіі – гэта тое, што робіць суразмоўцаў больш блізкімі, больш дасяжнымі ў асабістых стасунках. Хаця што значыць – больш дасяжнымі? «Мы ішлі ўтраіх» і «Vi tre som gick» («Мы трое, якія ішлі») – як мне, звыкламу да гранічнае простасці ў роднай беларускай, у якой пры маўленні, паводле Караткевіча, «колькі паветра набрана ў лёгкія, столькі і аддадзена, шчодра, да апошняга...», даць рады спасцігнуць логіку такіх лінгвістычных выкрутасаў у шведскай? Або як вытлумачыць неймаверную схільнасць шведаў да эканоміі маўлення, калі, пры ўсёй іх прыхільнасці да іншаземца і гатоўнасці зрабіць атмасферу размовы як мага больш камфортнай для апошняга, падчас гаманы цябе ні на хвіліну не пакідае ўражанне, што прамаўляецца ўсё быццам праз сілу, нехаця?
Вось шведскае слова о.., да прыкладу, што значыць у перакладзе – выспа. О.. – гэта ў пачатковым выглядзе, у няпэўнай форме адзіночнага ліку. Як яго злавіць на слых у размове ў множным ліку формы пэўнай, калі колькасць літар у ім узрастае ў параўнанні з формай пачатковай ні многа ні мала ў пяць разоў: о..arna?
У іх – прыроджаная ашчаднасць, у нас – артыкуляцыйнае ляніўства, вынік звычкі любую фатальнасць успрымаць як належнае. Як ты дасі рады вымавіць хаваўся, музыкант ці камуніст, калі для гэтага вунь колькі органаў маўлення павінен змусіць у роце змяніць звыклую траекторыю руху? Ці не таму ў прастамоўі ў нас — хуваўся, музукант, кумуніст...
Знаёмства з чужой мовай, асабліва з гэтак добра распрацаванай методыкай навучання, як у шведскай, — між іншым, выдатная падстава для фармавання ўяўлення аб аптымальнасці вывучэння роднай. Вывучэння, а не яго падмены лёгкім экскурсам у прадмет, як гэта было ў нас на пачатку 90-х мінулага стагоддзя, калі на хвалі Адраджэння ды прыняцця «Закона аб мовах» у выкладчыкаў роднай мовы адбою не было ад запрашэнняў правесці курс навучання беларускай дзе-небудзь на пошце, у краме, ва ўстанове адукацыі і г. д. Калі збіралі ў аўдыторыі 20-30 чалавек, і яны, параскрываўшы сшыткі ды ўзброіўшыся асадкамі, сядзелі на тых занятках са спадзевам, што вось за гэтыя 45 хвілін ты, настаўнік-цудадзей, усяму, што патрабуецца, іх, якія дома і ў слоўнік ні разу не дадуць сабе клопату зазірнуць, акурат і навучыш.
Пры знаёмстве са шведскай уражвае мноства яе лексічных і лексіка-асацыятыўных супадзенняў з беларускай. Вось наша размоўнае слова плюндра, да прыкладу, узяць. Аказваецца, у шведскай аднайменнае яму ёсць — дзеяслоў plundra, у значэнні рабаваць. Ці іхнія pipa (трубка для курэння), krа°ka (варона), vandra (вандраваць, хадзіць), gurka (гурок), smuts (смецце), smaklig (смачны). «Табе далягае што-небудзь?» – пытаюцца на маёй малой радзіме, жадаючы даведацца ў чалавека, ці не блага яму, ці не баліць што-небудзь. У шведаў dа°lig – дрэнны, хворы. А які беларус з тых, што хоць збольшага ведае родную мову ды валодае слыхам, пачуўшы шведскае vad kostar det?, не дасць рады здагадацца, што пытанне гэтае – пра кошт нейкай рэчы? Днямі на занятках у роднай alma mater у адной з груп запісвалі па-беларуску назовы садавіны і гародніны. Да агурка дайшлі. «Як будзе, маладыя людзі?» – спытаў, упэўнены, што ведаюць. – «Гурка», – прагучала ў адказ.
Я стаяў у Вісбю на набярэжнай, як раптам пачуў зусім побач такое гучнае «Sjо..! Sjо..!», што ажно знянацку скалануўся. Некалькі падлеткаў, заінтрыгаваныя, мусіць, утрапёнасцю майго скіраванага на порсткія балтыйскія хвалі пагляду, захацелі мне нагадаць, што гэта – шё (мора, возера). Вось бы, пэўна, здзівіліся яны, калі б пачулі ў адказ, што ў нас на мяжы трох раёнаў Віцебшчыны, у мясціне, якая продкаў іх, вікінгаў, памятае, сваё Шо маецца. Акваторыя якога, дарэчы, да нядаўняга часу лічылася геаграфічным цэнтрам Еўропы. І што ў ваколіцах вёскі, дзе я вучыўся ў школе, значны адсотак тутэйшых жыхароў носіць прозвішча Швед.
Panna – гэта патэльня. Як на варункі нашай сярмяжнай старасветчыны, якую мы ўсё гэтак рупна міфамі падхарошваем дзеля надання большай значнасці ўласнай гісторыі, не зважаючы пры гэтым, што ўжо самі праз палахлівасць сваю ды рэнегацтва персанажамі міфаў для нашчадкаў робімся, дык цалкам і ў нашай мове адпавядаў бы гэткі назоў зместу. Печ – гаспадыня ў хаце, патэльня – панна. Не тая, што звычку мае фуфырыцца, прыбірацца ў строі пры люстэрку, а ў сэнсе — карміцелька. Цеста выліў на яе, і вось табе pankaka – бліны па-нашаму – гатовыя. Есці пачнеш — нос сагнецца: не абы на чым — на панне, дарма што kaka, спечаныя.
Але найбольш цікавым падалося мне ў шведскай мове слова by (вёска). З-за поўнага падабенства да канцавога складніка нашых айчынных электронных (tut.by-еўскіх) адрасоў – трапней, каб і хацеў, наўрад прыдумаеш. Так і ўяўляецца мне яго шведскі сэнс, ледзь пачну адчыняць сваю паштовую скрыню.
Ці можна засвоіць чужую мову, з якой ніколі дагэтуль не сутыкаўся, за чатыры месяцы? Вядома, не. Нават калі табе будзе здавацца, што твайго слоўнага багажу дастаткова для больш-менш прыстойнага кантактавання з аўтахтонамі, моўныя цяжкасці будуць суправаджаць цябе штохвіліны. Мне хапала маёй шведскай для паразумення ў краме, на вуліцы, у нейкай кароткай прыватнай размове – і не больш за тое. У краіне, дзе звычайная прадавачка валодае як мінімум дзвюма мовамі, гэта камфорту табе, літаратару, ды ў дадатак яшчэ і філолагу, не дадае. Цябе хваляць, абсыпаюць кампліментамі за нібыта сімпатычнае вымаўленне, але цябе гэта так мала цешыць. «У добрай размове не ўсё кажацца», – сцвярджаў сярэднявечны кітайскі афарыст Сюй Сюэмо. І пра тое, што не кажацца тымі ж шведамі пры кантактаванні з табою, ахвярай сістэмы нашага школьнага навучання ды ўласнае твае ляноты, ты, вядома ж, не можаш не здагадвацца.
Як і кожны выхаваны народ, шведы, сутыкнуўшыся з праяваю тваёй зацікаўленасці ў вывучэнні іхняй мовы, канечне ж, гэта ацэняць. І нават паспрабуюць пры нагодзе выказаць павагу на адрас тваёй роднай. Маладой паэтцы Сары Холстрём веданне нашай мовы абыходзіла з прычыны яе нядаўняга знаёмства з прозай Барыса Пятровіча падчас прэзентацыі ў Стакгольме ягонай кнігі «Фрэскі». «Як гэта будзе па-вашаму — blommоrna?» – пыталася, паказваючы на кветкі наўзбоч вежы. – «Цветы», – адказваў, збіты з моўнай хвалі папярэдняю рускамоўнаю рэплікай з боку калег-прыбалтаў. – «A°h, nej, jag vill veta det pa vitryska»[24], – не пагаджалася. – «Па-беларуску – кветкі». – «О, кветкі, – старанна паўтарала. – Кве-ткі! Det a..r vackert! Mycket vackert![25]».
Не ведала Сара, ды і не мог я ёй распавесці, як будзе мне пасля ўсіх яе знакаў прыязнасці сутыкнуцца на пачатку верасня ў родным універсітэце з тымі, каму ўпадабаная ёю беларуская – не тое што не «vackert», а, наадварот, – ледзь не воўкам пахне. Як будзе мне непамысна ўвайсці ў складзеную з не нашмат маладзейшых за яе студэнтаў аўдыторыю, a priori ведаючы, што ты там – чужынец, той, каго калі і чакалі часам, то адзіна з жадання падзівіцца на экзотыку. У якія скокі ды хітрыкі давядзецца пускацца, якія антраша вырабляць, каб хоць збольшага завабіць маладых суайчыннікаў, будучую эліту нацыі, у цянёты спасціжэння мовы іх продкаў.
Як было мне сказаць Сары, што пры ўсёй маёй любові да выкладчыцкай працы ды пры ўсім маім (даруй, Божа, нясціпласць) уменні завабліваць моладзь у згаданыя цянёты, у мяне так часта апускаюцца рукі ад бездапаможнасці пры сутыкненні са штогод горшым яе, роднай мовы, валоданнем. Што часам агучаная кім-небудзь са студэнтаў падчас вуснага выказвання на зададзеную тэму фраза-абракадабра нават усмешкі ў ягоных 17-гадовых аднагрупнікаў не выклікае з прычыны элементарнага няведання маладымі людзьмі сэнсу асобных словаў. І што паняцці «тарашкевіца» або «наркамаўка» калі і здольныя выклікаць у абсалютнай большасці якое пачуццё, дык толькі пачуццё недаўмення. Не кажучы ўжо пра нейкія там прыватныя пытанні ды дэталі з раздзелаў айчыннае марфа-, фразеа- ці дыялекталогіі.
Зрэшты, ці толькі пра мову не здолееш сказаць таму ж шведу? Вось пра заробак, напрыклад, памкнешся даводзіць ды і кінеш: тлумачыць людзям з іх узроўнем жыцця, як можна жыць на 200 даляраў у месяц і пры гэтым не лічыць сябе бедным, — марная справа.
«Касцёл бедны ў нас, – кажа дыякан каталіцкай парафііі Цела і Крыві Езуса Хрыста ў Вісбю Біргер Андэрсан. – Адпаведна і заробкі – так сабе. Я вось да сёлетняй падвышкі ўсяго 28 тысяч эўра ў год меў. Зараз – 82 тысячы атрымліваю, то ўжо і жыць можна».
Я гатаваў абед, як раптам у калідоры прылеглай да кухні бібліятэкі Baltic Centre пачулася хада. «Ну, хто тут з Беларусі?» – спытаў маладжавы чалавек у шортах і падаў руку. — «Хтось з пісьменнікаў? – мільганула ў маёй галаве. — Але ж хто, здаецца, ні разу яго раней не бачыў?» – «Стэфан Эрыксан, амбасадар Швецыі ў Беларусі, — на чысцюткай беларускай адрэкамендаваўся госць. – Адпачываю тут, у Вісбю, з сям’ёй, маю вольнага часу, дык вырашыў вось на хвіліну зазірнуць».
Між іншым, знаёмства са шведскай яшчэ больш умацавала маю даўнюю ўпэўненасць, што мы абсалютна неабгрунтавана, насуперак лінгвістычнай справядлівасці, праігнаравалі патрэбу мець у нашым алфавіце трыццаць трэцюю літару. Гэта літара, якая абазначала б збег гукаў «й» і «і» на пачатку слова. Не адзіночнага «і», як у слове «ліпа» ці «кіно», а менавіта спалучэння «й» і «і» на пачатку слова (Йірка, йіхні). Як у шведскай «йе» або «йі» у гэткай жа пазіцыі, што вымаўляецца пры пропуску пачатковага «g» (ga..rna, gick). Можа, дойдуць усё ж калі-небудзь рукі ў нашых моваведаў?
Прачнуўся ўранку ад нейкага галасу за рогам дома. Вызірнуў з вакна і не даў сабе веры: усю вулку збоч дома акупавала працэсія з маладых бацькоў, якія везлі на драўляных самаробных павозках сваіх дзяцей у цэнтр горада. Усе як адзін, у тым ліку і дзеткі, былі апранутыя ў сярэднявечныя строі, некаторыя – пры цацачнай зброі. Я ведаў, што з гэтага дня ў Вісбю мае пачынацца свята Сярэднявечча. Але што ажно гэткім будзе яно маляўнічым і шматлюдным, не ўяўляў. «А хто там ідзе?»—міжволі ўсплыло ў памяці. «Маладыя шведскія бацькі вязуць малых шведзікаў паглядзець «на свет белы», — сам сабою склаўся адказ. І так на працягу тыдня: дзеці, моладзь, старыя – усе на свяце, кожнаму яно дарагое, кожнаму абыходзіць. Такая, мабыць, іхняя ідэалогія – простая, даходлівая, уцямная. Якую не спецы-ідэолагі будуюць метадам запалохвання, а самі грамадзяне.
Што кінулася ў вочы ў Вісбю падчас тае святочнае сярэднявечнае містэрыі, дык гэта поўная адсутнасць так характэрных для нашых айчынных дзеяў падобнага кшталту рэверансаў на адрас суседзяў. Мясцовая готландская прыгажуня здрадзіла роднаму гораду з-за сімпатыі да дацкага ваяра? У мора яе! Утапіць пад галёканне абураных нечуванаю здрадаю суайчыннікаў! Як непадобна ўсё тое на спалітызаванае, заідэалагізаванае адкрыццё ці сканчэнне нашага «Славянскага базару», калі што ні фраза, то — «братні народ», «вечнае сяброўства», «агульныя карані» , агулам жа — любоў да знямогі.
Пры ўсёй сваёй маштабнасці свята Сярэднявечча ў Вісбю ўражвае яшчэ і простасцю яго сцэнічнага ўвасаблення. На лапіку плошчы перад камяніцай – камерны спектакль на сюжэт сівое даўніны; у камяніцы – спевы хору; на стадыёне – турнір з удзелам сярэднявечных рыцараў, мэта якіх – усяго толькі патрапіць дзідаю ў мішэнь на радасць шматтысячнай грамадзе гледачоў. Але ж які энтузіязм, як імпэтна ўспрымаецца людзьмі ўся тая просценькая, прасцей ужо куды, дзея. Уранку едзеш на ровары на пляж: ідуць, спяшаюцца людзі з ваколіцаў у горад. Вяртаешся ў поўдзень: усё ідуць, ужо другія, хто з заплечнікам на спіне, хто з чаравікамі ў руках. Горача, і цяжкі сярэднявечны строй, пэўна ж, камфорту не дадае, а яны ўсё ідуць – самахоць, без прынукі. Свята ў людзей.
Харчу ўсюды поўна нібыта, як і пітва таксама, у Вісбю ў гэтыя дні, а п’яных — ніводнага чалавека. Адпаведна, і кардонаў з паліцыянтаў, у адрозненне ад нашага «Базару», на свяце Сярэднявечча – аніякіх. Некалькі конных патрулююць горад, і гэта ўсё, нягледзячы на тое, што насельніцтва яго ўзрастае на тыдзень за кошт гасцей з розных краінаў у некалькі разоў. Праўда, і курцоў, напрыклад, таксама нашмат больш ў параўнанні з днямі звыклымі, калі запаліць на вуліцы проста няёмка, бо чалавек з цыгарэтаю ў Вісбю — рэдкасць. Такая, што аж мне, палільшчыку з амаль саракагадовым стажам, міжволі давялося развітацца з кепскаю звычкай. Праўда, часова, усяго толькі на месяц, на болей не хапіла запалу. Можа, і хапіла б, калі б кошты на атруту былі ў нас шведскія. Чатыры еўра за пачак – такая там мінімальная дзяржаўная цана добраахвотнай шкодзе чалавека ўласнаму здароўю.
Зрэшты, нецвярозых ды бомжападобных давялося-такі ў Вісбю пабачыць. Пасля свята ўжо. Але не ў рысе старога горада, а за брамаю, на пустэльні, што разлеглася між гістарычнаю часткай места і сучаснымі мікрараёнамі. Пара мужчын, пара жанчын: твары прапітыя, пры бутэльцы, пры закусі. У адрозненне ад нашых, ні да каго не чапляюцца, адзінае, што кідаецца ў вочы – гучна размаўляюць, засяроджаныя на высвятленні адносінаў аднаго з адным.
Літаральна на другі дзень па адкрыцці фэсту Сярэднявечча ў готландскай прэсе з’явілася адразу некалькі нататак пра дзяўчат з Беларусі, якія гандлююць на святочных пляцоўках беларускімі сувенірамі, збіраюць гэткім чынам сродкі на будаўніцтва ў Мінску праваслаўнага храма. Такая ўвага да нашай краіны ў шведскіх выданнях – не рэдкасць. Але што ж яны там прывезлі, тыя дзеўкі, у якасці прэзентацыі родных пенатаў? Акурат у той жа дзень незнарок набрыў у гандлёвых радах на зямлячак. Ля палаткі з «нашымі» сувенірамі спаткаў і шведаў-католікаў, з якімі пазнаёміўся напярэдадні ў касцёле падчас вячэрняй Імшы. «Што набыць дзеля знаёмства з вашай краінай? Можа, вось гэта?» – спытала адна з жанчын і пацягнулася рукою да палічкі з ... рускімі матрошкамі, якія складалі тут большую частку ад усіх выстаўленых на продаж сувеніраў. А літаральна назаўтра ў тых жа готландскіх выданнях з’явілася паведамленне, што шведскі ўрад рыхтуе пастанову аб змяненні афіцыйнае дагэтуль назвы нашай краіны Vitryssland на Беларусь.
Што ўвесь час суправаджала падчас кантактавання з готландскімі шведамі, дык гэта нейкае невытлумачальнае іх падабенства да маіх землякоў. Абрысы твару, пастава, унутраная засяроджанасць, шчырасць – усё так нагадвала насельнікаў паўночнага захаду Віцебшчыны, што я не-не ды і пачынаў лавіць сябе на тым, што шукаю асобе нейкага чалавека адпаведнік са сваёй малой радзімы. Асабліва падобнымі здаліся жанчыны. І не дзіўна: пры ўсіх адрозненнях ладу жыцця агульнасць сужэнскіх, мацярынскіх, гаспадарскіх клопатаў ва ўсіх краінах накладвае на аблічча жанчын аднолькавы адбітак.
Baltic Centre ў Вісбю – дом творчасці, гэткая нашая колішняя «Іслач» для пісьменнікаў і перакладчыкаў, толькі больш камерная паводле памераў ды больш арыентаваная ў побытавым плане на самаабслугоўванне насельнікаў. І там чарговы раз упэўніваешся, што літаратарскі асяродак – хутчэй наднацыянальная каста, чым зрэз нацыянальнага. Не без налёту, канечне, спецыфікі светаўспрымання, прадыктаванага адметнасцямі менталітэту народа, да якога літаратар належыць. Амбітнасць, прага вядомасці, боязь згубіцца ў акіяне гэткіх жа, як сам, апантаных спадзевам зацугляць слова, урэшце проста цяжкі характар, як, зрэшты, і шчырасць, і спагадлівасць, – усё там ёсць. І тых, з кім цікава пагаманіць, дастаткова, і тых, з кім лепш патрымаць язык за зубамі, не бракуе. Да таго ж і рознага творчага калібру людзі. Але як чалавек годны, дык усюды такім застанецца. Нашага Быкава вельмі цёпла згадваюць гаспадары.
Джаніна Браччы – паэтка-пуэртарыканка з Нью-Ёрка. Былая школьная настаўніца, выйшла на пенсію і вандруе сабе па свеце, балазе ўзровень матэрыяльнай забяспечанасці дазваляе. Упаўне савецкі чалавек, так і карціць назваць Янінай. У галаве – вершы ды героі вызвольнай барацьбы, кшталту Кастра і Чэ Гевары: «Мы, лаціносы, – амерыканцы і нічым не горшыя за багатых паўночных суседзяў. А галоўны наш клопат – давесці ім гэта, каб раз і назаўсёды ўцямілі».
Немка Марта з’явілася ў доме творчасці за колькі дзён да майго ад’езду. І колькі разоў дзе яе ні сустракаў, гэтулькі разоў выплывала з падсвядомасці думка, што не такія яны, немцы, у маім уяўленні, як, напрыклад, італьянцы, ці французы, ці шведы. Як ні дакараў сябе за ўзрослую на глебе памяці, хоць і не асабістай, пра дзве сусветныя збродні паліт-некарэктнасць, так і не здолеў яе пазбавіцца. І гэта пры тым, што мае продкі што ў адной, што ў другой вайне надта не пацярпелі. А як жа Лене Пастэрнак, дырэктарцы Baltic Centre, сябе побач з немцамі адчуваць? Ніколі нікому не паверу, што можна такой памяці, а значыць, і недаверу, ёю ўзгадаванага, нават пры вялікім жаданні, пазбавіцца.
[23] Пасля раю (шведск.)
[24] Ай, не, я хачу ведаць гэта па-беларуску (шведск.)
[25] Гэта прыгожа! Вельмі прыгожа! (шведск.)