Ужо і шарэць пачало на дварэ, а Лёлі Сашка з Люсяю яшчэ зблізу не бачылі. Раз-пораз выходзяць на двор то цётка Каруся, то сам Зюзялёк, а госця быццам знікла куды, ні слыху пра яе, ні дыху. Сашка з Люсяй сядзяць у альтанцы, знэнджаныя абрыдлым чаканнем, з надзеяй – а раптам раздобрыцца-такі прыезджая прынцэса, выйдзе пазнаёміцца — пазіраюць на вокны Зюзяльковай кватэры.
— Сашка, ты ліст мой пачытаў? – кажа Люся і ўстае з месца. Цётка Люба яшчэ не клікала яе, але яна і сама, мабыць, адчувае важнасць тых штодзённых пісанак перад школаю.
Сашка чакае па яе адыходзе яшчэ колькі часу, і толькі калі наўкола зусім цямнее, брыдзе, знявераны ў спадзеве на новае знаёмства, дахаты, і забыты на час марнага чакання Люсін ліст самотна шорхае ў кішэні ў такт ягоным знарок гучным – ведай, хто тут, у гэтым двары, галоўны – крокам.
У кватэры гэтаксама цёмна, як і на дварэ, бо бацька і маці ўжо спяць. Ён прабіраецца ў свой пакой, запальвае ва ўзгалоўі святло, цягнецца рукою да кішэні, дзе стаіўся ў прыціхлым здранцвенні канверт з Люсіным лістом.
І што ў ёй, гэтай паперчыне, такога сакрэтнага, што нельга нават дасылаць яе па пошце? І што за ліст гэта: каб табе знак прыпынку, суцэльны тэкст, а літары — бы калочкі-слупкі толькі што пасаджаных вербалозін усцяж брукаванкі ад цэнтра мястэчка да чыгункі?
Ліст Сашку незразумелы, ды і як тут даць рады што-кольвек зразумець, калі замест апісання – спрэс адны недаказкі-недагаворкі. Ну, хай сабе гурбы, хай сцюжа, хай хвоя-спарыш з арэлямі, гэта зразумела. А пры чым да ўсяго нейкая пайка ды братавы пялюшкі, якія цётка Люба мусіць сушыць, абгарнуўшы іх вакол уласнага цела? І чаму яна выносіць цела брата, а назад не вяртае – што гэта значыць? Нішто сабе Поўнач, нішто сабе аповяд. Ці тое гэта, пра што то адзін, то другі з суседзяў не-не ды і згадае паўшэптам у размове? Хоць папытайся ў каго са старэйшых, напрыклад, у дзядзькі Зюзялька? Але ж пытацца ў абыход Люсінай персоны не выпадае. Як-ніяк яны з Люсяю сябры, а што такое праўдзівае сяброўства, ён, Сашка, ўжо няблага кеміць. Асабліва зараз, па прыездзе Лёлі, якая і глядзець у іх з Люсяю бок, фанабэра, не жадае. Ды і цьмяная здагадка, што крыецца за Люсіным лістом штосьці больш сур’ёзнае, чым проста занурыста-зацятая звычка бязбацькавіцы рабіць з усяго таямніцу, стрымлівае Сашкаву дапытлівасць.
Ён сядзіць у самоце на звыклым месцы, у альтанцы, чакае, калі выйдзе з барака госць Гарнакоў. А разам падчэквае і Люсю, якая выправілася з паўгадзіны таму з цёткаю Карусяй ў пассавет па сахарыну.
Госць Гарнакоў з’яўляецца ў двары першы. Гэта моцна збіты мужчына год трыццаці з тонкімі, як намаляванымі вусікамі і спружыністай хадою, што хутчэй за ўсё выдае ў яе ўладальніку або вайскоўца, або службоўца міліцэйскай сістэмы. Па ягоным расчырванелым твары бачна, што ён не ў гуморы. Ён выцірае насоўкаю пот на ілбе, сыходзіць з ганка, шырокім крокам, ажно разлятаюцца ўбакі полы дыхтоўнага на тле сціплае штодзённае апраткі тутэйшага люду плашча, прастуе прэч ад барака. Цётка Люба праз хвіліну выскоквае на двор, подбегам імчыць за ім, і яны ўдваіх знікаюць неўзабаве па-за ліпавымі прысадамі.
— Хахаль, няйначай, — хіхікае-цвеліцца з вакна Зюзялёк, і бацькаў стрыманы голас, таксама з вакна, толькі насупраць, асаджвае яго:
— Сціхні ты! Чым вярзці абы-што, пад жонку лепей падышоў бы. Там, можа, гэтулькі тае сахарыны далі, што і не прывалачэш адною ходкай. Гэтулькі, можа, што і каня, глядзі, не лішне было б запрэгчы.
Кулепадобная пастава цёткі Карусі вымыкаецца з-за прысадаў, і па яе панылым твары няцяжка здагадацца, што не толькі каня, а і блыху, бадай, запрагаць дзеля гэткага багажу было б не варта.
Лёля пераймае цётку Карусю ля дзвярэй пад’езда, штосьці кажа напаўголаса. І хоць ні гуку не далятае да альтанкі з тае нячутнае гаманы, па непрыязным паглядзе, які кідае ўпотайкі Лёля на вокны Гарнакоў, Сашку зразумела, пра каго размова. Дзядзька Зюзялёк перахоплівае пагляд пляменніцы, усмешліва хмыкае:
— От табе прырода жаночая: колькі тае дзеўкі, а ўжо натурыцца, быццам суперніцу ў іншай адчувае. А што будзе, як падрастуць?
Што здарылася нешта надзвычайнае, першымі даведваюцца Сашка з дзядзькам Зюзяльком. Навіну прыносіць паштарка. Яна толькі што з таго канца мястэчка, і там, калі даваць ёй веры, дзеецца штосьці неверагоднае: люд стабуніўся ля млына, а на доле пад вакном, на камянях нібыта ляжыць мярцвяк.
— Сцягацца паглядзець, — кажа дзядзька Зюзялёк і перакідвае праз падваконнік (ісці праз дзверы яму ці то лянота, ці то боязна, што не пусціць на тыя гледзіны цётка Каруся) хударлявае сваё, з непрапарцыйна даўгімі рукамі цела. Бацька далучаецца да яго, яны скіроўваюць з двара. Сашка спрабуе прыпусціць следам за імі, але яны тут жа спыняюцца, гоняць яго прэч. Яны адыходзяць, а ён, счакаўшы колькі хвілін, ідзе да барака. Люся (яна колькі хвілін таму вярнулася следам за цёткаю Карусяй з пассавета) паказвае яму на мігі з-за шыбіны, каб уваходзіў, і цёмнае, праніцанае пахам спарахнелага дрэва і тарпы – так называюць у пасёлку торф для паліва – прадонне калідора праглынае яго.
Люся сядзіць у здранцвенні пры вакне, лічыць пігулкі сахарыны. У пакоі цемнавата, але, здаецца, нават і самая густая цемра не перашкодзіла б Сашку, далёка не выбрэду, чарговы раз уразіцца яго беднасцю: самаробны старэнькі стол у куце, тапчан, два зэдлі-калечкі ля парэпанага, складзенага сяк-так з карыстанае цэглы шчытка.
— Ты ліст мой прачытаў? – пытаецца Люся і строга дадае: — Калі прачытаў, то аддай яго мне.
— Які ж то ліст, крыжаванка нейкая, а не ліст, — адказвае Сашка. – Што ў ім зразумееш?
— Усё адно аддай. Які б ні быў...
Ён хоча запярэчыць, што дасланыя лісты не вяртаюць, але не паспявае: з двара даносяцца галасы.
Люся падымаецца з зэдля, напружана, ажно падрыгваюць павекі, глядзіць паўз фіранку ў вакно.
Дзверы ляпаюць, трывожны тупат чыіхсьці таропкіх крокаў урываецца ў пакой. Сашкава маці кідаецца да Люсі, прытуляе да грудзей бялявую галаву дзяўчыны з няўцямна вытарапленымі вачыма.
Пігулкі выслізгваюць з Люсіных рук, падаюць на падлогу, і глухое рыпенне маснічын пад нагамі, калі яна падхопліваецца з месца, каб бегчы на двор, паглынае яе роспачлівы, кароткі, як пошчак грому ўдалечыні, енк.
Тыдзень ад паховінаў цёткі Любы прамінае пад знакам прысутнасці ў двары старонніх людзей. Найбольш назаляюць дазнаўцы. То адзін, то другі прымчыць у лінейцы з раёна, пачне доўга і нудотна распытваць, што ды як, і вось ужо, ледзь паспее атрамант падсохнуць на паперчыне з паказаннямі сведкаў, трэці тут як тут, ды палохае дарослых і дзяцей суворасцю і моцаю голаса, ды маніцца конча пераплюнуць папярэднікаў мудрагелістасцю высноваў. Найбольш усім траім чамусьці абыходзіць дазнацца, ці мела нябожчыца спадкаемную схільнасць да самазабойства.
Пра мужчыну, следам за якім цётка Люба пайшла ў той дзень, ніхто не распытвае. А калі дзядзька Зюзялёк нагадвае пра яго трэцяму дазнаўцу па прозвішчы Бібік, той заспакойвае дзядзьку, што версія правяраецца, але, хутчэй за ўсё, працягу мець не будзе, бо чалавек той – свой і падазраваць яго ў такім цяжкім грэху, як забойства, аніяк не выпадае.
Люся ўсе гэтыя дні, пакуль яе бабуля Настазя, свякрова нябожчыцы, даводзіць да ладу гаспадарку ў вёсцы, жыве ў Дарашэнкаў. Яна старанна пазбягае ўсіх і паводзіць сябе надзіва спакойна. Сядзіць цэлымі днямі ў куце пад абразамі падалей ад вакна, за якім бушуюць жарсці нядаўняе трагедыі, ды малюе ў сшытку выявы паўночных гурбаў і заснежаных хвояў-спарышоў з жалязякамі для арэляў паміж камлямі. А ўначы доўга не спіць, і тады Сашкава маці бярэ яе да сябе ў ложак, і яны напаўголаса штосьці адна адной распавядаюць.
Праз два тыдні баба Настазя перавозіць сваё няхітрае майно ў барак, і Люся пакідае Дарашэнкаў. Гэта і добра, бо ў іх даволі цесна. І разам з тым кепска, бо Сашка прывык да ненавязлівай Люсінай прысутнасці і ахвотна згадзіўся б мець такую дзяўчыну за сястру.
Дзверы то прастуджана керхнуць, то зойдуцца тоненькім рыпеннем, то адгукнуцца на пазоў скразняка рэзкім, кароткім пошчакам. А то дарэшты аціхнуць, бы тая котка перад скачком падчас палявання, замоўкнуць у чаканні нагоды абвясціць наваколлю аб сваёй прысутнасці. Дзвярэй у будынку шмат, люду, наадварот, мала, таму будынак хутчэй нагадвае кляштар суворасці сярэдняе рукі, чым корпус дома адпачынку. Ды і памяшканне сталоўкі з напалову абпалымі рогамі плаката з выяваю дзяржаўнага герба ў міжваконні і цытатаю пра ролю культуры абслугоўвання тут, здаецца, выглядае іначай, як звычайна ў падобных установах: ні грукату посуду з-за перагародкі паміж залаю і кухняй, ні галасоў абслугі.
Дарашэнка азіраецца ў надзеі ўбачыць хоць бы адзін новы твар, але дарэмна. Нічога новага, за выняткам хіба таго, што шэрагі адпачывальшчыкаў за суткі яшчэ больш парадзелі. Бо напярэдадні з’ехала сям’я з Чарнобыльскай зоны, якая сядзела за ім пры вакне, а цяпер яе месца заняў стары па прозвішчы Зелянуха з пакоя ў канцы калідора. Старому пад восемдзесят, калі не за. Але ён яшчэ такі жвавы ды порсткі, што кульба, з якою ён, падобна, не развітваецца ні ўдзень, ні ўначы і якой, напэўна, з гэткае адданасці гаспадара больш пасаваў бы шляхецкі назоў «ляска», выглядае пры ім не як прадмет ужытковага прызначэння, а хутчэй як модная прычындаліна з побыту амбіцыйнага падпанка якога-небудзь пазамінулага стагоддзя.
Стары падымае кульбу ў знак прывітання, і яго шчыльна прылеглыя адно да аднаго бровы павольна рассоўваюцца ўбакі, у накірунку скроняў, а твар асвятляе кволая, з дамешкам незадаволенасці, быццам яна каштуе яму немаведама якіх фізічных высілкаў, усмешка. Ён сядзіць колькі хвілін нерухома з узнятаю кульбай, пераводзіць пагляд на вакно, за якім шчыруе пры клумбе з гваздзікамі ды астрамі прыбіральшчыца Міла Сцяпанаўна. Жанчына ўздымае голаў, зіркае спадылба на вакно, усміхаецца Зелянуху, і нязмушаная суладнасць іх дзеянняў міжволі зноў вяртае Дарашэнку да ўчорашняга роздуму.