Андрэй уносіць паднос з ежаю, ставіць на стол збоч падваконня. Ён, відаць, чуў размову, бо тут жа пачынае супакойваць жонку. Дарашэнка таксама мкнецца зрабіць унёсак у справу, зазначае, што, маўляў, адліюцца забойцу матчыны слёзы. Але парыў ягоны, наўздзіў, не знаходзіць у гаспадыні адабрэння.
— Што ты! — кажа яна і рашуча адсоўваецца ад яго, бы ад нясветнага ерэтыка. – Крый Бог! Хай застаецца ўсё, як ёсць. Яго зловяць – і ёй горай будзе на тым свеце. Што заўгодна, ды толькі не помста. Айцец Зміцер, наш святар, кажа, нішто так не есць чалавека знутры, як яна, помста. Пачнеш помсціцца, а ў выніку – сам сабе толькі нашкодзіш. Сточыць помста вантробы, бы шашаль гаржэтку...
Андрэй падтаквае ёй, і Дарашэнкава маўклівая нязгода з гэткаю высновай – дараваць забойцу, як можна? — ціхамірна патанае ў суладнай цвердзіні іх хрысціянскай усёдаравальнасці.
— Дык што, едзеш адпачыць? — пераводзіць размову на іншае Андрэй. – Надоўга? Добра табе... А мы вось з Нэляй ніяк не збярэмся за слугаваннем мамоне[3]. Сцягаліся на тыдзень у Прагу ды Берлін, але хіба гэта адпачынак? Дарога такая цяжкая, ды і ўражанняў тых кот наплакаў, адно паспяваеш падчас язды ад прыбіральні да прыбіральні «Макдональдсы» з іхнімі вар’яцкімі фаст-фудамі за вакном аўтобуса лічыць...
— Гаворыш абы-што, – кажа Нэля і лагодна падміргвае Дарашэнку. – Прыдумаў – мамоне! Падумае чалавек, мы тут няведама які крымінал развялі. Можна і наогул нічым не займацца, а такому мамоне слугаваць, што і чорту не прысніцца. Тым больш – не для сябе стараемся, хочацца ж Жэні памагчы.
Жэня – другая, старэйшая Андрэева і Нэліна дачка, равесніца Ігара. Два гады таму яна выйшла замуж за кіпрыёта турэцкага паходжання і з’ехала з ім да яго на радзіму. З’ехала насуперак нязгодзе бацькоў, таму напамін пра яе з вуснаў Нэлі, якая зазвычай балючай тэмы не чапае, выглядае дзіўнавата.
— А вось у палітычныя авантуры менш трэба лезці, — працягвае Нэля і моршчыць лоб. — Такі складаны час для прадпрымальнікаў, адну за адной фірмы зачыняюць, а ён, бач, у страйкавы камітэт упісаўся. Паведаміць хто з «зычліўцаў» куды след – і гамон справе, шукай тады вінаватых. Ну, не так, Саша?
— Можа, і так, — кажа Дарашэнка і зноў чамусьці – каторы раз за апошнія дні — згадвае Люсін ліст. Згадка такая ліпкая, што нават тады, калі Андрэй заводзіць размову пра нюансы працы ў фірме па продажы радыёапаратуры, якую ён пяць год таму адчыніў у складчыну з яшчэ адным сваяком, Дарашэнка не дае рады ад яе адчапіцца. І толькі Алушын прыход ненадоўга, бо жанчыны амаль адразу зачыняюцца ў пакоі, каб пагаманіць сам-насам, крыху знівелёўвае яе.
— А прызнайся, што ўсё яшчэ неабыякавы да гэтай Люсі, — кажа Алуша і з выглядам пакрыўджанага дзіцяці – звычайная яе манера паводзінаў неўзабаве па замірэнні — адводзіць пагляд убок. Злосць усё яшчэ прабіваецца ў яе голасе, але гэта ўжо хутчэй злосць на мяжы даравання – усцешны вынік доўгай начной размовы Дарашэнкі з жонкаю напярэдадні ягонай выправы ў дом адпачынку. – Цяпер мне зразумела, чаму ты ажно тры гады мітрэнжыўся з прапановаю пабрацца... Ніяк яе не мог забыцца!
— Ага, так і ёсць, якая ж ты здагадлівая, — кажа ён, імкнучыся надаць голасу як мага болей сарказму.
Канечне, ён пакрывіў бы душой, калі б працягваў даводзіць, што едзе ў той дом без таемнага намеру пабачыць Люсю: з песні слова не выкінеш. Не жадаў бы ён спаткання з Люсяй – хто б прымусіў яго ехаць, такіх дамоў колькі ні панаадчыняна апошнім часам паўсюль. І Алуша не такая дурніца, каб да гэтага не датумкаць. Так што яе рэакцыю на ягонае рашэнне ехаць цалкам можна зразумець: хто ж узрадуецца, што яго спрабуюць трымаць за дурня? Абраза і падман, хай сабе і ў выглядзе маўчанкі, заўжды ходзяць поруч. І не жанчыну, які б вынаходлівы і спрытны ні быў мужчына, на зазуб тае маўчанкі беспакарана падсякаць.
Гэта была першая іх размова, падчас якой ён распавёў жонцы ўсё пра свае дзяцінна-юнацкія стасункі з Люсяй Гарнак. Але што значыць – усё? Як можна распавесці ўсё іншаму чалавеку пра тое, чаму і сам нават у паважным ужо ўзросце не ў стане даць дакладнага азначэння? Не кажучы ўжо пра нейкія там інтымныя нюансы, што суправаджаюць падобныя гісторыі. Кшталту гэтак абсмяянага рознымі цынікамі ды ўсё адно гэтак помнага кожным з нас ад гадоў маленства камяка ў горле ад доўгачаканага пагляду, дотыку, усмеху, што апячэ душу праяваю прыязнасці ды застанецца ў памяці на тле абыякавасці іншых людзей як ледзь не самае дарагое, што здарылася з намі ў жыцці.
Адзіным, чаго ён баяўся падчас размовы, было – ці дасць Алуша яму веры. Жанчын заўсёды найперш цікавіць – ці было, а калі было, то што? І тут паспрабуй даць рады не патрапіць у нерат. Скажаш, што было – значыць, юрлівец, валацуга, скажаш не было – значыць, хлус, бо не быць пры гэткім жаданні сустрэцца праз гады папросту не можа.
Як ні дзіўна, Алуша такога пытання яму не задала. Быццам адчула яго недарэчнасць ды дыпламатычна ўнікла, хоць, магчыма (і хутчэй за ўсё, што так), і круцілася тое пытанне ў кабеціны на языку.
Галава цягніка з кропкаю святла паперадзе вынырвае з-за павароту, набліжаецца да станцыі.
— Дык што – неабыякавы? – нагадвае пытанне Алуша і саступае пад ціскам патэнцыйных пасажыраў з пляцоўкі на суседнія рэйкі. – Ну, што тут скажаш! Тэлефануй, як што спатрэбіцца... Дарэмна Ігараў мабільнік не ўзяў, вось і будзеш мучыцца, шукаць якой будкі, калі наогул яны там ёсць. – І дадае быццам паўжартам ужо пад самы адыход састава: — Глядзі ж, хоць там без глупстваў...
Яна нешта кажа яшчэ, але словы яе патанаюць у гудку цеплавоза. І неўзабаве і сама яна, ухутаная завесаю ці то дыму, ці то шэрані – надвячоркам прайшоў пасля невыноснае паўдзённае спёкі спорны дождж, а прыпарка так ані і не паменшала — знікае з вачэй пад вясёлы акампанемент колаў цягніка.
Састаў то гайданецца на павароце, то суцішыць рух, то зусім спыніцца на чарговым паўстанку. Субота, люду ў цягніку няшмат. Купэ, у якім Дарашэнку дастаўся квіток, — бадай, адзінае цалкам укамплектаванае пасажырамі ва ўсім вагоне. Ззаду паўгадзіны язды, і вось ужо, асвойтаўшыся збольшага сярод незнаёмых людзей, то адзін, то другі з Дарашэнкавых суседзяў адзавецца асцярожлівай рэплікай у спадзеве намацаць глебу для размовы.
Найбольш гаманкая з чацвёркі – пажылая кабета-медычка з Таліна. Яе сусед, маладзён гадоў трыццаці, таксама талінец і таксама, як і жанчына, беларус з паходжання. Абое хваляць не нахваляць жыццё ў сваім Таліне («палтус такі танны – ледзь не штодня ямо!»), і разам з тым абаіх родніць нейкі неўразуменна-глыбінны асцюк помслівае незычлівасці да тамтэйшых аўтахтонаў, што раз-пораз вымкнецца з вуснаў то аднаго, то другога.
— Паспытаюць яшчэ і нішчымнага, палтус, ведаеце, таксама не бясконцы, — падагульняе тэму кабеціна і з мінаю чалавека, што належным чынам выканаў свой грамадзянскі абавязак, застывае над сканвордам.
Чацвёртая пасажырка, дзяўчына з фінгалам пад левым вокам, знешне, асабліва неахайнасцю прычоскі, нагадвае ці то ўлюбёную Ігараву спявачку Б’ёрк, ці то маладую Пугачову. Яна, як і Дарашэнка, тутэйшая, раз-пораз выходзіць у тамбур папаліць. Фінгалам яна абавязаная свайму сталічнаму каханку-суценёру, які ўзлаваўся на яе за тое, што прыхавала ад яго частку заробку. Два тыдні таму яна збегла ад мучыцеля да бацькоў, але ў правінцыі жыць сумна, ніякіх табе забаваў, вось яна і вяртаецца зноў у сталіцу, каб быць бліжэй да цывілізацыі.
— Час бяжыць, што ўхопіш, тое і тваё, — кажа і прыхільна – ужо хто-хто, маўляў, а мы з табою дамо рады паразумецца — усміхаецца маладзёну.
— Ну, гэта як каму што даспадобы, — шматзначна, быццам ведае штосьці такое, чаго ніхто на свеце больш не ведае, зазначае медычка. – А не баяцеся, што зноў ваш каханак вас паб’е? Нос паламае ці яшчэ што... Гэтак і калекай нядоўга застацца. Вунь колькі выпадкаў, у газетах пішуць ды па тэлебачанні распавядаюць...
— Ужо лепш застацца калекай, чым так марнець, як некаторыя ў нашым заштатным горадзе марнеюць. Ні пайсці табе куды, ні шашні якія завесці, — парыруе дзеўка. – Да таго ж — каханне ёсць каханне, і нікуды ад яго не дзенешся. Я свайму Артурчыку ўсё-ўсенька, усе ягоныя выверты дарую, абы толькі побач з ім быць!
Яна паварочваецца тварам да Дарашэнкі, слізгае вачыма па канверце, які ён толькі што дастаў з валізы і зараз з мінаю, быццам у ім затаілася ды зараз вось высунецца ды ўджаліць вужака, трымае перад сабою.
— І вам дзеўкі пішуць? – кажа, і зрэнкі яе туманяцца, набрыньваюць вільгаццю ў чаканні працягу размовы. Аднак Дарашэнка ўдае, што не чуе яе, і яна, памуляўшыся хвіліну-другую ў нерашучасці, ці след чапаць яго зноў, з выглядам абражанае цнатлівасці накіроўваецца ў тамбур папаліць.
Дарашэнка вымае з канверта ліст, пачынае павольна, быццам усё яшчэ не вырашыў, ці след гэта рабіць, вадзіць вачыма па зжоўклым, спярэшчаным знаёмымі літарамі-крывулямі аркушы.
Люся... Люська-Люсінда... Як даўно ўсё было, быццам і не ў гэтым зусім, а ў іншым нейкім, аддзеленым ад цяперашняга кавалкам сама меней у чатыры з добрым гакам дзесяткі год жыцці.
Ноч яшчэ не запанавала над мястэчкам, але і дзень дарэшты не скончыўся. Водбліскі святла раз-пораз вымыкаюцца над альтанкаю з захаду танюткімі пасамі, ясняць на хвіліну двор і дрывотню па той бок ценькага і дробнага – лета сёлета з перападамі, то занадта сцюдзёна, то, наадварот, нясцерпна горача — малінніку.
— Ні тры, ні два, — кажа дзядзька Зюзялёк і цяжка ўздыхае. Ён надоечы вярнуўся з суседняга раёна ад брата, на котлішчы якога здарыўся пажар, і ніяк не можа ад выгляду таго папялішча ачомацца. Паліць адну за адной папяросы, ды ўздыхае, ды соты раз распавядае падрабязнасці жахлівага («уяўляеце, сусед падпаліў, помсцячы за нейкую даўнюю крыўду, і ўсё – дашчэнту, на прысак, добра, самі жывыя засталіся») няшчасця.
[3] Мамона – бажаство багацця ў некаторых старажытных народаў.