Зюзялёк – дзядзькава мянушка, што прыліпла да яго ў маленстве пасля таго, як маці-ўдава аддала сына на выхаванне ў сям’ю сваякоў, ды прыліпла так грунтоўна, што сапраўднае ягонае прозвішча – Капіч – ніхто ўжо амаль і не ўзгадвае.
Дзверы ляпаюць, на двор выходзіць Люся, прымошчваецца побач з мужчынамі на лаве.
Люся – васьмігадовая дачка лясгасаўскай прыбіральшчыцы цёткі Любы Гарнак, Сашкава равесніца. Яны з маткаю жывуць у бараку-прыбудове побач з домам. І, хоць там і няблага, і зручнасці нават сякія-такія маюцца, чакаюць не дачакаюцца ўласнага жытла. Яны прыехалі ў пасёлак аднекуль з Поўначы. Абедзве, што маці, што дачка, занадта маўклівыя, і суседкам, якія прывыклі ўсё пра ўсіх ведаць, гэта вельмі абыходзіць.
— Ну, вось, Люся-Люсінда, будзе табе сяброўка, — кажа дзядзька Зюзялёк і запальвае чарговую папяросіну. – Вазьму да сябе пляменніцу, хай пажыве, пакуль адбудуюцца пасля пажару. Усіх не магу ўзяць, няхай выбачаюць, цеснавата, а дзеўку вазьму... Сваякі, куды дзенешся. Ужо ж, можа, не аб’есць.
Люся штосьці мармыча яму ў адказ, абхоплівае рукамі калені, заглыбляецца ў нейкія свае, ёй адной дасяжныя думкі-мроі.
Вакно прыбудовы расчыняецца, і голас цёткі Любы працінае вечаровую цішу:
— Лю-юся...
Люся паслухмяна падхопліваецца з месца, брыдзе дахаты. У яе праблемы з пісьмом, і яны з маткай вырашылі іх за лета зліквідаваць, дзеля чаго штовечар пішуць дыктоўкі.
Зэня, Сашкаў бацька, выходзіць з хаты, садзіцца на лаву побач з дзядзькам Зюзяльком.
— Зімна, як увосень, халера, — кажа і дастае з кішэні шваркі капшук з тытунём, пачынае скручваць папяросіну. Тытунь сыпецца паўз скалечаныя на фронце пальцы яму на калені, але ён, заняты гамонкаю з суседам, на тое не зважае.
Дзядзька пазірае раз-пораз на вакно Гарнакоў, нахіляецца да бацькавага вуха.
— Дзіўныя нейкія яны, гэтыя Гарначышкі, што матка, што дачка, — шэпча, і папяросіна няўклюдна таргаецца ў такт ягоным словам у куце вуснаў. – Ні да іх хто, ні яны да каго. Што дзе ні дзеецца, а ім – ані шум баравы, нішто не абыходзіць. А ўчора двое мужыкоў з раёна прыходзілі, цікавіліся Любаю. З выгляду — бы вайскоўцы, і гамонка нянаская. Што за дзівосы?
— Ну, мала што, — цэдзіць праз занятыя папяросінай зубы бацька. – Мала якая можа быць нагода ў людзей.
Ён падымаецца, каб ісці дахаты, і Сашка тае ж хвіліны ўскоквае з бервяна, сунецца паўз калюжыны – іх поўна ў двары з заўчорашняга дажджу — за ім следам.
Зазвычай яны спяць усе асобна: маці – на лаве ў кухні, бацька – на тапчане, Сашка – на палку пры печы ці, калі занадта горача, — далавах за перабойкаю. Побач з бацькам спаць нязручна, бо ён храпе ды і папаліць падымаецца ўначы, растузаны бяссоннем, раз-пораз. Але сёння Сашку хочацца конча легчы побач з ім, і ён пераносіць з-за перабойкі да яго на тапчан падушку і караценькую сваю, зладаваную маткаю са старых бэбахаў коўдру.
На тапчане цёпла, хоць, папраўдзе, крыху і мулка. Сашка прыціскаецца плячом да бацькавага дужага цела, упэўнены, што ён ахвотна адкажа, пытаецца, што такое Поўнач і ці далёка яна знаходзіцца ад мястэчка. Бацька хвіліну маўчыць, быццам абдумвае, што адказаць, затым рашуча гасіць лямпу ва ўзгалоўі.
— Бач, што ўзбрыло табе ў голаў, — кажа і рэзка, ажно заходзяцца енкам дошкі тапчана пад тонкім сенніком, адварочваецца тварам да сцяны. – Чаго захацеў: пра Поўнач! У нас тут свая Поўнач! Спі!
І тае ж хвіліны амаль засынае.
Сашка счэквае, пакуль ён як след успіцца, саслізгвае з тапчана, асцярожна сунецца да дзвярэй. Яму прыкра і вельмі, аж да слёз, крыўдна. Ведаў бы загадзя, якім будзе бацькаў адказ, ці ж пайшоў бы класціся на той тапчан...
На дварэ цёмна, толькі на лаве ў альтанцы бялеецца штосьці, ды з пакоя Гарнакоў прабіваецца паўз фіранку на панадворак скупы пасак святла ад лямпы, ды з клеці дзядзькі Зюзялька даносіцца заклапочаны голас курыцы-квактухі.
Люся сядзіць у альтанцы, абшчаперыўшы, як заўсёды, калені рукамі, штосьці ціха мармыча, быццам прамаўляе пацеры. Ён садзіцца побач, і яна адразу замаўкае, і насцярожаная цішыня запаноўвае наўкола. Сашку карціць загаварыць з ёю, але ён баіцца: раптам і тут напаткае адлуп, як колькі хвілін таму ад бацькі?
— Што карысці сумаваць, — кажа Люся і кладзе сваю далонь на ягоную. – Вось хочаш, пра Поўнач табе распавяду? Хочаш?
— Хачу.
— Ну, дык... ліст напішу, — кажа яна і, перш чым хлопец паспявае што-колечы скеміць, бяжыць паўз цемру ўсцяж ліпняку да свайго барака.
Наступны дзень наўздзіў – учора яшчэ было гэтак сцюдзёна — спякотны, з прыпаркаю, і на дварэ ні душы, толькі ценькая Люсіна пастава ўзвышаецца самотным ценем на бервяне пры альтанцы. Сашка сядзіць ў кухні ля вакна, назірае пад гукі патэфона, што даносяцца аднекуль з суседняй вуліцы, як мітусіцца ў доме насупраць па кватэры Зюзялькова жонка цётка Каруся: то ходзіць з кута ў кут, то вызірне ў вакно, то раптам пабяжыць ні з таго ні з сяго ў калідор. Сёння субота, дзень прыходу цягніка, і дзядзька Зюзялёк выправіўся пад яго з раніцы на падводзе сустракаць дачку брата-пагарэльца Лёлю. Вось з чаго цётка гэтак хвалюецца, вось з чаго і Сашку, хоць і чужыя яму тыя Зюзялькі, а тым болей іхнія сваякі, неяк не па сабе. Прыезд новага чалавека – заўсёды новыя ўражанні, і якія то яны, менавіта вось гэтыя, будуць?
Люся саскоквае з бервяна, моўчкі, як заўжды, прастуе да барака. Вымае са сшытка прыхаваны сярод старонак аркуш, падае Сашку знак выйсці. Яму не надта хочацца тое рабіць, бо турботы цёткі Карусі займаюць яго на гэтую хвіліну куды болей. Але ён пераадольвае сябе, ідзе на двор.
— Я абяцала напісаць табе ліст, — кажа Люся і падае самаробны, з аляпістымі плямкамі клею па баках канверт.
— Лісты паштарка носіць, вось што, — абражаны простасцю дзеі, кажа ён і з абыякавым выглядам кладзе канверт у кішэню.
— Праз паштарку нельга перадаваць, — пярэчыць яна. – Трэба асцярожна, бо скрозь вушы...
Яна яшчэ штосьці дадае, але што, ён не чуе, бо з-за ліпняку далятаюць гукі колаў, і падвода дзядзькі Зюзялька з незнаёмым дзеўчанём паперадзе ўязджае ў двор, спыняецца пад вокнамі пад радасныя воклічы цёткі Карусі.