Чарот чарадою заходзіць ва ўрочышча Шчары, Нарачы, Нешчарды і, пабраўшы, каб дыхаць, у рот цыбуры сваіх трубак, нібы раптам заснуў ці падпаў пад чары, там затрымоўваецца.
Адной сваёй часткай чарот учаперваецца ў грунт, другою — уточваецца ў ваду, трэцяй — урошчваецца ў паветра, і, сам пры гэтым становячыся нечым чацвёртым, у салодкім палёце сторч галавою ўстромліваецца ў чарэнне нябёсаў.
Чарот тварыўся не на ўроку малявання, а на ўроку чарчэння, і сярод іншых квяцістых і маляўнічых рэчаў, нібы патароча, ён «вечаровы» і «чарнавы».
АЛАДКА I БЛІН
Аладка гладкая, блін пульхны, аладка ўдалая, блін файны, аладка — латка, блін — лапік, аладка — аўра, блін — німб.
Аладка пячэцца на патэльні, блін — на блясе, аладка салодкая, блін «аблізны», аладка лагодзіць згадку, блін — успамін.
Аладка — на Каляды, блін — на Вялікдзень, аладка — на сняданак, блін — на абед, аладка пахкая, блін бліскучы, аладка ладкуецца ў далонь, блін плішчыцца ў жменю; але аладка гэткая ж смачная, як і блін, а блін лепіцца з таго ж самага цеста, што і аладка.
ШКАРЛУПІНА
Шкарлупіна заглытвае яйка, нібы змяя-шкарупея, але так, што яно застаецца цэлым і непарушным, а сама, у сваю чаргу, становіцца яго часткай, яго шкурай, яго ахоўнай знадворнаю абалонкай.
Няма той хвіліны, каб шкарлупіна не рупілася аб яйку, яна атуляе яго, як найдаражэйшы скарб, пільна і шчыльна, не пакідаючы нідзе ніводнай шчылінкі.
Шкарлупіна крохкая, але не настолькі, каб дазволіць знадворным штуршкам і шкрэбінам пашкодзіць яшчэ не народжанаму жыццю;
шкарлупіна цвёрдая, але не настолькі, каб не дазволіць гэтаму жыццю прабіцца, прастукацца, пралупіцца, а самой, ні на што не скардзячыся і не наракаючы, апасці купкай спустошаных і бескарысных ракушак, распасціся на шалупінне.
ШАПКА
Шапка сваячыцца з шафай, але калі шафа мае справу з многімі прадметамі, то шапка з адным, але самым галоўным.
Яна прысвечана ў першапачаткі, якіх ніхто не можа ўбачыць і аб якіх, нават шэптам, ніхто нічога не можа сказаць,— у чалавечыя думкі, і таму спакваля назапашвае-набывае статус даверанай асобы.
З усіх бакоў шапка шчыльна «зашпаклявана», і як бы ні шныпарылі скразнякі, яны не могуць намацаць ніводнай шпары.
Шапка — капа, якая падвышае чалавека ў яго ўласных вачах і ў вачах іншых і здабывае яму пашану. I таму нават самы апошні спадар, нібы шпак шпакоўню, шукае альбо спадзяецца калі-небудзь знайсці свой красамоўны, заўсёды ўсім прад'яўлены «пашпарт» — шапку, якая яму пасуе.
ГАРОХ
На беларускі г а р о х рохкаюць свінні, што ён у агародзе найгоршы, а ён у адказ рагоча.
Рускі г о р о х, калі на яго глядзяць, харошы і гожы, а калі ядуць — горкі.
Украінскі г о р о х агарошвае, думалі, што ён «ох», а ён — «ах», думалі, што яго нямнога, а яго цэлы рог.
Польскі g r o c h хоць не град, але грукатлівы, хоць не грош, але ганарлівы.
Чэшскі h r á c h вялікі, нібы арэх, і нават грак разважае, ці яго праглынуць, ці — далей ад граху — абмінуць.
Праславянскі g o r x ъ, калі сеецца, з прыгор-шчаў перавандроўвае на горку, а калі выспее — зноў у прыгоршчы.
ЖМЕНЯ
Жменя — «меня»: тое, чаго не мае, яна бярэ, а тое, што мае, яна аддае і такім чынам усталёўвае раўнавагу паміж парожнім і поўным.
Калі жменя бярэ болей, чым яна можа ўмясціць, тады яна ненаежа; калі яна аддае меней, чым узяла, калі нешта ў ёй «зажымаецца», тады яна жмінда.
Жменя абмежаваная, і таму яна паўтарае адзін і той жа рух, памнажаючы яго на ўсю даўжыню чалавечага жыцця.
Жменя сее і жменя жне. Жменя мне і жменя табе.
ЗДАРОЎЕ I ХВАРОБА