Сноп «посны», але не худы, сноп поўны, але не спанелы, і самотнае поле ўспамінае сноп як свой самы лепшы — свой самы залаты — сон.
МУР
Мур вымуроўваецца з самага цвёрдага, з самага «дрымотнага» матэрыялу — і таму ўпарта не паддаецца размыванню, разніманню, руйна-ванню.
Аб мур разбіваюцца арміі заваёўнікаў, і калі некаму ён перашкода, дык некаму і апора, калі некаму ў роспач, дык некаму ў радасць.
Мур мудры: ён стаіць нерухома на аднойчы выбраным месцы, на скрыжаванні жыцця і смерці, вайны і міру, вартуючы тое, што адышло ў іншае вымярэнне,— і веліч Рыма, і няўрымслівасць Наваградка.
Пад мурам зелянее трава-мурава.
Па муры рупшаюцца мурашы.
На мур прызямляецца, каб перадумаць свае марудныя думкі, крумкач.
Над мурам грувасціцца гурма хмар.
ЗІМА
Беларуская з і м а — зямля, усланая небам.
Літоўская ž i e m a «жме»: яе дужасць добра адчувае і аўкштайт, і жэмайт.
Руская з и м а не толькі з'ява прыроды, але і грамадскае мерапрыемства — вялікі агітацый-ны «ізм».
Сербская з і м а непрадказальная, нібы змаj (змей).
Польская z i m a вывярае свой, знаны адной ёй, азімут.
Сербскалужыцкая z y m a прадзімаецца скраз-някамі.
Палабская z a i m a займае сабою ўсю прастору і ўвесь час, становячыся займеннікам-замен-нікам таго, што было калісьці і чаго ўжо няма.
Старажытнапруская semo самааддана захоў-вае семя — для невядомай вясны, для невядо-май сяўбы.
Старажытнаіндыйская h i m a мае сваёю сядзі-баю Гімалаі.
ГНЯЗДО
Высока ў галінах дрэў ці недзе нізка, на самым доле, месціцца заснаваны птушкамі дом — гняздо.
Гняздо — тая кропка, дзякуючы якой пера-арганізоўваецца прастора, той магніт, які дазваляе птушкам ляцець далёка — наўздагон за мінулым летам — і здалёк знаходзіць дарогу назад, той цэнтр, у якім у згодзе паміж сабою з'ядноўваюцца скрыжаванне і раздарожжа, дно і бяздонне, доўжкі і шыркі, тое, што ёсць насампраўдзе, і тое, што мроіцца, што прадчуваецца, што здаецца.
Той, хто глядзіць на гняздо, бачыць, што яно робіцца з галінак, з пуху, з травы альбо з гліны — з ўсёй той «аздобы», што можна знайсці ў наваколлі, той, хто раздумоўвае пра гняздо, разумее, што яно нараджаецца — «генезіцца» — з саміх птушак, з іхняй інтуіцыі, з іхняй існасці — падобна таму, як нясуцца яйкі і выводзяцца птушаняты.
Гняздо затуляе сваіх жыхароў ад непагадзі.
У гняздзе жыццё спасцігае азы жыцця.
САНІ
Прытуліўшыся да сцяны вазоўні, сані спяць і вясною, і летам, і восенню і сняць тую пару, калі ўсё наваколле засцелецца снегам, калі настане «санчас».
Тады ім адчыняюцца дзверы ў шырокі свет, тады яны маюць пашану, тады аднаўляецца іхняе існаванне, тады яны вяртаюцца ў свой «санавіты» стан і пішуць на белай аснове свае няўрымслівыя высновы.
З узнёсла выгнутымі насамі сані нясуцца ў белы абсяг, і хто ведае, ці іх за сабой цягнуць коні, ці яны самі прыспешваюць іх.
Сані наскія, ім знаёмыя ўсе мясціны: і дзе ў лесе стаіць дрыўняк, і дзе на балоце — сена.