Латышская m u š a — мошка, але ў гэтай мошкі душа музы.
ЖОРНЫ
Парожнія, жорны стаяць, але калі ў іхняе жарало ўсыпаецца хоць бы жменя зерня, яны ажываюць, яны разварушваюцца, яны «жораюць» пачастунак, варожачы, што ўрэшце з яго атрымаецца, ці корж, ці аладак, ці піражок.
Тое, што распачынаў жняяр-серп і прадоўжваў цэп-малацьбіт, жорны даводзяць да ўзорнага завяршэння.
Жорны жорсткія: яны мажджэраць, перашароў-ваюць, ператрушчваюць жарству жыта, ячменю, пшаніцы.
І гэтаксама, як жорны, кружацца між сабою зямля і неба, не выпускаючы са свайго кругазвароту ні пружанца, ні ружанца, ні жупранца, пакуль кожны з іх не перамучыць сваіх шурпатасцяў, не зжыве заганаў, пакуль кожны з іх не зробіцца «зорны», пакуль кожны з іх не зведае канчатковага паражэння, а разам з тым — перамогі.
ПОПЕЛ
Попел абагульняе і ўраўноўвае ў правах усё, што вылучала і чаму спявала свой хваласпеў полымя і што пялегаваў дым — ці гэта дбайна пілаванае паленне, ці леташняе ламачча, ці камлюкаваты корч, і хто цяпер вылучыць і адрозніць у пя-лёнцы посцілцы чыстага попелу, дзе тут бярэзіна, дзе тут ліпа, а дзе таполя.
Попел — вопыт, які застаецца пасля таго, як усё скончылася, адпалала, адсвяткавала і адбалела: у ім супадае агонь і дрэва, але калі нядаўна ён быў найбольш родны стыхіі агню, то цяпер найболей ёй процілеглы, калі нядаўна ён быў найбольш блізкі іматэрыі дрэву, то цяпер ёй — таксама — найболей далёкі.
Попел не белы, не чорны і не пялясы, а спелы, і, як насенне спелага плёну, ён спакон веку мае попыт у поля Опаля, у поля Антопаля, у поля Заполля.
ЛІХТАР
Калі на дварэ запаноўвае цемра, у якой, як літары ў чарніле, раствараюцца рэаліі наваколля, а на небе не відаць ні зорак, ні месяца, тады аб'яўляе свой твар ліхтар — месяц, які запальваецца чалавекам і з чалавекам вандруе.
Ліхтар нанава распазнае рэчаіснасць; ён сцярожка, па-вартаўнічы, пасоўваецца наперад і, апрадмечваючы і арэчаўляючы наваколле, бесперастанку дапытваецца-высвятляе, што ёсць што, хто ёсць хто.
У пагодлівую пару ліхтар заносіцца ў хату, вешаецца ў камору і там, пагаслы, нічога не памятае з таго, што калісьці было, але ў ліхачассе, калі нешта ломіцца ў прыродзе і ў быце, калі хмарыцца воблік свету, да ліхтара звяртаюцца, як да лекара альбо ліхвяра — каб спрыяў, каб ратаваў, каб ліхое ператлумачваў на добрае.
Сярод астатніх прадметаў і рэчаў ліхтар элітарны; нібы відушчая ліра, ён натхняецца чалавекам і сам натхняе чалавека ў яго вечным пошуку самога сябе.
МАЛАКО
Беларускае м а л а к о смачнейшае за мак і маліну: малым яно дае моц і розум, а старых малодзіць.
Стараславянскае м л ѣ к о як Мекка: усе да яго імкнуцца, усім яно лекі.
Рускае м о л о к о падмацунак касцу і ма-лацьбіту і лакомство катку.
Балгарскае м л я к о мляўкае, як летні сон: яно лашчыць язык і паднябенне.
Праславянскае m e l k o змялелае, як Няміга.
Лужыцкае m l o k o закрашвае локшыну.
Шведскае m j o l k пахне мёдам і зёлкамі.
Нямецкае M і l c h мілае, нібы малітва маці за сваё немаўля.
ЗВОН
Звон адзываецца на ўсе святы, на ўсе вялікія падзеі і, супадаючы са сваім зрокавым вобразам, зноўку і зноў апынаецца звонку яго.
Звон азануе прастору, і той абсяг, які займаюць яго зовы, яго перазовы-звёны, становіцца своеасаблівай зялёнай зонай.
I нават калі б звон званіў безупынна, разумнаму слыху ён усё роўна не назаляе.
ТОРБА
Торба — рот, які глытае ўсё, што яму даецца, што ў яго кладзецца,— ці гэта хлеб, ці сала, ці кавалак сыру, ці тузін печаных бульбін, аднак, праглынутыя, яны атабарваюцца ў торбе, як у сябе дома.