Торба — «творба»: яна творыць чалавека, фармуе яго постаць, удакладняе яго паводзіны, афарбоўвае яго думкі, і людзі, ведаючы, што з торбай лепш, чым без торбы, баяцца, аднак, рабіць яе сваім правадыром, шлюбавацца альбо братацца з ёю, каб самім не зрабіцца яе атрыбутамі — жабракамі.
Парожняя — торба, нібы хвароба, цягне свайго носьбіта долу, поўная — нібы «горба», узносіць угору.
ЛАПЦІ
Лапці — палапленцы: пасчапляныя з асобных лапікаў, яны лёгка ўпускаюць і выпускаюць вільгаць, і на балацінах Пцічы, Піны ці Прыпяці яны найлацвейшы абутак.
Лапці плятуцца самі, іх не трэба купляць, за іх не трэба плаціць; плоць ад плоці тутэйшай прыроды і тутэйшага побыту, яны «прыліпаюць» да сваіх носьбітаў і, робячыся іхняй прыкмеці-най, уплываюць на іхнюю постаць.
Цельпукаватыя, нібы мядзведжыя лапы, лапці дацялёпваюцца і да пляца, і да палаца.
Лапці сціплыя, але нагам і душы з імі цёпла.
НЕРАТ
Нерат нырае ў нетры ракі і, прапускаючы раку праз сябе, затрымлівае яе жыхароў — рыбін,
Нерат нікому не дароўвае неабачлівасці, і хто ў яго раптам трапляе, таму няма ходу ні ўзад, ні ўперад.
Але нерат не рады сваёй удачы, бо калі ён парожні — ён адчувае сябе ракою, для якой няма перашкоды, а калі з рыбай — дык рыбай, якая шукае і не знаходзіць ратунку.
АСКЕПАК
Калі здараецца кепскае — б'ецца люстэрка ці гляк, тады ўзнікаюць аскепкі — аспекты пытання, якія забылі само пытанне, складнікі спектру, якія згубілі сам спектр.
І як бы пасля іх ні склейвалі і ні склепвалі, яны ўжо не змогуць вярнуцца ў колішнюю самаадсутнасць, яны ўжо не змогуць прыняцца ў ранейшую цэласнасць.
На аскепак, нібы на блазна-кепа, валяцца кіпы кепікаў, яго папікаюць, яго папіхаюць, пакуль наогул не выпхнуць на сметнік, і калі шкліну ці гляк шкадуюць, то нікому ніколі не прыйдзе на думку пашкадаваць аскепак, сказаць, што ён кемлівы, што ён пекны.
Аскепак — скептык: ён ведае, што ў аснове ўсіх непарушных саюзаў, усіх маналітных сплаваў прысутнічае непрыкметнае, але шматстайнае «аз», і гэтае «аз» аднойчы захоча акрэсліцца, захоча стаць к і м с ь ц і.
ВЕРАЦЯНО
Нібы яго точыць верад, верацяно шчыруе ад цямна да цямна, а калі запальваецца лучына, то і ў часы вялікіх і мігатлівых ценяў, і такім чынам расце: набывае ўсё большую вагу, таўшчыню і вартасць.
Скіроўваючыся сваім верхам і нізам у два процілеглыя канцы, сумяшчаючы і ўраўна-важваючы ў сабе два процілеглыя вектары, верацяно не западае ў невараць, а ўцягвае навакольную прастору ў віртуальную сферу свайго ўплыву.
Быццам віруе вір, верацяно верціцца адно толькі наўкола самога сябе і, «перацягваючы» разбэрсанае ў спарадкаванае, няпэўнае ў пэўнае, верыць, што яно цэнтр рэчаіснасці.
I ці возьмецца хто пярэчыць, што яно не мае рацыі?!.
БАГНА
У багне, бы ў лазні-бані, бавяць свой час паганскія багі-нячысцікі, і агонь апраметнай грэе яе «габінеты».
Багна багатая тым, што ёй аддае наваколле, і ўсё, што яно аддае, «габае» нагбом,
Ціхмяная, нібы ягня, багна нікога не палохае, ні на кога не нападае, аднак яе баяцца, як ганьбы, і агінаюць, нібы благое здарэнне.
Багна абагульняе ваду і сушу, і хто ўгадае, якая ў яе глыбіня, якая ў яе «гіблыня».
МЁД
Украінскі м е д найлепшая яда і мядзведзю, і людзям.
Рускі м ё д насычаны, нібы ёд: ён і пячэ, і гоіць.
Праславянскі m e d ъ адмысловы сродак для медытацыі.