Яна не ўпрошвала, адшчыкнула сабе кавалачак сыру, ела, потым, склаўшы рукі на грудзях, ціха сядзела, нешта думала, а ён паглядаў на яе, на яе яшчэ не састарэлы твар, на асмужаны паўзмрокам чысты лоб пад туга зачасанымі чарнявымі валасамі,— яна заўважыла гэта, паварушылася, паглядзела ў акно.
— Змяркаецца ўжо… Гэта ж трэба, божа, такое, каб мужчына жаночую работу рабіў… Як не павязе, дык не павязе…
— Чаго шкадаваць,— як бы зазлаваўшы, сказаў ён.— Лепш бы замуж за мяне ішла… Чаго шкадаваць?..
— А я і пайшла б,— спакойна і сур’ёзна сказала яна,— каб не Толік. Каб не Толічак мой… А што ж з ім будзе? Бацька нас тады пакінуў, сышоў сабакам сена касіць… На заробкі з’ехаў… Дык як жа я цяпер сына пакіну?..
— Не ўсё ж будзе пры табе… Жэніцца — чужая станеш.
— Можа, і жэніцца… Можа, і чужая стану, ды ён жа мне не чужы… Што мы? Няхай ужо нашы дзеці жывуць…
Ён пачынаў трохі п’янець, стала шкада сябе, Варкі. «Як добра,— прыйшло ў галаву,— што не сказаў ёй праўду пра сына. Яна б думала, што ў мяне благі сын, і шкадавалася б мяне… Яна добрая… Не тое што я… Яна шкадуе Толіка, і ён кожны год прыязджае дамоў… Дык жа ён студэнт, куды ён паедзе?» — падумалася потым, але скора ён адагнаў гэтую думку, яму здалося, што гэта ад крыўды на Толіка, ад зайздрасці да Варкі. «Падумаю, падумаю потым»,— як бы апраўдваючыся перад некім, казаў сам сабе.
— Я пайду ўжо,— сказаў ён устаючы.— Харошая ў цябе гарэлка…
— Не крыўдуй, Максімка, не крыўдуй. Пажывём — пабачым… Не крыўдуй…
— Хораша тут у цябе, не ішоў бы ў сваю хату… Пайду. Звечарэла ўжо… Здаецца, ужо і кароў прыгналі.
— Дам табе сыр з сабою,— устаючы з-за стала, замітусілася Варка.— У мяне яшчэ адзін ёсць… Вазьмі. Самому табе не зрабіць.
— Куды ж я дзену яго? Праз усю вёску несці?.. Другі, можа, калі раз.
— Я загарну табе, Максімка… Сценкаю пойдзеш.
Яна схадзіла ў сенцы, прынесла загорнуты ў чыстую полачку сыр. Ён, памуляўшыся, паадгаворваючыся, узяў. Варка выйшла за ім на ганак.
— Можа, яшчэ зайду шуляк у варотах перамяніць,— сказаў ён.— Нехта падчасаў, каб весніцы зачыняліся,— хіба гэта работа…
— А няўжо ж, Максімка, няўжо ж…
Ён выйшаў у агарод і пайшоў баразной па бульбоўніку, кіруючыся да сценкі. Ужо добра звечарэла. Лажылася раса, браўся на ўзмежках рэдзенькі туман, і, азірнуўшыся на вёску, ён убачыў на вуліцы цяпельцы: варылі бульбу. За сценкаю, у густым жыце, ужо ўсчала сваё «жаць-палоць» перапёлка. Ён ішоў, прыглядаючыся да ўсяго наўкол, услухоўваючыся.
Насоўвалася ноч, яна несла з сабой нейкую таямнічасць, хавала ў прыцемак зямлю, нібы хацела, каб чалавек, забыўшыся на гэту зямлю, паглядзеў на неба. Праразаліся, нясмела блішчалі першыя зоркі. I зноў, як удзень, калі прыехаў з лугу, на Максіма сыходзіў незразумелы, дзіўны настрой, падкрадваўся смутак, але быў ён нейкі лёгкі, не вярэдзіў болем душы. Максім думаў пра сына, невядома чаму яму прыйшло ў галаву, што вось ён тут ідзе, адзін сярод поля, а дома, можа, чакае яго сын: сядзіць на ганку, ціха, засяроджана курыць, а можа, хто пазнаў яго з вуліцы, пазваў, і яны цяпер стаяць ля варот і мірна гамоняць. Ён успомніў пра Варку, пра Толіка, падумаў, што, можа, ён сам вінаваты, што так доўга не едзе дадому сын. Навошта так зацята хаваў заўсёды ў сабе крыўду на яго, навошта знарок, злуючыся, прымушаў яго пеклавацца на рабоце — каб сын не хацеў памагчы бацьку, хіба прыязджаў бы ён дадому?
Ён глянуў на неба: яно было шырокае, ціхае, добрае, і зоркі, здавалася, падміргвалі яму, Максіму, бачылі яго і гаварылі з ім. Хвалюючыся, падышоў ён да сваёй хаты, асцярожна зайшоў у двор: на ганку каля дзвярэй было цёмна. Ён намацаў рукою вушак, клямку — на прабоі вісеў замок. «Не прыехаў,— падумаў ён,— не прыехаў». Карова, мусіць, пачуўшы яго, зарыкала ля варот на вуліцы. Ён упусціў яе ў двор, сеў на ганак і закурыў. Неспадзявана для самога сябе пачаў думаць, што сын, мусіць, прыедзе заўтра: ён прыгоніць надвячоркам з пашы кароў, адчыніць весніцы, а на двары будзе стаяць сын…
Адамкнуў дзверы, узяў у сенцах даёнку і пайшоў да каровы…
Вячэраў ён сырадоем і недаедзеным у абед зачарсцвелым акрайчыкам хлеба. Трэба было рана ўставаць заўтра, і ён адразу лёг. Заснуў скора і спаў спакойна, уціхамірана: яму снілася, што прыехаў дадому сын.
1964