— Нельга яму,— зманіў ён.— Не пускаюць. Работа ў яго такая.
— А няўжо… Гэта ж во Марынін хлапец са службы прыйшоў, а дзе служыў, не кажа. Не дазваляюць ім казаць…
— Твайму многа яшчэ вучыцца?
— Дзве зімы.
«Вывучыцца,— падумаў ён,— трэба яму будзе вёска… Во як майму». Ён не хацеў прызнацца сабе, але ведаў: каб Толік быў благі сын, ён, Максім, можа, знайшоў бы ў гэтым нейкае суцяшэнне сабе, і ў нечым бы ён тады зраўняўся з Варкаю. I, можа, яна не стала б тады так патураць гэтаму свайму жэўжыку, на якога Максім ужо два гады насіў у душы затоеную крыўду. У вёсцы даўно ўжо ведалі, што ён ходзіць да Варкі: ён без жонкі, яна без мужа — чаму б не сысціся. Ведаў пра гэта, мусіць, і Толік, бо неяк улетку, падпіўшы на выпускным школьным вечары, прычапіўся на вуліцы да Максіма, кідаўся біцца, гразіўся і блізка не падпусціць да матчынага парога… Прыбегла Варка і, плачучы, ушчуваючы, павяла сына дадому. I з той пары паміж ёй і Максімам як бы залягло нешта, абаіх гняла нейкая няпэўнасць, асцярожнае і ўпартае нежаданне шчырасці.
Яны і цяпер, гаворачы, як бы баяліся парушыць гэтую няпэўнасць і так, то перакідваючыся словамі, то маўчучы, дайшлі да Варчынай хаты.
— Во, бачыш,— сказала яна, спыніўшыся ля падгнілага слупка,— вецер узвінецца — зноў забурыцца…
— Забурыцца,— пакратаўшы слуп, заклапочана згадзіўся ён.— Усё перасыпаць трэба. Але пакуль хоць новы слуп укапаю… Дай гляну на двор…
— Дык глядзі ўжо, Максімка, глядзі,— неяк разгублена і лісліва сказала яна і адступіла ўбок, пачакала, пакуль ён пройдзе ў весніцы, і потым сама ўжо зайшла на двор… Максім нешта выглядаў пад паветкай, нешта мармытаў сабе пад нос, потым адкаціў ад сцяны сукаватае сасновае палена, закарэлае ўнізе ад смалы, гопнуў па ім нагой і паклікаў:
— Ідзі сюды, глянь… На смалякі берагла? Закапаю гэтым канцом у зямлю — гнісці не будзе.
— Ды глядзі ўжо, Максімка, глядзі,— зноў неяк разгублена сказала яна,— табе відней.
— Нясі мне пілу, сякеру…
Ён схадзіў на вуліцу замераць слуп, зноў вярнуўся: з сянец вынесла пілу і сякеру Варка. Удваіх яны перапілавалі слуп, зрабілі зарэзкі для жэрдак, потым ён ужо ўсё рабіў сам: падраўноўваў на слупе сукі, капаў ямку, прыбіваў жэрдкі. Варка не паказвалася з хаты. «Мусіць, не хоча, каб нас бачылі разам,— думаў ён.— Але ўсё роўна будуць малоць языкамі: раблю ж во плот… Ну і няхай…»
Калі ён рабіў на вуліцы, бачылі яго ўсяго два чалавекі: прайшлі міма, павіталіся, але не загаварылі. «Бач, далікацтва якое!» — падумаў ён, і яму чамусьці стала прыемна. Было прыемна думаць, што недзе тут, блізка ад яго, Варка, што сённяшні дзень нешта зрушыць, можа, і ў іх адносінах. Калі ён канчаў работу, заходзіла сонца — чырвонае, халаднаватае, але на вуліцы было ціха, цёпла, і ўспамін пра жонку, у нейкі момант скалануўшы яго, неўзабаве адступіўся. «Пра гэта сёння не трэба думаць,— сказаў ён сабе.— На сёння даволі».
На ганак выйшла Варка і клікнула яго ў хату.
Ён пайшоў. Яшчэ з парога пачуў ён пах яешні, убачыў засланы свежым абрусам стол: у хаце было ўтульна, чыста, па кутах снаваўся ціхі паўзмрок, і на яго, як ён толькі ўвайшоў, адразу патыхнула нечым лагодным, такім непадобным на ягоную хату, што ён спачатку разгубіўся, стаў у парозе.
— Садзіся во, перакусі,— сказала яна.
У парозе ён памыў над вядром рукі, выцер іх чыстым ручніком, які дала яму Варка, і хацеў быў павесіць яго на цвік, але яна сказала:
— Вазьмі за стол — пасцелеш на калені.
Ён сеў за стол, палажыўшы ручнік не на калені, а на лаўку каля сябе. Яна дастала з куфра графінчык падчырвоненай гарэлкі, наліла поўную шклянку, трошкі капнула ў другую шклянку сабе і паставіла графінчык на стол.
— Раструбяць цяпер па вёсцы,— усміхнулася яна,— скажуць: Максім у прымы пайшоў…
— Ліха з імі,— нешта думаючы сваё, адказаў ён.— Насця казала, што бачыла цябе. Пытала ў мяне, чаму не жанюся…
— Выпі, Максімка, выпі,— нечага занепакоілася Варка.— Я дык ужо і не ведала, што з гэтым плотам рабіць… Выпі…
«Хітруе,— пакрыўдзіўшыся, падумаў ён.— Не хоча гаварыць… Эх, бабы!» I выпіў, скоранька чокнуўшыся з Варкай, сваю гарэлку.
— Бяры во яешню,— падказала яна.— Сыру пакаштуй… Даўно ўжо не рабіла… Толік мой любіць…
— Калі ён прыедзе?
— А тыдні, пісаў, праз два…
— Надта не патурай яму. Няхай хоць сена назапасіць паможа. 3 сенам цяпер людзям найболыпы клопат… Гэта ж прыязджаў на луг настаўнік наш, з калгаснікамі на дзесяць працэнтаў касіць. Дык той-сёй крывіцца… А хіба ж яму не трэба карову карміць? Ён жа тваіх дзяцей вучыць, у адной вёсцы жыве…
— Ёсць яшчэ людзі — толькі пад сябе грабуць… Можа, яшчэ, Максімка, вып’еш? Я налью…
— Не, не буду… Карова з пашы прыйдзе — трэба падаіць. Заўтра ўставаць трэба рана — зноў жа кароў пасвіць…