ДОБРАЕ НЕБА
— Ну, дык глядзі ўжо тут сам, Максімка, а я пайду,— сказала сястра.— Я ўжо думала, што ты не прыедзеш. Прыходзіў стары Нічыпар, казаў, што яны адбудуць чаргу толькі за карову. Цёлку яшчэ на пашу не пускаюць — кульгае… Навязваюць на лагу. Дык заўтра твая двароўка — добра, што ты прыехаў…
— Я ведаў. Старшыня на луг прыязджаў — Нічыпар і яму наказваў… А мы сёння пастараліся ўранку і вунь які клін на расцяробах дабілі: ведаеш, там, дзе летась Аўдзея секанула маланка.
— Дык ты глядзі ўжо цяпер, Максімка, сам… Я табе хлеба спякла. Учора масла збіла. Што гэта яшчэ хацела сказаць?.. Парсюку не мяшай надта мукі — лета… Ён і бацвінку вунь як есць — цялёпкае, аж вушы трасуцца… Квактуха твая нейкая дурная: з хаты не выгнаць. Кураняты ўжо вялікія, навошта трымаць у хаце…
— Ідзі, Насця, ідзі, цяпер я ўжо сам. Дзякуй, што гэтыя дні пабыла.
— Варка ўчора праходзіла. Убачыла мяне ў цябе на двары — зайшла. Пагаварылі мы… Хоць бы ты жаніўся ўжо…
Яна ўздыхнула, паправіла пад хусткан зляжалыя, прыліплыя да шчок валасы, глянула на свае босыя ногі і, зноў уздыхнуўшы, пайшла ў агарод. Ён маўчаў. Бачыў, як у агародзе яна падвязвала фартух, нагнуўшыся, падбірала з узмежка траву — трава, нагрэтая сонцам за дзень, упрэла і цяпер патыхала аж сюды, на двор, саладкава і горача. Насця пайшла мяжой паўз грады: зноў нечага нагнулася, зашамацела гуркоўнікам. «Укрывае гуркі-насеннікі,— падумаў ён,— каб куры не падзяўблі». Яна выйшла агародам у поле, ні разу не аглянуўшыся,— драбнаватая, у паркалёвай выцвілай кофце, у шырокай доўгай спадніцы,— ішла да сценкі, і не вельмі ўжо высокае сонца ружовіла яе, надавала ёй сярод поля нейкай сцішанай, журботнай самоты.
I тады ў яго на душы таксама нечага стала журботна, ціха — і гэта было горш, чым каб ён ведаў, пра што і чаго смуткуе.
На двары было ціха, ціха было і на суседскім, у старога Нічыпара: адно ціўкалі там, пад акном за ліштвай, маладыя вераб’і. Сонца грэла шэры пакарабачаны дах Нічыпаравай хаты, стаяла цішыня, і ўсё было наўкол такое выразнае, сапраўднае, што хацелася сысці куды, каб нічога не бачыць.
Ён пайшоў у канец двара, пад пограб, па-старому крыты саломай. Тут быў цень, была прахалода, пахла бульбай і сырой зямлёй. Бульба прарастала з-пад падруб пограба, гнала на двор бледна-ружовыя кволыя стрэлкі. Максім адчыніў у пограб дзверы, прыгнуўшыся ступіў у халаднаваты паўзмрок, пастаяў, прывыкаючы да цемені, потым знайшоў ля сцяны халодную цяжкую конаўку, зробленую са снараднай гільзы, і пачаў боўтаць ёю ў бочцы з бярозавікам. У пограбе пасвятлела: сталі відаць абкураныя сцены, засек пад бульбу, жалезная трынога пад вуголле: зімою грэў ім пограб, каб не памерзла бульба. Яму стала лепш, калі ён, заплюшчыўшы вочы, піў кіславаты, даўкі бярозавік, думаў, што трэба не забыцца сказаць Насці, каб узяла колькі вёдзер сабе: гэтага квасу яму аднаму замнога.
Ён зачарпнуў яшчэ конаўку і панёс яе ў хату.
Ужо ступаючы на ганак, ён падумаў раптам, што тое невыразнае, што мучыла яго, было, мусіць, бояззю пустой хаты, і цяпер, падумаўшы пра гэта, ён ужо ведаў усё наперад: там, у хаце, больш чым дзе апануе яго адзінота, зноў і зноў нахлынуць успаміны пра жонку. Але не ісці ж было назад, і ён таргануў дзверы — задрыжалі сцены, у твар патыхнула настоенай цеплынёй жытла, а на вокнах, патрывожаныя стукам дзвярэй, зазвінелі, забзымкалі мухі.
Было непазбежнае і невясёлае яго вяртанне.
Ён ішоў да стала, стараючыся не ступіць нагой на пакрышаны куранятам хлеб на падлозе. Кінуў на куфар шапку, паставіў на стол конаўку з бярозавікам, пайшоў у сенцы і, дастаўшы з торбы прывезены з лугу акрайчык хлеба, зноў вярнуўся ў хату. Пра спечаны Насцяй хлеб ён не ўспомніў. Сядзеў за сталом і нехаця піў квас, заядаючы яго хлебам і вялікай, цеплаватай цыбулінай, знойдзенай на падаконні. Яму здавалася, што ён ні пра што не думае, але, мусіць, увесь час ён проста шкадаваў сябе — гэта было падобна на боль і не падобна на думку.
Потым, перакусіўшы, ён непрыкмет задрамаў за сталом. Такое стала ў яго ўжо звычкай: варта было яму сцішыцца, як ён пачынаў драмаць. Але драмаў ён заўсёды чуйна. Вось і цяпер чуў, як нехта з некім гаварыў на вуліцы, як ціўкалі ў хаце пад квактухай кураняты, як недзе праляскаталі калёсы. Пасля змарыў сон. Снілася жонка: стаяла над ім і будзіла, і такая цеплыня да яе, пяшчота поўнілі ўсяго яго, што ён знарок не абзываўся, думаў, што гэта яму заўсёды толькі здавалася, нібыта памерла жонка: яна з ім, ён вось, калі захоча, устане і дакранецца да яе…
Заціўкалі кураняты, заквохкала курыца, і ён прахапіўся. Акно залівала чырвань, шумеў каля хаты ільмак, і раней чым ён што-небудзь падумаў, сэрца сціснула туга. О, гэта чырвонае, халоднае святло! Нічога не іначылася, заўсёды быў усё той жа летні надвячорак, як і пяць год назад, калі памірала жонка, і ён нечага выбег з хаты на двор. Чырвонае садзілася тады сонца, халодны вецер мёў пясок па вуліцы, і на ўсім была чырвань, халодная чырвань…
Колькі часу ён сядзеў за сталом, пакуль не ўспомніў, што, як ад’язджаў з лугу, мужчыны давалі яму да сваіх сямейнікаў розныя даручэнні. «Трэба схадзіць наказаць,— падумаў ён,— заўтра, мусіць, на луг пойдзе падвода». Вылазячы з-за стала, кінуў вокам на старое люстэрка, што вісела на сцяне: з фіялетава-асмужанага шкла глянуў на яго парослы шчэццю твар са зморанымі квола-сінімі вачамі. Падумаўшы, ён дастаў з куфра нажніцы. Моршчачыся, пачаў падстрыгаць вусы і шэрае пянёўе на шчоках.
Скончыўшы, ён узяў з куфра шапку і, нібы ўспамінаючы нешта, спыніўся пасярод хаты.
Навошта, навошта ён тут адзін, навошта гэта хата, калі няма жонкі, калі раз’ехаліся, павыходзілі ў горадзе замуж дочкі, бадзяецца недзе па свеце сын, пра якога думаў, што прыедзе ў вёску, ажэніцца і стане абжываць бацькаву хату…
Дочкі клікалі ў горад, але гэта так не трэба было, несур’ёзна нават, бо не хацеў пра горад і думаць. Кожнае лета ён чакаў дадому сына: той прыязджаў заўсёды нечакана, пад вечар, мажны, лабасты, у цёмным касцюме і ў чорнай флоцкай фуражцы, якую ўжо колькі год насіў пасля службы. I тое, што прыязджаў ён заўсёды нечакана, што заўсёды быў у адной і той жа фуражцы, што прыязджаў не з чамаданам, а з рэчавым мяшком, непакоіла і палохала Максіма: ён баяўся, каб не закруціла сына жыццё, каб не прывык, халасцякуючы, браць чарку, не звязаўся з благімі людзьмі…
Увечары, паставіўшы на стол бутэльку самагонкі і такую-сякую закусь, ён асцярожна пачынаў выпытваць у сына пра жыццё, намякаў на жаніцьбу, але той чамусьці больш адмоўчваўся, выпіўшы, налягаў на агуркі, неахвотна беручы што другое, і тады, сцяўшыся ад крыўды, Максім думаў, што сын назусім адкаціўся ад яго, ад дому, што папрокамі і ўшчуваннем тут не паможаш. Ён змаўкаў, моўчкі яны вылазілі з-за стала, моўчкі лажыліся спаць, а назаўтра, устаўшы, Максім адразу ж даваў сыну якую-небудзь работу.
I так было дзень пры дні; ён прымушаў яго рабіць і дома, і ў калгасе. Не шкадаваў, не хацеў шкадаваць яго — навошта шкадаваць, калі сын не шкадуе бацьку. Паміж сабой яны цяпер амаль не гаварылі, ім было ніякавата, застаўшыся адзін на адзін: сын, Максім бачыў, пачынаў сумаваць, марнець з твару і, калі канчаўся адпачынак, пакідаў вёску з ахвотай.
А цяпер не прыязджаў да бацькі другі ўжо год…
Навошта, навошта гэтая хата, дзе жывуць толькі туга па жонцы і крыўда на сына?
Ён пастаяў пасярод хаты, убачыў на падлозе хлебныя крошкі — пайшоў у качарэжнік, узяў венік і падмёў падлогу. Наліў куранятам у талерку свежай вады і выйшаў на двор.
За агародам сценкаю ішлі з поля жанчыны: нечы голас вылучаўся з усіх, не то на некага сварыўся, не то нешта расказваў. Была пара нядоўгай сцішанасці, вечаровай лагоды, пара ружовага промня і сумна-звонкай дзявочай песні. Але ніхто не спяваў. Грукаў на сажалцы пранік — рэха дрымотна кацілася па вёсцы; яно нагадвала нешта маладое, напаўзабытае, будзіла нейкую няпэўную надзею, што і праз год, праз два гэтак жа будзе каціцца яно па вёсцы, што і ён яшчэ будзе вось так стаяць на двары і слухаць яго.
I на душы ў яго паспакайнела.
Ён замяшаў парсюку тоўчанай бульбы, выліў яе ў карыта, пачакаў, пакуль той з’есць, і выйшаў на вуліцу. Трэба было б зайсці да старога Нічыпара, сказаць, што прыехаў з лугу і будзе заўтра адбываць двароўку. «Зайду потым,— падумаў ён,— спачатку развяжуся з лугам». I пайшоў паволі вуліцай.
На лажку ля студні ён убачыў хлапчукоў: падкідваючы ўгору нейкую птушку, яны з крыкам ганяліся за ёй, пакуль, ловячы, не накрывалі яе шапкай. Ён спыніўся і паклікаў іх да сябе. Хлапчукі прыціхлі, збіліся ў купку; потым, сказаўшы нешта сябрукам, да Максіма падбег брыгадзіраў Стась — самы смелы з усіх, рослы, у замурзанай шапцы, надзетай брылем назад.
— Гэта вы нам крычалі, дзядзька Максім?