— Носіцеся тут,— сказаў ён,— птушанё маленькае мучыце…
— Гэта кароза,— сказаў Стась,— а па-навуковаму — сойка.
— Кароза, сойка — усё адно,— сказаў ён.— Вы мне лепш адно дзела зрабіце…
Стась паправіў на галаве шапку і, пераступіўшы з нагі на нагу, шморгнуў носам.
— Якое дзела?
— Аббяжыце двары і скажыце, што я прыехаў з лугу, што мужчыны прасілі, каб…
— Ого, дзядзька Максім, хітрыя вы,— сказаў Стась.— Што ў нас ногі купленыя?
— Бач, разумнік які!.. Я вам таптуху дам схадзіць на рыбу.
— Праўда, дасцё? Не маніце, дзядзька Максім?
— Ты лепш слухай. Я табе зараз усё раскажу як мае быць. Толькі, глядзі, не забудзься…
Ён тлумачыў, каму і што трэба наказаць, а Стась усё ківаў галавой і шморгаў носам.
— Дык не забудзешся? Глядзі ж…
— Праўда, таптуху дасцё, дзядзька Максім?
Ён не адказаў. 3 кустоў, што былі за студняй, выходзіла Варка. Яна, мусіць, таксама заўважыла яго, хацела была спыніцца, можа, нават схавацца, але, зноў зірнуўшы на вуліцу, смела пайшла да яго. Ён стаяў і чакаў. Яна ішла паволі, засяроджаная, заклапочаная, ішла, не ўзнімаючы галавы, і калі параўнялася з ім, ледзь павяла на яго вокам і спакойна, ціха сказала:
— Шчаўя во трохі нашчыпала… Не расце нешта гэты год.
— На лузе такога дабра хапае,— таксама не вітаючыся, сказаў ён.— Толькі дзе ты будзеш яго шчыпаць…
Яна прыпынілася і глядзела некуды ўбок.
— Дык гэта ты адзін прыехаў ці пакасілі ўжо ўсё?
— Двароўка ў мяне,— сказаў ён.— Мужчыны яшчэ засталіся…
— Плот у мяне, такое ліха, паваліўся,— сказала яна.— Хадзіла раніцай да Іванчыкавага хлопца, а яму часу, кажа, няма. Каменне збіраць у другую брыгаду паехаў. Сказаў, можа, і заначуе там…
— Каменне ў сенакос… Нехта ж выдумаў…
— Не ад калгаса гэта… 3 раёна прыязджалі… За грошы.
— Даўно забурыўся твой плот?
— Пад вечар учора. Нечы парсюк падрыў. Я хацела выраўняць, а слуп гнілы — надламаўся… Падперла рыдлёўкай…
— Дык хадзем, можа,— гляну…
— Табе ж мо часу няма…
Ён, не зірнуўшы на яе, моўчкі пайшоў вуліцай, яна памкнулася следам, трымаючыся воддаль. Ён падняў з дарогі нейкі дубчык, круціў яго ў руках, потым, прымерыўшыся, кінуў у пыльную канаву пад плот.
— Можа, табе часу няма,— яшчэ раз перапытала яна.— Прыедзе Іванчыкаў хлапец… А там у майго Толіка канікулы будуць.
— Ці многа ж яму даюць гуляць?
Месяц, пісаў… А твой гэта летась не прыязджаў?