Усяго нейкую хвіліну працягвалася маўчанне. Потым самы пажылы з Казакаў, плячысты, са смуглым тварам, на якім сінеў доўгі рубец, узняўся з лавы, чамусьці зняў шапку, падышоў да Бацюты, відаць, здагадаўся, што сярод усіх гэтых людзей ён самы галоўны.
— Грамадзянін начальнік, — сказаў казак, і голас у яго быў мяккі, — адваяваліся мы. Той, каму пралітай крыві мала, падаўся ў бок Бабруйска. Сотнік Панкратаў іх павёў. А мы вось, — ён паказаў рукой на сваіх таварышаў, — рашылі шаблі ў зямлю ўваткнуць. Да сваіх станіц, да жонак і дзетак будзем дабірацца.
— Ну і правільна, — адразу ажыў, павесялеў Мішка, — няма ўжо з кім ваяваць, станіца. Супроць народнай рэвалюцыі не папрэш.
Усе загаманілі, заўсміхаліся, замахалі рукамі, быццам некалькі хвілін да гэтага былі сонным мёртвым лесам, ды падзьмуў вецер, наляцеў віхор і разбудзіў лес.
— Дзе мой сын? — як не закрычаў раптам Міхейчык і, адзіны з усіх, з нянавісцю глянуў на Казакаў.
Пажылы казак увабраў галаву ў плечы, паказаў рукой на яшчэ адны дзверы, што былі прарэзаны каля самай печы:
— Там, за сцяной на саломе, нейкі хлопец ляжыць. Панкратаў з рыжым Казловым яго білі.
Міхейчык, як маленькі злы певень, рынуўся ў гушчу Казакаў, распіхаў іх, плечуком ударыў у дзверы.
Проста на падлозе, уткнуўшы галаву ў салому, ляжаў Іван, голы па пояс. Над ім завіхалася маладзенькая кухарка з маёнтка Матруна Сазанавец, светлавалосая, невысокая, смяшлівая. Яна прыкладвала да чырвонай Іванавай спіны нейкія кампрэсы ці прымочкі. Ёй памагаў казак, таксама малады, з чорным кучаравым чубам.
— Іванька, — укленчыў каля сына Міхейчык, і ягоныя плечы затрэсліся, — чаго ты тут ляжыш, сынок? Што ж яны з табою зрабілі?
Іван рыўком узняў галаву, убачыў аднавяскоўцаў, і пацямнелыя ад болю вочы ажылі. Ён нават спрабаваў устаць, але Матруна не дала.
— Ляжы ты ўжо, герой...
Але Іван усё-такі прыўзняўся, скрывіўся ад болю, аслабела стаў на калені, сказаў, звяртаючыся да ўсіх і ў першую чаргу да Бацюты:
— Новая скура вырасце... Чорт з ёй... Косці, здаецца, цэлыя... Ну і білі, гады.
Ён быў у гэтыя хвіліны такі прыгожы: бледны, асветлены радасцю твар, узнятая ўверх галава з чорнай шапкай кароткіх валасоў, голыя, смуглыя, пакрытыя чорным пушком грудзі.
— Ты, Іван, як Сценька Разін, — глянуўшы на сябра, успомніў нядаўна пачутую песню Мішка Сырамалот.
Яму захацелася зараз — хай сабе баліць! — таксама стаяць на каленях на гэтай калючай жоўтай саломе, і каб плечы ў пісягах былі голыя, і каб усе бачылі: і Бацюта, і Перуноўскі, і, вядома, Матруна.
— Лячыся, Іван, — сказаў Бацюта, — болей цябе ніхто пальцам не кране. Улада цяпер наша.
— Праўду кажаш? — усім сваім знявечаным целам хіснуўся да яго Іван.
— Праўду, — важна сказаў Мішка. — Шуганулі ў Петраградзе міністраў. Разам з крэсламі і партфелямі... — Ён сказаў гэта так, быццам сам асабіста зрабіў такую справу.
— Бацюта, мужчыны, — гучна загаварыў Іван, — злавіце Баўтрука. Ён, сабака, недзе тут блізка хаваецца. Так біў... — Ён у нейкае імгненне ледзь не ўсхліпнуў, але авалодаў сабой. — І Гайкевіч ліса добрая. Стаяў збоку, рукі цёр...
— Лажыся! — строга сказала яму Матруна. — Без цябе ведаюць, што рабіць...
— Цішэй, Моця. Яму ж баліць, — папрасіў яе чарнявы казак.
Тут стары Міхейчык быццам прачнуўся, воўкам глянуў на казака, схапіў яго за грудзі:
— І ты біў, гіцаль... Гавары!
Моця адразу ўся зачырванелася, накінулася на Міхейчыка, вось-вось вочы выдзера.
— Не давайце волю рукам. Тады трэба было бараніць свайго сынка...
Чарнявы казак, разгублена ўсміхаючыся, трымаючы ў руках мокрую анучку, ступіў крок да Бацюты:
— Таварышы, каб я, Гаршкоў, біў яго, я паехаў бы разам з Панкратавым. А я застаўся ў вас. Не ўсе ж казакі жывадзёры. Можа, чулі? Быў казачы Урупскі полк, які супроць цара выступіў.
— Веру, братка, веру, — паклаў яму руку на плячо Бацюта.