— Ты са сваім бацькам у палацы жыў, — крутнуўся на драўлянай назе Сямён-артылерыст.
— Цішэй ты! Зноў, можа, выпіў, — замахалі на яго рукамі жанчыны.
— Не асквярняйце прах, — грозна глянуў на яго Буракоўскі.
— Хай ён не асквярняе. Ігнат з голаду памёр, а яны... — Сямён-артылерыст мыліцай паказаў у бок маёнтка, — абжыраліся і абпіваліся.
Усе загаманілі, заспрачаліся. Ніколі яшчэ не было такога на чмялёўскіх могілках. Адны старыя, Ігнатавы аднагодкі, стаялі моўчкі, і лёгкі вецер калыхаў іхнія сівыя бароды.
Бацюта нічога не гаварыў, толькі слухаў і глядзеў на людзей.
Убачыў, як, згорбіўшыся, закопвае рыдлёўкай магілу Лаўрэн Лапыцька. Позіркі іх сустрэліся, і Лаўрэн адвёў убок вочы. Каля магілы стаяў і Антон Радзімовіч, — абедзвюма рукамі падтрымліваў крыж. Вецер шкуматаў ручнічок, завязаны на крыжы, біў ім па Антонавым твары. Але хлопец хоць бы міргнуў, быццам быў каменны.
Гайкевіч усё-ткі дагаварыў. Відно было, што не чакаў ён такога павароту справы, нервова палез у кішэню, дастаў папяросу, закурыў.
«Апёкся ты, братка, — падумаў Бацюта, — не тыя песенькі пяеш, галодных і сытых хочаш зрабіць раднёй».
Пачалі разыходзіцца з могілкаў людзі. Ішлі спяшаючыся — кожнаму карцела з-пад цяністых шумлівых хвой, пад якімі гаспадарыла смерць, хутчэй выйсці на сонца. За плотам, што абгароджваў могілкі, старанна аббівалі з абутку пясок, не хацелі несці яго ў вёску, да свайго жылля.
Бацюта ўлучыў хвіліну, падышоў да Антона.
— Як жывеш, Антон?
Антон нічога не адказаў, моўчкі глядзеў сабе пад ногі.
— А чаму ты Івана Міхейчыка аднаго кінуў? Вы ж разам у лес ездзілі? — не сунімаўся Бацюта.
Тады Антон узняў галаву: вочы ў яго былі халодныя і далёкія, як зоркі за хмарамі. Быў у іх боль і нейкая зласлівая ўпартасць.
— Мне трэба было хутчэй ехаць дамоў, — ціха сказаў ён.
— Але ж ты кінуў таварыша, які табе памагаў...
— У мяне дзед памёр. — Гэтыя словы Антон апошнімі днямі паўтараў вельмі часта. І цяпер ён абараніўся імі. І Бацюта зразумеў: не хоча хлопец гаварыць з ім, свае ў яго думкі.
Яны разышліся. Антон пайшоў у вёску: здаецца, сярод натоўпу жанчын і дзяўчат мільганула сіняя Янініна хустка.
Бацюта разам з Сямёнам-артылерыстам, Перуноўскім, Спепанюгам і яго сынамі накіраваўся да калёсаў. Неспакойна ў яго было на душы — адчуваў, што самае цяжкае і складанае яшчэ наперадзе. Не пакідала думка, што ён нешта не так зрабіў, нешта недагледзеў, і зноў бачыліся яму Антонавы вочы.
IV
Лена ціўкалі кулі. Здавалася, дробныя шэрыя птушкі, што ўвесь дзень лёгкай чародкай кружыліся ў снежным полі непадалёку ад акопаў, пакарміліся нарэшце — можа, зернем з копаў мёрзлай саломы, можа, сеннай пацярухай, якая была рассыпана там, дзе стаялі батарэйныя коні — і зараз зрэдку падаюць свой ціхі сыты голас.
Кузьма Радзімовіч, з крамянымі ад холаду шчокамі, узняўшы адубелы каўнер шыняля, сядзеў у траншэі на мулкім смаляным карчы, які выпрасіў у кашавараў, і глядзеў на германскія пазіцыі. Бруствер быў замецены снегам, і таму ён, каб лішне не выторкваць галавы, руляй вінтоўкі пракруціў у снезе невялічкую дзірку. Хапала глядзець толькі адным вокам. Сажняў за сто перад сабой ён бачыў рэдкія купкі кустоў, чорную звілістую палоску ручая, якая разломвала непарушную бель снегу на дзве палавіны — рускую і нямецкую. Ручай не замерз, і ўсе дзівіліся, чаму такое здарылася, бо маразы былі пякучыя. Разведчыкі казалі, быццам уверх па ручаі вёрстаў за сем адсюль немцы льюць у ручай газу і падпальваюць яе. Кузьма, як і большасць салдат, не верыў гэтаму.
Правы нямецкі бераг ручая быў высокі, пагоркавы; снег злізала ветрам. Вужакамі спляталіся там траншэі першай лініі абароны. Кузьма бачыў густую непраходную сцяну калючага дроту, не дужа замаскіраваныя воўчыя ямы, бетонныя каўпакі кулямётных гнёздаў. Немцы ўчапіліся ў пагорак надзейна, мёртвай хваткай, як воўк у мяса, і таму адчувалі сябе там па-гаспадарску. Упэўнена плылі ў шэрае зімовае неба тонкія дымкі іхніх паходных кухняў.
Кузьма паварушыўся на сваім карчы, памахаў рукамі, каб разагрэцца. Лепш, вядома, было б прабегчы па траншэі трушком туды-сюды, паскакаць, але траншэя была неглыбокая, а немцы стралялі трапна. І таму ён, адчуваючы, як пруцянее ад холаду, баліць спіна, увабраў галаву ў каляны каўнер, на імгненне заплюшчыў вочы. І адразу ж, здрыгануўшыся, зноў спалохана і паспешліва іх расплюшчыў, бо недзе зусім блізка, як не над самым вухам, грымнула кулямётная чарга. Снег праменным белым струменьчыкам пацёк з бруствера ў траншэю. Кузьма, каб лепей бачыць, трохі прыўзняўся са свайго сховішча.
Кулямёт біў з нямецкага боку. Кулі ўспорвалі снежны цалік, і снег узвіваўся ўгору малюсенькімі мяккімі воблачкамі, якраз так, як бывае, калі ў лузе наступіш нагою на грыб-пухаўку.
З трэцяй роты да іх, у другую роту, проста па полі подбегам ішоў салдат. Быў ён без вінтоўкі — абедзве рукі былі заняты бачкамі з кашай. Як горб, тырчала на спіне зялёная торба, у якой звычайна носяць хлеб. Утуліўшы галаву ў плечы, глядзеў салдат толькі ў адну кропку — сабе пад ногі, быццам у гэтым быў яго паратунак, быццам — узнімі ён галаву, паглядзі наўкол, і адразу наскрозь прашыюць нямецкія кулі.
«Дурань нейкі», — адчуваючы, як страх і разам з тым востры салодкі адчай запаўняюць сэрца, падумаў Кузьма. Уся другая рота, затаіўшы дыханне, глядзела на салдата са сваёй траншэі. А ён раптам спатыкнуўся і, выставіўшы ўперад локці — бачкі не выпусціў з рук, — цяжка паваліўся потырч носам у снег.
— Гатоў, — сам сабе сказаў Кузьма, але салдат трошкі паляжаў, відаць, аддыхаўся і зноў узняўся на ногі. Было відно, што ён хістаецца ад стомы і страшнага нечалавечага напружання. З галавы ў яго звалілася шапка, і жоўта-белыя, як смятана, валасы шкуматнуў вецер.
— Дык гэта ж Сцяпан Шчэннікаў, наш кашавар, — загаманіла другая рота. — Чаму ж ён, сабачы сын, з трэцяй роты нам полудзень нясе?