— Куды вы, народ?
— У маёнтак. Пойдзем Гайкевічу пяткі паказычам, — весела трасянуў мокрай галавой Мішка, — зараджай, артылерыя, сваю марціру, — ён кіўнуў на Сямёнаву мыліцу.
Сямён узрадаваўся, закруціў мыліцай над галавой, аж паветра засвістала, сказаў Мішку:
— Гэта, брат ты мой, драўляная карцеч. Па спіне як перацягне, забудзешся, дзе матчына магілка.
А да іх ужо пад'язджаў на калёсах Яўхім Сцепанюга. Ён стаяў на ўвесь рост, шлёгаў каня пугай. Сыны, іх было трое, маўклівыя і сур'ёзныя, як бацька,
сядзелі, падкурчыўшы ногі.
— Гэй, Сцепанюжачкі, — крыкнуў ім Мішка. — Куды кіруеце? Можа, у Запольцы, на вечарынку?
Сцепанюгі заўсміхаліся.
— Сядай сюды, — сказаў старэйшы, Мікіта, — тут салома мяккая.
— Сядайце і вы, — глянуў Яўхім на Бацюту і Сямёна-артылерыста, — усім месца хопіць. Там Людвік таксама каня запрагае...
Калёсы заляскаталі па мёрзлай вуліцы.
— Стары Ігнат памёр, — уладкоўваючы сваю драўляную нагу ў калёсах, сказаў Сямён-артылерыст. — Сёння хаваць будуць.
Усе замоўклі. Толькі Мішка, вясёлая душа, і тут не вытрымаў:
— Паспяшаў дзед. Новае жыццё пачынаецца, а ён памёр.
— Ціха ты, — строга абарваў яго Яўхім Сцепанюга, — чалавек памёр, а ты зубы скаліш.
Калі калёсы ад'ехаліся ад хаты, Лаўрэн Лапыцька шпурнуў у кут мокрую анучу, колькі хвілін пастаяў моўчкі, заплюшчыўшы вочы. Чаму ён не паехаў разам з усімі? Хіба ён палахлівец, смерці баіцца? Не. Ягоныя дзеці малыя памерлі ўжо, чаго яму, старому, сівому, баяцца сырой зямелькі? Усе там будзем. Але ён не мог узняць руку на закон, на людзей, казакоў, лесніка, аканома, якія ахоўвалі гэты закон. Закон быў, вядома, глухі да яго, Лаўрэнавага, гора, закон быў сляпы, бо не бачыў Лаўрэнавых слёз, але гэта быў закон, нешта ўсеўладнае і непераможнае, як смерць.
Ён павольна выйшаў з хаты, пастаяў на двары. Ён думаў: «Якую добрую навіну прынёс я сёння Бацюту і ўсім. Як усе ажылі, узрадаваліся. І ўсе паехалі ў маёнтак, хоць у казакоў вострыя шаблі. А я застаўся. Я застаўся, хоць у мяне гора большае за іхняе і яго ніхто нічым не змерыць...» Такія думкі нарадзілі ў душы нейкае шчымлівае шкадаванне да самога сябе, слабога, безабароннага, здавалася, хвіліна-другая — і ён заплача. Але ён не заплакаў, бо слёз пасля Ганнінай смерці ўжо не было. Ён ціха выйшаў з двара, пайшоў па вуліцы. З цёмнага неба ляцелі рэдкія белыя сняжынкі. Быццам недзе патухла вогнішча, і вецер раздзімаў сівы попел. За ім з двара выбег Мурзік, весела гаўкнуў.
— Мурзік, ідзі дамоў, — тупнуў нагою Лаўрэн.
Але сабачка стаў на заднія лапы, віляў хвастом.
— От я табе дам, — Лаўрэн сагнуўся, падняў з зямлі трэску, кінуў ёй у Мурзіка.
Той трохі адбегся, сеў, глядзеў на гаспадара, і вочы ягоныя былі, як чалавечыя.
Лаўрэн пайшоў далей па вуліцы, потым аглянуўся — Мурзік бег следам. І ад гэтай сабачай вернасці і любві пацяплела раптам сэрца, сціснулася ў мяккі камяк, заныла даўно страчанай пяшчотай.
— Ідзі сюды, — пазваў ён Мурзіка, — ідзі, мой беленькі, харошанькі...
І калі сабака падбег, Лаўрэн узяў яго на рукі, пачаў гладзіць.
Так ён ішоў па вуліцы і праз колькі хат убачыў, як на двары стаіць Антон Радзімовіч, сякерай няўмела вычэсвае крыж.
«Гэта ж Ігнат памёр, — успомніў Лаўрэн. — Быў чалавек і патух, як свечка...»
Ён зайшоў на Радзімовічаў двор, убачыў, што рукі ў хлопца дрыжаць.
— Дай памагу, — сказаў Лаўрэн.
Ён узяў сякеру, тапарышча было цёплае ад Антонавых рук, лёгенька цюкнуў па крыжы. Белая трэска ўпала на зямлю. Падбег Мурзік, панюхаў.
«І чалавек, як гэтая трэска, — думалася Лаўрэну. — Крычым: хлеба, зямлі. А прыйдзе дзень — самі ў гэту зямлю ляжам...»