І ўсе заўсміхаліся разам з ім, зрабіліся вясёлыя, бо ведалі — Бацюта такі чалавек, што не будзе дарэмна радавацца і смяяцца, і калі ён радуецца, значыць, прыйшла сапраўдная, вялікая радасць, радасць для ўсіх.
— Лёза, тушы агонь! — крыкнуў Бацюта. — Усе пойдзем на вёску. Пойдзем да Мішкі Сырамалота.
Узбуджанай гурбой выйшлі яны з кузні, толькі Лёва застаўся, глянуўшы на ўсіх сумнымі вачыма. Неба ўжо было зусім светлае. З-за недалёкага лесу выкочвалася сонца, яркае, прыгожае, нібы чырвонае яйка на вялікдзень. Яны ішлі па балоцістай лугавіне да вёскі. Уперадзе шырока і размашыста крочыў Бацюта. За ім ледзь не подбегам спяшаліся Лаўрэн Лапыцька, Людвік Перуноўскі і Яўхім Сцепанюга. Сямён-артылерыст адстаў, чыкільгаў далёка ззаду, весела махаў мыліцай, нібы шабляй.
Лаўрэн глядзеў на шырокую спіну Бацюты, на ягоную патыліцу, дзе ў русых спатнелых валасах быў відзён вузкі светлы паясок, выціснуты кепкай — кепку Бацюта так і не падняў з падлогі ў кузні, — і радаваўся, што сябруе з гэтым смелым моцным чалавекам, што першы паведаміў яму навіну, ад якой, здаецца, зрабілася вышэйшае неба.
— Не твой Ленін, як ты сказаў, Лаўрэн, а наш, наш Ленін, — гаварыў Бацюта, лёгка пераскокваючы лужыны, зацягнутыя зыркім блішчастым лёдам. Ён чакаў гэты дзень, верыў у яго і ўсё-ткі трошкі разгубіўся ад навіны, трошкі пайшла кругам галава, быццам выпіў нечага моцнага. За свае сорак гадоў, пражытых на зямлі, многае давялося яму перажыць і ўбачыць. Нарадзіўся ў гэтых мясцінах, трохі далей адсюль па Бярэзіне, у лясной вёсачцы. У дваццаць гадоў разам з бацькамі, з братамі і сёстрамі паехаў у далёкую Сібір, дзе, як казалі, перасяленцаў чакаюць малочныя рэкі, дзе, колькі хочаш, можаш араць зямлі, толькі вызвалі яе ад тайгі. У той тайзе, казалі, расце дзіўная ягада — вінаград, саладзей якой нічога няма на свеце. Па дарозе ён згубіўся, галадаў, спаў у канавах і ў скірдах саломы. Ён забыў смак хлеба, але ў цёмныя восеньскія ночы сніў у кампаніі такіх жа галодных бадзяг залатую ягаду-вінаград, якую ў дрымучых лясах вартуюць мядзведзі. Потым трапіў у Маскву, працаваў на тэкстыльнай фабрыцы, на заводзе, уступіў у бальшавіцкую партыю, быў паранены на Прэсні. Была сібірская ссылка, закаваны льдом і засыпаны снегам Енісей, кедры над ім, чорныя і вострыя, падобныя на штыкі салдат, што вялі яго па вуліцах Краснаярска ад вакзала да перасыльнага пункта. У пятнаццатым годзе яго параніла на фронце ў Галіцыі. Валяўся ў шпіталях, трохі падлячыўся і быў як добры слесар накіраваны ў Маскву ў ваенны поездмайстэрні. Тут былі свае. Шмат бальшавікоў. Асабліва спадабаўся яму Серабракоў, спагадлівы, сардэчны чалавек. Разам з поездам трапіў у родныя мясціны, у Бабруйск. А адтуль, як параіў той жа Серабракоў, летам перабраўся ў Чмялі, бо па стану здароўя ўрачы прызналі непрыгодным для вайсковай службы. На другі ж дзень узяў у рукі касу і пайшоў касіць сена на панскім лузе. Чмялёўцы падзівіліся, пастаялі і таксама пабеглі дадому па косы. Тая касьба, тая ліпеньская раса зрабіла яго для мужыкоў сваім чалавекам.
Усяго, як кажуць, хапала ў жыцці, і солі, і гарчыцы, і вось зараз ён сустрэў дзень, аб якім марыў з сябрамі яшчэ ў студзёных сібірскіх снягах.
Яны ўвайшлі ў Лаўрэнаву хату, толькі Сямён-артылерыст цягнуўся яшчэ недзе ззаду. Мішка спаў. На яго поўных, крыху адтапыраных губах уздрыгвала ўсмешка.
— Уставай, кот марцовы, — нецярпліва тузануў яго за плячо Лаўрэн.
Мішка ўсхапіўся з лавы, спалохаўся, не разабраўся, што за людзі будзяць. Відаць было — яшчэ туманіць яго ўчарашні хмель.
— Скажы, Міхал, — звярнуўся да яго Бацюта, — хто табе сказаў, што ў Петраградзе рэвалюцыя? — Голас Бацюты перарываўся ад хвалявання.
— Вунь яно што, — павесялеў Мішка, — а мне здалося — гэта я ў канюшні сплю і парсюк Гайкевіч мяне за каўнер бярэ, будзіць. Лявон Цмыг сказаў. Ён у Бабруйск ездзіў — мыла і цвікоў купіць. А там яго швагер на фарштадзе робіць. Ды ты не сумлявайся, Бацюта, точна — гэта самая яна і ёсць, як яе...
— Рэвалюцыя, — падказаў Людвік Перуноўскі.
— Ага... — Мішку падабалася, што ўсе мужыкі і сам Бацюта так прыслухоўваюцца да ягоных слоў. — І яшчэ Гайкевічаў Аркадзь гаварыў па дарозе, калі яго Лявон у маёнтак вёз...
— А гэты шпачок навошта сюды прыехаў? — здзівіўся Бацюта.
— Відаць, на бацькавы харчы, — услых падумаў Лаўрэн, — згаладнеў у горадзе, па дзеўках бегаючы,..
— Даліся табе, Лаўрэн, гэтыя дзеўкі, — хмыкнуў Перуноўскі, — пільнуй лепш сваіх курэй...
— От чалавек, — Лаўрэн аж ляпнуў сябе рукамі па сцёгнах, — усюды свой язык, як шыла, уточыць...
— Дзевак у яго, вядома, хапае, — гаварыў між тым Мішка Сырамалот, і голас яго прарэзваўся, дужэў, — толькі ён усюды ездзіць і сюды прыехаў, каб за яго галасавалі на выбарах, што будуць...
— Не за яго, а за ягоную партыю, — паправіў Мішку Бацюта, — за беларускіх эсэраў. І яны, бач ты, заварушыліся... Нацыянальныя павадыры, — вочы ягоныя пастражэлі, ён кашлянуў у кулак.
— А яшчэ — ведаеце што? — Мішкавым навінам, здавалася, не будзе канца. — Там у маёнтку, у флігелі, Іван Міхейчык ляжыць збіты, як горкі яблык. І з ім Радзімовічаў Антон. Лес яны хацелі секчы, ды Баўтрук, ваўчыная морда, вынюхаў. Білі іх, аж мяса ў бакі ляцела...
— Хто біў? — пацямнелымі вачыма глянуў на яго Бацюта.
— Казакі. І Гайкевіч, аканом наш, круціўся там, радаваўся.
— Радаваўся, кажаш? — Бацюта павярнуўся да Сцепанюгі. — Яўхім, бяры сваіх старэйшых хлопцаў. А ты, Людвік, пакліч з таго канца Рыгора Крываноса і Пятра Зайца. Хто ў нас яшчэ ў камітэце? Павел Макароў? Зойдзем і па яго. — Ён шырокімі белымі зубамі грыз вусы. — Мужыкі, гайда ў маёнтак! Будзем бальшавіцкую сялянскую ўладу ў Чмялях аб'яўляць.
— Вось гэта дзела! — заззяў Мішка. — Гэта па-нашаму...
Нахіліўшыся над цэбрам, ён выліў сабе на галаву ледзь не вядро вады. Страсянуў мокрымі валасамі, што адразу пацямнелі, усміхнуўся:
— Давай каманду, Бацюта.
— Там жа казакі, — асцярожна пачухаў патыліцу Лаўрэн.
— Ну і што? — ужо ішоў да дзвярэй Бацюта. — Ім вайна з германцам і з мужыком даўно ўжо абрыдла, як горкая рэдзька. Пойдзем, хлопцы.
Усе выйшлі з хаты, акрамя Лаўрэна, што схапіў раптам нейкую анучыну і пачаў, старанна і злосна, выціраць на падлозе ваду, якую разліў Мішка.
— Бач ты, наплёхаў, як свіння, — мармытаў ён, поўзаючы на каленцах. — Ведама ж, не свая хата... Хай падлога гніе... — І хацелася яму, каб хутчэй аціхлі цвёрдыя размашыстыя крокі за акном, на вуліцы. Так яму хацелася гэтага, што здавалася, вось-вось ён заткне вушы. Да Лаўрэнавай хаты між тым жвава чыкільгікаў Сямён-артылерыст. Убачыўшы, што ўсе выходзяць на двор, спытаўся, цяжка дыхаючы: