Бальдзiнi быў сам не свой. Ён енчыў i стагнаў ад роспачы. У гневе на лiхую долю ён кусаў сабе пальцы. Зноў пайшлi марна ўсе планы на вельмi буйны поспех, а мэта была таая блiзкая. У свой час яму заступiў дарогу Пелiсье i дужа вынаходлiвыя спрытнюгi-браты па цэху. А цяпеп вось гэты хлопчык з яго невычэрпным запасам пахаў, гэты маленькi гаўнюк, якога нельга ацанiць нават золатам, надумаў якраз цяпер, калi iнтэрас так удала шырыцца, падчапiць сiфiлiтычную воспу i гнойны адзёр in stadio ultimo! Чаму не праз два гады? Чаму не праз год? Да таго часу яго можна было б вычарпаць да дна, як срэбную рудню, выдаiць, як залатога асла. I хай бы спакойна сабе тады памiраў. Дык жа, бач, не! Яму закарцела памерцi цяпер, каб яму трайная скула, памрэ праз сорак восем гадзiн!
Нейкi кароткi момант Бальдзiнi падумваў выправiцца ў паломнiцтва за раку ў Нотр-Дам, паставiць свечку i вымалiць у Святой Багародзiцы ацаленне Граную. Але потым ён адмовiўся ад гэтага намыслу, бо часу было пад абрэз. Ён збегаў па чарнiла i паперу i прагнаў жонку з пакоя хворага. Сказаў, што падзяжурыць сам. Потым сеў на крэсла каля ложка з лiстком для запiсак на каленях i, умачыўшы пяро, паспрабаваў схiлiць Грануя на парфумнiцкую споведзь. Хай ён, напрамiлы Бог, не маўчыць, не забiрае ў магiлу скарбы, якiя носiць у сабе! Хай не маўчыць. Цяпер, у апошнiя гадзiны, ён павiнен перадаць у надзейныя рукi тастамант, каб не пакiдаць нашчадкаў без найлепшых пахошчаў усiх часоў! Ён, Бальдзiнi, надзейна разбярэцца з гэтым тастамантам, з гэтым канонам формулаў усiх самых узвышаных пахаў, якiя калi-небудзь iснавалi на свеце, ён даб'ецца iх працвiтання. Ён дасць iмю Грануя неўмiручую славу, ён прысягае ўсiмi святымi, што найлепшы з гэтых пахаў пакладзе да ног самога караля, у агатавым флаконе i чаканным золаце з выгравiраваным прысвячэннем "Ад Жан-Батыста Грануя, парфумнiка з Парыжа".Так гаварыў альбо так нашэптваў Бальдзiнi на вуха Граную, нястомна заклiнаючы, умаўляючы i падахвочваючы ласкаю.
Але ўсё было марна. Грануй не выдаваў нiчога, апрача, бадай што, белаватай секрэцыi i крывавага гною. Ён моўчкi ляжаў на дамаставым палатне i вылiваў з сябе гэтыя гiдотныя сокi, а зусiм не свае скарбы, не свае веды, ён не назваў нiводнай формулы нiякага водару. Бальдзiнi хацелася задушыць яго, паадраць на кавалкi, ён гатовы быў выбiць з кволага цела неацэнныя тайноты, калi б меў хоць якiя-колечы шанцы на поспех... i калi б гэта так жахлiва не супярэчыла ягонаму ўяўленню пра хрысцiянскую любоў да блiзкага.
I так ён усю ноч сюсюкаў i соладка разлiваўся салаўём. Перасiльваючы агiду, ён завiхаўся каля хворага, абкладваў мокрымi ручнiкамi яго спацелы лоб i запаленыя вулканы нарываў i паiў з лыжачкi вiном, каб прымусiць яго варочаць языком,-- дарма. А пад ранiцу змогся i здаўся. Седзячы ў крэсле, адчуваючы нават не гнеў, а цiхую роспач, ён неадрыўна глядзеў на ложак, дзе памiрала маленькае цела Грануя, якога ён не мог нi выратаваць, нi абаранiць: з яго нельга было нiчога выцiснуць, можна было толькi бяссiла назiраць за яго сконам. Бальдзiнi адчуваў сябе капiтанам, у якога на вачах гiне яго карабель, несучы на дно ўсё ягонае багацце.
I тут раптам вусны ў невылечна хворага растулiлiся, i ён спытаўся ясным i цвёрдым голасам, у якiм амаль не адчувалася хуткай пагiбелi:
-- Скажыце, мэтр, цi ёсць iншыя сродкi, апрача выцiску i перагонкi, каб атрымаць пах з якога-небудзь цела?
Бальдзiнi здалося, што гэты голас прагучаў альбо ў ягоным уяўленнi, альбо з таго свету, i ён механiчна адказаў:
-- Так, ёсць.
-- Якiя? -- зноў прагучала пытанне, i гэтым разам Бальдзiнi заўважыў рух Грануевых вуснаў. "Вось i ўсё,-- падумаў ён.-- Вось i канец, гэта гарачка, ужо агонiя". I ён устаў, падышоў да ложка i нахiлiўся над хворым. Той ляжаў з расплышчанымi вачыма i глядзеў на Бальдзiнi такiм самым насцярожлiвым , нерухомым позiркам, як i падчас iх першай сустрэчы.
-- Якiя? -- спытаўся ён.
Бальдзiнi ачуўся, пепраўзмог раздражнёнасць,-- нельга ж адмаўляцца выканаць чалавеку яго апошнюю просьбу -- i адказаў: --Ёсць тры такiя спосабы, сыне мой: enfleurage a chaud, enfleurage a froid i enfleurage a l'huile*. Яны намнога лепшыя за дыстыляцыю, i iмi карыстаюцца, каб атрымаць самыя тонкiя пахi: з язмену, ружы i апельсiнавага цвету.
-- Дзе? -- спытаўся Грануй.
-- На поўднi, -- адказаў Бальдзiнi.-- Найперш у горадзе Грасе.
-- Добра, -- сказаў Грануй.
I з гэтымi словамi ён заплюшчыў вочы. Бальдзiнi павольна ўстаў. Ён сабраў свае лiсткi, на якiх не было напiсана нi радочка, i пашукаў свечку. На дварэ ўжо свiтала. Бальдзiнi ледзь трымаўся на нагах, аж так стамiўся. Трэба клiкнуць святара, падумаў. Потым машынальна перахрысцiўся i выйшаў.
Але Грануй не памёр. Ён толькi моцна спаў, аддаўшыся мроям, i ўцягваў у сябе свае сокi. Пухiры на целе ўжо пачалi падсыхаць, гнойнныя кратары зацягвацца плеўкай, язвы сцягвацца. Праз тыдзень ён паправiўся.
Найбольш яму хацелася б паехаць на поўдзень, туды, дзе можна вывучыць новыя тэхнiчныя прыёмы, пра якiя сказаў стары. Але пра гэта, вядома, i марыць не было чаго. Ён жа толькi вучань, iнакш кажучы,--нiхто. Калi шчыра, дык, патлумачыў яму Бальтдзiнi, адолеўшы першы наплыў радасцi, калi Грануй паўстаў з мёртвых, калi шчыра, ён быў нават менш, чым нiхто, бо прыстойны вучань павiнен мець бездакорнае паходжанне, iнакш кажучы, законна пашлюбаваных бацькоў, сваякоў у саслоўi i дагавор з майстрам пра навучанне. А ў Грануя нiчога такога не было i ў заводзе. I калi ён, Бальдзiнi, усё-такi згаджаецца памагчы яму стаць калi-небудзь чаляднiкам, дык зробiць гэта пры ўмове бездакорных паводзiнаў Грануя ў будучым i з ласкi да ягонага не зусiм беспахiбнага таленту. Хоць ён, Бальдзiнi часта цярпеў ад сваёй бясконцай дабрынi, якую не мог перасiлiць.
Ясна, каб стрымаць абяцанне, ягонай дабрынi спатрэбiўся даўжманы тэрмiн -- аж тры гады. За гэты час Бальдзiнi з дапамогай Грануя здзейснiў свае ўзнёслыя мары. Ён адчынiў мануфактуру ў Сэнт-Антуанскiм прадмесцi, выбiўся са сваiмi выштукаванымi парфумамi ў прыдворныя парфумнiкi, атрымаў каралеўскi прывiлей. Яго тонкiя пахошчы знайшлi збыт усюды, аж да Пецярбурга, да Палерма, да Капенгагена. Адзiн гатунак, з мускусным адценнем, iшоў нарасхват у Канстанцiнопалi, а там жа, бачыць Бог, чаго-чаго, а сваiх пахучасцяў нiколi не бракавала -- звалiся. У элегантных канторах лонданскага Сiцi пах бальдзiнеўскiх парфумаў трымаўмя гэтак жа стойка, як i пры пармскiм двары, варашаўскi Бэльвэдэр прабраў ён гэтак сама, як i сядзiбу графа фон-унд-цу Лiпэ-Дэтмальда. Сямiдзесяцiгадовы Бальдзiнi, якi ўжо быў змiрыўся з пепрспектывай правесцi старасць у чорнай нэндзы пад Месiнай, акрыяў, узвысiўся да стану бясспрэчна найвялiкшага парфумнiка Еўропы i аднаго з найбагацейшых буржуа ў Парыжы.
На пачатку 1756 года -- пад той час ён абставiў яшчэ адзiн дом побач з старым на мосце Мяняйлаў, толькi пад жытло, бо стары лiтаральна да вышак быў напханы духмянымi рэчывамi i спецыямi,-- ён паведамiў Граную, што цяпер згодзен адпусцiць яго, зрэшты, пры трох умовах: па-першае, той не мецьме права нi рабiць нiякiх духоў, што нарадзiлiся пад дахам у Бальдзiнi, нi перадаваць iх формулаў трэцiм асобам; па-другое, ён павiнен пакiнуць Парыж i не вяртацца туды, пакуль жыцьме Бальдзiнi; i, па-трэцяе, ён павiнен маўчаць пра дзве першыя ўмовы. Хай ён прысягне ў гэтым усiмi святымi, беднай душою сваёй мацi-нябожчыцы i сваiм гонарам.
Грануй, якi не меў нiякага гонару, не верыў у святых, а ўжо тым больш у бедную душу сваёй мацi, прысягнуў. Ён прысягнуў бы ўсiм. Ён прыняў бы любую ўмову Бальдзiнi, бо яму патрэбная была грамата чаляднiка -- яна дазваляла яму непрыкметна жыць, падарожнiчаць i ўладкавацца на працу. На астатняе яму напляваць. Ды i што гэта за ўмовы! Не вяртацца ў Парыж? Навошта яму здаўся той Парыж! Ён ведаў яго напамяць да самага апошняга смярдзючага закутка, ён усюды насiў яго з сабою, ён валодаў Парыжам ужо шмат гадоў. Не рабiць бальдзiнеўскiх модных духоў? Не перадаваць формулаў? Нiбыта ён не можа рыдумаць тысячу iншых, такiх самых добрых, яшчэ лепшых -- варта захацець толькi! Але ж ён зусiм гэтага не хацеў! Ён не збiраўся канкурыраваць з Бальдзiнi альбо з кiм бы тое нi было з iншых буржуазных парфумнiкаў. Ён i не думаў рабiць вялiкiя грошы на сваiм таленце, ён нават не хацеў зарабляць iм на пражытак, калi здолее жыць iнакш. Ён хацеў неяк выпусцiць вонкi сваё ўнутранае "я", не што iншае, а менавiта ўнутранае "я", якое лiчыў больш вартасным, чым усё, што мог прапанаваць яму свет. I таму ўмовы Бальдзiнi Граную не значылi анiчагуткi. Навесну, ранняй травеньскай ранiцай, ён выправiўся ў дарогу. Ён атрымаў ад Бальдзiнi маленькi юрзачок, яшчэ адну кашулю, пару панчох, столку каўбасы, конскую гуньку i дваццаць пяць франкаў. Гэта куды больш, чым належыцца, сказаў Бальдзiнi, бо ж Грануй набыў у яго глыбокую адукацыю, за якую не заплацiў нiчога. А звычайна даюць на дарогу два франкi, i ўсё. Але ён, Бальдзiнi, чалавек лагодны, мяккi i не мае сiлы пепрабароць сваю дабрыню i тую глыбокую сiмпатыю, якая за гэтыя гады назапасiлася ў ягоным сэрцы да слаўнага Жан-Батыста. Ён зычыць яму ўдачы ў ягоных вандроўках i яшчэ раз настойлiва заклiкае не парушаць сваёй клятвы. З гэтымi словамi ён правёў яго да чорнага ходу, дзе калiсьцi прыняў,i адпусцiў у белы свет.
Рукi ён яму не падаў -- аж так далёка сiмпатыя ягоная не сягала. Ён яму нiколi так i не падаў рукi. Ён увогуле стараўся не дакранацца да яго, адчуваючы нешта накшталт багавейнай агiды, быццам баяўся набрацца заразы, апаганiцца. Ён толькi коратка развiтаўся. А Грануй кiўнуў i адвярнуўся, i пайшоў прэч. На вулiуы не ыбло нi душы.
Бальдзiнi глядзеў яму ўслед, пакуль той шкандыбаў унiз па мосце да Вострава, маленькi, скурчаны, з юрзачком, падобным на горб; са спiны ён быў рыхтык як дзядок якi. Па той бок ракi, каля будынка Парламента, дзе завулак робiць паварот, Бальдзiнi ўпусцiў яго з вачэй i адчуў незвычайную палёгку.
Гэты хлопец нiколi яму не падабаўся, анiколi, цяпепр ён мог сабе нарэшце ў гэтым прызнацца. Увесь час, пакуль ён трываў яго ў сябе пад дахам, пакуль ён яго абiраў, яму было несамавiта на душы. Ён адчуваў сябе чалавекам бездакорнай маральнасцi, якi ўпершыню ўчыняе нешта забароненае, гуляе ў нейкую гульню недазволенымi прыёмамi. Вядома, рызыка выкрыцця была мiзэрная, а шанцы на поспех -- велiзарныя; але ж такiя вялiкiя былi i нервознасць, i дакоры сумлення. I праўда, праз усе гэтыя гады не праходзiла дня, каб яго не тачыла непрыемная думка, што нейкiм чынам яму ўсё ж давядзецца расплачвацца за тое, што ён знюхаўся з гэтым чалавекам. "Толькi б пранесла! -- зноў i зноў баязлiва малiўся ён.-- Толькi б мне ўдалося скарыстацца поспехам гэтай авантуры, не плацячы за яе, неверагоднымi працэнтамi з барышу! Толькi б удалося! Увогуле я раблю блага, але Гасподзь мне гэта перапусцiць, вядома. Ён так i зробiць! Так было ўсё маё жыццё. Ён часта выпрабоўваў мяне, без нiякага на тое права, так што будзе толькi справядлiва, калi гэтым разам ён будзе паблажлiвы. Ды i ў чым маё злачынства, калi толькi гэта злачынства? Самае большае -- у тым, што я крыху парушыў цэхавы статут, эксплуатуючы чужую адоранасць нейкага невука i выдаючы ягоныя здольнасцi за свае. Самае большае -- у тым, што я трошкi збiўся са сцежкi традыцыйнай рамеснiцкай дабрачыннасцi. Саае большае -- што сёння я раблю тое, што яшчэ ўчора выклiнаў. Хiба гэта злачынства? Iншыя ўсё жыццё з ашукi жывуць. А я крыху сшустрыў, усяго некалькi гадоў. Ды i тое таму, што так знагодзiлася. Можа, i нагоды тае не было зусiм, можа, сам Гасподзь паслаў мне ў дом гэтага чалавека, каб узнагародзiць мяне за прынiжэннi, якiя я выцерпеў ад Пелiсье i ягоных захрыбетнiкаў. Можа, кара Божая чакае якраз не мяне, а Пелiсье! Гэта вельмi нават магчыма! Бо чым бы яшчэ Гасподзь мог пакараць Пелiсье, як не маiм узвышэннем? Значыцца, маё шчасце ёсць спаруда промыслу Божага, i я не толькi маю права, я абавязаны ягоны дар прыняць, якi ён нi ёсць, без сораму i каяння...
Так часта разважаў Бальдзiнi ў мiнулыя гады, ранiцамi, спускаючыся па вузкай лесвiцы ў лаўку, вечарамi, падымаючыся ўгору з касавым зборам i пералiчваючы цяжкiя залатоўкi i срэбныя манеты ў сваiм куфры, i начамi, лежачы поруч з хрыпатым шкiлетам жонкi i не могучы заснуць проста ад страху за сваё шчасце.
Але цяпер нарэшце змрочныя думкi прападуць, каб яны прапалi. Вусцiшны госць сышоў i не вернецца нiколi. А багацце засталося, i будучыня была забяспечана. Бальдзiнi паклаў руку на грудзi i пад тканiнай каптана намацаў на сэрцы маленькую кнiжку.. У ёй былi запiсаны шэсцьсот формулаў -- больш, чым калi-небудзь змаглi б рэалiзаваць цэлыя пакаленнi парфумнiкаў. Калi сёння ён страцiць усё, дык з дапамогай гэтай цудоўнай кнiжкi ён за год зноў разбагацее. Далiбог, цi ж можна патрабаваць большага!
Ранiшняе сонца, адбiваючыся ў чарапiцах дамоў на другiм баку, адкiдала цёплае жоўтае святло на яго твар. Бальдзiнi ўсё яшчэ глядзеў на вулiцу, якая вяла на поўдзень, да палаца Парламента --як усё-такi прыемна, што Грануеў след выстыў!-- i яго пепрапаўняла пачуццё ўдзячнасц! Ён рашыў, што сёння ж адбудзе паломнiцтва на другi бераг, у Нотр-Дам, укiне залатнiк у царкоўную скарбонку, паставiць тры свечкi i на каленях падзякуе Госпаду, якi паслаў яму столькi шчасця i пазбавiў ад помсты.
Але потым яму нешта самым дурным чынам перашкодзiла, бо папалуднi, калi ўжо ён зусiм быў выбраўся ў царкву, разнеслася чутка, што англiчане пайшлi вайною на Францыю. Само па сабе гэта яго не дужа ўстурбавала. Але як што якраз гэтымi днямi ён мерыўся адправiць у Лондан партыю духоў, дык адклаў наведванне храма, замест гэтага ён выправiўся ў горад разведаць навiны, а адтуль на сваю мануфактуру ў Сэнт-Антуанскае прадмесце, каб пакуль што затрымаць лонданскую партыю тавару. Уначы ў ложку перад сном яму прыйшла ў галаву генiяльная iдэя: напярэдаднi баявых дзеянняў у вайне за калонii Новага Свету ўвесцi ў моду духi пад назваю "Гонар Квэбэка" з церпкiм гераiчным пахам, поспех якiх -- ён зусiм не сумняваўся -- пакрые яму страты ад няўдалага англiйскага гешэфту. З такiмi салодкiмi думкамi ў сваёй старой дурной галаве, якую ён з палёгкаю адкiнуў на падушку, прыемна адчуваючы пад ёю цвёрдую кнiжачку з формуламi, мэтр Бальдзiнi заснуў, каб нiколi ўжо больш не прачнуцца.
А ўсё ў тым, што ўначы адбылася невялiкая катастрофа, якая праз належны з такога выпадку час дала каралю зачэпку выдаць загад пра паступовы знос усiх дамоў на ўсiх мастак горада Парыжа; без яўнай прычыны абвалiўся мост Мяняйлаў -- з заходняга боку памiж трэцяй i чацвёртай апорамi. Два дамы аселi ў раку так iмгненна i раптоўна, што нiкога з насельнiкаў не ўдалося ўратаваць. На шчасце загiнула толькi двое, а менавiта Джузэпэ Бальдзiнi i ягоная жонка Тэрэза. Прыслуга не начавала дома -- каго адпусцiлi, а хто адышоўся сам самохаць. Шанье, якi толькi пад ранiцу на лёгкiм падпiтку явiўся дамоў -- дакладней, хацеў явiцца, бо дома ўжо не было,-- перажыў нервовы шок. Ён трыццаць гадоў запар песцiў надзею, што Бальдзiнi, у якога не было дзяцей, нi сваякоў, адпiша ўсё на яго карысць. I вось усё знiкла за адно iмгненне -- уся спадчына цалкам, дом, фiрма, сыравiна, майстэрня, сам Бальдзiнi -- i нават сам тастамант, у якiм, верагодна, быў пункт пра ўласнасць на мануфактуру!
Знайсцi не ўдалося нiчога -- нi трупаў, нi куфра з грашмi, нi кнiжачкi з шасцюстамi формуламi. Адзiнае, што засталося ад Джузэпэ Бальдзiнi, найлепшага парфумнiка Еўропы, быў змяшаны пах мускусу, кмену, воцату, лаванды i тысячы iншых рэчываў, якi яшчэ некалькi тыдняў плыў па Сене ад Парыжа да Гаўра.
Частка другая