— Нічога не зрабіў, — кажу, — там такіх хвоек і камянёў хоць гаць гаці.
— Ну і дурны ж ты, — усміхнуўся дзядок, — то ж шчасце тваё. Зрэж тую хвойку, усё да сучка і апошняй іголачкі забяры. У цябе ніколі пчолы не звядуцца. Пакладзеш трэсачку ці іголачку ў пусты вулей, і адразу туды рой прыляціць. I калі дасі ты з той хвойкі каму-небудзь хоць карынку, то і ён не будзе ведаць, дзе мёд дзяваць. А пад валуном тым — гаршчок золата. Вазьмі яго, хату новую пабудуй, даўгі заплаці… I хопіць табе па свеце бадзяцца, спяшайся дадому, жонка твая і дзеці галадаюць. Можаш спазніцца.
— Хто ты такі, дзядуля? Як магу я табе аддзячыць?
— Ты мне ўжо аддзячыў. Я той самы мядзведзь, якога ты ад галоднай смерці ўратаваў. Чарнакніжнік адзін зачараваў мяне, ператварыў у мядзведзя. Сказаў, што я толькі тады стану чалавекам, калі пражыву ў лесе трыццаць тры дні. Я і жыў, карэньчыкамі харчаваўся, травой… А што вясной знойдзеш? Ні ягад, ні грыбоў. Мурашнікі я не бурыў, жывога не чапаў. Каб не ты — памёр бы я мядзведзем… А так прыму смерць чалавекам… Дзякуй табе.
Развіталіся мы, і я адразу ж, не чакаючы раніцы, дадому заспяшаўся. Трэція суткі ў бабулі і дзяцей макавага зярнятка не было ў роце. Пакарміў я іх і суседзяў, а сам да балота падаўся. Адшукаў тую сасну і камень. Знайшоў грошы, спілаваў і перанёс дахаты дрэва. «Навошта мне аднаму такое багацце, — думаю, — трэба з людзьмі падзяліцца». Раздаў золата: няхай будуюцца людзі. Хвойку тую на ўсіх раздзяліў: кожнаму па трэсачцы ці па іголачцы дасталося. I з тых часоў растуць у нас высокія, светлыя дамы, не зводзяцца ў добрых людзей пчолы, а зямля родзіць, як чароўная.
Шчасце
Жылі-былі два мужыкі. Адзін багаты, а другі бедны. Усё ў багатага было: і коні сытыя, і вепрукі — кожны з добрае цяля, а курэй, гусей, індыкаў не злічыць. Пасее бедны мужык пшаніцу, ледзь на насенне збярэ. Пасее багаты — поўныя засекі насыпле. I здэцца ж, загоны побач, а няма шчасця бедняку. Праўду людзі кажуць: багатаму чорт дзяцей калыша. Грошай цэлы куфэрак назбіраў, не ведае, куды дзяваць. Думаў, маракаваў і наважыўся яшчэ зямлі прыкупіць.
— Засей мне поле, — папрасіў ён беднага суседа, — а я ў воласць паеду. Вярнуся — разлічымся.
— Добра, — згадзіўся бядняк, — лішняя капейка мне не перашкодзіць.
Запрог багач жарабка і гайда ў дарогу. А яго сусед бедны ўзяў сявеньку, насыпаў пшаніцы, лоб перахрысціў і давай шчыраваць на чужым полі. Сыпле не шкадуючы. Далонь у яго шырокая, бярэ ў жменю болыы, чым другі ў прыгаршчы. Увачавідкі сявеньку апаражніў. Зноў напоўніў. I толькі сабраўся сыпануць, як голас пачуў:
— Не сей густа, бо не падымеш!
— Хто азваўся? — здзівіўся бядняк. — Быццам нікога няма.
I ён сыпануў жменю пшаніцы.
— Не сей густа, бо не падымеш!
— Хто ты? — спытаў бядняк, — Калі не сіла нячыстая, то пакажыся.
I перад аслупянелым бедняком вырас як з-пад зямлі чалавек. Ні стары, ні малады, але з хітрынкай у вачах.
— Хто ты такі? — перахрысціўся бядняк.
— Я шчасце твайго суседа. Памагаю яму, каб ніва каласіла, каб штогод дабра прыбаўлялася…
— А дзе ж маё шчасце? — уздыхнуў мужык. — Чаму яно не памагае мне?
— Вунь тваё шчасце ляжыць пад кустом і на скрыпачцы іграе.
— Пайду дам яму прачуханца, — раззлаваўся бядняк. — Замест таго каб памагаць мне, яно лайдачыць.
Ён выламаў добры дрын, пабег да куста. I праўда, ляжыць пад ім хлопчык і на скрыпачцы іграе.
— Ты і ёсць маё шчасце? — грозна запытаў бядняк.
— Ну я, — перастаў іграць хлопчык. — А што табе трэба?
— Як што? — разгневаўся яшчэ больш бядняк. — Вунь шчасце суседа сеяць яму памагае, як можа, спрыяе, а ты тут лынды б'еш… Вось я цябе зараз як перахрышчу гэтым дрынам, то па-другому заспяваеш.
— Вой, вой, не чапай, — завохкала беднякова шчасце. — Хіба я вінаватае, што ты ў зямлі корпаешся? Тут я табе не памагу, бо не ўмею араць, сеяць…
— Дык, можа, мне гандляваць ці красці?..
— Купі лепш скрыпку, — параіла шчасце.
— Ты здзекуешся з мяне, ці што? За якое ж ліха я куплю тую скрыпку? Былі рублі, ды перавярнуліся ў вераб'і.
— Прадай вала і купі.