— Каб ты здох, — кляну, — так напалохаць. Падняўся. Снег атрасаю. А сабака пішчыць, да ног туліцца.
Нешта не тое, думаю. Падняў галаву. Божа, у трох кроках воўк здаравенны. Канюхамі такіх называюць. Глядзіць, не зміргне. Відаць, мацёры: шэры, з сівымі шарсцінкамі. Такі не толькі што на каня, на чалавека не пабаіцца напасці. Пашкадаваў я, што сякеры не захапіў з сабой. Стары, але дурны. Цягнецца ноччу ў Рысава-Барысава з голымі рукамі. Ці мала што на белым свеце бывае. Ды трэба нешта рабіць. Эх, было не было… I тут я як зароў нечалавечым голасам, аж ёкат па лесе пайшоў. Сам спалохаўся. А воўк стаў на дыбы і давай скакаць пад маю музыку. Раз дзесяць падскочыў, пасля ўпаў на жывот і папоўз. Адпоўз трохі і ногі адкінуў. Вось дык напалохаў…
Узяў я пад паху мяшок з рыбай, на плечы ўзваліў ваўка і панёс дахаты. Добрая шапка атрымалася. Зносу ёй бы не было, каб не згубіў, ад чарцей уцякаючы. Ды гэта ўжо другая гісторыя, а я першай не закончыў. Сарваў-такі голас. Я, не буду хваліцца, калі і цяпер закрычу на ўсе лёгкія, то ліст во з гэтай ігрушыны пасыплецца, але дзе той былы голас. Аслабеў Манюкін, не ем цяпер нямазаных бліноў, ды і гарох чамусьці звёўся. У дзень на чалавека не тое што па рэшату, па паўлітровай конаўцы не выходзіць. Вось і супакоіліся людзі, сапуць у мікрафон, а крыку, хоць вушы затыкай. Вы ўжо даруйце, саколікі, старому, я не супраць тэхнікі, але, як той казаў, а гэны слухаў, лепш сваім голасам верашчаць.
Пражорлівы злодзей
Я люблю рыбачыць, калі ніхто не бачыць. Забяруся ў кусты. Уладкуюся. А там і вуду закіну. Чакаю: клюне — не клюне. Не ведаю, як у каго, а ў мяне клюе. Толькі цягаць паспявай. Можа, таму, што жылкі не прызнаю, на конскі хвост лаўлю. Не лавілі так, жэўжыкі? О, тады вы не рыбакі. Рыба, як і чалавек, любіць усё натуральнае. Вунь былі ў модзе крымплены-мулены, розныя балоневыя плашчы — вецер свішчы. А цяпер за чым ганяюцца?.. За льнянымі кашулямі, за аўчыннымі кажухамі… Паразумнелі нарэшце. А думаюць, рыба дурнейшая за іх: лепш на бляшанку, чым на жыўца, клюне. Што ёй тыя жылкі ці лжэматылі. Куды цікавей конскі хвост і жывы, прама з зямлі, чарвяк. Слухайце, вучыцеся, пакуль дзед Манюкін жывы. Ён, дай ты рады, не салжэ.
Ну, закінуў я гэта. Не клюе. Нібыта і зрабіў усё па-людску: і чарвяка памазаў натуральным самасадам, і папляваў на яго тры разы як маіць. Чакаю. Што яшчэ застаецца? Каб так не сядзець, выкапаў за спінай канаўку, вады шапкай нанасіў. Усё будзе куды рыбу кідаць. Як не кажы, свяжэй у такой ямцы, чым у торбе… Ды, пэўна, стараўся дарма — не бярэ, хоць замовы гавары, як мой дзед:
Чэрці, чэрці!
Памажыце рыбу перці.
Аддам жонку і дзеці,
Каб не было дзе рыбу дзеці.
Думаю, паўтару на ўсякі выпадак раз, другі. I што вы думаеце — памагло. Бачу, паплавок мой загайдаўся. Рыба, значыцца, да чарвяка прынюхваецца ці хвастом яго лякае.
— Не сумлявайся, даражэнькая, — шапчу, — бяры, не пашкадуеш, самы што ні ёсць дажджавы, мо з гадзіну назад адкапаў.
Паверыла-такі. Заскакаў мой паплавок, як п'яны дзяк на радзінах. Гуляй-гуляй, ды сумленне май. Колькі можна вушлага рыбака за нос вадзіць? I тут як папрэ паплавок на дно. Я, вядома, не разгубіўся. Выцягнуў яльца з пальца, акурат на відэлец. Кажаце, ніякага наедку. Яно так і не так: на бязрыб'і і рак рыба.
Але тут пайшло і паехала. Я і пра люльку забыў, і пра дом… Дзіўсцвіцельна, быццам чэрці з усёй ракі ў адну яму рыбу сагналі. I акуні, і язі, і ментузы. Толькі паспяваю кідаць цераз плячо. Стаміўся, паясніца заныла. Пэўна, з пуд налавіў, думаю. Аглянуўся. Свят-свят, ніводнай рыбкі. Кінуўся шукаць было, ды паплавок павяло. Язя выцягнуў. Ужо ў торбу паклаў. Адсюль не ўцячэ, думаю. Зноў закінуў, і зноў язь. Праўду кажуць, калі Саўку шанцуе, то ён і ў лапцях станцуе. Мігам паўторбы напхаў. I толькі, гэта, зняў з кручка добрую плотку, нехта як смальне дубінай па плячы, я і паляцеў вобзем. Не паспеў падняцца, зноў аперазалі. Я страціў раўнавагу і булдых старчма ў яму. Са страху метраў дваццаць нырцом плыў. Вынырнуў, глядзь, а ў маёй торбе мядзведзь корпаецца. Як гаспадар яе патрошыць. «Дык вось хто рыбу змянціў. Стаяў за спінай і цягаў з канаўкі язёў ды плотак».
Пэўна, не спадабалася мядзведзю, што перастаў яго частаваць, у торбу рыбу хаваю. Вось і выламаў ламачыну і давай лупцаваць.
Хадзіў я на тое месца, мае вы саколікі, і сляды шукаў, і ламачыну, абгрызеную мядзведжымі зубамі. Толькі і зараз не магу даўмецца, чаму мядзведзь разам з рыбай рыбака не з'еў. Мо свежыя язі смачней? А мо гэта той самы мядзведзь, якога я на стозе сена спудзіў, як ваўкі яго акружылі? Усякае бывае. Калі той самы, то мы квіты: паскакаў я дроздзіка, думаў, богу душу аддам.
Адарваны хвост
То, Гараська, даўно было, яшчэ да калгасаў. Яшчэ ў мяне не расла барада, толькі вусікі прабіваліся. Але што гэта я не так пачынаю, нібы крэсіва сапсавалася. Дай праверу, ці высякае іскру. Ёсць агонь! То слухай, няхай цябе качкі ўбрыкнуць.
У кожнага гаспадара быў свой конь, а хто спраўнейшы і двух меў. Ну, пра багацейшых я і не кажу. У той час без каня ты ні богу свечка ні чорту качарга: кладзіся на лаву і ногі адкідвай. Без каня не ўзарэш, не пасееш, не прывязеш палена дроў. Гэта цяпер трактары ды машыны, зноў жа электрыка. А тады за канём, як за дзіцем, хадзілі. Не тут кажучы, захварэе, то ўсёй сям'ёй не спалі.
Слаўны быў у нас конік. Дорашам звалі. Рахманы такі, ласкавы і разумны, што чалавек. Засну на начлезе, далёка не адыдзе, побач скубецца.
Ды, пэўна, ты не ведаеш, што такое начлег. Вядома, не, а я, стары дурань, байкі баю… Хіба слухай… Вясной, улетку і восенню коней на ноч выганялі ў поле. На начлег. Каб цыганы не ўкралі ці не напалі ваўкі, кожны свайго пасвіў. Часцей падлеткі, хлопцы ці дзяўчаты, радзей сталыя.
Ой, цікава было. Вечарам з гіканнем і свістам, ухапіўшыся за грывы, імчым наперагонкі праз вёску. Такі гармідар устройвалі, што шкло у вокнах дрыжала. За рэчкай стрыножым коней, раздзелімся на кучкі, кастры палім… Чаго толькі не пачуеш тут: і пра нячыстую сілу, нябожчыкаў, здарэнні незвычайныя. Ды самае цікавае за поўнач пачыналася, калі меншыя носам клявалі.
Дагарае вогнішча. Раса з'явіцца. Зябка, хоць і лета. Скруціцца Васька ці Пецька ў клубочак ля агню і сапе ціхенька ў дзве дзірачкі. А жартаўнікі-фокуснікі тут як тут. Раскладуць касцёр на тым баку рэчкі, а цяпельца ля соннага патушаць. Круціцца, бедны, і так і сяк, даймае холад. Нарэшце прачнецца: ні кастра, ні таварышаў. Глядзь, а вогнішча ў другім месцы, і галасы адтуль далятаюць. «I як я тут апынуўся?» — гадае небарака. Накіне світку на плечы і брыдзе на агонь. Вейкі зліпаюцца. Вакол цемра. Хутчэй да агню. Ён ужо блізка, рукой падаць. I раптам боўць у ваду: «Ай, ратуйце, тану!» «Га-га-га», — рагочуць фокуснікі, цягнучы з вады тапельца. Ён, як курыца мокрая, ніяк не можа зразумець, чаму касцёр апынуўся на тым баку рэчкі…
Бач, люлька патухла. Мы зараз запалім… Ды на чым гэта я спыніўся? Ага, на забаўках. Прыеліся яны мне. Рашыў адзін каня ганяць, без кампаніі. I траву лепшую знайсці можна (на лузе даўно выпасвілі), і ніхто ноччу над вухам звягаць не будзе. Вядома, аднаму страшнавата, але, сам ведаеш, я не з палахлівага дзесятку, што мне там цыганы ці нейкія ваўкі. Так і так, кажу бацьку, хачу адзін пасвіць. «Добра, сынок, надумаў, — ухваліў стары. — Толькі Клінавага каня захапі. Захварэў дзед Клін, трэці дзень конь у хляве стаіць».
Я, вядома, згадзіўся. Ці аднаго пасвіць, ці двух. Загнаў Дораша і Клінавага Хіжака ў Абадзец, пад самы лес. Спутаў і пусціў. Сам расклаў цяпельца, грэюся, на зоркі гляджу, гадаю, дзе мая. Дораш, як заўсёды, не адыходзіць ад кастра, побач скубецца. Час ад часу голас падасць — заржэ: маўляў, не турбуйся, я тут. Ты-то тут, думаю, а дзе Хіжак. Пайшоў шукаць. Аж ля лесу на след натрапіў. Прыпёр назад. Ой, намучыўся я з ім: і біў, каб не ўцякаў, і бульбай печанай падкормліваў. Не памагае. Толькі прысну, а каня і след прастыне. Плюнуў аднойчы, прападзі ты пропадам. Гуляй, дзе хочаш, вернешся пад раніцу. Так і пасвіў амаль усё лета. Ад'еліся коні на траве-мураве, пакруглелі. Ужо на восень бралася. Ноччу і ў кажуху зябка. Таму і не тушыў касцёр, знайду добры пянёк, да раніцы тлее. Сам драмлю: то адным бокам, то другім павернешся да агню. Не сон, а нейкае паўзабыццё. Драмлю так адзін раз, чую, нібыта конь іржэ. Прадраў вочы, Дораш побач, ля кастра, вушамі стрыжэ. Іга-га-га, зноў чую, Хіжак азваўся. Узяў галавешку, іду. Прайду колькі складу рукі ў трубу: «Ого-го-го! — крычу. — Кося, кося». Адзываецца. А раней крычы, хоць ахрыпні, голасу не падасць.
I тут нейкія агеньчыкі заўважыў у цемры. Яны не гараць на месцы, мігцяць то там, то тут: раз, два, тры… пяць… не палічыць. «Ваўкі», — мільганула здагадка. Для смеласці крычу штомоцы, махаю галавешкай. Конь, учуўшы чалавека, заржаў недзе побач. Іду на голас. А агеньчыкі ўсё бліжэй, вось ужо побач. Тут і каня ўгледзеў. Увагнуў ён галаву ў пень і адбіваецца заднімі нагамі. Няпроста падступіцца. Ухапіў я каня за грыву і павёў. За мной ваўкі падаліся. Забягаюць наперад, з бакоў абходзяць. А я не зважаю — іду на агонь. Павярні з прамой — мігам заблытаюць. Толькі на агонь — ні кроку ўбок. Чую, як ляскаюць зубамі. Вядома, канюхі, звычайны воўк збаяўся б ісці за чалавекам. Гэтыя — асабліва злосныя, вялізныя. Хватка мёртвая. I ўсё ж з дарогі саступаюць. Нячаста даводзіцца сустракацца з чалавекам. Баяцца.
Да кастра ўсё бліжэй і бліжэй. Ваўкі адстаюць.
Конь дрыжыць, бакі мокрыя. Толькі цяпер бачу, што без хваста ён. Адарвалі ваўкі. I смех і грэх.
Пасля здарэння з ваўкамі Хіжака як падмянілі. Ноччу ад кастра не адагнаць. Мусіць, помніць хвост.
Добра, вол выручыў