Чароўная зямля
Ці бачылі вы, жэўжыкі, сапраўднае балота? На Ніўках, кажаце. Хе-хе, хіба ж гэта балота? Звычайная лужына. I за рэчкай не балота. Тузін кусцікаў і гэтулькі ж купін. Ды і жаб паўсотні ці набярэцца, добраму буслу на раз паснедаць.
А ці бачылі вы бяздонную багну, непраходную дрыгву і чортава вока, яму бяздонную, зацягнутую ржавай вадой з сіняватымі плямамі? Трапіць у яе чалавек ці звер — не вырабіцца. Зацягне, засмокча навек.
Вось такое балота было ў нас за грэбляй. Там толькі вужы і гадзюкі вадзіліся ды дзень і ноч кружылі хмары камароў.
За балотам пачынаўся лес, а за ім поле. Харошая зямля, тлустая, хоць на хлеб маж. На такой і пшанічка ўродзіць, і ячмень, пра жыта і гаварыць не даводзіцца. Ды вось бяда, не дабрацца туды з канём і плугам. Не пускае дрыгва. З усіх бакоў падперазала той лес і зямлю, як страшны цэрбер, ахоўвае.
А мне ўжо не спалася начамі: глядзеў на сцяну, а бачыў перад сабою пшанічнае поле. Надта ўбілася ў галаву завалодаць той нічыйнай зямлёй. Ведама, сваёй не меў, парабкаваў усё жыццё на чорта лысага.
Кроў з носа, думаю, а правяду каня праз дрыгву. А я, мае вы саколікі, хоць і маладзён тады быў, але кемкім слыў і смелым. Ламаў галаву, ламаў і прыдумаў. У лес паехаў, цэлы воз лыка надраў, дубцоў лазовых нарэзаў. Сеў дома лапці плесці. Прама скажу — незвычайныя лапці — круглыя, большыя за рэшата. Смяяліся людзі: маўляў, здурэў Манюкін.
— Ці не слана ты ў іх абуваць думаеш? — кпілі пры сустрэчы. — Нібыта ж яны не водзяцца ў нас.
Вось здзівіліся б, каб даведаліся, для чаго мне такія велічэзныя лапці.
Рана-раначкам, каб ніхто не заўважыў, пад'ехаў я да грэблі, абуў каня ў лапці, сам абуўся, і пайшлі мы праз балота. Наперадзе іду з жэрдкай, каня за сабой вяду. Хоць і ходжаная сцяжынка, але не дай бог аступіцца: сам загінеш і каня загубіш. Глядзець ды глядзець трэба. Асцярожна ступаю, жэрдкай дно мацаю… Думаю, хаця б якая птушка каня не спудзіла. Ды, дзякуй богу, пранесла ліха. Пераправіліся.
Змайстраваў я, гэта, будан з жэрдак і лапак яловых. Днём ару, ноччу адпачываю. I дзень так, і два. На трэці выйшаў з будана яшчэ да сонца. Спаласнуў расой твар, памахаў рукамі, каб сон прагнаць. Чую, нехта сапе над вухам. Аглянуўся — і ледзь не абамлеў. Прама ў вочы мядзведзь пазірае. Хачу падняць руку, каб перахрысціць лоб перад смерцю, і не магу. Ці доўга мы так стаялі — не ведаю. Павярнуўся я, як не жывы (што будзе, тое і будзе, думаю), і пайшоў у будан. Іду, і здаецца, мядзведзь скочыць на спіну. Не скача. Залез я ў будан. Сяджу ні жывы ні мёртвы. Тут і мядзведзь залазіць. Вурчыць. Пакланіўся, як чалавек, сеў насупраць мяне і ў вочы пазірае. Затым перавёў погляд на сала з хлебам. Не ведаю чаму, але я ўзяў нож, адрэзаў паўбуханкі хлеба, ладны кавалак сала і працягнуў зверу. Той зноў пакланіўся, быццам падзякаваў, і давай уплятаць, аж нос ходырам ходзіць. Пэўна, добра-такі прагаладаўся. «З'есць сала, — думаю, — а там і да мяне дабярэцца. Бач, які галодны».
З'еў і лапай махае, каб за ім ішоў. Здзівіўся я, але пайшоў. Хочаш не хочаш, а трэба падпарадкавацца. Не нарадзіўся яшчэ той чалавек, які голымі рукамі мядзведзя падужае. Ідзём мы, гэта. Падводзіць мяне ён да высачэннай хвойкі.
Сам стаў на заднія лапы, дзярэ кару і на мяне аглядаецца, затым ухапіў за рукаў і цягне далей. Спыніўся ля вялікага валуна. Ходзіць вакол каменя, нібы танцуе. Паскакаў так, паскакаў, пакланіўся яшчэ раз і ў лес паджгаў.
Хадзіў я ля таго дрэва, прыглядаўся да каменя, так і не зразумеў, што хацеў сказаць мядзведзь. Добра, што не з'еў, цэлай скуру пакінуў. Такіх хвоек і камянёў тут мора. Махнуў я рукой і яшчэ мацней на работу налёг. Як завінуся, з раніцы да вечара ару. Каб конь не прыставаў, здэцца б, і ноччу працаваў.
Два гады мяне тое поле карміла, і бабулю, і твайго бацьку, Гараська. А на трэці год надарылася страшная засуха. Усё завяла, засохла, абмялелі рэчкі, крыніцы пад зямлю схаваліся. Каб неяк пракарміцца, прадалі каня, і карову, і нават хату пад заклад… Ненадоўга, бачу, хопіць. Вырашыў, з такімі ж бедакамі, як і я, у чумакі падацца. Чумакі тады з цяжкімі клункамі ішлі на чужыну, мянялі рэчы на збожжа. Куплялі, перакуплялі. Калі шанцавала, можна было вярнуцца дадому з капейкай.
Плылі мы на плытах, пехатою ішлі… Ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты. Папрасіліся раз пераначаваць на адным багатым хутары. Гаспадар пусціў нас. Мы падаставалі з торбаў хлеб, гаспадыня паставіла на стол малако і капусту. Бачу я, сядзіць на печы сівы дзядок, увесь у маршчынах глыбокіх, вочы слязяцца. Узяў я акраец хлеба — занёс старому. Глянуў на мяне дзед, хітнуў галавой і кажа ціха:
— Як паснуць усе, прыходзь на печ. Мне сказаць табе нешта трэба…
«Можа, дзед з розуму звіхнуўся, — падумаў я, — здзяцінеў ад старасці… Чаго я пайду да яго ноччу?..»
Палеглі ўсе, дзе гаспадыня паслала. Прылёг і я. Ляжу, а сон не ідзе. Хлопцы даўно храпака задаюць, а я ўсё думаю, ісці ці не ісці.
— Ты не спіш, чумак? — чую голас старога з печы.
— Не сплю, — кажу.
— Ідзі да мяне, — кліча стары.
Давялося лезці на печ. Дзед пасунуўся, даючы месца.
— Ты не пазнаў мяне, сынок? — пытае.
— Не, — кажу, — не пазнаў.
— А ці помніш таго мядзведзя, што ў будан да цябе прыходзіў?
Здрыгануўся я. «Адкуль дзед ведае пра мядзведзя, здэцца ж, нікому не расказваў, не хацеў палохаць…»
— Дык ці помніш? — перапытаў дзед. — Ты яго яшчэ салам з хлебам пачаставаў.
— Чаму ж не помню, — кажу, — добра помню… Ён мяне яшчэ вакол хвойкі вадзіў, камень паказваў…
— I што ты зрабіў з той хвойкай і каменем?