— Глядзі, Манюкін, і да цябе дабярэцца людаедка… Памажы!
Я не згаджаюся, канешне. Газеты паказваю, пра экалагічную раўнавагу гавару. А ім, цёмным, хоць бы што, хоць кол на галаве чашы, чаўпуць сваё.
— Скажы, Манюкін, што баішся, — падпускае шпількі сусед. — Як рысь ганялася за мною па надворку, ты і носа з хаты не высунуў. Ці не чакаў, пакуль ента людаедка санітарную хвункцыю выканае?..
— Не чуў, спаў, — як магу, абараняюся.
— Э-э, не чуў ён, людцы добрыя. Я зароў, як вол недарэзаны. У тым канцы сяла глухая бабуля ўчула… Нябось, залез пад коўдру і калаціўся як ліст асінавы…
Такой абразы я не мог сцярпець.
— Так і быць, — кажу, — упалюю вашу людаедку, але, калі эпідэмія пачнецца, вы будзеце вінаватыя… уся адказнасць на вас… мая справа папярэдзіць.
Тут усе павесялелі, нават сусед папрасіў прабачэння. Што грэх таіць, ведаюць людзі, раз Манюкін узяўся за справу, то давядзе яе да канца.
I ўсё ж, саколікі, сказаць лёгка. Але дзе знайсці тую рысь? Слухайце, на вус матайце, можа, і вам спатрэбіцца, запамінайце.
Узяў я шкуру бычыную, звычайны сахор, якім сена на воз падаюць, і пайшоў у лес. Сеў пад самым высокім дрэвам, шкурай ахінуўся. Акурат бык, толькі бязрогі. Але я і тут не разгубіўся: замест рог сахор прыстасаваў. Хай, думаю, гадае людаедка, чаму бык адзін, а рог у яго аж дзве пары.
Доўга сядзець давялося. А я не люблю чакаць. Ды і на сон цягне. Што я толькі не рабіў: і да тысячы лічыў, і казкі сам сабе баяў… Ды не вытрымаў — пачаў акунёў вудзіць. I сніцца, быццам скала на мяне навалілася. Цісне, да зямлі прыціскае, вось-вось раздавіць… Прачнуўся я, выбраўся з-пад бычынай шкуры і рот раскрыў ад здзіўлення. Рысь-людаедка з дрэва прама на сахор скочыла… Вось як бывае.
Больш я не хадзіў са зброяй на звяроў, хоць і эпідэмія тады не пачалася. Не сумленна, лічу, са стрэльбай на звера ісці. Палохаць палохаў ваўкоў, часам да смерці, а вось не страляў.
Хочаце паслухаць. Не так даўно было, гадоў паўста назад. Воўк тады панадзіўся на наш надворак хадзіць. Воўк — жартаўнік. Дабярэцца да аўчарні, прасадзіць хвост у акенца і давай махаць. Бедныя шуткі лезуць на сцяну са страху. I есці даеш, здэцца, уволю, а худзеюць.
Ну, думаю, пачакай, паскачаш ты ў мяне польку-трасуху.
Вечарам, калі ў доме ўсё сціхла, я намазаў рукі смалою і пайшоў прама ў аўчарню. Сцішыўся ля акенца, чакаю. Набіў люльку тытунём, толькі выцягнуў з кішэні крэсіва, а тут авечкі як забегаюць, замэкаюць: ваўка ўчулі. Праўду кажуць: пра воўка памоўка, а ён тут як тут. Усадзіў хвост-дзяркач у акенца і давай махаць. Я злаўчыўся, ды як цапну за хвост. Воўк ірвецца, зубамі скрыгіча, у мяне ўжо сіл няма трымаць, а выпусціць не магу: прыхапіла-такі смала. А воўк пнецца, з галавой мяне ў акенца прэ. I выцягнуў бы, каб хвост не адарваўся.
Воўк ходу, а я засеў: ні туды ні сюды. I хвост не магу з рук выпусціць. Крычаць гонар не дазваляе. Так і сядзеў да раніцы, пакуль сусед не выручыў. Той самы, якога рысь-людаедка па надворку ганяла.
— Усё разумею, — дзівіўся ён, — толькі хвост воўчы адкуль у цябе?..
Прамаўчаў я. Скажы — не паверыць. Яшчэ на смех падыме.
Сусед паняволі
Застала мяне неяк у лесе навальніца. Гром грыміць, аж дубы калоцяцца. Лье як з вядра. Смаліць маланка. Да ніткі прамок. Дзе б зацішак знайсці, думаю, прыхавацца, а то растану, хоць і не гліна. Бачу, дуб ладны, абхватаў у пяць, а ля самай зямлі дупло. Лепшай схованкі і не трэба. Залез, уладкаваўся. I цёпла, і ўтульна, як у хаце. Сагравацца пачаў, скруціўся абаранкам, самы раз вочы заплюшчыць… Ды раптам чую, нехта, крэхчучы, у дупло лезе, так сказаць, прысуседзіцца хоча. У цемры не разабраць. Можа, такі лядачы, як і я, шукае ратунку ад дажджу і грому. На ўсякі выпадак пасунуўся. Хопіць месца. Хаця б не разбойнік які, думаю. А ён ужо ў дупло залез, рассеўся. Вочы блішчаць, як светлякі. Быццам не чалавек, а кашляе па-старэчы. Відаць, прастудзіўся. Тут, мусіць, і ён учуў, што я варухнуўся. Рэзка, усім корпусам павярнуўся ў мой бок. Бліснула маланка. «Воўк!» — разгледзеў я. Вочы ад страху на лоб палезлі. Вось дык сусед — спапялі яго пярун. Відаць, ужо не выбрацца з гэтага дупла. Міжволі адсунуўся, нагу наперад выставіў. Не нападае, сам назад падаўся. Спалохаўся, як і я. Трошкі адышло. Надзея зацяплілася: дасць бог, пранясе, неяк памірымся. Толькі варухнуўся, шчоўкнулі зубы, звер насцярожыўся. Толькі сунься — скочыць. Э-э, думаю, дрэнь твае справы, Манюкін, — не выпусціць з дупла. Нічога не застаецца, як сядзець. Не ведаю, што аддаў бы, каб выбрацца адсюль пад дождж і гром.
Сядзім. Сочым адзін за адным. Воўк з мяне вачэй не зводзіць, а я з ваўка. I дождж ужо не лье, і гром здалёку грыміць, а мы не вылазім з дупла.
— Давай па-добраму разыдземся, — кажу. Не разумее па-чалавечы, зубы шчэрыць.
I гадзіна мінула, і другая. Днець пачало. Ні ён з месца, ні я. Ужо не страшна, толькі цела нясцерпна ные, просіць размінкі. Хоць бы рукою ці нагою варухнуць, ды не выходзіць, пракляты воўк вачэй не зводзіць, баіцца, што нападу.
— Вылазь першы, — кажу, — дальбог, не зачаплю.
Не разумее. Толькі чхае (добра-такі прастыў) ды зубы паказвае (ці не пасміхаецца). А мне не да смеху.
«Што рабіць, што чыніць? — гадаю. — Прападзеш ты, Манюкін, ні за панюшку табакі. Закурыць хіба напаследак, дык ці дасць крэсіва выцягнуць?..»
Бачу, быццам «вартаўнік» вочы прыплюшчыў. Пэўна такі, стаміўся і хвароба даецца ў знакі. Было не было, думаю, закуру. Сіл няма цярпець. Жыццё б аддаў за адну зацяжку.
Ціхенька, як злодзей, лезу ў кішэню. Расплюшчыць воўк вочы, гляне, я замру, не варухнуся; заплюшчыць — зноў лезу. Вось і крэсіва намацаў. Спацеў, пакуль выцягнуў. А трэба яшчэ люльку тытунём набіць, агонь высечы. А воўк, небарака, зусім раскашляўся — даймае прастуда. Чаго добрага, можа заразіць.
Мо з паўгадзіны развязваю капшук, набіваю люльку. Ён, пэўна, адчувае мой неспакой: час ад часу шчэрыць зубы, глядзіць, не мігае. Я тады сяджу, як школьнік на ўроку. Супакоіцца звер, я зноў за сваё. Нарэшце такі набіў люльку, у зубы ўзяў. Але як прыкурыць? Першы раз за жыццё пашкадаваў, што запальнічкі не маю. Наўрад ці спадабаецца ваўку, калі я пачну камень аб камень лупіць. Ды ці ўдасца з першага ўдару іскру высечы. Баязлівец тысячу разоў памірае, а герой — аднойчы, падбадзёрваю сябе. Прыціскаюся спінай да сценкі, асцярожна высоўваю правую нагу наперад. Калі кінецца звер, знянацку не застане, добры ўдар у зубы атрымае.
Воўк траха не спіць, хоць «хуткую дапамогу» выклікай. Заплюшчыць вочы, з мінуту ківае галавой, затым блісне агеньчыкамі і зноў дрэмле, але чуйна: варта добра дыхнуць, як усім целам уздрыгне.