- Але, не сумнявайцеся за нас, - пацвердзіла Лёдзя. - Мы і кленічы запомнілі слова ў слова.
На Горскай, у Фядорынай хаце, дзяўчаты прабавіліся доўга, гушкалі і шкуматалі пацешнае, пухнаценькае немаўля і, зранку прыстойна, па-святочнаму апранутыя, не спяшаліся пабачыць маладога і маладую, таму што вяселлі ў Малым Сяле звычайна пачынаюцца апаўдні. Веснавы ці летні дзень доўгі, можна да вечара сто разоў напіцца і праспацца, а гэта не сказаць каб выгадна было гаспадыням. На панадворку Алены Хамутовіч, куды якраз пасля абеду зазірнулі Манька і Лёдзя, ужо тоўпіліся самыя цікаўныя маласельцы. Хлопцы і дзяўчаты з рогатам, з жартамі тусаваліся паблізу ганка, людзі старэйшага веку, такія, як Папіха і Паляжанка, нішкам ціснуліся да спарахнелага, зялёнага ад моху плота. На жэрдках, на праслах з рэдкімі штыкецінамі павіслі дапытлівыя, неўгамонныя хлапчукі, крыху зводдаль, каля варыўні, чуючы з яе ачмурэлы мясны пах, паважна расселіся на шулах галодныя, аблезлыя каты. Манька і Лёдзя з ходу далучыліся ў кампанію сваіх равеснікаў, скрозь густы натоўп прашыліся да самага ганка. Нягледзячы на яшчэ даволі ранні час, Аленіна хата адзываецца звонам шклянак, гоманам, усё больш гучнымі выкрыкамі: «Горка!» Вяселле, для каго сапраўды горкае, для каго і надта ўжо салодкае, пачалося.
З хаты ў варыўню і назад раз-пораз снуюць узмакрэлыя кухаркі і распарадчыцы сталоў, носячы гаршкі, міскі, талеркі з ежывам, кашалі, укоптур наладаваныя пляшкамі сівухі. Час ад часу з дзвярэй хапіць свежага паветра высоўваецца расчырванелы, потны сват Костусь Танец, перавязаны цераз плячо даўжэзным вышываным ручніком. У хаце, відаць, нешта адбылося, гоман, выкрыкі там на момант прыціхлі, а на ганак нечакана выйшла сама гаспадыня пад ручку з нейкім казачным, беласнежным стварэннем. Белая сукенка, белы накрухмалены вэлюм, белыя туфлі-лодачкі, толькі вянок зялёны на чарнявых валасах. Божа, то ж яна - нянаская царэўна, балотная жаба, прыгажуня-жонка Аляксея Хамутовіча! Свякроў і нявестка пра нешта пашапталіся, скасавурыліся на людны панадворак і наважыліся вяртацца ў хату, не заўважаючы, што белыя туфлі-лодачкі топчуць вядзьмарскі акравачак, нявінную на выгляд анучку з усёмагутнымі чарамі.
- Табе замужам не бываць, - прашаптала першы радок кленічаў Манька Тадорчына.
- Табе дзетак не раджаць! - прашаптала другі радок кленічаў Лёдзя Гаўрылава.
Шэрую анучку з чарадзейнымі валасамі ўдаўца, удавы і бабы гуляшчай у момант вока растапталі, ушчэнт разнеслі і размялі па ганку элегантныя туфлікі маладой, нязграбныя сандалеты-шкрэбалы кухарак, грубыя, велізарныя, як калодкі, сватавы боты. Стоячы ўжо далёка ў гурце аднагодкаў, Манька і Лёдзя з трывогай і хваляваннем чакалі шчымлівай, радаснай хвіліны, калі нялюбае ім вяселле пачне разладжвацца. На ганак вось-вось выскачыць збялелая, спалатнелая царэўна-жаба, следам вылеціць дзяркач, гузыром уваткнецца ёй у плечы, потым з вілкамі ў руках выбежыць раз'ятраная Алена Хамутовіч, і нежывая ад страху нязваная прыблуда пад дзікі рогат жаніха і шафераў, свата і свацці, прошаных гасцей і старонніх разявакаў напрасткі цераз балоты і сухадолы цурыць без аглядкі ў свае Ганцавічы. Манька і Лёдзя крадком страляюць вачыма па расчыненых вокнах, чуйна ловяць кожны гук і вокрык, што далятаюць адтуль. Ну, слава Богу, пачынаецца!
У хаце раптам сціхлі вясельныя песні, усчаўся неверагодны шум, забразгалі лаўкі, столкі, табурэткі, і на двор першымі вываліліся захмялелыя, шчаслівыя, як чэрці, музыкі - баян, скрыпка, бубен. Манька глянула на Лёдзю, Лёдзя глянула на Маньку: дык што ж гэта такое, чаму не дзейнічаюць чары? На лаўцы пад старой раскідзістай яблыняй галасістым гукарадам ускінуўся перламутравы баян, заплакала, запілікала пашарпаная скрыпка, забухаў, забразгаў меднымі талеркамі сярдзіты бубен. І адразу на покліч грымотнай музыкі з хаты, як бульба з каша, пасыпаліся маладыя вясельныя чыны: шаферы і шаферкі, баяры і баяркі, за імі паважна і самавіта пачалі выходзіць прошаныя госці: свае, тутэйшыя, і прыезджыя, ганцавіцкія. Людзі расступіліся, далі шырокі круг, і прыгнулася, зашамацела пад дзесяткамі ног марная яшчэ трава-мурава пасярод панадворка.
Разявакаў, асабліва кабет, выбрыкі і выкрунтасы дураслівай шантрапы і зялепухі пакуль што цікавяць мала. Людзі быццам і стаяць тварам да вясёлых скокаў, а вочы самі касавурацца на дзверы: калі ж адтуль выйдуць сват і свацця з багатымі пачастункамі? І яны, нарэшце, выйшлі. Два балёны з гарэлкай, рэшата з хлебам, вялікая міса з дробна парэзанымі скрылікамі варанага мяса, кілбасы, сала, абмінаючы моладзь, кіруюцца да сталых, паважаных суседзяў і суседак. Пачосткай кіруе сама Алена Хамутовіч. Кіўне галавой, і Костусь Танец налівае каму адну, каму дзве чаркі - колькі кіўкоў, столькі і чарак. Паляжанцы адзін ківок, Папісе ажно тры. Вяртаючыся ў хату з яшчэ не пустым балёнам, сват ужо сваёй уладай наліў вясёлай кабеціне і чацвёртую шклянку. Папіха зажавала выпітае хлебам з кілбасой, пачырванела, асмялела і ў знак аддзякі за каралеўскі пачастунак зацягнула знакамітую паляшуцкую песню:
У прыемны, мілагучны Папішын голас свой траскучы і пісклявы галасок спрабуе ўплесці Паляжанка, але язык у яе не распешчаны песнямі, яму больш даспадобы бязглуздае плявузганне, а ў выніку - адна-адзіная чарка па пачостку. Як той казаў, добры пачын, аднак не пытай пачым. Пачуўшы запеў пра «бедну басоту», многія палічылі для сябе ганебным маўчаць, і вось ужо ў розных канцах двара песенны пачын падвойваецца і патройваецца, прычым у дружным хоры высільваюцца і вясельнікі, і староннія разявакі. А тыя бедакі, каму мядзведзь на вуха наступіў, раптам успомнілі: дзе ж, цікава, інтэлігенты і грамацеі, камуністы і бальшавікі, пра якіх перад вяселлем кожнаму сустрэчнаму і папярэчнаму хвалілася Алена Хамутовіч?
Пытанне па людскіх шэрагах дайшло да самых дзвярэй і такім жа шляхам вярнулася з адказам: тут яны, шаноўныя, сядзяць за сталамі і жаруць, як з галоднага краю. Бедная Алена! Нездарма жалілася: вобжары, об'едзь несусветная. Тым часам нехта дапытлівы зазірнуў у акно, і ў натоўпе загуляла новая пагудка: няпраўда, хлусня гэта! Начальнікі не п'юць і не жаруць - скачуць і выдыгоўваюцца самі сабе на кухні. Дакладней, скача адзін Бальшавік, а яму пляскаюць у ладкі Фядотаў, лысы Глеб, Лакідон, Франак Жывуцкі ды яшчэ хтосьці з раёна. Ці то захмялелі вельмі і саромеюцца выйсці на двор, ці то не з рукі ім, ушанаваным высокімі пасадамі, таўчыся побач з просталюдзінамі.
Хмель усё-такі ўзяў верх над сорамам, зноў жа непрыстойна на вялікае першамайскае свята, як прусакам, хавацца па закутках, і чыноўныя госці неўзабаве па адным выпаўзлі з хаты на сонечны прыгрэў, на свежае паветра. Следам за начальствам сваю беласнежную ганарлівую кралю, трымаючы яе пад руку, вывеў і разадзеты з іголачкі Аляксей Хамутовіч. У гаманкім натоўпе ён адразу пазнаў Маньку і Лёдзю, калі праходзіў міма, нават запаволіў крок, хацеў, мусіць, нешта сказаць, але дзяўчаты запярэдзілі ашуканца.
- Ядзюня віншуе з вяселлем і жадае вялікага шчасця, - гледзячы на ненавісную маладую, выдыхнула Манька Тадорчына.
- Дзякуй, дзякуй.
- І Агата Валасюк з Кругавіч тэж віншуе, - з'едліва дадала Лёдзя Гаўрылава.
- Дзякуй, дзякуй.
Гнеў жаніха быў вялікі, але запознены. Шальмаваты і трошкі захмялелы жаніх не адразу расшалопаў, што дзве смаркатыя блазнючкі з яго проста здзекуюцца і збыткуюць. Ён зразумеў гэта, калі, нахмурыўшы бровы, на яго сурова, спадылба паглядзела нявеста. Раз'юраны Аляксей Хамутовіч плюнуў ад прыкрасці, пацягнуў сваю кралю за сабой, зноў надоўга схаваўся ў хаце - ёсць што тлумачыць маладой жонцы, ёсць у чым каяцца. Манька і Лёдзя цераз сілу ўсміхнуліся: не падзейнічалі чары, дык хоць такім чынам адпомсцілі бессаромнаму нягодніку і падманшчыку. Толькі вось чаму не ўдалося вядзьмарства? Мо не так што зрабілі, мо не тыя сказалі кленічы? Трэба было б пабегчы на Горскую, павінаваціцца за сваё няўмельства. Але на Горскай, чуючы ўвесь надвячорак грамавую музыку з сялібы Хамутовічаў, тры змоўшчыцы - Луцэя Падгайская, Тадорка Дрозд, Фядора Чыркун - ужо самі здагадаліся пра няўдачу і цяпер гатовы былі жыўцом праглынуць бежанку Агрыпіну за яе нікчэмнае, вартае жалю чарадзейства. Баян і скрыпка тут, на Горскай, чуваць увогуле слаба, а грозны гул бубна рэхам разлягаецца ў Капцах і нават далей - за Фядорынай хатай, у Імшэчку.
Нічога не чуе, нічога не ведае адна толькі Ядзюня. Седзячы на ложку, яна лёгенька пагойдвае сынаву калыску, амаль бязгучна напявае яму матчыну калыханку, і ніякай пакуты на твары, і ніводнай слязінкі ў вачах. Яшчэ ўдзень Фядора Чыркун дастала з-пад бэлькі залаты пярсцёнак, паказала дачцэ, думала, паглядзіць, суцешыцца, і, можа, адляжа ў яе на сэрцы. Ядзюня паглядзела, сунула на палец, зняла, як непатрэбную рэч, і моўчкі паклала на стол. Нейкім чынам, ці не шэльма кот пастараўся, чужаземны дарунак скаціўся на падлогу і, нікім не заўважаны, застаўся ляжаць пасярод хаты. Пад вечар у вокны пырснулі сонечныя промні, асвяцілі ўсе закуткі, і ад бліскучага пярсцёнка на пабеленай столі зайчыкам адбіўся таямнічы залаціста-яркі абадок.
Здаецца, ці не на трэцім годзе вайны аднойчы сярод завірушнай ночы Луцэю Падгайскую разбудзіў незразумелы шкробат у шыбу. Гаспадыня спалохана прыслухалася. То, канечне ж, не паліцаі і не партызаны: і першыя, і другія дужа не цырымоняцца, грукаюць ботамі і прыкладамі стрэльбаў у дзверы, тузаюць клямку дзвярэй так, што сцены дрыжаць. Магло быць, гэта рыпіць і трэцца аб шкло намёрзлымі галінкамі раскідзісты клён, які рос каля самай хаты. Шкробат неўзабаве паўтарыўся, потым нехта слабка пастукаў у крыжавіну акна. Луцэя запаліла свечку, накінула кабат на плечы, выйшла ў сенцы і зняла зашчапку. У дзверы, бухаючы, як у бочку, проста на карачках запаўзла ўшчэнт знясіленая і змардаваная жанчына - выкачаная ў снег, мокрая з галавы да ног. Гаспадыня сцягнула з яе парваныя транты, дала пераапрануцца, падсадзіла на цёплую печ, ухутала дзвюма дзяружкамі, а зверху прыкрыла яшчэ і суконнай бравэркай. Пасля распаліла ў грубцы, нагрэла ліповага чаю - вып'е бядачка гарачанькага, адразу пацягне на поты, і прастуду як рукой здыме.
- Бранская я. Ужэ год, як у бежанцах, - калі трохі акрыяла, пачала расказваць неспадзяваная начлежніца. - Нас, нявольнікаў, везлі ў Немеччыну, а парцізаны напалі на эшалон. Мы і пабеглі, куды очы глядзяць.
- Чула я, чула, - уздыхнула Луцэя. - Немцы цяпер шалеюць, як сабакі, няхай іх курч возьме!
Сон усё ж ліп да няшчаснай, яшчэ не старой кабеціны, змружваў павекі, і яна, стомленая, спакутаваная, хутка заснула. Усю ноч бушавала завіруха, не сціхла яна і назаўтра. Бежанка наважылася ісці, але Луцэя не пусціла. Як жа ісці: халепа, свету белага не відаць. Прыблудная госця так і засталася жыць у падслепаватай, старэнькай хатцы, што прытуліла ў жахлівую марозную ноч, сагрэла гарачым ліповым чаем. Месца на дзве душы хапала. Луцэін Мікалай памёр яшчэ да вайны, за тымі Саветамі, дзяцей у іх не было, і Луцэя шчыра ўзрадавалася, што цяпер ёй будзе перад кім паплакаць, паспавядацца, суцешыць збалелае ад прыкрай адзіноты сэрца. З таго часу, калі бежанка Агрыпіна, так яна назвала сябе, пасялілася ў непрыкметнай палескай вёсцы, ужо не адзін раз у навакольных лясах белым кіпетнем аблівалася чаромха і не адзін раз, самотна курлычучы над Імшэчкам, веславалі ў вырай жураўлі. Дзве гаротныя кабеты, якіх, бадай, невыпадкова звёў крыўдлівы і нешчаслівы лёс, на здзіўленне сварлівым суседзям, жылі дружна, дзяліліся апошнім, што мелі, і гэта было адначасова і добрым прыкладам, і незразумелай загадкай для ўсяго Малога Сяла.
Хата, якая ў ліхалецце дала Агрыпіне надзейны прытулак, стаіць на схіле гары пад раскошнымі, кудлатымі клёнамі. Дрэвы пасадзіў Луцэін Мікалай, калі быў яшчэ маладым, і з таго часу яны разрасліся, акінуліся густымі пышнымі кронамі. Штогод увесну, ніяк не могучы прывыкнуць да палескіх краявідаў, бежанка дзівіцца: хіба зялёныя клёны бываюць такімі прыгожымі? І яна ходзіць каля іх, п'янеючы ад ачмурэлага паху маладой лістоты, - непрыкаяная, прыгнечаная. Але болей за ўсё бежанка любіць асеннія - барвовыя - клёны. Пасля начных прымаразкаў на пажухлую траву сыплецца залаціста-чырвонае, з цёмнымі прожылкамі, лісце, у ветраныя дні разлятаючыся па ўсім панадворку. Агрыпіна бярэ граблі і чыста падграбае пляц, а лісце носіць у хлеў - на подсціл жывёле ці ўхутвае ім капец з бульбай. Калі работы больш няма, падоўгу стаіць у канцы двара і, абапершыся на граблі, моўчкі глядзіць удалячынь. Над канавай, у нізіне, кудзеліцца вечаровы туман, за вёскай, над сухадоламі і хмызоўем, вісіць нізкае сонца, спапяляючы край нябёсаў нязвыкла халодным чырвоным агнём. Агрыпіна стаіць і глядзіць удалячынь - апушчаная, нязграбная, з нейкім нечалавечым смуткам у вачах.
- Хадзі, работнічак, вячэраць. Хадзі, бо картопля астыне.
- Іду, іду. Вось толькі граблі кіну пад паветку.
На свеце ўсё проста і дзіўна паўтараецца: зялёныя клёны - барвовыя клёны, зялёнае лісце - барвовае лісце. Паўтараецца лямцаваты туман над канавай, паўтараецца чароўны заход сонца ўдалечыні за вёскай, паўтараецца, урэшце, нават гэтая боская сялянская вячэра. На стале ў саганку дыміцца гарачаю парай бульба, у місцы з коптурам накладзена салёных агуркоў, стаіць у гарлачыку расол, прыпраўлены кропам і дробна пакрышаным часнаком. Дзве пасівелыя кабеты, змучаныя і змардаваныя жыццём, вячэраюць моўчкі, быццам яны даўным-даўно пра ўсё перагаварылі і ў іх ужо няма ні сіл, ні жадання яшчэ нешта ўспомніць. Але які гэта разумнік сказаў, што не паўтараюцца адны і тыя ж чалавечыя думы, што з цягам часу слабее боль, забываецца смутак? Агрыпіна раптам шпурлянула ўпопускі агурочны агрызак, прыпала галавой да стала і ўся аж затрэслася ад плачу.
- Што з табою? - захвалявалася Луцэя. - Супакойся, не падрывай сэрца.
- Не магу болей! - Агрыпіна падняла галаву, ражком хусткі выцерла заплаканыя вочы. - Убачыла, як заходзіць сонца, і душа зашчымела ад жалю. У нас, пад Бранскам, акурат такія ж закаты. - За гэтыя гады, што жыве ў Малым Сяле, яна навучылася прыстойна размаўляць па-беларуску, толькі зрэдку ўстаўляючы расейскія словы. - Убачыла закат сонца і, верыш, так мне дамоў захацелася.
- Веру, ахвотна веру.
- Цераз год абавязкова паеду. Грошай адно каб сабраць, і - паеду.
Па звыклай завядзёнцы Луцэя Падгайская пачынае суцяшаць бедную Агрыпіну, хоць ведае загадзя: і на другое лета Агрыпіна нікуды не паедзе. Ужо ж не першы раз на яе нападае неўтаймоўная скруха па бацькоўскай зямлі - далёкай, але не забытай. Ужо ж не першы раз, як толькі блізілася восень, Агрыпіна хадзіла па заработках: капала бульбу ў людзей, бегала ў лясніцтва садзіць флянцы. Калі грошай збіралася акурат як на дарогу, ладавала хатуль і рымсцілася ехаць. Але наставаў дзень ад'езду, і бежанка ўвачавідкі мянялася, чагосьці палохалася, адкладвала паездку яшчэ на адно лета.