- Ага, ты хітрая, - уздыхнула Фядора Чыркун, - але навошта вясельны залаты пярсцёнак маёй Ядзюні.
- Чаму ж навошта? - здзівілася Стэфа Невяроўская. - Будзе выходзіць замуж, то як знойдзеш.
- Ужо выйшла. У палажэнні яна, дзіця чакае.
- Спакусіў нейкі гіцаль?
- Алену Хамутовіч ведаеш? Дык то яе сынок, Ляксей. За калгаснага старшыню быў у Малым Сяле. Сапсаваў дзеўку, а сам кудысьці на вучобу ўцёк.
- Пярсцёнак, Фядора, аднак, вазьмі. Ану ж спатрэбіцца.
- Так і быць - вазьму. Ад дарунка грэх адмаўляцца.
Госці ўдаліся на рэдкасць: пад чарачку добра пайшоў і смажаны певень, і кіслы агурочак з сопкай бульбай, і тлусты асяледзец, нешкадобліва ахвяраваны Стэфай Невяроўскай дзеля святочнай пакроўскай вячэры. Адно што сумнавата было ў Фядорынай хаце. Растаўсцелая, з перадродавымі плямамі на твары, Ядзюня толькі паказалася ў дзвярах, павіталася і зноў надоўга схавалася ў святліцы. Пра залаты пярсцёнак яна нічога не ведала, бо Фядора Чыркун загарнула Абуховічаў падарунак у паперу і схавала пад бэлькай - няхай паляжыць у зацішку да лепшых часоў. Прыйшлі Пакровы, ды дзеўцы галаву чапцом не пакрылі. Плача цішком Ядзюня, ходзіць з чырвонымі вачыма, і не трэба ёй ведаць пра вясельны пярсцёнак: яшчэ больш разжаліцца бедачына, яшчэ больш развярэдзіць душу і сэрца.
Позна вечарам, калі зямлю агарнуў густы асенні змрок, гаспадыня правяла госцю ледзь не да самай хаты Сцяпана Аліфера, на развітанне пажадаўшы даўняй сяброўцы моцнага здароўя і шчаслівай дарогі. Стэфа Невяроўская паехала за Буг, у Зялёную Гуру, а Фядора Чыркун колькі дзён усё яшчэ праводзіла яе: выходзіла ў Капцы, доўга стаяла сярод ляшчынніку і старасвецкіх курганоў, сумнымі, пустымі вачыма ўглядалася ўдалячынь. Пасля Пакроваў амаль увесь час дзьмулі халодныя, сіберныя вятры, і блізкая зіма палохала кабету не толькі завеямі і маразамі, але і сваёй невядомасцю.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ
Снегу за ноч выпала як не па самыя забарсні. Пачаліся піліпаўскія заговіны, калядныя запусты, дык і не дзіўна, што Бог прывёў зіму на зямлю. Яшчэ ранішнім прыцемкам, збіраючыся ў Кругавічы, каб адтуль эмтээсаўскай машынай ці з якой іншай аказіяй патрапіць у Ганцавічы, Сцяпан Аліфер абуў новыя скрыпучыя лапці з вязавага лыка - нагам цэлы дзень будзе і лёгка, і цёпла. Кірзавыя боты, ашчаджаючы іх на веснавое разводдзе, на гразь і плюхоту, гаспадар паставіў сушыцца за печку, і цяпер па хаце шыбае застарэлы кіславаты пах дзёгцю. Рып-рып за акном, рып-рып. Услед за Сцяпанам Марка выйшла на панадворак, зажмурылася ад нязвыклай белізны, усміхнулася зіме, золкаму снегападу. Пушысты і мяккі, як вата, першы снег смачна храбусціць пад нагамі, быццам праз сіта, паціху сеецца скрозь голыя кроны прысядзібных дрэў.
Гаспадыня прайшлася ў хлеў, паглядзела, як там жыўнасць: карова, дзве мерыносавыя авечкі, падсвінак, куры, затым начэрпала ў калодзежы вады і, спакойная, вярнулася ў хату. Пасля таго як у Польшчы знайшлася Стэфа з сям'ёй, ды асабліва пасля таго як дачка тыдні два пагасціла ў бацькоў, сівенькая Марка акрыяла душой і целам, перастала кволіцца здароўем, нават паружавела з твару. Далёкая Зялёная Гура не забывае пра Малое Сяло, шле і шле яму па пошце нізкія, зямныя паклоны - паклоны сваякам і блізкім, паклоны Фядоры Чыркун і яе бядовай, неразважлівай Ядзюні.
«Трэба будзе неяк пайсці на Горскую ды і перадаць людзям тыя Стэфчыны літанні, - падумала Марка, чапляючы вядро з вадою на драцяны кручок каля печы. - Нешта ж Фядоры нідзе і не відаць».
Снег не пераставаў цэлы дзень - то сыпаўся сухі, дробны, то падаў густы, лапцяваты, злеплены ў ажурныя, узорныя выцінанкі. Здавалася, марозны ветрык бясконца камечыць і камечыць вялізныя белыя прасцірадлы, развешаныя на суках маркотных вязаў, на гнуткіх галінах старой вярбы, на абвіслым вецці Тафілінай бярозы. Увачавідкі пачало змяркацца, і калі б не гэты маўклівы і вясёлы снегапад, на дварэ ўжо было б па-асенняму цёмна і змрочна. За дзень хата выстыла, шыбы запацелі - нанач, мабыць, возьмецца добры марозік. Марка знайшла на прыпечку запалкі, прысела на яловы цурбак, каб запаліць у грубцы, але бярэзнік у стаяку распарыўся, увапрэў і зараз толькі шыпіць, хутаецца шызым дымком, з тоўстых плашак сочыцца вільгаць, капае на вугалі. Сырыя, нядаўна з лесу, дровы гарэць не хочуць: кволы агеньчык ледзьве цепліцца на самым сподзе - вось-вось патухне. Нервовая Марка злуецца, прыгаворваючы, што так адно мужык па жонцы плача, і пахвілінна соўгае ў жар гарэнкія, як тарпатына, смалякі, падкладвае шматкі бяросты, якая курчыцца ад зыру, скручваецца ў колцы, імгненна хапаецца агнём і, не прынёсшы ніякай карысці, згарае ў адзін момант.
«Нікчэмны ў мяне гаспадар. На зіму сухіх дроў не назапасіў, - падумала Марка, абдзіраючы бяросту з сырога кругляка. - І навогул дзяцінець пачаў стары псюк».
Смешна сказаць, але Сцяпан Аліфер падыбаў у Ганцавічы судзіцца. Перад высокім зямным судом ён павінен апраўдацца сам і апраўдаць свайго мала як не суседа кульгавага Якава Пеўніка. Не падабаюцца Марцы дзівацтвы старога, ой, як не падабаюцца! Хай бы лепш украў у калгасе авечку ці парася, хай бы залез у калгасны свіран - тады хоць не так сорамна было б. Судзяцца Аліфер і Якаў Пеўнік за хуліганства і дэбош. Падумаць толькі: адзін, лічы, век пражыў і другі не маладзён, а што адчыбучылі - пабіліся, як неразумныя дзеці. Сорамна ўсё ж - судзяцца кавенька і кульбака. На свой разважлівы і сталы розум Марка правільна мяркуе, што вінаваты тут абодва, як той казаў - абое рабое. Адзін гарачы, быццам кіпецень, і да другога блізка не падыходзь - апячэшся. Пасля бойкі Сцяпан Аліфер колькі часу спаважна хадзіў па вёсцы, высока задзіраў галаву, а як толькі атрымаў позву, адразу замаркоціўся, зніякавеў, бо невядома яшчэ, чый бок прыме народны суд. Стары хуліган і дэбашыр з такім паганым настроем і падаўся ў Ганцавічы - трэба ж будзе апраўдвацца і за сябе, і за гэтага кульгавага недалэнгу.
«Хоць бы не заслалі дурня ў астрог, - падумала Марка, усё яшчэ седзячы на яловым цурбаку. - Адных мясных пасылак рыштанту не набярэшся».
А ўсё пачалося з таго, што пасля Пакроваў, адразу як паехала Стэфа, Сцяпан Аліфер, не папярэдзіўшы нават Марку, пакінуў вартаўнічую службу ў эмтээсе і перайшоў у калгас. Лысы Глеб, калі звабліваў легкавера на арцельны хлеб, абяцаў залатыя горы, а паставіў усяго толькі калгасным паплаўнічым - на летні сезон, хаця і на зіму даў сякі-такі кормны занятак: узяў да сябе фурманам, бо валавокага Ёсаля новы старшыня чамусьці неўзлюбіў. Шуцянка і Сяргеева на гэты час памірыліся, і ўсе трое ўжо не адзін раз употай прычашчаліся казённым дэнатуратам. Неразлучныя прыяцелькі на развітанне шчодра пачаставалі былога эмтээсаўскага вартаўніка, а Сяргеева, расчуліўшыся, добрую кроплю падсіненай атруты дала і з сабою. Дахаты, беражна падтрымліваючы ў кішэні світкі польскую пляшачку з мудрагелістым коркам, Сцяпан Аліфер ішоў цераз лес не тое каб хістаючыся, але чэпка і не трымаўся на нагах. Ішоў, пахкаў люлькай, далёка ўперад закідваў кавеньку, і кожны сустрэчны лёгка мог бы падумаць, што не стары нясе арэхавую дзеравячыну, а дзеравячына сама вядзе старога дадому.
На чарговым заломе дарогі, ужо на выхадзе з лесу, ён успомніў, як аднойчы зімою тут яго збіў старшынёўскі Вараны, і ён, нямоглы чалавек, скапыліўся ў снег, зарыўся вусамі ў глыбокі сумёт. Узнікла даўняя крыўда, аднекуль з'явілася злосць, Сцяпан Аліфер ажно ашалеў ад гневу, ён, далібог, каб сустрэўся, цяпер абязвечыў бы Аляксея Хамутовіча, аддубасіў бы яго да крыві вось гэтай замашной арэхавай кавенькай. Ветрагона, аднак, побач не было і быць не магло, затое на заломе дарогі паказаўся колішні маласельскі солтыс Ясь Мальчэўскі, на якога Сцяпан Аліфер таксама меў незабытую асабістую крыўду.
- Помніш, сукін сын, як ты прадаў мяне палякам за каліўца мультану, што самасейкаю вырасла на прызбе? - як толькі Ясь Мальчэўскі павітаўся, накінуўся на яго ўз'юраны, падвыпіты дэбашыр. - Тады мне давялося патраціць тры дні, каб заплаціць у Баранавічах штраф.
- Помню, Сцяпан. Але ж прабач - улада была такая.
- Ведаю, таму і прабачаю. Аднак, сукін сын, давай бароцца - хто каго лясне ў гэную гразь.
- З табою бароцца? Мне, худому і лядашчаму? - спалохаўся, збялеў Ясь Мальчэўскі. - Дык ты ж яшчэ і быка паваліш.
- Але, павалю, - зарагатаў задаволена Сцяпан Аліфер. І нечакана прапанаваў: - Не хочаш дужацца, тады паспрабуем інакш. - Грукнуў кулаком сабе ў грудзі: - Звініць! - Грукнуў у грудзі Ясю Мальчэўскаму: - Трупціць! - І зноў стары шэльма гучна зарагатаў, ажно жоўтыя вусы затрэсліся: - Чуеш, Ясь? Трупціць! Го-го-го!
- Што ж ты хочаш, пад восемдзесят бярэцца. Састарэў, аслаб. Хутка, мабыць, і ў хвойнік павалакуць.
- Невядома яшчэ, хто першы памрэ - ці ты, ці я? - спахмурнеў раптам Сцяпан Аліфер. - А калі на тое пайшло, то чаму, сукін сын, не просішся, каб ляжаць побач са мною?
- Як гэта - побач з табою? - не зразумеў Ясь Мальчэўскі.
- Ну, каб магілкі нашы былі адна ля другой. І мне прыемна, і табе ганарова. Я ж, ведаеш, у Малым Сяле чалавек пашаноўны, бачны кожнаму. Ужо багата хто прасіўся - і Марцін Палазок, і Ёсаль, і нават Костусь Танец. Бачыш, якая паважаная кампанія збіраецца. Усе здараўцы, не зласліўцы, і гультаёў няма. Праўда, калі Ёсаля не лічыць.
- Дык і мяне, Яся Мальчэўскага, прымай у сваю кампанію.
- Прымаю! Кладзіся побач смела, - высакародна дазволіў Сцяпан Аліфер. - Кладзіся, замінаць дужа не будзеш.