Віктар Гардзей
Бедна басота
Бедна басота : Раман / Віктар Гардзей
Мн. : Маст. літ., 2003 ("Перамога", друк.)
188, [1] с. : іл. ; 20 см
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Стары занудлівы бабёр нейкім дзесятым чуццём абнюхаў гэтую цудоўную балацявіну сярод густога мяшанага лесу і ўвосень, яшчэ па чарнатропе, задоўга да першага снегу, прывёў сюды, у глухую нетру, маладую і надзіва бесталковую бабрыху. Немалы час, ці не з самага свайго нараджэння, хітры і асцярожны лавелас з ільсністай ад тлушчу і амаль чорнай поўсцю жыў за вёрст пяць адсюль - на зарослай вербалозам і алешнікам віхлястай рэчцы Кудаха і меў там у канцы шырокай затокі высокую, двухпавярховую хатку, трывала скіданую з тонкага ламачча і з усіх бакоў старанна абмазаную глінай і рачным глеем, каб узімку праз шчыліны не гулялі скразнякі. На бяду, апошняе лета выдалася сухім і спякотным, Кудаха абмялела так, што бабрынае жытло апынулася на сушы, далёка ад вады. Устрывожаны зацяжной гарачынёй, калі ў затоцы прапалі нават белыя гарлачыкі, працавіты бабёр перастаў падгрызаць дрэвы і, абапёршыся на пляскаты лускаваты хвост, падоўгу праседжваў у кустах, быццам маліў свайго звярынага бога, каб той паслаў хоць кропельку дажджу.
Маўклівая, самотная малітва, відаць, была пачута, бо пад восень сапраўды пайшлі частыя ліўні, якія паспелі да халадоў паправіць выгаралую траву на берагах лясной рэчкі. Сама Кудаха разлілася, як у веснавое разводдзе, высокая вада затапіла кармавыя норы, закрыла ўваходы ў хатку і зусім ужо нечакана ўшчэнт разбурыла трывалую запруду ў другім канцы затокі. У пабурэлым алешніку забулькаў акрыялы ў непагадзь ручай, які цёк ад вялікага і тлумнага людскога селішча, і вось якраз ён, гэты безназоўны ручай, дабавіў бабрынай пары і сямейных згрызот, і неспадзяваных клопатаў. Разам з тым, як у кустах пачуўся не па-асенняму вясёлы булькат, уся затока пакрылася каляровымі скалкамі, вада наскрозь прасмярдзела невядома якім паскудствам, а калі маладая і таму дужа гарэзлівая бабрыха неабачліва паплавала ўздоўж берага, то пушыстае, светла-бурае футра на ёй стала да непрыстойнасці злямчаным і брудным. Стары бабёр не разумеў, што ад вады ачмурэла патыхае бензінам і саляркай, але ён добра ведаў: смуроду на Кудаху прыгнала з блізкага селішча, і яшчэ бабру было дзіўна, навошта людзям спатрэбілася загнюшваць такі бруісты і заўсёды чысты ручай.
У затоцы пасля слотных дажджоў хапіла б корму на ўсю доўгую зіму: наўсцяж берагоў пахістваўся раскідзістымі мяцёлкамі пажаўцелы трыснёг, густа рассыпаліся па вадзе выгоністыя асака і чарот, ды бяда ў тым, што карэнішча раслін таксама моцна тхнула брыдкім, незнаёмым дасюль пахам, таму пра зімовыя запасы нельга было і думаць, а будаваць новую запруду зусім перахацелася. Апанаваны трывогай, гаспадар бядовай хаткі пачаў шукаць якой-небудзь рады ад неспадзяванага ліха, і нервы ў яго канчаткова не вытрымалі, калі непаседлівая бабрыха з падводнага плавання аднойчы вярнулася запэцканая ў мазут, смярдзючая, сама не свая ад таго, што далікатная поўсць на ёй дзе склычана, дзе збіта проста на лямец. Як толькі сцямнела, знерваваны і злосны, нібы д'ябал, стары бабёр павёў неразумную свавольніцу далей ад праклятай затокі, і, на здзіўленне, чуючы дзесьці за людскім селішчам чыстую ваду, пайшоў ён уздоўж гнілога ручая, уверх па цячэнні.
Не з бабрынымі кароткімі лапамі ды яшчэ ў суцэльнай цемры шлёпаць па гразі, пералазіць цераз купіны, тыцкацца мордамі ў калючыя стаўбуны ядлоўцу, аднак за ноч лясныя грызуны перайшлі балоцісты поплаў, ужо ў самім селішчы ўплаў адолелі вялікую сажалку і на досвітку апынуліся ў смолкім баравым лесе. Абапал ручая пацягнулася доўгая пясчаная града, спрэс увітая галінастым зялёным верасам з бледна-ліловымі кветкамі, а калі за кашлатымі хвоямі ў белым бярэзніку выратавальна заблішчала шырокая паласа вады, тут ужо, бадай, не толькі прадбачлівы бабёр парадаваўся б уласнай кемлівасці і сталаму вопыту.
На галевай балацявіне з высокімі купінамі, пажухлымі дзернавінамі асакі і невялікімі бярозавымі астраўкамі стомленым прыблудам спадабалася дрымотная лясная цішыня, мноства глыбокіх ям, залітых сцюдзёнай і, галоўнае, чыстай вадою. Пасля ўважлівых і прыдзірлівых агледзін Імшэчка бабры пачалі ладзіць сабе хоць якое жытло, бо зіма была на носе, а каб збудаваць прыстойную хатку, часу ўжо не ставала. Навасёлам яшчэ пашанцавала, што блізка да балацявіны падступіўся ў адным месцы пагорак з крутым абрывам. Зусім нізка над ямай, у якой калісьці бралі торф, звесіліся вузлаватыя, тоўстыя карані хвой, і вось тут, пад абрывам, закіпела начная работа. Для старога бабра будаваць жыллё заўсёды было самым прыемным заняткам, і, трэба сказаць, валодаючы несумненным божым дарам, тут ён ведаў толк. На здзіўленне, і ветраная бабрыха, баючыся не так строгага вокрыку, як блізкіх халадоў, падсабляла, колькі было сілы, і хутка ў пясчаным беразе, пад абвіслымі каранямі дрэў, працавітая сям'я мела ўтульнае і цёплае жытло, высланае сухой вішай.
Уздоўж усяго абрыву, але ўжо ніжэй узроўню вады, бабры выкапалі коблы - прасторныя норы і адноркі, дзе можна схавацца ад воўчых зубоў і скласці сякія-такія прыпасы на зіму. Трыснягу, асакі, рагозу на лясной балацявіне расло багата, можа, нават больш, чым на Кудасе, і, напакаваўшы коблы карэнішчамі ядомых раслін, навасёлы з лёгкай душой пачалі чакаць першага снегу, бо пасля такой цяжкай працы іх ужо не палохалі ні траскучыя маразы, ні лютыя завеі.
Кемлівы і не лянівы бабёр нездарма так спяшаўся хутчэй абжыць пясчаны абрыў: ледзь пад вадой былі пракапаны запасныя норы і выхады, як глыбокую яму з краю балотца закавала лёдам, а старыя хвоі на пагорку зрабіліся махнатымі ад пушыстага і сыпкага інею. Прыйшла суровая зіма, але цяпер, калі побыт збольшага быў уладкаваны, перасяленцаў не дужа турбаваў невядомы заўтрашні дзень. Грэючыся ў нары каля цёплага боку свайго гаспадара, вяртлявая бабрыха, можа, толькі і шкадавала, што з сухога вецця і стружак зрабіла яму не такую мяккую пасцель, якой ён быў варты.
На бераг, каб агледзець белае, заснежанае наваколле, звяркі выбіраліся рэдка. Апрануўшы ў прыстойныя футры, прырода чамусьці нічым не прыкрыла іх голыя насы, лапы і хвасты, таму на холадзе можна лёгка памарозіцца, ды зноў жа па ранішняй парошы стала небяспечна пакідаць свежыя сляды. Цнатлівая цішыня, якая заварожвала спачатку, з надыходам зімы была адразу парушана. Бабры, ідучы сюды з далёкай Кудахі, безумоўна, не ведалі, што вялікая балацявіна, напатканая ў мяшаным лесе, раскінулася акурат паміж суседнімі вёскамі - Кругавічамі і Малым Сялом. Першае селішча яны бачылі зблізку, калі ноччу брындаліся ўздоўж гнілога ручая, а пра другое, на бяду сабе, не мелі нават уяўлення.
Канцавымі хатамі, а то лепш сказаць - хутарамі, Малое Сяло між тым пачынаецца недалёка ад Імшэчка, за нешырокім бярозавым пералескам з добрым дамешкам маладога рабінніку і чаромхі сярод густой і рослай, чалавеку ў пояс, папараці. Стары лес па абодва бакі ад гэтай прыгожай мясціны паўкругам ахоплівае высокую гару, якую, мабыць, даўным-даўно ўздыбіў тут скандынаўскі ляднік, пакінуўшы на памяць аб сабе процьму вялікіх і малых камянёў. У цэнтры ўзвышша, на самай ягонай макаўцы, з незапомных часоў насыпаны крутыя надмагільныя курганы, і багата іх, мо дзесяткаў два, зарослых густым пасівелым ляшчыннікам. Кажуць, у курганах знайшлі супакой далёкія продкі тутэйшых палешукоў, паводле іншай показкі - тут нібыта пахаваны надта храбрыя шведскія салдаты. Сярод маласельцаў з пакалення ў пакаленне перадаецца легенда, што на Горскай, у гэтых старадаўніх Капцах, схаваны незлічоныя скарбы - золата, срэбра, дыяменты, і, чаго здзіўляцца, яшчэ і цяпер знаходзяцца людзі, якія вераць рознай лухце і небыліцам. Пракаветныя курганы і зверху, і з бакоў зеўраюць ужо задзірванелымі ямчынамі і свежымі раскопамі, але таямнічага лаза да падземных багаццяў ніхто так і не знайшоў, хоць тыя залатыя чырвонцы, далібог, нікому не былі б лішнімі на сённяшнюю пасляваенную беднасць і галечу.
Пакаты схіл узвышша, бліжэй да лесу, нягледзячы на суцэльную камяніцу, засялілі маласельскія беднякі, і іхнія хаты, у каго лепшая, у каго горшая, усё тым жа паўкругам цягнуцца да самай аселіцы з гнілой канавай пасярэдзіне. З другога боку Горскай схілы больш крутыя, і жылля тут няма - досыць вялікі палявы абшар, густа ўтыканы калючымі дзікімі грушамі і дзе-нідзе магутнымі векавымі дубамі. Адсюль, з Капцоў, добра бачны ў нізіне вясковыя хаты, хлявы, гумны - усё Малое Сяло ляжыць як на далоні. Самыя адметныя будынкі ў вёсцы - пачатковая школа і крама, самая някідкая збудова - маленькая, быццам сабачы заканурак, кузня-развалюха. Наводшыбе пачынаюцца сухадолы і паплавы ўперамежку з альховым кустоўем у лагчынах і бярэзнікавымі пералескамі на пагорках. З вёскі, дзелячы палявы абшар напалам, падымаецца на Горскую нешырокая дарожка, і яна, бадай што, ніколі не бывае пустой - ні летам, ні зімою. Бабры, якія асталяваліся ў Імшэчку, нічога не ведаюць пра Малое Сяло, не здагадваюцца пра існаванне гэтай дарожкі, але вось іменна адсюль узнікла немалая пагроза дабрабыту баброў, калі не сказаць болей - іхняму жыццю.
На замёрзлую балацявіну, не баючыся па пояс праваліцца ў твань сярод куп'я, ці не самы першы прыджгаў славуты маласельскі цясляр і зацяты паляўнічы Гаўрыла Трафімчык - чалавек паважны, высокі і худы, як цыбук. Хто ведае, чаго добрага нацяслярыў ён у ваколіцах вёскі, а вось у лесе, спрытна, па-езуіцку разблытваючы хітраспляценні заечых пагоняў, сваёй гадоўлі зверабой з ламанкі бабахнуў і раз, і другі, ажно над Імшэчкам пайшла яха, і зусім блізка на патрывожаным астраўку нема заверашчаў падстрэлены заяц, які, на мудрую думку бабра, абавязкова ацалеў бы, калі б увосень не паленаваўся выкапаць пад карэнішчамі дрэў глыбокую норку. Пасля бясспрэчнай паляўнічай удачы Гаўрыла Трафімчык на балацявіну чамусьці больш не заглядваў - альбо задаволіў сваю прыхамаць, альбо знайшоў іншую здабычлівую мясціну.
Аднак жыць навасельцам не паспакайнела, таму што ледзь не кожную ноч, звычайна на досвітку, то тут, то там сярод Імшэчка пачалі запальвацца трапяткія, зыркія агні, і з марозным паветрам у нару пад абрывам зацягвала казытлівы пах дыму, смаленага шчэцця і гарэлага мяса. На недалёкім астраўку чуліся ціхія галасы, шоргат, бразгат, рып снегу. Стары бабёр, выглядваючы з-пад каранёў, здагадваўся, што каля світальных вогнішчаў людзі спраўляюць нейкі свой тайны абрад, а для ахвярапрынашэння ім абавязкова патрэбны абсмалены і вымыты да белізны дамашні япрук, які перад гэтым вельмі доўга і моцна квічаў.
Свінячы квік на балотцы, праўда, неўзабаве перапыніўся, начныя зыркія агні патухлі, затое на суседні астравок, якраз насупраць пясчанага абрыву, з Малога Сяла панадзіліся два дужа вясёлыя дзядзькі, большы і меншы, але маліліся яны іншаму богу, і абрад у іх, адпаведна, быў іншы, хаця і з дымком, ды без апрыклага паху смажанага мяса і гарэлага шчэцця. З верхняга лаза свайго часовага жытла вушлы бабёр аднойчы асцярожна высунуў морду і адразу зразумеў, чаму двухногія стварэнні прысуседзіліся так блізка: ім трэба было багата вады, і ваду яны чэрпалі вядром з круглай пелькі на замёрзлай яміне. На астраўку квола пабліскваў агеньчык, маласельскія дзядзькі крукам віселі над цяпельцам, то штосьці ціха выспеўвалі, то нязлосна перакідваліся лаянкай. Гэтых двух несусветных балбатуноў бабры чамусьці не баяліся, прывыклі часта бачыць іх у негустым бярэзнічку і нават маглі без памылкі адрозніваць галасы большага і меншага прыхадня.
Большы. Пан Бронюсь, юж бэчка поўная!
Меншы. Ото ж і добра, пан Вінцусь! Далі во з гэтай пляшкі ды заткні коркам, каб не выдыхалася.
Большы. Пан Бронюсь, юж бэчкі няма!
Меншы. Пся крэў! Ды як жа ты, пан Вінцусь, глядзеў, што бэчку з-пад носа ўкралі?
Большы. Пан Бронюсь, не ўсё ўкралі! Во корак застаўся.
Прыкрыты ў сваім лазе каранямі хвоі, стары бывалы бабёр з бояззю прыслухоўваўся, як у бярэзніку сварацца маласельскія паны, ды ўжо зусім страшна яму стала, калі аднае раніцы блізка за пагоркам прагуў грузавік і спыніўся на саннай тупкай дарозе. Машына прывезла процьму людзей у чырвоных аколышках і даўгаполых шынялях, якія, грузнучы ў глыбокіх сумётах і пераскокваючы цераз купіны, як ганчакі, маланкава акружылі сварлівы бярозавы астравок. Сярод дрэў і высокіх стымбуроў ядлоўцу пачуўся вэрхал, гвалт, грукат жалеза, быццам там сапраўды ішла зацятая бойка з самою нячыстаю сілай. Маласельскіх рагатуноў усё ж з вялікаю славай адалелі чырвоныя аколышкі. Яны затапталі цяпельца, вылілі брагу, разбілі драўляную кадушку. Меднага змея, скручанага ў колцы, пагнулі, разламалі, рэшткі кінулі ў проламку на яміне, а пана Вінцуся і пана Бронюся павялі з сабою на нейкі відавочны здзек. Два сінія шынялі неўпрыкмет вылучыліся з натоўпу, схаваліся пад абрывам і нагбом прыклаліся ратамі да шкляной пасудзіны - у лаз тхнула чымсьці смярдзючым, аж стары бабёр заперхаў. Зверху, ужо з пагорка, у бабрыную нару даляцелі глухія, знерваваныя галасы:
- Пан Бронюсь, а ці выпусцяць нас з пастарунка?
- Пан Вінцусь, не турбуйся дужа. Выпішуць квіты на штраф і пагоняць прэч.
- Езус Марыя, стыдоба якая, га?
- Стыдоба стыдобай, а бэчкі дык няма. Ах, пан Вінцусь! І куды ты глядзеў?
Жахлівыя падзеі ў заснежаным бярэзніку адбываліся ўжо на згоне зімы, калі паслабелі маразы і не так часта над балацявінай скамечаным прасцірадлам калыхаліся белыя завірухі і мяцеліцы. Слабая завейка, што плыўкімі струменямі яшчэ сцякала з крутога абрыву, замяла сляды на астраўку, не пакінула і знаку ад нядаўняга разбою і гвалту. Здзіўленыя раптоўнай цішынёй, бабры ўздыхнулі вальней, пасмялелі і нават пачалі вылазіць з нары на бераг, каб пасмачыцца свежай карой маладых асінак і сакаўнымі парасткамі вербалозу, бо, па праўдзе кажучы, гаркаватае карэнішча раслін, назапашаных пад вадою ў коблах, ім даўно прыелася і абрыдзела.
Маркотнае, цяжкае сонца з кожным днём весялела, падымалася ўсё вышэй, на прыгрэвах снег асеў, стаў шэры і наздраваты. Імшэчак пасля першых сакавіцкіх адліг пачала заліваць талая вада, сярод купін і спрадвечнай некашы матавым серабром заблішчалі лужыны і цэлыя азерцы. За ноч, калі ціснуў добры мароз, вада замярзала, і гузаваты, з жоўтымі нарасцямі, лёд адкрываў доступ у самыя глухія закуткі балацявіны. Старому бабру, зразумела, зусім не выпадала без дай прычыны бадзяцца далёка ад нары, але з Малога Сяла, нейкім чынам уведаўшы, што тут можна хадзіць як па падлозе, прыперліся дзіўныя двухногія стварэнні - самыя мітуслівыя і балбатлівыя з тых, якіх лясным перасяленцам даводзілася калі-небудзь бачыць.